А л ь я ш (з лёгкасцю хапае грабліска, лупцуе хлапца). Папашу сабе зпайшоў? Воўк табе папаша, цацаліст ты!
Б а е ц (прыкрываючы рану, адступае ў фасоль). Пастой, дзядуля, я ж — рускі, ты аслеп? Будзь чалавекам!
А л ь я ш. А ты — чалавек?! Бальшавік, агітатар! У цябе замест душы, — пара адна! Ідзі ў Маскву да свайго Сталіна, хай цябе ратуе! Галадранец! Цацалісты паршывыя! Думалі — вам тут Амэрыка з даларамі! Цара скінулі і ўжэ лічылі, што вам пройдзе ўсё? Немец хутко паставіць вас на пуць ісціны, іхні Гітлер Богам на вас пасланы!
Б а е ц. Но-но, дзед, ты — што?
А л ь я ш. Звязду пачапіў?! У немцаў на пражцы выбіто «З намі Бог!» Яны вам пакажуць, дзе ракі зімуюць!.. Жалезнай мяцёлкай адгэтуль вымятуць!
Макарыха (падляцеўшы). Ах, сыночак, ах, золатца, і на каго ж цябе лёс накіраваў, да каго ты прыстаеш?! (Засланяе хлапца.) У яго і снегу зімой не выпрасіш! Ён роднаго сына на смерць паслаў!
Б а е ц. Я ж не ведаў, мамаша... Бачу, з барадой...
М а к а р ы х а. Ідзі, сынок, у той будынак з новай страхой, а я вады прывалаку і бінту якого! Пакармлю і адзенне цывільнае ад сваго Юлька табе пашукаю!.. Пасілкуешся, сынок, ды адправішся да сваіх, як сцямнее! А ты, дурань, прэч адгэтуль! Шчэ і Тэклі пра ўсё раскажу, грабліско гэто яна па табе паламае, бо я і рук паганіць не стану, цьфу! Развярнуцца табе не дамо! У-у, жыў-жыў, і нічому не навучыўсо, дурным і здохнеш! (Адводзіць байца.)
З'яўляюца немцы.
А ф і ц э р (да цёткі цераз плот). Як вернецца твой пан, каб эта фура нах Свіслач фарэн, фэрштэен?
Макарыха(хаваючы байца). Скажу яму, паночку, павязе!.. Каб ты здох і тваю магілу свінні разрылі!..
А ф і ц э р. Кто знает камуністэн унд юдэн?
М а к а р ы х а. Так і чакай, каб я табе сказала!.. Э-э, паночку, адкуль яны ў нас могуць быць?! Усенькія камуністы пахаваліса ў сваю Маскву, там іх шукайце! А юдаў у нас з роду не было — па гарадах яны ўсё больш труцца!
А ф і ц э р (са шкадаваннем). Ша-адэ!..
М а к а р ы х а. Пашкадуй, пашкадуй!..
А ф і ц э р. Млеко? Маслё? Яйкі?..
Каб адвязацца ад ворагаў, цёткі нясуць ім бутэлькі малака, яйкі. Немцы пакуюць усё ў сумкі, збіраюцца ісці.
П і л і п і х а (бяззубым ротам). Пане, вы пыталіша пра камуніштаў! Але пашлухайце, што я вам шкажу! Жатое ў нас антыхрышт е! Дальбо, каб я ж гэтаго мешта не ўштала — чачалішт, фэрштэй?
П а л о с я (пасля хвіліны недаўмення). I праўда! Той, каторы здрадзіў сваёй веры! У гэтай хаце жыве! Уцёк і тут хаваецца!
Маці вар'ята. А што яму рабіць засталосо, калі гэтак усенькі народ ашукваў?
М а к а р ы х а. Маўчыце, бабы, што мелеце языкамі?! Не слухайце дурных, пане, яны нічого не фэрштэюць! От, жыве сабе тут адзін чмут!
П і л і п і х а. Чачалішт ён, хрыштапрадавеч! Каб ён у тым пэкле, каторым нас палохаў, на самым дне шмажыўшо! Чэрці даўно па ім шумуюць! Мне, пане, верце, я — найштарэйшая, лгаць не стану!
П а л о с я. То колькі маўчаць? Мала і я слёз выплакала, молячыса, каб нявесткі мяне не елі?! Аж тры авечкі і карову заперла! А кужалю, а дываноў колькі, грошай убухала і для чаго? Каб прапілі яго апосталы з Рогусем!
П і л і п і х а. Ох і пілі-і-балява-алі, а людцэ ж вы мае!.. Папілі!..
П а л о с я. Тыднямі не цверазелі, з дзеўкамі пазакрываўшыся, у тым Вершаліне, а мы папрыходзімо ды валяемсо пад цэрквай, як тое быдло! I лебедзікаў сабе развялі, карасікаў, цьфу! Тады шчэ — канец свету прыдумалі, каб абабраць нас ушчэнт!
М а ц і в а р'я т а. Ад дзяцей, ад сябе аднімалі і яму зносілі, а яны — збыткі з народа чынілі! Столькі людзей падбухторыў ды задурыў усім галаву!
П і л і п і х а. А чаркву потым палякам пад касцёл аддаў, званы ў ваду ўтапіў. Бярыце яго, пане, ён — антыхрышт, ішчаны Бог, шватым крыжам пабажушо, во! (Урачыста хрысціцца.) Бальшавікі яго пашкадавалі ў трыччаць дзявятым, то вы забірайце ў сваю воласць і ўшыпце халеры бізуноў па шамыя годзі, хай адрыгнечча штарому д'яблу наша дабро і шлёжы!
А ф і ц э р (стараецца зразумець бабак). Антыхрыст, зо?!.
П і л і п і х а. Во, на тым падворку! Хапайце гіцля, покуль не ўцёк!
П а л о с я. А ён можа, бо прыткі шчэ на ногі!