— Як бачыце, за гэты месяц шмат змянілася ў свеце, у акупаванай Беларусі,— не з паперкі, а так гаварыў далей.— Для нас, для ўсяго нашага народа — велізарная падзея тое, што Савецкі ўрад ануляваў несправядлівы Брэсцкі дагавор, што Чырвоная Армія разам з нашымі землякамі вызваляе наш край. Але новы момант нясе і новыя клопаты. Пра іх нядаўна пісала «Дзянніца» ў артыкуле «Як жа з Беларуссю?». Я тут хачу яшчэ і тое-сёе дадаць. Прайшоў тыдзень, як гэты артыкул не толькі заявіўся ў газеце, але і ў перакладзе на рускую мову пададзены і Сталіну, і ў Смаленск, ды адказу — ніякага... Нават болей, таварышы: ёсць чуткі, што Адміністрацыйная камісія ВЦВК на чале са Свярдловым мае праект, па якім Савецкая Расія будзе складацца не з нацыянальных рэспублік, а з эканамічных рэгіёнаў: Заходняя, Маскоўская, Паўночная, Уральская вобласці і г. д. Яшчэ. Да нас даходзяць чуткі, што расце напружанне ў акупаванай Беларусі: з аднаго боку дасягае апагею падпольная, партызанская барацьба супраць германскай агрэсіі, а з другога боку — сутычка за ўладу паміж нядаўнімі саюзнікамі. Эсэра-бундаўскі цэнтр губеранскага цэнтра адваёўвае яе ў БНР, застаючыся па пазіцыях вернасці скінутаму Часоваму ўраду Керанскага. Узніклі, як ядавітыя грыбы пасля першага дажджу, розныя афіцэрскія бюро, якія вярбуюць нашых землякоў у контррэвалюцыйныя паўночную і паўднёвыя арміі, каб шпурнуць іх на Савецкую ўладу. Да ўсяго гэтага «народны» ўрад Польшчы, «начальнік дзяржавы» Пілсудскі і «паляк з беларускім сэрцам» Доўбар-Мусніцкі з дня на дзень адчуваюць усё большы апетыт. Спачатку яны толькі пратэставалі, што Чырвоная Армія «навадняе спрадвечна польскія землі», а пасля пачалі патрабаваць: давай ім Польшчу ў былых яе межах, аж за Смаленск. Цяпер жа, калі сабралі сілу і адчулі спрыянне Аптанты, замяшанне немцаў, рушылі на ўсход, захапілі Брэст і падышлі да Баранавічаў... Усё гэта, дарагія таварышы, вельмі сур'ёзна, нават небяспечна. Мы гэта ўлічылі і, ведаючы, што рана-позна прыйдзецца ці ўсё растлумачваць, папрасілі знаёмых вучоных Карскага, Сабалеўскага, Шахматава, Любаўскага, Пічэту і іншых, каб яны на аснове дакументаў як след даказалі, што ў свой час Беларусь і Літва не былі вотчынаю Польшчы, а разам з ёю ўваходзілі ў федэрацыю Рэчы Паспалітай. Пагэтаму Пілсудскі і Доўбар-Мусніцкі не маюць ніякага права падмяняць паняцці «Польшча» і «Рэч Паспалітая», замахвацца на нашы і літоўскія землі. Мы самі маем сваю спрадвечную Бацькаўшчыну, сваю гісторыю, культуру, пагэтаму цяпер самі, без апекуноў, будзем дбаць пра волю і нацыянальныя межы — у цесным саюзе з Расіяй... Адным словам, сама Беларусь наша і ўсё вакол яе кіпіць, як гарачы кацёл, і з гэтага кіпення можа выйсці самае непрадбачанае...
Кажучы гэта, узбудзіўся, бо не толькі на словах, але кожнаю жылкаю адчуваў навіслую новую пагрозу, марнасць таго, што яны рабілі і робяць.
— Я лічу: мы самой гісторыяй абавязаны,— прамовіў, падняў левую руку і загнуў мезенец.— Першае: ясней даказаць Сталіну, Мяснікову, іншым кіруючым таварышам, што цяпер ставіць наша нацыянальнае пытанне толькі абстраітіа, і не гуманна, і небяспечна. Дзеля ўсёй Савецкай улады. Узяўшы Мінск, Магілёў, Пілсудскі з Доўбар-Мусніцкім зажадаюць ісці і далей на Усход. Дык Савецкая Беларусь не толькі задаволіць нашы мары, але і будзе заслонаю для прасоўвання буржуазіі на Усход! Другое: трэба вядомым нашым камуністам выехаць у Петраград, Тамбоў, Саратаў, Казань, Смаленск, Віцебск, Магілёў і як след пагутарыць з нашымі камуністамі, свядомымі землякамі, якіх разам не адна сотня чалавек. Трэцяе: трэба прабрацца і ў акупаваны Мінск, пастарацца знайсці адну мову з тамтутэйшым камуністычным падполлем, дабіцца ад іх разумення і помачы. І чацвёртае: давайце рыхтаваць з'езд усіх беларускіх камуністычных секцый, дзе ўтварыць наш партыйны цэнтр і заадно запатрабаваць: Савецкая Беларусь павінна быць мусова!
Перавёў дыханне. Адчуў: ад таго, што гаварыў страсна і рэзка, зачырванеўся. Але ўзяў сябе ў рукі, акінуў усіх позіркам і дадаў:
— Калі вы падтрымаеце ўсё гэта, то тады яшчэ можа быць нам нейкі шанец. Калі ж і цяпер будзем асцярожныя, нясмелыя ці чакаць міласці, то, убачайце...— Не любіў жэстыкуляваць, дык адагнуў чатыры загнутыя пальцы і махнуў рукою.— Тады не варты мы самі нічога і гэткіх жа нявартых наплодзім нашчадкаў, бо яблык ад яблыні недалёка падае...
Сеў па пярэдняе крэсла. Зала ўзарвалася воплескамі. Стрыманы, ён, аднак, у гэтую хвіліну шмат намагаўся, каб не пусціць на волю слязу — і ад свайго ўзрушэння, і ад вось такой ухвалы ад землякоў, некаторыя з якіх былі ці не зусім з развітымі нацыянальнымі пачуццямі, ці асцяроншыя, ці нават далёкія ад таго, што рабіў ён і яго калегі.
— Дзякую, таварыш Жылуновіч,— падняўся і схіліў галаву старшыня.— Як самі бачыце, вашы словы ўсхвалявалі ўсіх. А цяпер,— падняў вочы,— прашу, таварышы, пачаць спрэчкі. Хто хоча прамовіць?
— Дазвольце мне,— падняўся ў зале Мазур.— Я цалкам згодзен з усім, што сказаў наш паважаны прамоўца — адзін з самых вядомых на сённняшні дзень беларускіх дзеячаў, шчыры камуніст. Нам усім зразумелыя яго клопаты, боль, мары, бо ўсё гэта і ў кожнага з нас на душы, у сэрцы... Да пачутых намі слоў я хачу толькі дадаць: нам цяпер вельмі патрэбная свая партыйная газета, бо «Дзянніца» і выходзіць рэдка, і па сваім профілі мусіць мець свой накірунак.
За ім пачалі выступаць іншыя. Да слова, Язэп Дыла сказаў, што тут, у Маскве, патрэбен Беларускі камуністычны клуб як асяродак палітыка-культурнай работы для землякоў, Клыш гаварыў, што трэба болей выдаваць партыйнай літаратуры і для тых, хто жыве тут, і для тых, хто ў акупацыі, а Чарвякоў, а за ім і Чарнушэвіч дадалі, што Белнацкому, Маскоўскай Беларускай камуністычнай секцыі трэба болей падбаць пра фарміраванне беларускіх чырвонаармейскіх часцей.
Затым, калі прамовіла яшчэ некалькі чалавек, запісалі ў рэзалюцыю:
— выдаваць беларускую партыйную газету;
— адчыніць у Маскве Беларускі камуністычны клуб;
— скласці спіс партыйнай літаратуры і ў самы блізкі час пачаць выдаваць яе;
— паслаць камуністаў усюды, дзе ёсць камуністычныя беларускія секцыі. А іменна: Жылуновіча і Чарвякова — у Петраград, Дзедзю — у Саратаў, Тамбоў і іншыя расійскія гарады, Лагуна, Клыша, Майзеля — у Мінск;
— рыхтаваць з'езд камуністычных беларускіх секцый РКП (б). Дзень пачатку работы, яго парадак аб'явіць пазней, як толькі скончацца перамовы.
Пасля гэтага пачалі спрэчкі пра іншае — пра Белнацком. Тыя, хто працаваў у ім, расказалі, што яны і як рабілі, паскардзіліся на Сталіна і Мяснікова: ад першага мала помачы, а ад другога — ніякай. Рашылі: даручыць Фальскаму, Няцэцкаму і Клышу сустрэцца са Сталіным і папрасіць патлумачыць, чаму той ў такі напружаны час рашыў ператрэсці Белнацком і скараціць яго штаты, а таксама дабіцца, каб цяпер на чале Белнацкома быў камісар і меў большыя правы, а заадно рашылі, што Маскоўская Беларуская камуністычная секцыя бярэ пад назірк Белнацком, на пасаду яго камісара варта параіць Жылуновіча, намеснікам — Мазура.
Пад канец абралі партыйны камітэт з 9 чалавек, а за старшыню — яго, Жылуновіча. Вылучылі сваіх пасланцоў у Прэсненскі раённы, Маскоўскі гарадскі камітэты РКП (б), у раённы саўдэп і ў сакратарыят ЦК партыі. А на самае заканчэнне сход секцыі абраў дэлегатаў на канферэнцыю Беларускіх камуністычных секцый: Жылуновіча, Дылу, Няцэцкага і Рыбака.
3. З «Ліста да Беларускага народу», змешчанага ў «Дзянніцы» за 25 лістапада 1918 года.
«З суседняе раднячае вольнае Расеі шлю я табе прывітаньне, мой бедны, замучаны і няшчасны народзе! Жывучы тутака, у краіне, дзе поўная воля, дзе бедны працоўны народ карыстае ўсім багацьцем, якое праз увесь час ён тварыў, фабрыкамі, заводамі, мураванымі дамамі і зямлёю, якую ён спакон веку абрабляў дзеля багатых, я пераношуся к табе штораз і смуткую, бачачы цябе ў няволі, у прыгоне, як і ўперад, пры паншчыне і пры самадзяржаўі. Цяжкая рука ўціску вісіць над табою, гняце і не дае вольна сапці, не дае адплюшчанымі вачыма глядзець на яснае сонейка. Як пры цару ты, мой народ беларускі, працуеш на папоў, якія глумяцца з цябе, на немцаў, якія цябе наднявольваюць тым панам і мярцвяць, калі ты спрачаешся іх слухаць. Вось хутка цэлы год, а для іншых месцаў ужо болей і двух гадоў, як нішчыць задуманая багацеямі вайна родную тваю Беларусь, губіць сыноў тваіх пад кулямі і на абшары вялікай Расеі галоднымі. Час, дарагі, нясцэнены праходзіць час, а будаўніцтва свае краіны ты і не крануў, бо не мог... Гэта копшы дзень я чую рацыя, бадзёрыя песьні волі, а там — дома, у сябе, ты пяеш, як і пяяў да свабоды, да чырвоных феўральскіх і акцяберскіх дзён, свае плаксівыя, маркотныя песьні...
Прыходзяць да цябе весткі з братняе Расеі, і весткі гэтыя абмаляваныя ліхімі людзьмі, тымі, што цябе катуюць і хочуць у Расеі вярнуць цара, у чорную брудную мулю; імі страшаць цябе, хочуць настроіць супраціў вольнага парадку, наварожыць да яго, каб ты не любіў яго.
Я ведаю, што гэтым чуткам ты не верыш, а шукаеш другіх, якімі дзелюцца з табою многія твае сыны, што жывуць у Расеі і наязджаюць потайкам у тваю, Беларускую зямельку. Гэтыя весткі праўду кажуць аб той волі, што жыве тут. Ты павер ім! Усе паны і багацеі не маюць жаднае сілы ў Расеі і за іх няма каму ўзяцца, як то было нават пры Керанскім. У тваёй жа старонцы, Беларусі, яны крулююць, як самі хочуць.
Вось чаму, мой родны народ беларускі, гэтыя паны, твае прыціскацелі ўвесь час стараюцца ўпрошваць нямецкае начальства, каб яно не брала да дому войска, а пакінула яго на Беларусі. Яны ведаюць, што калі немцы вывядуць войска, то ты не будзеш маўчаць і пастараешся прагнаць сваіх катаў ад сябе і завесці гэткія парадкі, нібы ў Расеі: забраць усё дабро ў свае рукі і завесці вольнае жыцьцё. Памешчыкі і буржуі выдалі нейкую Раду, пасадзілі яе ў Мінску, празвалі Беларускім Правительствам і гутараць з багачамі другіх краёў ад твайго Імяні, каб даць большую вагу гэтай гутарцы і хутчэй замацаваць над табою сваё панаваньне.
Пэўна, мой працаўнічы народзе, ты не дасіся сябе абмануць і не пойдзеш за сваімі катамі. Доўгія гады ўжо ашуквалі яны цябе, прыгняталі і не давалі патолі свабодна ўздыхнуць! Цяперака, мне здаецца, ні нямецкія, ні французскія, ні ангельскія багачы, купцы і памешчыкі, не сумеюць ускінуць на цябе цуглі і заставіць ім служыць. Ці не праўда? Я ведаю, што ты кахаеш волю, бо сам бедны, пяймючы, вякамі тужыў аб ёй; а любячы волі, дастанеш з-пад усякае забароны; дастаўшы ж сам, забароніш ад ліхіх людзей. Ведаю я, што кіпіць у цябе пачуцьцё змаганьня і неўзабаве яго ты выліеш на поверх. Выліеш, бо прыдзецца шмат яшчэ змагацца з ліхімі ворагамі свабоды, з крапакамі і царскімі прыхільнікамі. Дагэтуль мучыў цябе, беларусе, нямецкі купец з генералам праз свайго салдата. Цяперака ж ужо гэты салдат адказаўся слухаць сваіх паноў і зрабіў рэвалюцыю, ды стаў тваім таварышам. Нямецкі салдат ужо не вораг, а сябар твой. Але ўслед ім думае накінуць путы на тваю, беларускі селянін, старонку французскі з англіцкім грашаўнікі. Іх слухаюць яшчэ іхнія салдаты, і яны катуюць Расейскую свабоду. Слабыя без паслухмяных салдат беларускія паны, папы і купцы запрашаюць на Беларусь іх, думаючы далей трымаць цябе ў няволі. Ці ж не ашукваюцца гэтыя прадаўцы? Няўжо ты ім паддасіся? Я думаю, што абмыляцца яны горка! Болей ты не будзеш цярпець ніякага прыціску, паўстанеш, як адзін чалавек, і прагоніш цяперашніх прыгпятацяляў, а ў лаючых пасягнуць на цябе адсячэш голаў пры іхняй патузе накінуць на цябе, народзе мой, прыгонны аркан.
Свае краіны ты зробішся гаспадаром вольным і слаўным, адбудуеш яе на новы лад і зажывеш свабодны!
Паліюцца вольныя песьні! Змоўкнуць песьні нядолі і жалю. Усё багацьце краіны стане тваім І многія твае сыны, вярнуўшыся з вымушанай вандроўкі, будуць напівацца шчасцем волі. Уваскрэсне Беларусь і ўвойдзе ў сям'ю вольных народаў.
Народ мой, беларускі! Не дай маёй веры абмануць мяне! Не хавай даўжэй свае помсты да ворагаў і разарві путы цярпеньня! Чым хутчэй ты гэта зробіш, тым болей выграеш! Расейскі працаўнік чакае ад цябе гэтага, нарыхтаваўшыся даць падмогу. Дык смела за справу!..
Твой сын Змітро».
4. З шыфраваных запісак Язэпа Лагуна з акупаванага Мінска Зміцеру Жылуновічу ў Маскву.
«...1 і 2 снежня меў перамовы з таварышамі з Мінскага падпольнага раённага камітэта РКП (б) і з Краявога камітэта камуністычных арганізацый Беларусі і Літвы. Настрой тут змяніўся, многія дзеячы ўжо за тое, каб утварыць Савецкую Беларуска-літоўскую дзяряеаву, не супраць дыялогу з Белнакомам...»
«Учора, 3 снежня, у Мінску аформіўся падпольны Савет. У ім каля 200 дэпутатаў. З іх — каля 100 камуністаў і іхніх сяброў, 40 бундаўцаў, 35 палейцыяністаў, ёсць эсэры і меншавікі.