На трэніроўцы маё сэрца набірала хутка адпаведны тэмп, і я адчуваў сябе свабодна якраз тады, калі спрытныя гарадскія юнакі ўжо выдыхаліся і выглядалі як мокрыя кураняты.
Цяжкавата выстаяць на рынгу пятнаццаць раундаў! — скардзіліся такія.— I навошта столькі? На практыцы спатрэбіцца ўсяго — пяць-шэсць!
Калі выжывеш пятнаццаць, то пяць выстаіш на адной назе! — непахісна вёў сваю тактыку Левандоўскі.
«Ага, ужо вам цяжка! А памятаеце, як з мяне смяяліся і здзекаваліся?..»
Праз два месяцы ў мяне ўжо з'явіліся прыкметы паставы, якой вылучаюцца штангісты, лыжнікі ды баксёры. Тыя самыя людзі, што так цешыліся тады, калі Рыжы мяне лупцаваў, цяпер на трэніроўках глядзелі на мяне з надзеяй, нават са страхам і былі шчаслівыя, калі я з імі загавару.
— Ну і пары ў яго кулаках!— казалі яны з захапленнем, укладаючы ў слова «яго» ўсе свае надзеі. (У 19З8 годзе ў Вільні панаваў яшчэ век паравых машын.)
Але, прызнацца, сам я гэты від спорту не любіў. I наогул яшчэ ў вёсцы цярпець не мог боек, скандалаў, а калі бачыў кроў, то мяне прашываў мароз і пранізвала нейкім токам. Маці, бывала, не магла дапрасіцца мяне зарэзаць курыцу.
Я пайшоў у бокс не па прызванню, і захапленне хлопцаў мяне зусім не кранала. А яшчэ я не цярпеў людзей, якія ад варожасці і пагарды хутка пераходзяць да любві: яны могуць стаць ранейшымі, няхай ты толькі спатыкніся.
Левандоўскі «выціскаў» з мяне ўсё магчымае ды часта рабіў гэта бязлітасна. Яго мудрагелістыя практыкаванні я выконваў з дзікай упартасцю, абкружаны закаханымі позіркамі.
У палове студзеня я стаў выходзіць на рынг, і часамі маё сэрца замірала пры думцы, што набліжаецца ракавы дзень. Я прыдумваў спосаб, як на матч зацягнуць Данусю. Трэба кінуць генералу ў паштовую скрынку запрашальны білет. Або пакласці яго ў канверт, надпісаць адрас ліцэя, вывесці прозвішча «Янкоўскай Дануце» і паслаць. Так яшчэ лепш: падумае, што запрашэнне прыйшло ад настаўніка фізкультуры з ліцэя, і будзе на спаборніцтве баксёраў абавязкова.
Глыбокай зімой правялі адборачныя сустрэчы, і мяне дапусцілі змагацца за першынство горада.
4
А, зямляк! Сэрвус!.. Выгляд у пана нядрэнны. Я ведаю, пан ходзіць у спартыўную школу! — звярнуўся да мяне па-польску Станеўскі ў гарадской бібліятэцы.
Чаго ты такім шцілем загаварыў? Хто цябе прымушае крыўляцца? Я нават азірнуўся — паблізу знаёмых не было.
А мы таксама займаемся спортам! — пахваліўся ён.
Та-ак?..— працягнуў я разгублена, не разумеючы, каго ён мае на ўвазе яшчэ.
Толькі — шпагамі. Ходзім з князем у клуб карпарантаў «Баторыя»!
А!..
Сустрэліся мы ў бібліятэцы імя Тамаша Зана. Я зайшоў туды, каб даведацца ў энцыклапедыі, што азначае па-латыні слова «Дану-та», бо каталіцкія імёны пераважна ўзятыя з антычнай міфалогіі.
Што пан чытае? — пацікавіўся Станеўскі.
От, глупства!..— Я паспешліва закрыў кніжку і пачырванеў.
Што пішуць пану з дому?
Усё пра тое самае... Гэта памалацілі, гэта яшчэ не, авёс мышы пасеклі...
О! дакладна так пішуць і мне!..
Які табе, халера, я пан! Чаго ты выпендрываешся, чаму не можам гаварыць па-простаму!
Некалькі хвілін ён намагаўся яшчэ нешта спытацца. Аднак дарэмна. Размовы ў нас не атрымалася. Ужо мы на столькі адышлі адзін ад аднаго, што і натацыі чытаць яму было нязручна.
Любецкі і шпага! — запалі мне словы земляка.
Я адчуў зайздрасць і ўвось насцярожыўся, бытта баяўся, што Браніслаў мяне абгоніць. Захацелася некуды бегчы, нешта папярэдзіць.
А мо Генрых брэша, як не раз брахаў? Тытулы князёў у Польшчы ўжо даўно не ў модзе. Словам «князь» Станеўскі спекулюе, набівае сабе цану, і тут ён хлусіць.
Станеўскі і карпаранты? Яны фанабэрыстыя, гаварыць з ім не надта захочуць!