I пра паненку я хутка тое-сёе даведаўся.
6
У суботу вечарам сядзеў я зноў на ганку. Раптам у генералавым доме нячутна адчыніліся парадныя дзверы і на парозе з'явіліся тры постаці. Мабыць, ішла і тая, каго вартаваў. Я ўсхапіўся і паспяшыў за брамку.
Хутка я нагнаў паненак і пайшоў следам.
Перад Зарэчнай яны спыніліся.
Дануся, куды пойдзем, да Віліі? — звярнулася адна з іх да маёй суседкі.
Ай, не хочу! Там пан Браніслаў будзе! — раздражнёна кінула паненка.
Тады куды?
Ці я ведаю?..
Хвіліну дзяўчаты патапталіся.
Во, ідэя! — ажывілася суседка.— Пойдзем у кафэ «Штраля» есці пірожнае!
Хопіць у нас грошай?
Паглядзім!
Лічы і ты свае, Дана!..
Паненкі пачалі лічыць свас фінансы. Але ўбачыўшы мяне, змоўклі.
Каб не западозрылі, што за імі сачу, я мусіў прайсці міма. Ды з мяне на гэты вечар уражанняў хапіла і так.
Я даведаўся, як зваць маю суседку. Яна мела прыгожае ні то літоўскае, ні то польскае імя — Данута. Яшчэ можна было да яе казаць: Данка, Дана, Дануся...
Дануту я часта бачыў са стараватым студэнтам, а цяпер сваімі вушамі чуў, што для яе гэты студэнт, няйначай Браніслаў, нялюбы, яна не хоча яго бачыць, і ў мяне бытта зняў хто з грудзей цяжкі камень.
Я сабе ўяўляў, што генеральскім дочкам няма чаго клапаціцца пра грошы, бо ў іхніх пакоях стаяць мяшкі з банкнотамі. Запомнілася нахіленая галава паненкі, калі яна пры святле лямпачкі лічыла манеты.
I апошняе. Было надта дзіўна, што на свеце ёсць людзі, якія ходзяць у кафэ проста так, адно паесці пірожнае!
От, крывасмокі! — праказаў я ўголас. Але абурэння на гэты раз не адчуў.
Усё было для мяне незвычайна, і да глыбокай ночы я прахадзіў па горадзе. Не, не гутарыў сам з сабой, не разважаў, як старэйшыя,— для гэтага по хапала ні слоў, ні жыццёвых ведаў. Упершыню пазнаныя ісціны самі сабой укладваліся ў маёй галаве, і мяне, узрушанага і ўзбуджанага, насіла, нібы на крылах. Гэта быў таксама працэс мыслення: у маладых, мабыць, так адкладваецца вопыт.
7
Назаўтра была нядзеля. Зрання я ўзяўся за работу.
Жыў я ў прачкі. Водаправод па пашай вуліцы меў толькі генерал. Удава здала мне пакойчык з-за вады, якой жанчыне трэба было многа, а насілі яе здалёк.
Я напоўніў бочкі і балеі. Тады наварыў сабе есці. Паснедаўшы, захапіў свежы нумар «Мора і калоніі», які прынёс з ліцэя, і адправіўся ў горад. Вось ужо каторы дзень, як у польскім перакладзе з'явілася трэцяя кніжка «Ціхага Дона». Я накіраваўся ў гарадскую бібліятэку.
Перад бібліятэкай даўжэзны хвост людзей выходзіў аж на лесвіцу. Запісвалі ў чаргу. Тут стаяла звычайная гарадская публіка, але з пункту гледжання мужыка, у шыкоўнай вопратцы, яны для мяне ўсе былі паны, дармаеды і буржуі.
Людзі паводзілі сябе ўпэўнена, свабодна і, здавалася, на мяне зыркалі насцярожана і нядобразычліва. Зрабілася крыўдна: я ж першы маю права на Шолахава!.. Халера звамі, яшчэ прачытаю, цяпер чытайце вы ды ведайце нашых!..
Выйшаў я зноў на вуліцу і павярнуў да касцёла святой Ганны. Сюды кожную нядзелю прыходзіла маліцца сям'я генерала.
Я ўжо некалькі хвілін пахаджваў па тратуары, разглядаючы стромкія гатычныя лініі зграбнага касцёліка з чырвонай цэглы. Тры лёгкія ажурныя вежкі так і стралялі ў неба. Між імі — выгнутыя лукі. Усё нібы зробленае з тонкіх карункаў, простае...