— Праўду ці няпраўду, а перастань! І праўду не ўсякую казаць можна...
Мацей, Франусін і Марусін бацька, дык і неблагі чалавек. У дачок жа гэта ўсё ад маткі, ад Адаркі. Вось яна — гадаўка, а не баба! Яна, Тацяна, век не забудзе, як Адарка ёй удружыла. Хоць і даўнавата тое было, а — помніцца. Каб ведала, дык свінням бы тое малако выліла, а не пацягнулася б з ім у Мінск. Ніколі, ні да таго, ні пасля, не ведала яна большага сораму. Хоць скрозь зямлю праваліся было...
Гэта ж пасля вайны вазілі яны ў Мінск малако прадаваць — каб хоць хлеба колькі баханак купіць. Вазілі зімою, вядома, бо летам і не давязеш — скісне, і летам у горад той вырвацца паспрабуй, калі работы процьма. Ну, а дзе ж ты цэлы бітон малака пазбіраеш ад адной каровы? Вось і дадумаліся: згаворваліся чатыры, а то і пяць кабет і ездзілі па чарзе. Адзін раз малако адной злівалі, другі раз — другой... Колькі разоў цягалася яна з тым бітонам у горад, і заўсёды ўсё было добра. Намерзнецца, намучыцца, але ж прывалачэцца дахаты, а ў бітоне, як зачыніць, хлеба цаглінкі мерзлыя. Яна ж і трымала яго пасля ў кладоўцы мерзлым. Як на іхнюю сям'ю — матка ды яна, едакі,— дык на паўмесяца, ашчаджаючыся, а то і на болей.
І тым разам прахапілася яна яшчэ да пеўняў — трэба ж і карову падаіць, бо матка ўжо нядужая была, і жанчын абабегаць, каб ранішні ўдой забраць, і перакусіць што на дарогу. Хуценька парабіла ўсё, апранулася, бітон на саначкі паставіла, вяроўкай прывязаўшы яго, упрэглася — і да гравейкі. А там і пашанцавала: доўга не стаяла, узяў яе на лесавоз шафёр. У самую пару і на базар трапіла, і зноў пашанцавала — зусім няшмат жанчын з малаком. Прыстроілася і яна з саначкамі, пачала прадаваць. Ведае, малако свежае, добрае, дык спакойна сабе прадае і нахвальвае. А й хваліць не надта трэба было, і без таго пакупнікоў ледзь не чарга выстраілася. І ўсё б, пэўна, добра было, каб...
Падыходзіць да яе кабета адна, падстаўляе бітончык і кажа:
— Налі, дзеўка, мне тры літры.
Чаму ж не наліць! Наліла. Кабета грошы заплаціла, адышлася на колькі крокаў, а потым раптам вяртаецца і кажа:
— А што гэта ў цябе ў малацэ плавае?
Яна і не падумала ні пра што такое, спакойна адказвае:
— Лёд, пэўне. Ля гарлавіны падмерзла троху.
А кабета голас павышае:
— Які лёд? Сена нейкае! А мо і гной!
Тут і іншыя пакупнікі ўзбурыліся, акружылі яе, пачалі крычаць па-ўсякаму: што яна вады ў бітон чабохнула, што сумлення ў яе няма — за кроўныя капейкі людзям ледзь не атруту падсоўваць, што судзіць такіх трэба...
Скончылася тым, што падышоў да яе міліцыянер і пацягнуў тое малако на праверку, а там прызналі, што яно разведзенае, і, пэўна, сырой вадой, бо тое, што ў ім плавала, не іначай як бросня калодзежная, мох са зруба, і давялося ёй вывернуць бітон на памыйцы... Плакала яна, бажылася, што не вінавата, ды чым дакажаш? Трэслася ў кузаве ад сіверу пранізлівага і ад крыўды на Адарку. Бо хто ж, акрамя яе, мог такое зрабіць? Колькі разоў ездзіла, ніхто ніколі слова кепскага не сказаў, наадварот, хвалілі, што добрае малако, густое і тлустае, а тут — на табе! Дык жа раней не было ў іхняй кампаніі Адаркі. А гэта ж напрасілася. Яна, Тацяна, дык і падумала была, што нешта ці не зашмат малака Адарка прынесла — паўнюткае вядро ўвечары і раніцою яшчэ гладыш ладны, на літраў шэсць. Але ж бажылася:
— Даліпан, Танька, ні кроплі сабе не пакінула, нават кату паласавацца не дала, усё чысцютка табе...
Не паехала яна пасля таго ў горад. Як Манька ні ўгаворвала, як ні казала, што і дурная яна, калі думае, што да яе зноў тая самая мінская баба падыдзе,— а не паехала. Везлі іншыя жанчыны малако, дык прасіла каторую і яе колькі літраў прадаць — на пару кулідак хлеба. А з Адаркай і гаварыць перастала. Як угледзіць яе, дык ажно ўсярэдзіне ўсё пераварочваецца: адразу Камароўка тая ўспаміналася і як яе вёў міліцыянер на праверку...
Пакуль думала пра тое, дык і ў сяло прыехалі.
Рыта з Алачкай у хаце былі. Малая ў шуфлядцы з цацкамі корпалася, а нявестка ў чамаданчыку сваім нешта парадкавала.
— Дык вы і не позна, мама,— сказала, калі Тацяна ў хату зайшла.
— Але ж. Парою ўправіліся. Ну а вы? Ці паспалі ж хаця?
— Падрамалі крыху. Алачка, здаецца, і добра выспалася. Так дык укласці днём не магла, а тут адразу заснула.
— Ведама! На свежым паветры дык і соладка спіцца. А й здарожылася. Колькі тае дарогі, а як малой, дык і досыць. Ці мо на ручкі прасілася?
— Не, усю дарогу сама тэпала, як вялікая.
Яна, Тацяна, ухапіла малую на рукі, прыгарнула яе:
— А я, скажы, ужо і вялікая. Во якая! — падняла ўнучку ажно пад столь.— Што вячэраць будзем, га, Алачка? Кажы, што хочаш, каб бабка прыгатавала?
Забаўлялася з унучкай, а самой усё карцела да Рыты загаварыць, распытаць пра ўсё, ды не рашалася. Мо паспеецца, думала, мо і сама раскажа, без прынукі, яна ж у яе гаваркая была. Лепш пакуль пра што іншае, хай абвыткнецца, супакоіцца. Нябось, і ў самой кошкі на душы скрабуцца. Хай яны адна адной не крыўдзілі, але ж — не да роднай маткі прыехала, ведала, як гэта будзе лёгенька і ёй, нявестачцы, і свякрусе.
Хай, паспеецца...
Апусціла долу малую, да цацак падштурхнула, сама да Рыты павярнулася:
— Ай праўда, Рытаўна, што на вячэру прыдумаем?
— Што там выдумляць, мама. Вунь у абед нічога не з'елі, дык і вячэра будзе.