Ніякага эфекту. Я прадоўжыў:
Гуляй, дзеўка,
Красуйся!
Рана замуж —
Не сунься!
Бо замужам
Трэба знаць,—
Позна легчы,
Рана ўстаць!
А свякрусе —
Дагадзіць,
Як па брытвачцы
Хадзіць!
Спыніўся і паслухаў. Нарэшце ў альтанцы мяне пачулі і змоўклі.
Глядзіце, глядзіце туды, на прасвет! Вунь, на светлым фоне, на кроне дрэва — чалавек сядзіць! — пасля маўчання закрычаў незнаёмы голас.
У альтанцы зашморгалі хмелем, відаць, яго раздзіралі, каб лепш бачыць.
— О, і я бачу!
А-га!..
Дзе, дзе?
Некалькі хвілін у садку панавала цішыня. А калі здзіўленне прайшло, панства раптам пачало смяяцца. Смяяліся доўга, абразліва, як з дурня.
Нарэшце смех перакрыў Данусін голас:
Нічога тут няма смешнага! От залезце вы, рыцары, аж туды!
У альтанцы загрукатала.
О-ей, куды вы? Не разыходзьцеся, прашу! Пане Браніславе, не ідзіце, прашу!
А каторая гадзіна?
Ужо позні час!
У-у, як засядзеліся!
I мне пара!
Прабачце!
Дзякуем за прыемную кампанію!