Хадзем сюды, за вароты! — пацягнуў ён мяне ад людзей.
Ты там працу-уеш?..— лепятаў я, ідучы за сябрам у пусты двор.— Афіцыя-антам?
Ну...— Суткусу было таксама няёмка.
Я не ведаў...
Нічо-ога...
Каб ведаў, што ты там, то...
Я цябе адразу пазнаў. Ты нават сеў за мой стол, але я не хацеў сустракацца і паслаў да цябе другога афіцыянта. А потым палічыў і бачу — о! р-ропужэ, вель-няй грыбіету!..[8] Хутчэй пераапрануўся ды за табой...
Я не ведаў, што гэта твой...
Нічога, толькі аддай. Бо ў нас вылічваюць, сволачы, з палучкі...
...
Каб не вылічвалі, яшчэ сам раздаваў бы сваім хлопцам, а так...
Відаць, яшчэ ніколі я так моцна не чырванеў. Кроў хлынула мне ў галаву, вочы зацягнула імглой і зашчыпала ў кончыках вушэй. Нібы не сваімі рукамі я дастаў з кішэні пракляты нож:
На...
Суткус загаварыў са спачуваннем:
Каб гэта ў майго пана, то чорт яго бяры, я кажу. Яшчэ дапамог бы сваім хлопцам! Але, ведаеш, паны хітрыя. Наш нават за пабітую шклянку вылічвае, гад! Не так ён, як яго жонка. Прагледзіць усё, пералічыць пяць разоў... А хітры, гад! Учора ішла дэманстрацыя рабочых пад магістрат, то партрэты Пілсудскага і прэзідэнта зняў, каб вітрыны не пабілі каменнямі!..
А ты дзе жывеш? — бачачы, што я ўвесь згараю ад сораму, не ведаў ужо пра што гаварыць Суткус.
Там... .
Колькі вас у пакоі?
Адзін я.
О-о, вельняй грыбіоту, адзін?! Па-каралеўску! То дай адрас. Зайду пераначаваць. Пусціш?
Заходзь, калі хочаш...
Толькі, цур, угавор. На курсах ніхто но ведае, што працую афіцыянтам. Халуйская пасада, смяяцца будуць хлопцы, а я там часова, покуль лешпае не знайду!
Не скажу нікому...
Сёння вечарам будзеш дома? Проста з курсаў і зайду!.. Іване, не крыўдуй на мяне... Ведаеш, я на рабоце... Ну, трэба ісці. Спаткаемся ў школе, салют!
Узяць што-небудзь у лесе або ў пана ў нас на вёсцы не лічылася кражай. Наадварот! Той быў дурань, хто гэтага не рабіў, калі надараўся выпадак. I ўсё роўна мне было так сорамна, што я ахвотна б праваліўся скрозь зямлю, каб яна расступілася. Навошта мне быў патрэбны той пракляты панскі нож? Абышлася б прачка зломкам.
Як непрыемна!
Цьфу! — Я са злосцю ўдарыў ботам пустую бляшанку ад кансерваў, якая трапілася пад ногі.
1
Над Віліяй мелася адбыцца гулянне. Магістрат горада заказаў фірме параходзік у гонар нейкага гістарычнага героя. У нядзелю параходзік збіраліся спускаць на ваду.
Некалькі дзён запар віленскія газеты рэкламавалі цікавую забаву. Яшчэ яны паведамлялі, што хроснай маці параходзіка будзе жонка генерала — пані Вацлава. Гэтага дня і я чакаў.
[8] Д'ябал яго бяры!.. (літ.)