X і м к а. От чалавек быў — ні табе з'еў смачнае, ні роскаш якую адведаў! Ні сябе, ні дзяцей не шкадаваў, ні жонкі — для народа ўсё стараўсо! Ні дня ні ночы не меў спакою, на нагах ды на нагах, вечна ў руху, бы тая мурашка, ды шчэ подбегам! Альбо на возіку з дзеравяннымі васямі! То ж каб хацеў — залатой карэтай ездзіў бы!
М а ц і в а р'я т а. Загінуў святы праведнік! Для народа стараўсо, а народ яго і прадаў! От і праўду кажуць — як ты людзям не спрыяй, усё адно кепско!
X і м к а. Бы Хрыстос на Галгофе! Тыя, што крычалі на яго «спасіцель», потым пачалі раўсці — «Распні!» Нават выгляд у яго святога! Ні табе крывінка пацякла, ні табе скрывіўсо — бы ўздрамнуць Альяш прылёг у сваёй Грыбоўшчыне!
П а л о с я. А мо святы і е? (З жахам.) Ой, Госпадзі! Ва ймя айца і сына і духа!.. (Падае на калені.)
Б а н а д ы к. Цьфу... Вашу маць, спасіцеля святого сабе знайшлі! Не хапае залатого венчыка над галавой! Што трэплеце языкамі?! Каб ён быў такі добры, нашто паддавалі б яго немцам?
Бацька вар'ята. Мало ён вас памэнчыў? Ме-енцяць, ліхо на іх сваімі языкамі!.. Чулі, як ваш спасіцель ды праведнік байца раненаго лупцаваў? Макарыху унь спытайце! Шчасце, немцу не сказаў, а то не адзін з нас у бадылях тут валяўсо б!..
Палося.Не дай Бог, які ўрэдны быў стары!
М а ц і в а р'я т а. Ніколі не засмяяўсо, бы чалавек, не загаварыў, не дапамог каму, не пашкадаваў!.. Адна Тэкля і ладзіла з ім!
X і м к а (уздыхае). Такі там лад. Цацкаласа, бы з калекам. Дзяцей не мела, то завяла сабе забаўку, а потым і кідаць няёмко з-за людзей. Як звыкле мы, бабы, гэто робім...
Т э к л я (улятае, цяжка дыхаючы). Дзе ён?!. (Бачыць цела і бытта спатыкаецца на роўным месцы.)
П а л о с я. Тэклечко, гэто — дурная Піліпіха! Мы стаялі здалёк і, дальбо, ніц не казалі, а яна, зараза, усё афіцэра падгаворувала, падгаворувала! Як пачала!.. А цяпер моліцца на яго ікону дома!..
Б а б ы (хорам). Мы адно слу-ухалі!..
Т э к л я (сурова). Сціхніце!.. (Да мужыкоў). Трэ пахаваць, дапамажэце. Завалачэм дахаты і я збяру яго, покуль не застыў, — труну рабеце. Дошкі ляжаць у бацькі на вышках, гэблік — у сенцах!
А н т а н ю к. Зробім усё, як трэ, Тэкля!.. (Ківае галавой, думае.)
А ў х і м ю к (з 'яўляецца з кошычкам). Што?!. (Бачыць цела.) Усё ж такі — скруціў сабе галаву!.. Хто яго, немцы?
А н т а н ю к. Яны, дзядзьку Базыль. З аўтаматаў.
А ў х і м ю к. Гэтыя на расправу хуткія! (Паказвае ў кошычку пустыя гаршкі.) У ельнічку нашыя раненыя ляжаць, насіў ім паесці. У тую вайну раненых лячылі — аднолькаво туркаў, немцаў, рускіх, а цяпер фрыцы страляюць іх адразу!..
Б а н а д ы к. За адно унь і Альяша прыхлопнулі!.. Але гэтаго не надто і шкада!.. Ліхо яго ведае, чаму такім абармотам, якіх і да хаты страшно ўпускаць, людзі часамі вераць?! Успомніце, як за ім шалелі?!. Ці таму, што дурняў на свеце много?!.
А н т а н ю к. Бы хвароба часамі нападае на людзей, як тая кароста! Я і сам быў ёй паддаўсо, ха!.. (Круціць галавой.)
Цяжка думаючы, мужчыны закурваюць.
З а с л о н а
Гродна, 1981 г.
ПУБЛІЦЫСТЫКА, ЛІСТЫ
ВЫСТУПЛЕННЕ НА V З'ЕЗДЗЕ ПІСЬМЕННІКАУ БССР У МІНСКУ 1З мая 1966 года
Хутка святкавацімем 50-годдзе пашай улады. Хачу напомніць Леніна, калі ён заклікаў на юбілёях быць дзелавымі, менш ужываць параднай траскатні, менш кічыцца тым, што дасягнулі, больш гаварыць пра педаробленае. Перамогі і святы людзі выкрасаюць з сэрцаў у цяжкой барацьбе.
Зроблена многа. У нядзелю нават у нашым Гродне кожны трэці юнак фланіруе па вуліцы з транзістарам. Амаль у кожнай кватэры — тэлевізар, ён прымае на чатырох каналах: з Масквы, з Мінска, з Вільноса і Варшавы. Да Ташкента ў мінулым годзе я дабіраўся за шэсць гадзін... Аднак і сёння яшчэ часам каб пражыць чэсна і сумленна адзін дзень і гаварыць усім толькі праўду, то душэўных сі-лаў дабыць трэба з сябе куды болей, чым касманаўту злётаць у космас.
Пісьменніку, мабыць, дастаецца найбольш.
Калі фізік ці хімік зрабіў адкрыццё, то ўсе яго калегі Савецкага Саюза адразу бяруць ноўшаства на ўзбраенне, і наступная думка ўжо развіваецца з уліку гэтага дасягнення. Калі ж пісьменнік напісаў рэч, якую дагэтуль яшчэ не пісалі, то покуль дойдзе яна да народа, аўтару трэба часамі патраціць куды болей сілы, чым для напісання.
Нікому не прыйдзе і ў галаву збіраць хворых і дазволіць ім вырашаць, як урачам лячыць. Возьмем інжынераў-электрыкаў: не збіраюць жа жыхароў камунальных кватэр, каб тыя вырашалі, якой канструкцыі і з якога матэрыялу мае быць кацёл электрастанцыі. У адносінах да пісьменніка такія выпадкі — нармальныя.
(Для смеху. Адзін архітэктар сказаў: гэ, чае ты ныеш? Каб пакрытыкаваць пісьменніка, трэба, прынамсі, прачытаць кніжку. Мяне ж можна разбіць, глянуўшы на пабудову нават праз акно машыны!)