Не бядуй, будзе і на нашай вуліцы свята, пабачыш!
Сам ведаю. Але калі?
Раптам ён ажывіўся:
А ты, хлопча, хват! Толькі прыкідваешся такой авечкай!
...
Нават рэвальвер маеш! I хто б падумаў, а? Такі сабе ціхі і спакойны, ды з вёскі... Добра. Калі-небудзь спатрэбішся для нас з ім, Прыйдзеш?
Магу.
Буду мець на ўвазе. А рэвальвер трымай. Толькі асцерагайся, за яго — пяць гадоў турмы! I не падай духам... Ведаеш, хто сказаў пра рэвальвер? Студэнтка, якая цябе ратавала. Дарэчы, гэта пра яе газеты пісалі, што шлюб у турме брала, чытаў?
Пра яе?.. Я нават у Лукішках быў!
Во, бачыш!
Дык гэта яна-а? — ажывіўся я.
Салют!
Студэнт знік, а я нейкі час стаяў расчараваны. Тая самая гераіня? Такая звычайная, з крывымі зубамі нават?!. Гы!
Хутка, аднак, забыўся і пра яе.
«Расплакаўся як слізняк, знайшоў перад кім!.. І чаго ты перад кожным сябе трымаеш гэтак, бытта ён бог, а ты нішто?»
Я пакрочыў далей больш рашуча.
Успомніў, як гадзіну таму назад прахожы ля Залкіндавага мага-зіна наступіў мне на нагу і не ён у мяне, а я ў яго папрасіў праба-чэння. Захацелася вярнуцца, зпайсці таго чалавека і пасварыцца з ім.
Успомніў словы студэнта пра дабрачыннае таварыства. Сапраўды, чаму б не схадзіць па Нямецкую? Мне абавязаны дапамагчы! Не вяртацца ж цяпер дадому!
5
У сярэдневяковых мурах — сырых і аблупленых — на вузенькай вулачцы, дзе калісьці злавілі Кастуся Каліноўскага, я знайшоў шыльду з надпісам: «Дабрачыннае таварыства жанчын-каталічак». Адчыніў дзверы. Нейкая старая спытала, хто я і чаго хачу.
Дзе-небудзь зарабіць пятнаццаць залатовак у месяц, каб заплаціць за курсы...— напусціўшы па сябе вінаваты выгляд, прызнаўся я.
А ты католік?
Я сарыентаваўся, што для фанатычнай клікушы пытанне гэтае — прыпцыповае.
Ну...— ні то адказаў, ні то спытаўся, бо сам быў з праваслаўных.
Я ёй яўна спадабаўся. Каб не расчаравацца, удакладняць яна не стала.
Падумаем, дзіцятка, і што-небудзь зробім.— Пані запісала маё прозвішча і запрасіла на абед.
Мы апынуліся ў змрочнай зале з нізкім скляпеннем. Маленькія нішы-акенцы былі завешаны марлевымі фіранкамі, пафарбаванымі ў зялёны колер. Ад сырасці на фіранках павыступалі белыя плямы. У зале сядзелі стараватыя мужчыны ў неахайнай вопратцы. На стале стаялі драцяныя кошыкі з хлебам і вялікія белыя пасудзіны. Бедакі трымаліся чынна, з напускной пакорай, і не адводзілі вачэй ад пасудзін, з якіх біў у нос заманлівы пах разваранай фасолі з перцам і лаўровым лістам.
Пані, якая, відаць, была тут за старэйшую, паказала мне месца за сталом. Затым загадала ўсім устаць і зацягнула:
Отчэ наш, іжа ясі на небясі, да свяціцца імя тваё, да прыйдзе царства тваё...
Людзі пачалі паўтараць за ёй: