Каб не рабіць з дзяўчыны пасмешышча, я пра выпадак з жарабцом нікому не сказаў.
З саней выпала вінтоўка, трапіла пад полаз, і прыклад трэснуў. Я збіў яго Зіне бляшкамі. З той пары мы і сталі сябрамі.
2
Бліжэй з Зінай пазнаёміліся мы на заданні.
У пачатку красавіка 1942 года нам было загадана выбіць немцаў і паліцаяў з Крупак. Гарнізон гэты нам даўно ўеўся ў пячонку — немцы з яго рабілі засады, абстрэльвалі з гарматкі партызанскія сцежкі, ставілі міны.
На заданне накіраваліся групамі. Мой узвод выйшаў на суткі раней, нам трэба было абысці вёску.
У лесе яшчэ ляжаў пласт набрынялага вадой снегу, і вялікія кроплі з дрэваў папрабівалі яго да моху. Палі ўжо чарнелі. Стылі лужыны мутнай сцюдзёнай вады, адусюль цягнула такой сырасцю, што здавалася, нават твае косці прамоклі.
На зямлю апусціўся не то туман, не то хмара. Было такое ўражанне, быццам на небе зіма з вясной счапіліся загрудкі ў смяротным змаганні і часова пакінулі зямлю самой сабе, адчаго надвор'е не ведала, што рабіць, і чакала выніку гэтай барацьбы.
Хоць бы вецер, а то — як у мяшку! — уздыхалі старэйшыя партызаны.
— Нічога, хутка вясна сваё возьме,— абяцалі іншыя.
Дажыць бы...
А пакуль што даводзілася цярпець.
Лямкі з рэчавых мяшкоў паўпіваліся ў размоклыя кажухі і мулялі плечы. Боты раскіслі, зняць іх было цэлае мучэнне, прапускалі ваду, яна струменілася скрозь пальцы ўверх і ўніз — у такт кроку. А ночы насталі цёмныя, так і глядзі, каб не напароцца на яловы сучок, не праваліцца па пахі ў ваду, а галаву ўвесь час трымай утуленай у плечы, каб не пасыпаліся за каўнер ледзяныя кроплі з дрэў.
Натруджанае цела пякло і ныла, а час цягнуўся нібы вечнасць.
Зіна таксама валакла цяжар, і яе боты хлюпалі рытмічна, але трымалася яна не горш за хлопцаў.
Да Зіны ўсё падлабуньваўся прыгажун нашага атрада кучаравы Колька, якога мы празвалі за ліхую язду на кані Казаком. А яна, ускінуўшы на плячо вінтоўку прыкладам угору і падсадзіўшы руку пад лямкі мяшка, каб не так муляла, залётна страляла ў мяне вачамі, не заўважаючы Казака. Я нават западозрыў, што і ў групу Зіна напрасілася з-за мяне.
Ноччу, калі прадзіраліся праз гушчар, я ёй сказаў:
У мяне, Зінка, дрэннае прадчуванне. Не напароцца б нам на міны!
Я не хацела табе гаварыць,— прызналася і яна,— але і ў мяне цяжка на сэрцы. Як тады, калі налезлі ў Воўчым балоце на засаду...
Загад ёсць загад, эх!— уздыхнуў я і зараз жа вылаяўся, бо галінка, якую адпусціў злосны Казак, балюча сцебанула мяне па твары.
Кепска, пане Іване! — рассмяялася дзяўчына.
Далі ў морду, і не ведаеш, з кім нават пасварыцца! — перавёў я ўсё ў жарт.
А ты паплач, будзе лягчэй!
Толькі што...
Мы адсталі ад групы. Партызаны ў цемры пагубляліся і ззывалі адзін другога.
— Вяроўкай нам звязацца, як альпіністам, ці што?!
Парай хлопцам компасы панастаўляць! — запрапанавала Зіна.
Гм, ідэя...
Мы сабраліся, і я загадаў выканаць параду. Усе паклалі рукі сабе за спіну, і той, хто ішоў ззаду, цяпер бачыў фасфарычны агеньчык ад компаса таварыша.
I я на нешта прыдалася, бачыш!