— Васька...— умольна крыкнуў услед яму Мацвей, і той нечакана спыніўся:
— Шчур пабег у горад, у міліцыю, ты страляў толькі ў калёсы, другі раз стрэліў у неба... Падла...
* * *
Мацвей асунуўся на зямлю, прыпаў тварам да яе і адчуў, як гудзе яна, як напружана б'ецца сэрца зямлі, як поўніцца гэтым гудам і яго ўласнае цела, як аддаецца ўсё гэта ў пяты, нібыта пяты зноў нарываюць; ён вярнуўся ў дзяцінства, і вяртанне гэта прадказвала яму невыносны боль. Вечнасць — тры дні, тыдзень нясцерпнага болю пакуль не прарвецца нарыў. Потым яшчэ адна вечнасць — тыдзень невылазна сядзець у хаце, пакуль не загояцца пяты, пакуль не нарасце на іх новая, маладая скура, не загрубее ад зямлі. Ён зноў будзе вучыцца хадзіць, не баючыся больш ступаць на гэтыя сцежкі, гаці, брады. I як хісне яго першы крок, аж галава закружыцца. I першыя метры ён пераадолее асцярожна, на пальчыках. Абмацае зямлю пальцамі ног, адчуе яе дотыкам пальцаў і толькі потым даверыць зямлі сябе. Раніцой выйдзе на вуліцу, а бегаць па ёй наважыцца толькі вечарам; як бы ні падбухторвалі яго, як бы ні кпілі з яго, ногі павінны самі пазбыць памяць болю, памяць аб тым, адкуль прыйшоў гэты боль.
Навошта ён браў гэтую стрэльбу, навошта пайшоў у гэтае поле, нібыта ён вартаўнік. Так яно і ёсць, вартаўнік ён, толькі вартаўнік. Інакш што яму тут рабіць. Загадалі — і найшоў, не хацеў, але праз сябе пайшоў, амаль што туды, адкуль ужо не вяртаюцца. Але хіба можна ўпільнаваць ноч, зямлю. Вось ноч ужо і скончылася, прыспеў час — і ўжо світае, світальна гудзе, абуджаючыся, зямля.
І ляцела пад зямлёю зорка, і пахла пячонікамі, што падгарэлі ў кастры.
* * *
Калі бусел, мо той самы, што адбіўся ад чарады, прыйшоў па кароўнік, ніхто не ведаў, нібыта жыў ён там заўсёды. Даяркі пакідалі вечарам кароўнік — но было нікога, а прыйшлі раніцой — гаспадар ужо на нагах. Ходзіць паміж стойламі, прыглядаецца да кароў, і тыя, здаецца, прызнаюць у ім гаспадара, нібыта ён заўсёды быў над імі, нібыта яны колішнія яшчэ сябры. Але асабліва ўпадабаў бусел Ягадку, былую цялічку Ненене. Ён і спаў каля Ягадкі, любіў, узляцеўшы па крыж ёй, глядзець зверху, што адбываецца вакол. I Ягадка стаяла нерухома, калі бусел на адной пазе анямела застываў на яе крыжы, думаў сваю прадвечную думку. Даяркі насміхаліся толькі:
— Што, надакучыла табе, Ягадка, кормяць цябе галінкай, дояць ялінкай, у поле просішся, пастуха ўжо, антона займела.
Ягадка была абыякава да гэтых кпінаў, а Антон здзекаў не выносіў. I неяк нават паганяў даярку, жонку Андрэя Вырастака.
— Во, глядзіце, глядзіце, вой дзіва,— сказала жонка Вырастака, спыніўшыся каля Ягадкі і бусла, якія, здаецца, аб нечым размаўлялі паміж сабой. Бусел цягнуўся да каровы сваёй чырвонаю дзюбаю, ціха ляскатаў ёю, а Ягадка ці то не пагаджалася, ці то, наадварот, пагаджалася і радасна чмыхала.
— Глядзіце, вой, дзеўкі, зараз угаворыць,— не верыла сваім вачам даярка. Буслу гэта не спадабалася, і ён, высока выкідваючы цыбатыя ногі, кінуўся да даяркі. Але і тая аказалася не менш цыбатай і спрытнай, як ветрам яе выдула з кароўніка. Выбегла за вароты і аддыхацца не можа. А бусел пастаяў, папільнаваў яе і зноў пакрочыў да Ягадкі, назаўсёды адбіў ахвоту кпіць з сябе, вымусіў прызнаць сябе за гаспадара не толькі кароў, але і даярак. Паступова ён набіраўся моцы, навучыўся адрозніваць даярак па галасах, ішоў на іх голас, захоўваючы сваю птушыную годнасць, браў перадачы, што прыносілі яму даяркі, пазнаваў ён па голасу ўжо і Ягадку — варта было толькі мыкнуць той, як ён бежкі бег да яе. Ён ужо адлучаўся і з кароўніка, ішоў у поле, сумна блукаў па ім. I ў той дзень ён таксама сышоў з кароўніка і пайшоў не куды-небудзь, а к Чортавай прорве, да тых самых тарфянікаў, дзе некалі расла маліна, дзе Мацвей збіраў тую маліну разам з Сяргеем Кузьмічом і Шахраем, а бусел яшчэ раней, да іх, збіраў там жаб і гадаў. Мо ён за жабамі і гадамі прыйшоў туды і зараз, прыгрэўшыся сярод людзей і кароў, мо спадзяваўся яшчэ дагнаць чараду, парадніцца зноў з бусламі. Але там, дзе колісь было балота, сёння расла бульба, якую яшчэ не паспелі ў гэтым годзе выкапаць княжборцы. I княжборцы спяшаліся капаць яе. Бусел спыніўся на ўскрайку поля, не наважваючыся падысці да людзей, тыя прыкмецілі яго, спыніліся папалуднаваць каля вагончыка. Дасталі. бутэлькі з малаком, нарэзалі хлеба, сала, пачалі запрашаць да стала і бусла. Але той не пайшоў, ці. то саромеўся, ці то не даспадобы былі яму хлеб і сала, хоць ад даярак ён не грэбаваў браць усё.
— Вой, яму б жабу,— уздыхнула Махахеіха.— На гэтым яго балоце і кардопля будзе не смачная на торфе.
— Затое родзіць як,— не згадзілася Барздычыха.— Тры бульбіны на чыгун.
— У мяне чыгунок маленькі,— азвалася і Ненене.— Мне вялікай той кардоплі не трэба. Тры маленькіх ды сопкіх, разварыстых...
— А з торфу не бульба, а шкло, твая праўда, баба Тэк- ля,— пагадзілася з ёю Махахеіха.— Хоць выжмі тую кардоплю. Слюда слюдою. I свінні не ядуць.
— Свінні паядуць усё, цётка Ганна,— зірнуў на гадзіннік Мацвей.— Што там Барздыка з шафёрам калупаюцца, ужо даўно павінны быць тут.
— Пад'едуць, нікуды не дзенуцца.
— Работа стаіць.
— Вой, хлопча, знайшоў работу... Работа цяперака найшла, машыны ўсё робяць. Ды я старая з вашай работай чатырох за пояс заткну. Раней рабілі. Паглядзеў бы па мяне, калі я маладая была, як я з тваёй маткай жыта жала. Малое ў разоры, ты ў разоры, крычыш, пот — сонца не відно. Матка табе тыцне цыцку ды за серн хутчэй, жанкі ж азіраюцца, чаго-та яна прысела. А ты крычыш — спяваць добра будзеш, Казлоўскім вырасцеш... А як лён бралі, каноплі мачылі. Мароз ужо, лёд за рукі хапаецца, а мы, жанкі, на возеры, не, няма ўжо таго возера, спадніцы падаткнём — і ў ваду. Ногі, што ў бусліх ці качак, чырвоныя. Во работа была. А цяперака гарбузікі вы лускаеце, а не робіце.— I Ненене ўздыхнула. I поле, што ляжала перад імі, нібы таксама ўздыхнула, закружыў, загуляў па ім ветрык.
Паказалася ўрэшце і машына.
— Канчай перакур,— кінуў Мацвей і пакрочыў насустрач машыне. Вецер дзьмуў ужо мацней, быў ён роўны, як па вялікай вадзе. I як на вадзе, бегла па полі маленькая хваля, скакалі на зямлі, па тарфяніку камячкі торфу, што конікі, спачатку маленькія, з тых жа конікаў, гарошыны, церліся адзін аб адзін, размаўлялі, пераказвалі нешта адзін аднаму, як жылі раней, кім ці чым былі да таго, як сталі торфам, ляглі ў зямлю, як бегалі і стаялі яны пад сонцам і месяцам, як плавалі на моры і рэках і як не хочацца ім развейвацца пылам па свеце, пылам, які ўжо не сабраць, не скласці, не аб'яднаць. Пыл гэты забудзе ўсё аб сабе, і ўжо забудуць, кім і чым ён быў да гэтага, таму што на ім нічога ўжо не ўзыдзе, не вырасце, бачны ён будзе толькі месячнай ноччу, прывідна ўваскрэсне ён на месячнай сцежцы. У вычварнай гульні месячнага святла будуць ганяцца адна за адною пылінкі, дарэмна імкнучыся зноў легчы на зямлю, умацавацца на ёй, знайсці зноў сябе, не дадзена ім гэтага ўжо, як не дадзена чалавеку нарадзіцца двойчы.
Машына ў гэтым віхурным тарфяным моры была падобна на лодку, як лодка падышла да вагончыка і спынілася, з кузава яе скочыў Аркадзь Барздыка і адразу ж:
— Нешта мне вецер, Мацвей, но падабаецца.
Мацвей азірнуўся, здзіўлены.
— Туды зірні,— Барздьтка паказаў на неба. Неба цямнела, сонца на вачах налівалася гарачкаваю чырванню і тухла. Глядзела на людзей, на зямлю, на трактары запаленым хваравітым сваім вокам. А поле ўжо гуло, крычала ўголас, шамацелі, скакалі па ім ужо буйныя конікі, з лясны арэх, спечаныя: камячкі торфу, вецер мацнеў, выганяў ужо саму зямлю, чорныя камячкі торфу наспешліва разбягаліся, як разбягаюцца, распырскваюцца ва ўсе бакі малыя, толькі-толькі з апалонікаў, жабяняты. Пэўна, за жабяня палічыў і бусел гэтыя чорныя шарыкі, што скакалі па ўсім полі, палічыў за нешта жывое і пачаў лавіць торф, чорную высахлую памяць зямлі, лавіць, і глытаць, і давіцца, і задаўлена ляскатаць.
— Вой-ё-ёй, зачаравана запрыгаворвала Барздычыха.— Бусел зямлю есць. Бусел, што чалавек, звар'яцеў.
— - Што ж гэта такое, што ж гэта будзе, людцы! — закрычала Махахеіха.
— Чорны смерч, віхура па нас насоўваецца,— сказаў Барздыка.
I імгненна ён, Мацвей, і Барздыка, і машына, каля якой яны стаялі, :і бусел патанулі ў чорнай віхуры. Мацвей з Барздьгкам кінуліся да людзей і адразу ж згубіліся. Пераадольваючы вецер, плачучы ад чорнага пылу, Мацвей вобмацкам ішоў па плі. I як ён, нічога не бачачы перад сабою, брылі і іншыя. Мацвей спатыкнуўся аб нешта, здаецца, жывое, схіліўся пад гэтым жывым. Па зямлі паўзла Махахеіха, вецер загаліў ёй спадніцу, і яна ёрзала ў гэтай сваёй спадніцы на адным месцы. Мацвей кінуўся дапамагчы ёй, яна адпіхнула яго: