— Цётка, канчаем! Стог ужо вершаць!
Падняла яна галаву, зірнула — і праўда. Не агледзелася, здаецца, а стог вырас. Пётра вунь ужо камандуе Даніку Алёнчынаму:
— Закругляйся! Ды не блазнуй, асцярожна спускайся!
Так яго Данік і паслухае! За сорак чалавеку, а сталасці — ні на знак. Нездарма ж і Данікам завуць, бы малога. Лепш ужо яму не кажы нічога, бо ўсё роўна наадварот зробіць. Во! Каб не казаў Пётра нічога, то, можа б, і спусціўся асцярожна, а то ж зляцеў — як уджалены, з рогатам і яшчэ цераз галаву кульнуўся. Але ж і ўмее, халера! Па стозе дык і не пазнаць, дзе ён уніз слізгануў.
— Ну, бабы, падбярыце вакол, пагрэбкі ў капу скідайце, а самі туды, на той канец. Міця туды пад'едзе,— сказаў Пётра, заводзячы матацыкл.— Калі там яшчэ не ўправіліся, дык падсабіце.
Мужчыны, што стог клалі, паўплішчваліся ў кабіны да трактарыстаў, а яны, бабы, пачэпалі туды, дзе, відаць было, яшчэ завіхаліся з граблямі астатнія. Яна, Тацяна, ужо і не хацела туды ісці, думала адразу дадому падацца, але Манька адгаварыла.
— Ат, не выдумляй! Скарэй не будзе. Пакуль дапляцешся, дык Міця пяць разоў сюды і назад згойсае,— сказала.
Яно так і выйшла. Яны і прысесці ля апошняй капы не паспелі, а Міця тут як тут. Паскульваліся ў кузаў і назад паджгаў. Дык яна і рада была, што паслухалася Манькі, не пайшла нацянькі, бо магла б і размінуцца.
А жанчыны, нябось, прыціхлі. Гэта ім не па абедзе выскаляцца абы з чаго. Пагрэбшыся столькі, панасіўшы перад сабой пластоў сена — не да рогату. Шулячыха во і носам дзяўбе — на сон пацягнула. Адна Манька не шманае. Прычапілася да дзевак Адарчыных: надта ёй цікава, чаму яны замуж да гэтай пары не павыходзілі.
— А ты, цётка, чаму не знайшла сабо жаніха? — агрызаецца старэйшая, Франуся.
— А ты быццам не ведаеш? — дражніцца Манька.
— Не ведаю.
— Бо ніякі дурань не пасватаўся, уздыхнуўшы, лагодна адказвае Манька.
— Дык і да нас жа, цётачка,— азываецца меншая, Маруся.
— Ніхто-ніхто? — у вачах у Манькі адна спагада.
— Ніхто, цётачка. Да мяне быў заходзіў адзін... Казік з Альхоўкі, Юліся Бараноўская старэйшы... Пасядзеў, нават чарку з бацькам выпіў, але ж нешта зганьбаваў.
— А ты б, дзеўка, куфар яму свой паказала,— ужо рагоча, не вытрымлівае Манька.
Маруся крыўдуе:
— А ну цябе, цётка!
Нехта з жанчын кажа:
— Цяпер і пяць куфраў не памогуць, калі...
— Куфры, куфры! — раптам злосна кажа Манька.— Дзе цяперака тыя куфры? Маруся — дурнейшая, мо і не ведае, а Франуся добра разумее, што ў іх за ганьба!
— Што, што?! — узгарэлася, ускочыла на калені Франуся.
— А тое, што скнары вы! Не з'ясце, не зносіце, а ўсё пад сяннік... Я во баба старая, а ў такой спадніцы, у такой караўцы, як на табе, пасаромелася б у людзі выйсці.
— А табе што, муляе? Ты на тым сенніку спіш?!
— І языкатая ты к таму ж! — падцінала Манька Франусю.
Яно, здаецца, і праўду Манька кажа. Былі б дзеўкі нішто, каб не такія ваўкаватыя. Гэта ж возьмуць у поле з'есці што, дык не сядуць, як іншыя, і не з'ядуць, а ўсё з кулака. Кусане — і ў кулак, кусане — і ў кулак. Як баяцца, што адбярэ хто.
Думае так Тацяна, ды, угледзеўшы, што Маруся зашморгала носам, таўханула Маньку пад бок:
— Не трэба, чуеш? Што табе да таго сенніка іхняга?
— Я ж праўду кажу!