Непадроблены тон яго мяне раззброіў, і я забыўся на абразы.
Палец распух,— паказаў я нагу, абутую ў стары галёш ад прачкіных цёсанак.— Халера, чамусьці доўга не гоіцца!..
Едзем да нас у школу! Там палечаць цябе бясплатна! Ану, пакажы!.. Фю-у-у, як разнесла!.. А што? Голымі фалангамі так жарнуць — яны ж для гэтага не сканструяваны прыродай!.. Магло быць горш. Але ж і даў ты рыжаму капралу! Шчасце, што босы, быў бы ты абуты, і яму — капут!.. Давай, давай да нас, адкуль у цябе столькі гордасці? Не з князёў жа!..
Выяўляецца, вузкалобы — вайсковец.
Нядобразычлівасць трэнера да баксёра мяне купіла.
Левандоўскі наняў вазніцу, дапамог мне залезці ў фаэтон, і мы адправіліся.
У спартыўнай школе медсястра наставіла на месца вывіхнуты палец, пацерла нечым, моцна яго забінтавала і адпусціла. Праз тыдзень я з'явіўся па першую трэніроўку.
2
Левандоўскага я заўважыў у горадзе даўно. Не раз, сустрэўшы на вуліцы, захапляўся яго фігурай, энергічнай хадой і незалежнымі манерамі.
Яму было пад пяцьдзесят. Але гэты чалавек не ведаў смаку гарэлкі, не нюхаў табакі, хвіліны не правёў без цікавага занятку і выдатна захаваў сваё сэрца, лёгкія і здольнасць цвярозага мыслення. Яго дэвізам заўсёды былі: паветра, вада, добрае харчаванне і дзейнасць. Ён быў увесь напоўнены цікавасцю да жыцця, імкненнем быць карысным людзям.
Чалавек датуль малады, пакуль сам хоча ім быць! — навучаў ён нас.— Запомніце: маладосць чалавека ў яго руках!.. Не глушы ў сабе бадзёрасці, якая запраграмавана ў тваім арганізме, закладзена ў храмасомах; дапамагай сабе праяўляць свае здольнасці!.. Той не мужчына, хто баіцца скразняку. Адчыні, адчыні вокны шырэй!
Левандоўскі быў заўсёды чыста паголены, падцягнуты, жыцця-радасны, апранаўся ў светлыя клятчастыя і шырокія ў плячах пінжакі, насіў белую шапку. Гэта яго маладзіла, дадавала статнасці.
Прыемна было глядзець на такога чалавека. Ён і сам гэта адчуваў.
Такі ж акуратны трэнер быў і на сваёй рабоце.
Між іншым, польскія спартсмены тады славіліся. Палякі нават паклалі пачатак некаторым сусветным відам спорту, напрыклад, стральбе з лука. Польскія баксёры ўступалі толькі амерыканцам і немцам. I ўсё самае лепшае з айчыннага спорту ўвабраў у сябе наш трэнер. У горадзе яго прозвішча ведалі, як ведаюць прозвішча выдатнага ўрача, адваката або інжынера.
Нас у групе налічвалася чалавек дваццаць. У час трэніроўкі Левандоўскі трымаўся такога правіла: хочаш, каб цябе слухалі, многа не гавары і не крычы. Каманду падаваў скупа, коратка.
Гетро! — кіне, бывала, толькі адно слова, і мы, як механізмы, пачынаем бегаць.
Практыкаванні стараліся выконваць з усяе сілы, бо ведалі — ніякія фіглі не пройдуць незаўважанымі, а тое, да чаго ён нас змушае, нам неабходнае.
Давай! Давай! — яшчэ падганялі шэптам адзін аднаго.
Час! — зноў гучыць каманда, і мы ўжо моўчкі пачынаем лезці на шведскую сценку, на канат ці рабіць што іншае згодна з праграмай, якую ведалі назубок.
Баксёрам трэба нарадзіцца, Левандоўскі гэта добра ведаў і першым чынам шукаў «геніяльныя загатоўкі», як ён выражаўся. Трэніруючы іх, ён выхоўваў у будучых майстроў дысцыпліну, дапамагаў асвоіцца з рынгам — майстроў як бы выцесваў з грунтоўнай асновы. Каб даць нагрузку нашым мускулам, трэнер вывозіў нас за горад. Там прымушаў лазіць па дрэвах, саджаць на плечы таварыша і бегчы з ім па бездарожжы.
У нас няма месца для тых, у каго думкі ў небе, а ногі — у ложку! — заяўляў сваім: выхаванцам ён на кожным кроку.
I гэта была праўда.
Кулачны спорт, выяўляецца, цяжкі, яго нават нельга параўнаць з якім-небудзь іншым, найбольш напружаная трэніроўка — у баксё-раў. I мы кожны дзень працавалі як мае быць. Вольных ад заняткаў на курсах у мяне было толькі два вечары, калі не лічыць нядзелі, і таму чатыры разы на тыдзень я прыходзіў трэніравацца днём.
3
Баксёрства давалася мне нялёгка. Не хапала спрыту гарадскога юнака. У мяне, напрыклад, ніяк не ладзілася са скакалкай. Я доўга не мог навучыцца гэтай звычайнай дзіцячай гульні. Не было і хуткасці рэакцыі, пачуцця дыстанцыі...
Але я браў іншым.
Нярэдка ў гарадскім парку людзі апладзіруюць і захапляюцца тым, хто аберуч выцісне на манометры дзевяноста кілаграмаў. Часта апладысменты дастаюцца «парніковаму» рэкардсмену, які можа паўтарыць фокус толькі тры разы.
Мне даводзілася карчаваць лес, калоць тоўстыя бярвенні на дровы, спускаць на ваду і сплаўляць сосны, цягаць падоўжную пілу, у гэтых выпадках трэба было напінацца куды мацней, чым аматарам у парку, прычым з раніцы да вечара, кожны дзень.
У мяне была закалка, а гэта не тое самае, што ўмець гладка выпаўніць практыкаванне на турніку ці на брусах. Я быў вынослівы, і гэта цяпер мяне выручала.