— Еш, будзь дужы...— пасля, калі крыху выпілі i закусілі, шапнула Эла, паднялася, пацалавала яго ў шчаку i падалася з кухні.
Схадзіла ў ванную, уключыла там святло, пусціла з кранаў ваду — ён, пазіраючы ўверх, на невялікае акенца, з хваляваннем бачыў, як зажаўцелася за шклом. Пасля Эла выйшла з ваннай.
Навіцкі выпіў чорнай кавы, выцер сурвэткаю губы, тут жа, у кухні, спаласнуў пад кранам пальцы, выцер ix беленькім ручніком. Пасля дастаў з унутранай кішэні пінжака прыхаваную дзесятку, адчыніў пазногцем шыбіну ў шафцы i, як заўсёды, паклаў яе туды — на верхнюю маленькую талерачку.
I на кухні, i ў залі было ўжо даволі цемнавата; як ішоў, ён бачыў, што ў спальні на акно апушчана цёмная штора i там зусім морачна, ледзь відаць справа белая падушка, краёк беленькай коўдры, пад якой, як i заўсёды ў такую хвіліну, з галавою схавалася Эла.
Так i было: Эла ляжала ўжо накрыўшыся, толькі плямінкаю цямнеўся на падушцы хвосцік яе валасоў. Навіцкі прыпыніўся, зачыніў дзверы — i ўжо ў цемені пачаў хуценька раздзявацца, кладучы адзенне на загадзя пастаўленае сюды Элаю крэсла.
...Прачнуўся ён раптоўна, як i заснуў. Спачатку не мог разабрацца, што цяпер: ці ноч, ці ранне. Але пасля, калі ўбачыў, што ляжыць не дома, у сваім пакоі-кабінеце, дык адразу ўведаў, што цяпер пазнаваты вечар, уведаў, дзе ён, адчуў з трывогаю, што затрымаўся, што павінен ужо гэтай хвілінай быць дома.
Эла — ужо ў доўгім расшпіленым халаце — стаяла паблізу, ля шафы, адна яе нага была на падлозе, другая — на крэсле. Яна пазіралася ў люстэрка, што было на дзверцах шафы, i расчэсвала доўгія валасы. Праз расчыненыя дзверы з залі падала сюды жаўтаватае святло, асвятляла Эліну спіну, шафу, а тут, дзе ляжаў ён, быў паўзмрок.
Пакуль ён спаў, Эла прыбрала на кухні, памылася i нават высушыла валасы. Як здагадалася, што ён ужо не спіць, хуценька захінула грудзі i жывот халатам.
Не раз засынаў ён i раней (толькі разам з Элаю), i тады, калі прачыналіся, яна лашчылася, старалася не адпускаць дадому, баялася, можа, застацца адна. Але сёння яна расхвалявалася, злавалася на яго, колькі разоў таўхала ў плячо, каб ён не спаў, а пасля здалася, заціхла, ляжала з заплюшчанымі вачыма...
Навіцкаму было сорамна цяпер загаварыць, бо адчуваў, што ўсякае яго слова можа ёй не спадабацца, i гэтаксама нельга было i хітраваць — прыкідвацца, што ён яшчэ спіць. Было мулка ляжаць вось так ціха на спіне, баяцца нават паварушыцца, i ён не вытрымаў, крыху павярнуўся на левы бок, да ружаватай у паўзмроку сцяны. Падумаў, што па-добраму дык i не ведае, якога колеру тут, у спальнi, сцены, бо заходзіць сюды заўсёды ў цемнаце.
— Табе пара ўжо... Падымайся,— прамовіла Эла, i яго, хоць i не адчуў у яе спакойным голасе злосці, усё ж апанавала крыўда, што яна не назвала па імені, не падышла ды не прытулілася.— Хутка дзесяць гадзін вечара — цябе чакаюць ужо дома...
Яна не падыходзіла, моршчылася, пазірала ў цьмянае люстэрка i расчэсвалася, i ён не падклікаў, бо не мог цяпер дураслівіцца, ведаў, што яна пакрыўдзілася, а то, можа, болей ужо i не кахае яго. Можа, расчаравалася ў ім.
— Бяжы, мілы...— як адумалася, што ёй не трэба крыўдзіцца, ужо ласкавей сказала яна, хоць зноў не падышла, падалася ў залю, каб ён змог падняцца i адзецца, i — ужо ні то сур'ёзна, як разумеючы яго, ні то з крыўдаю на свой лёс — загаварыла адтуль: — Ідзі, Том, бо ты ўсё ж сем'янін... А я... Я адзінокая. Ніхто не спытае, чаму i дзе я позна затрымалася ці чаму дома заседзелася...
Навіцкі з сорамам падхапіўся, адзеўся. Адчуў, што валасы высахлі, збіліся ад лежатні на адзін бок. Расчасаўся i выйшаў: Эла чакала яго ўжо ў калідоры, стаяла ля вешалак, прыпёршыся спіною да сцяны ды склаўшы на грудзях рукі.
Ён падышоў, яшчэ больш засаромеўся, стараўся вытрымаць Элін спакойны, але незразумелы позірк, абуўся, адчуваючы, што спяшаецца i ад гэтага становіцца горача ў твар, паўз яе ўзяў свой плашч, брылёўку. Апрануўшыся, хацеў прытуліць Элу i не змог. Як не мог i нешта сказаць.
— Ну... Ты...— як бачыў, што i яна чамусьці маўчыць, ён паспрабаваў неяк па-людску развітацца.— Я... Я табе...
— Прыходзь, мілы...— яна, відаць, зразумела, што ён хацеў сказаць, абняла яго за плячо, усміхнулася.— Буду чакаць... Калі абараню дысертацыю, дык тады, можа, не пушчу, маладога якога знайду...— i, як паказваючы, што жартуе, паляпала яго, разгубленага, зусім асаромленага, па плячах.— Ну, будзь! Да той пятніцы, мілы! — цмокнула ў шчаку, адхінулася, сама адчыніла дзверы i легка падштурхнула яго на калідор, адразу ж, як ён выйшаў, i зашчапілася...
3.
Калі вярнуўся дадому, Навіцкі яшчэ ў калідоры адчуў, што дома i дачка i сын: на вешалцы віселі іхнія белыя плашчы. Але чамусьці ні галасоў ix, ні музыкі, ні спеваў ды гамонкі з тэлевізара ці з магнітафона, без чаго, здаецца, жыць не маглі дагэтуль дзеці, не чулася. У чатырохпакаёвай кватэры стаяла нязвыклая вячэрняя цішыня.
Ён распрануўся, разуўся i ўжо ў мяккіх тапачках зайшоў у ванную, паглядзеўся ў люстэрка — i не спадабаўся сабе. Памыў пунсовы твар, прымачыў злеглыя валасы i расчасаўся. Тады ўжо, думаючы, што трэба здацца вельмі стомленым, зайшоў у вялікую, агульную для ўсіх, залю, дзе яны звычайна глядзелі тэлевізар, сядзелі з гасцямі, i здзівіўся: тут, а не ў сваіх пакоях, далека адно ад аднаго, нахмурыўшыся, сядзелі дачка i сын: Тоня — танклявая, дробная на твары, сімпатычная, як i яе маці ў маладыя гады, з вузкімі плячыма дзяўчына — падкурчыўшыся, паўляжала на канапе i падпілоўвала нефарбаваныя пазногці, Вова — не па гадах высокі, з шырокімі плячыма, увесь у яго, у бацьку, з чарнаватымі ўжо вусамі пад буйным носам, з доўгімі, амаль па плечы, чорнымі валасамі — сядзеў на крэсле ля шырокага акна, уткнуўшыся ў газету.
«Відаць, усе паспрачаліся...— падумаў Навіцкі, зайшоў у залю i адчуў перад дзецьмі вялікую няёмкасць, бо яны, надта ж дачка, пільна акінулі яго з ног да галавы позіркамі.— Валя разнервавалася, сышла ў спальню, а яны тут... Панадзімаліся во, як сычы...»
— Нy, што тут у вас?— запытаў ён, хоць перад гэтым думаў прывітацца: ўсё ж не бачыўся з імі сёння, сеў пасярод пакоя — ля стала.
Дзеці прамаўчалі, як i не пачулі яго запытання. Гэта крышку пакрыўдзіла: настрой настроем, а яго ж, бацьку, павінны паважаць. Ён апусціў галаву, зірнуў сабе на грудзіну — i адчуў, як хлынула цяплынь да твару: верхнія гузікі кашулі былі зашпілены няроўна: адна палавіна кашулі была вышэй, а другая — ніжэй. Падняў руку i, не здымаючы галылтука, перашпіліў гузікі.
— Маці дзе?— пасля падняў галаву i запытаў, стараючыся вытрымаць позіркі дзяцей.
— «Хуткая» забрала...— буркнула дачка.— Нешта з сэрцам.
— Што?— з разгубленасцю i вінавата шапнуў ён, адчуў, што задрыжалі рукі, і, каб не паказаць гэтага, хутка апусціў ix пад стол — сабе па калені.
— Проста... Расхвалявалася во з-за яго, нашага дзесяцікласніка... — Тоня перастала падпілоўваць пазногці, неяк вельмі ж стала зірнула на яго, на бацьку, i нават змусіла яго апусціць галаву.— Паперка прыйшла пад вечар з міліцыі, каб на тым тыдні прыбыў туды з бацькамі... «За недастойныя паводзіны ў грамадскіх месцах...»
— Пачакай,— разгубліваючыся ад такіх навін, Навіцкі спыніў дачку.— Скажы спачатку пра маці... Няўжо інфаркт? Ці яшчэ што?
— Можа, i не інфаркт,— адказала яна,— але ў яе раптоўна забалела сэрца. Урачы сказалі, што ёй трэба паляжаць у бальніцы, ёй трэба спакой.
Ён, крышку супакоіўшыся, моўчкі, але з крыўдаю зірнуў на сына: «Вось да чаго ты, сын, давёў матку! Вось ты які! Я ў твае гады стараўся вучыцца, працаваць, цяпер такою цяжкою працаю зарабляю для вас усіх грошы, даю, колькі i на што каму трэба, маці корміць, абмывае, а ты... «Недастойныя паводзіны...» Ды гэта ўжо адзін крок да...»