Ладна, хопіць! Лепш на сябе паглядзі! — адпіхнуў я дзяўчыну, устаючы.
Я зазлаваў. Зазлаваў на сябе, на гэтую студэнтку, на цэлы свет.
Куды пан? Пачакай! — спалохана і з перасцярогай прашап-тала дзяўчына.
Я азірнуўся. Студэнтка нязграбна трымала мой рэвальвер. Ён вываліўся з кішэні на брук.
Ёлуп! Забыўся нават, што ў мяне было. Толькі б стрэліць адзін раз угору, і ўсю банду гэтых сысункоў як ветрам здзьмула б! Ды я — нібы той асёл, які ведаў сем спосабаў плавання, а ўпаўшы ў ваду, забыўся пра ўсе!..
Схавайце!— падала мне дзяўчына наган.— А Граніт выступае!..
Ёй вельмі хацелася пагаварыць, але я з маўклівай і вінаватай удзячнасцю ўзяў пракляты наган ды пакрочыў.
7
Прачнуўся я рана, глянуў у люстэрка і спалохаўся. Пераноссе распухла і пасінела, а пад вачыма — страшэнныя фіялетавыя «ліхтары».
Стараючыся не трапляць людзям на вочы, я прабраўся да бліжэйшага аўтамата і пазваніў у ліцэй, што захварэў.
Прашу неадкладна з'явіцца сюды! — грозна і непрыязна заявіў мне сакратар.
Нешта здарылася. Дагэтуль чыноўнік са мной абыходзіўся па-людску. Магчыма, квітанцыі на заказныя пісьмы мне ўчора няпра-вільна выпісалі на пошце?.. Ды не магу ж я паказацца ў такім выглядзе!
Пане Кунцэвіч, ледзь на нагах стаю!
Не прыйдзеш, пазваню ў паліцыю! — паабяцаў голас на другім канцы провада.
Завулкамі, хаваючы твар, я прабраўся ў ліцэй.
— Што гэта такое?— адвёўшы вочы ўбок, наліваўся злосцю сакратар.
Чыноўнік трымаў у руках злашчасную паперку, якую я занёс генеральшы. Толькі цяпер я зразумеў бязглуздасць сваёй выдумкі. Пагарэў безнадзейна!
Мне зрабілася млосна.
Што гэта значыць, я цябе пытаю? — распальваючыся ад сваіх слоў, пракрычаў сакратар, упершыню мяне называючы на «ты».
Убачыўшы мае «ліхтары», ён сумеўся.
У канцылярыю заглянуў настаўнік фізікі. На курсах ён мне сімпатызаваў і часта нават завышаў бал, калі я слаба ведаў урок. Гэта ён мне даў білет на канцэрт піяніста. Яшчэ мы збіраліся пайсці ў астранамічную абсерваторыю і праз тэлескоп паглядзець на зоркі і месяц.
О-го, кавалер правініўся! — прамовіў ён са спачуваннем.
Палюбуйцеся, пане Кастальскі, гэты...— тут сакратар, не падабраўшы слова, акінуў мяне зняважлівым позіркам.— Самавольна ўзяў чысты бланк, выпісаў генералу Янкоўскаму напамінак аб няўплаце за вучобу яго дачкі і занёс на кватэру. Генеральша зрабіла нам такую гэцу, што хоць уцякай са школы! Як вы расцэньваеце гэта, пане прафесар?
Магчыма, кавалер памыліўся. Бывае і так...— пачаў бараніць мяне Кастальскі. Але раптам убачыў сінякі, адразу змоўк, адышоў ад мяне як мага далей і залепятаў:
А ён заплаціў?
Хто?
Генерал!
Сакратар прамаўчаў. Толькі яшчэ раз змераў мяне позіркам, пастукаў сябе па лбе і паціснуў плячыма.
Фізік паціху выйшаў. «Прапала, не пагляджу ў тэлескоп!..»
Кунцэвіч то браўся за ручку, то кідаў яе, то абапіраўся аб крэсла і крытычна мяне аглядаў.