У падпаветцы — на ахапку сена — яно спала ноччу, а днём гуляла па двары, пазнаёмілася з усімі яго насельнікамі. Палюбіла шчыра гаспадара, добрага i спагадлівага чалавека, мірна ўжылася з крышку страгаватаю i буркліваю гаспадыняю, падружылася з таварысцкім сабакам, са свавольнікам цялём, амаль равеснікам, з якім гойсала па двары; з катом, з курамі — драбнатой — яму было нецікава, i яно без ніякай злосці, толькі дзеля жарту не адганяла тых, a наўмысна бегала за імі, нясмелымі, пудкімі, бачачы, як яны баязліва ўцякаюць, i гаспадар, заўважыўшы гэта, у першы раз накрычаў, кажучы, што ката чорт не возьме, а вось курэй не трэба гэтак палохаць: яны i пер'е губляюць, i «адбіваюцца», не нясуцца. З вялікай — амаль з ласіху — каровай адразу ж, у першую хвіліну сустрэчы, ніякага сяброўства не выйшла: яно памкнулася да яе, да вымя, пачуўшы пах малака, але тая балюча трэснула задняю нагою, i яно, плачучы ад болю, больш не падышло да яе, як i тая ганарліва не звяртала ніякай увагі.
Найбольш ласяня пасябравала з гаспадаровымі дзецьмі — з хлопчыкам i дзяўчынкаю. Яно не ведала, каго больш з ix любіла. Відаць, абаіх пароўну. З імі яно i дурэла, бегала па двары, брала з іхніх рук смачны хлеб, салодкія цукеркі i пернікі, ад ix яно атрымала смешную, нават дураслівую мянушку — Губаты.
Прыдумаў гэта хлопчык. Усё дзівіўся, што ў яго, ласяняці, такая гарбатая морда, абвіслая верхняя губа, а пасля i выдумаў: «Губаты!» Падклікалі яго адным з цялём клічам: «Цяля-цяля!» — а мянушку вось далі такую.
Спачатку называлі так дзеці, а пасля пачалі гэтак падклікаць i сталыя.
У адзін з апошпіх летніх дзён, у яшчэ раннюю, сівую ад туману раніцу, да якой яго рана стала цвёрдай, зарубцавалася, ужо не трэскалася i не балела, толькі крышачку саднела, хоць так i не зарасла шэрсцю, чамусьці зрання прынёс яму вядро з пойлам не босы, яшчэ заспаны хлопчык, а сам гаспадар. Ён быў ужо ў аброшаных кірзавых ботах, старым пінжаку, на плечы якога начаплялася шмат лясной павуціны, i ўвесь ён пахнуў вільготнымі грыбамі.
Прынёс па паўвядра пойла яму i цяляці, якое сёння чамусьці ўсё яшчэ не выводзілі ў поле i з якім яны дасюль елі з цабэрка свежую траву.
Хлопчык заўсёды стаўляў перад ім вядро, апускаў у яго руку, i Губаты, ловячы пальцы, хлябтаў смачнае цёплае пойла, а пасля ўжо языком вылізваў наліплае да дна салодкае цеста. Цяпер Губаты тыцнуўся ў вядро, шукаючы мяккіх пальчыкаў, абліў да вачэй морду і, нічога не абмацаўшы, не мог піць, толькі выплёхваў усё долу.
Ляснік моўчкі пазіраў, але пальцаў сваіх не даваў i за такую марнату не крычаў. Стаяў i курыў зацяжкамі, моршчыўся. Быў ён сёння нейкі задумлівы, надта сур'ёзны.
Як цяля выпіла i вылізала сваю долю, ласяня абы-як гэтаксама апаражніла вядро, ляснік узяў з плота зматаны ланцуг, адзеў ашыйнік на цялячую шыю, адчыніў брамку i павёў яго з двара. У тыя разы, калі выводзіў цяля на пашу, зачыняў брамку перад самым носам Губатага, якому гэтаксама хацелася пайсці разам, не заставацца аднаму, а сёння чамусьці не паспяшаўся гэтага зрабіць, i Губаты — спачатку нясмела, як не верачы, што яму гэта можна, а пасля смялей — памкнуўся следам.
Яны падаліся па выцэментаванай сцежцы ля хаты; ідучы, Губаты ўбачыў, што ў запацелае ад цяпла акно пазірае гаспадыня, глядзіць самотна i нават, здаецца, нечага плача — выцірае рагом белай хусцінкі вочы.
За яшчэ адною — лаўчэйшаю намнога — брамкаю амаль адразу пачаўся бела-шэры брук, на якім Губаты ледзь не спатыкнуўся, не могучы ісці па каменнях. За брукам ляжаў неабгароджаны вялізны — ад вуліцы да лесу — выган, амаль увесь ужо выгаралы ад сонца, рыжы, але мясцінамі, у лагчынках, яшчэ зеленаваты. Гаспадар прывёў ix да зелянейшай лапіны, па дарозе вырваўшы з зямлі калок, да якога, відаць, раней прывязвалі цяля.
Як гаспадар прыпыніўся, нагнуўся, пачаў забіваць каменем у дол сплясканы зверху калок, пятлёю надзеўшы яго на ланцуг, стала i ласяня, здзіўленае такім вялікім прасторам, над якім, здаецца, намнога пабольшала i блакітнае, з лёгкай парнасцю неба.
— Ну што, Губаты? — кінуўшы вобзем камень, ляснік падняўся, атрэпаў аб штаніны рукі, а пасля пагладзіў яго па спіне.— Стаў ты ўжо дужы, здаровенькі, то ідзі ў свой дом, так сказаць, i жыві, дзе ўсе твае сваяке жывуць... Бо цяперака, покуль ты яшчэ малое, табе добра ў нас, а скора будзе нядобра... Ідзі, покуль дзеці спяць...— сказаў так i падштурхнуў у зад.— Ідзі, звярок мілы, да свайго, а пра нас забудзь... Так будзе табе ж лепей...
Губаты адышоўся, пхнуў мызаю цяля — i яны, як штодня ў двары, іматнулі адсюль. Але хутка цяля, ірвануўшыся, стала: яго, напяўшыся, затрымаў ланцуг. Ляснік, які шлэпаў у ботах за імі, замахаў вялікімі рукамі — i Губаты, зусім не спалохаўшыся, a дурасліва i як дражнячыся, падскочыў, брыкнуў заднімі нагамі i гайцануў далей, імгненна п'янеючы ад вялікай прасторы, бегу, душой адчуваючы, як яму ўсяго гэтага дасюль не хапала.
За выганам пачаўся адразу малады лес, які знаёма запахнуў зеленню, смалой, расою,— i ў душы Губатага нешта як варухнулася, захацелася бегчы, i ён, ужо нічога не помнячы, не азіраючыся, мінуў маладняк i памчаў у глыб лесу. Стары сасоннік яшчэ болей завабіў нечым невядомым, родным, мілым, што ён адчуў такое вялікае шчасце, якое, здаецца, не толькі поўніла грудзі, але i ахмяліла зусім. Ён прабег яшчэ, тыцнуўся ў высокую траву i нечакана, зморшчыўшыся, спыніўся: гэта былі калючыя ажыны.
Губаты хутка выблытаўся назад, адчуваючы, як гараць агнём падрапаныя ногі, прайшоў крыху, асцярожна дакрануўся мордай да высакаватага густога ядлоўцавага куста — i зноў хуценька адскочыўся, адчуваючы, што запякла наколатая далікатная мыза. Ап'яненне воляй прайшло, i ён адчуў, што шмат чаго тут не ведае, а вось леснікоў двор знае ўжо да драбніц, адчуў, што i лес сустрэў яго непрыхільна. Падаўся далей паволі, баючыся, каб зноў не наткнуцца на што калючае.
I тут ён пачуў, што яго жаласна кліча хлопчык: «Губаты, дзе ты, Губаты?» — а гэтаксама тоненька, як камар, плача дзяўчынка: ён зразумеў, што далека адбегся, пакінуў адных сваіх сяброў. Падумаў так i затрусіў назад.
Выскачыўшы з лесу, згледзеў, што ляснік трымае на руках i спрабуе несці дамоў дзяўчынку, якая вырываецца i румзае.
— Губаты, Губаты! — радасна закрычаў хлопчык — босы, у кароткіх трусіках ды майцы,— а пасля хутка-хутка пабег насустрач.
Убачыўшы гэта, ляснік апусціў на зямлю дзяўчынку ў кароценькай кашульцы, босую, i яна гэтаксама падалася сюды за хлопчыкам, крышку смешна віхляючы крываватымі ножкамі. Бегла i нешта радаснае крычала.
Яны сутыкнуліся з хлопчыкам i пакаціліся долу (Губаты падаў першы, каб не пакалечыць малога); хлопчык хутка ўсхапіўся, абняў за шью, прытуліўся, шэпчучы: «Губаты мой! Губаценькі!» Падбегла, гопнулася на яго i дзяўчынка, гэтаксама абхапіла шыю мякенькімі маленькімі ручкамі, а пасля i прытулілася поўненькаю шчочкаю — i Губаты не вытрываў, заплакаў, што ў яго такія верныя, мілыя маленькія сябры...
— Ты маніў нам...— папракнуў хлопчык бацьку, калі той паволі падышоў сюды.— Губаты не ўцёк сам, а ты яго выпусціў. Як выпусціў бусла, зайчыкаў, дзікіх парасят... Але Губатага мы не адпусцім, ён будзе жыць у нас... Я яго буду карміць...
— I я буду кальміць...— паўтарыла за ім дзяўчынка, гэтаксама з папрокам пазіраючы на маўклівага, як вінаватага бацьку сваімі вялікімі вачамі, поўнымі слёз.— Ты нядоблі, татусь...
— Добра вы робіце, дзеці, i нядобра...— зморшчыўся, нарэшце азваўся ён.— Хораша i люба, што гледзіцё так Губатага, але блага, што трымаеце. Ён звер i павінен жыць у лесе. Там яго дом... Пасцель, яда, воля... Цяжка бывае дзікаму зверу, калі яго залішне прыручаць людзі... Гора бывае, бяда... Я ж ведаю...
Губаты, нічога не баючыся, падхапіўся, гарцануў i пабег да яшчэ аднаго сябрука — да цяляці. За ім, не слухаючы, а можа, зусім не разумеючы сталых, сур'ёзных бацькавых слоў, памчаліся i шчаслівыя дзеці.
4.
Губаты — так ужо вышила — застаўся ў лесніковай гаспадарцы. Летам i ранняй восенню ненавязаны пасвіўся з цялём на выгане, бегаў у лес паласавацца лісцем i карою, прывык да вёскі, да машын, людзей, аббегаў усе ваколіцы, i да яго прывыклі, надта дзеці. Начаваў у падпаветцы.
На зіму яго паставілі ў невялікую загарадку ў хляве, да якога ён доўга не мог прывыкнуць: неяк муляла суседства з каровай i свіннямі. Тыя не хацелі падружыцца з ім — надта ж палахліва свінні рохкалі і пудзіліся яго,— цяжка было пераносіць пах гною i цеснату ў маленькай загарадцы, усё ж у душы яму хацелася волі, прастору, бегатні, чаго яму даводзілася мець вельмі рэдка i не памногу, толькі тады, калі выганялі паіць яго з каровай i цялём да абмёрзлай лёдам студні.
За зіму ён зусім змяніўся — выцягнуўся, пастрайнеў i памацнеў у нагах, ударам капытоў мог ужо адбіваць жэрдкі, падаўжэў у спіне ды пацяжэў, аброс густой, доўгай, амаль чорнай поўсцю, адчуў неспакойны сверб у галаве вышэй ілба — там, няйначай, раслі, касцянелі рогі.
Вясною, калі спала талая вада, патужэла вільготная халодная зямля i пачала ядрана пахнуць яшчэ нябачная маладая лістота, Губаты засумаваў, не мог больш стаяць у паменшанай ад гною загарадцы, многа есці, спаць ці паціху хадзіць па двары, як хадзілі цяжкая, сытая, палінялая карова i падрослы, пазласнелы i не такі ўжо сябрук бычок-выхваляка, а яго зноў, але мацней, як восенню, завабілі воля, прастор, лес i яшчэ нейкія незразумелыя жаданні, завабілі больш, калі адчуў, што i ён, падрослы, не так ужо цягнуўся дурэць з дзецьмі i тыя за зіму неяк да яго пахаладнелі, пачалі баяцца яго штуршкоў, ад якіх яны адляталі, як снапы.