Людзі ўмомант расхапалі ўсе рэчы. Выдзіраюць адны ў адных кошыкі, коціцца па падлозе бульба.
Г о л а с. Гаўнаедка з Палеся! Гэто маё-о! Я хапіла раней!
А н т а н ю к. Людзі, адумайцеса, трэ гэтага [...] знаісці! Нікуды не падзенецца, калі дружно ўзяцца!
Жонка Антанюка. Праўду мой Іван кажа — Альяш недзе шчэ блізко, нас гэткі кагал, бяжэм!
Умомант памяшканне пусцее. Яно выглядае, як пасля пагрому. Перакулены стол, лавы, парваны блакнот, рассыпана бульба. У кутку ўсё таксама моліцца Піліпіха.
Ж а б р а к. От, скажы, як Альяш у Госпада на прыкмеце: зноў уратавала боская моц! (Паднімае блакнот, здувае смяцінкі, з любоў прыціскае да грудзей.) Дачакаўсо, праведнік, пра сябе Біблію нават! Сшытак яму перадам, то мо і за мяне слоўцо перад Госпадам закіне! Паміраць скора, а я — грашыў, ой, грашыў!
На двары страляніна. З крыкам і енкам урываюцца ў памяшканне людзі Антанюка. Некаторыя параненыя. Паранены і сам Антанюк, ён хаваецца за спіны. Спрэчка.
Г а л а с ы. Ты ж вартаваў, дзе твае вочы былі?! — Дак яны з агородаў зайшлі! Як жарнулі з дубальтовак!.. (Хапаецца за ягадзіцу.) Шрацін, заразы, наўганялі!..— А ў мяне— соль?! (Ліжа палец.) Але, соллю стралялі!..
З лёскатам адчыняюцца дзверы зноў. На чале двух апрычнікаў са стрэльбамі ўрываецца прарок з кіёчкам у руках ды дзіка азіраецца. На грудзях у Альяша — польскія ордэны. Апрычнікамі кіруе Станкевіч.
А л ь я ш. А-а, вы тут, шыбздзікі?!. Што, у сраку мяне пацалавалі? Дзе ваш завадатар, Антанюк? Застрэлю, хай толькі спаткаю!.. Усіх пастраляю, бы сабок паршывых, хто пачне да мяне лезці — паліцыя дала мне такое право!..
Г о л а с. А мы — што, айцец Альяш, мы — нічо-ого!..
А л ь я ш. Цэркву перадаю крынкаўскаму ксяндзу пад касцёл, каб другі раз ведалі!.. Фэлюсь, нанімай людзей, здымі званы ды ў сажалку пакідай! (Жэст кійком.)
С т а н к е в і ч. Будзе зроблена, айцец Ілья!
А л ь я ш (Піліпісе). А, гніда, ты шчэ тут?! (Выштурхвае яе з памяшкання ботам.) Прэч, забабонійца! (Праз акно нешта бачыць.) Фэлюсь, а ну, смальні шчэ і па тым шыбздзікам! (Паказвае.)
Станкевіч(нацягвае чорныя пальчаткі). Рыхтуйсь! (Ствалы дубальтовак выстаўляюцца ў акно.) Слухай маю каманду! (Узмах пальчаткай.) Плі!
Залп. Чуваць, як на двары енчаць параненыя. З памяшкання вышмыгваюць мужыкі з Антанюком. Аслупянелы жабрак прыціскае да грудзей блакнот.
А л ь я ш. Атрымалі?! Цяпер будзеце айца Альяша прызнаваць і вы?! Сабакамі шчэ пацкую! Ніхто цяпер мяне не кране і пальцам, во што я маю!.. (Паказвае ордэны.) А ты (да жабрака) аб'яві ўсім: застрэлю кожнаго, хто да мяне палезе! (Тыкае дзеду кіёк пад нос.)
Ж а б р а к. Скажу, айцец Ілья...
А л ь я ш. Паліцыя дала мне такое право! Напомні — аднаго субчыка, які лез, я укакошыў!
Ж а б р а к. Перадам, пане Клімовіч!..
А л ь я ш. Шчэ накажы ў Крынкі задрыпаным агітатарам, што і да іх дабярусо! Папішчаць у мяне і за брата Максіма, і за Распуціна, і за іншых — мяне шчэ сам Іаан Кранштацкі навучыў!
Ж а б р а к. Скажу, айцец Ілья, Крынкам, і Распуціну перадам...
А л ь я ш. Усіх парашу! Вымыю рукі іх акаяннай крывёю! Перапластаю, бы прарок ваалахавых жрацоў!
У акно заглядаюць Тэкля з Хімкай.
X і м к а. Што з чалавекам зрабіласо, да чаго людзі давялі!
Т э к л я. Падступіцца б мне толькі да яго!
А л ь я ш. Ідзі! (Піхае жабрака кіем.) Фэлюсь, бяры малойцаў — знойдзем Антанюка і прычэшам яму кудры!.. (Вывальваюцца.)
Першыя дні акупацыі. Па вёсцы шнырас нямецкі афіцэр з двумя салдатамі. На прызьбе Тэклінай хаты босы Альяш рамантуе граблі. Перепалоханыя бабы цікуюць за немцамі. За тычковай фасоляй — баец з падвязанай рукой.
А л ь я ш (палохаецца). А ты чаго?!
Б а е ц. Папаша, я ўцёк з калоны палонных! Гналі нас па шашы ў Ваўкавыск і во — стрэліў фрыц уздагон! Куля дагнала ў кустах!.. Не падто баліць і косць не пашкоджана!.. Перавязаць бы, бо свярбіць, зараза! (Даверліва ідзе на падворак.)