— Ну, здарова, радцы! — павітаўся і заадно накпіў.
Тыя не ведалі, як паводзіцца, што адказаць: але калі ён пераклаў папку і падаў руку, з ахвотаю націснулі, усміхаючыся тропікі з ліслівасцю. Яму ў гэтую хвіліну не стала пацешна ці прыемна — не, наадварот, зашчымела сэрца: чэрці ж, усе здольныя людзі, шчырыя сыны свайго народа, але, бач, да чаго дайшлі: баяцца зайсці ў Белнацком, да сваіх, туляюцца, як цюцькі, за задворкамі. Не такія адкрытыя нямецкія прыслужнікі, як Скураны, Аўторак, Еўзікаў і іншыя, але ўсё роўна рыльца ў пушку. Тым больш што адзін з іх падпісаў уніжальную тэлеграму кайзеру ад імя беларускіх нацыянальных сіл.
— Падпольна прыехалі? — запытаў.
— Не, легальна,— адказаў Баравік.— Мы ж, можна лічыць, парвалі з кіруючым ядром БНР...
— Ды ведаю: ты адзін з першых адышоў ад БНР, пачаў развальваць Грамаду і ўтвараць Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў,— усміхнуўся Жылуновіч.— Як і ведаю, што Лашковіч разам з Рак-Міхайлоўскім, Нядолем, Ланкійскімі — у Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі, а наш «неистовый» Васілевіч адзін з лідэраў Беларускай партыі сацыял-федэралістаў... Карацей, рабілі і робіце шмат глупства...— Учэпіста паназіраў ім усім у вочы, не даючы апамятацца, а пасля махнуў рукою.— Ладна, хадзем.
— Куды? — занепакоіўся Васілевіч.
— Да мяне дадому.
— Можа, не варта? — падаў голас Лашкевіч.— Давай перакінемся словам-другім тут.
— Хадзем-хадзем,— ужо міралюбна прамовіў ён.— Мне ж трэба і добра распытаць вас усіх, і даць наганяю, і паспрабаваць перавабіць у савецкую веру...
— Мы ўжо сталыя людзі, Цішка,— сказаў Баравік.— Нам ужо нялёгка мяняць свае погляды, прыстасоўвацца...— Памуляўся, а пасля дадаў: — Мы як лідэры буйнейшых цяперашніх беларускіх партый прыехалі сюды на перамовы з Савецкім урадам, з Леніным...
У Жылуновіча аж пахаладнела на сэрцы: яны — што? Зусім страцілі цвярозы розум?
— Нават і не патыкайцеся туды!!! — цыкнуў Жылуновіч.— Па-першае, з вамі ніхто не захоча тут гаварыць. А па-другое, вы сапсуеце тое, чаго можам дабіцца мы. На савецкай аснове.
— І многага ты ўжо дабіўся? — ухмыльнуўся Баравік.
— Таго-сяго і дамогся,— адказаў.— А цяпер можам дабіцца і наданага. Толькі, кажу, не лезьце на дах і не псуйце гонту!
— А мы?
— Астыньце, прыглядайцеся. Калі вы, а таксама і іншыя прызнаеце свае памылкі, захочаце супрацоўнічаць з Савецкаю ўладай, то не будзеце лішнія, знойдзеце адпаведны сваім ведам занятак... Хадзем, кажу, пагаворым у цішыні і цяпле.
— Не,— адмовіўся Баравік.— Мы маем дзе пераначаваць. Скажы, мы маглі б прыехаць сюды са сваім хорам, тэатрам?
— Думаю, можаце...
— Ну, ладна,— Баравік з кпінаю падціснуў вусны, зняў капялюш, рукою паправіў пышную светлую шавялюру.— Не будзем цябе кампраметаваць, замінаць табе. Толькі, калі станеш на чале савецкай беларускай дзяржавы, не адвярніся ад нас, грэшных: хоць мы ішлі іншай, чым ты, дарогай, але і мы рабілі ўсё для адной нашай мэты...
«Чэрці, вы чэрці! — сціснулася яго сэрца.— Ці здзекавацца, крыўдаваць адзін на аднаго, а то варагаваць нам цяпер?!»
Праўда, убачыў: не то крыўдзяцца, не то хмурацца Баравік ды Лашкевіч, а Васілевіч неяк вельмі добра, даверліва зазірае ў вочы і аж мыліць губамі — відаць, хоча штосьці сказаць шчыра (ужо ў новым, 1919 годзе Васілевіч прызнаецца яму, што па заданні ўваходзіў у Раду БНР, стаў членам Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў, каб лепш ведаць, што задумліваюць такія непрымірымыя да бальшавікоў, як Аўторак, Еўзікаў, Заходка, Жытнік і іншыя).
— Ну што ж,— хмурна, але спакойна прамовіў Жылуновіч.— Глядзіце самі... Толькі будзе вельмі шкода, калі вы, разумныя людзі, і справе будзеце шкодзіць, і сябе зусім заводзіце ў тупік...
Махнуў ім рукою на развітанне і закрочыў дадому. Балазе якое не цёплае было паліто, а сцюжа ўсё роўна пачала ўжо прабіраць да касцей. А заадно горасна было на душы ад гэтай сустрэчы: свае людзі, а разумення няма! Збегліся, нюхнуліся, сапсавалі адзін аднаму настрой і разбегліся.
Калі ўвайшоў у свой двор, убачыў звыклую карціну: сусед, Чарвякоў, катае на саначках захутаную ў паліто і цёплую хустку яго Галю. Там, дзе павінен быў відаць яе твар, была толькі маленечкая дзірачка і з яе пазірала адно доччына вочка.
— Не змерзла? — прысеў на калені, разгарнуў хустку і ўзяўся за яе носік. Ён быў цёпленькі.
Тая задаволена захітала галавою: не.
— Ох, песціць цябе дзядзя Алесь!
— Наўмысна ўцёк з хаты,— усміхнуўся Чарвякоў, трымаючы ў руцэ вяровачку ад саней. І, бачачы, што Жылуновіч занепакоіўся (не дай бог, можа,, не паладзілі жонкі?), патлумачыў: — Ад госця...
— А хто такі? — ажывіўся Жылуновіч.— З Мінска хтосьці?
— Не. З Петраграда. Кужэльны.