— Хто ж яго ведае, што там і як... Пэўне ж, і сам у пятніцу прыедзе.
— Дык мо і да галавы не бяры надта? Можа, яшчэ і не парашона ўсё ў іх?
— Дай жа бог! Я во кажу табе, а сама не веру ўсё...
— Дзе ж ты паверыш! Гэта ж не чужое...
Пастаяла Манька, галавой паківала, найшла далей грэбацца. І яна, Тацяна, таксама ўзялася за граблі, камяк у горле каўтануўшы. Пагаварыла з Манькай, і быццам лягчэй на душы зрабілася. А з кім жа яшчэ ёй пагаварыць? Няма з кім. Няма больш нікога ў Тацяны. Бацька яшчэ да вайны памёр, матка — па вайне ўжо, на пятым годзе, Алёшка яшчэ зусім малеча быў. Брат быў яшчэ, дык вайна забрала. Загінуў у апошнія дні, перад прыходам нашых. Разам, у адным баі з яе, Тацяніным, мужыком... Мужыком... Не паспела яна прывыкнуць да гэтага слова. Што ж тады казаць пра іншых? Яна ведае, пасміхаліся ў сяле з яе замуства. Гэта цяпер аціхлі, бо колькі часу мінулася, а тады, па прыходзе нашых, уга як пацяшаліся. І не толькі бабы, а і мужчыны каторыя. Нават Піліп-нябожчык, хай яму добра будзе, падцінуў быў яе, хоць і старшынёй сельсавета рабіў. А хіба ж яна вінаватая? Ці Пецька яе? Каб ацалеў у той калатнечы, дык ці пасмеў бы хто што сказаць, а так, вядома...
«Партызанская нявеста...» Гэта пра яе, Тацяну. Быццам гэтым крыўдзілі яе, зневажалі. Што з дурняў возьмеш! А мо яна ганарыцца такой сваёй мянушкай? Была і нявестай партызанскай, і жонкай. Партызанскай, вядома, бо Пецька Раманавіч кім быў, калі не партызанам? Ого, яшчэ якім партызанам. Падрыўніком! Толькі на чыгунку і хадзіў з хлопцамі... Дык на тое, што яна жонкай была, забыліся, нават верыць не хацелі, як Піліп той, а пра нявесту — помняць! Хай. Ад гэтага ёй ні млосна, ні вусцішна. Пецька Раманкевіч быў яе мужыком, і галасіла яна па ім, як і ўсе іншыя бабы па сваіх гаспадарах галасілі. Галасіла ў той дзень, калі ўсе радаваліся, весяліліся, абнімаліся і цалаваліся,— тым днём праз іхнія Жыліны ішлі на захад, у тую праклятую Германію, нашы... А яна, Тацяна, галасіла. А побач з ёй млела і матка — разам з Пецькам Раманавічам хавалі ў той дзень і іхняга Пецьку, яе, Тацянінага, брата. Яго таксама Пецькам звалі. Мо з аднаго кулямёта і скасіла іх абодвух. Аднаму грудзі і жывот прашыла, і другому гэтаксама...
Яна, Тацяна, на свой бабскі розум дык і не мірылася з тым, што паперліся яны ў той свой апошні бой. Не, не толькі яе абодва Пецькі, а ўсе партызаны. Чаго ўжо ім так трэба было ісці туды? Толькі з блакады выйшлі, радаваліся б, што ацалелі ў тым пекле, дык — не! «Паможам нашым немчуру вытурыць з райцэнтра!» Вось і памаглі. А немчура тая і без іх там бы не ўседзела, бо яе з усіх бакоў падсмальвалі...
А яна ж, Тацяна, як рада была, калі ўбачыла Пецьку пасля блакады ж многа і нават пепараненага. Гэта ж усё разам былі, і ў балота тое бясконцае разам адыходзілі, рассталіся мо на пятнаццаты дзень, калі іх — жанчын, дзяўчат, дзяцей — павёў у аднаму яму вядомае месца Банадысь з Замошша, бацька Тэклі Жыляпінай, а ўсе мужчыны і хлопцы пайшлі на злучэнне з іншымі атрадамі, каб разам прабівацца за шашу. Банадысь, хай яму мякенька ляжыцца, харошай душы быў чалавек. Гэта ж каб не ён, то ці і выжыў бы хто з іх. І вывеў усіх, дзяцей на плячах выносячы, і ад голаду ўратаваў. Яна, колькі жыць будзе, не забудзецца, як Банадысь, наказаўшы ўсім сядзець ціха, бы і знаку іх тут няма, знікаў кудысьці наўперад начы, а пад раніцу паяўляўся з клункам за плячамі, у якім быў то бохан хлеба, то пара гарцаў мукі на зацірку, а то і скрылік сала. Гэтак і выцыўкалі, пакуль ужо можна было смялей з балота нос высунуць, бо немцам ужо не да блакады зрабілася.
Вось тады яна і сустрэла Пецьку свайго. Самой сябе не бачыла, не думалася пра тое, што высахла-ўчарнела ўся, а Пецьку згледзела — зжахнулася: скура ды косці. А зарос, што і не пазнала адразу, сам яе аклікнуў. Ён і так быў не надта каб ёмкі хлопец, а то ж зусім як дзіця — так высмактала з яго ўсё. Толькі рукі выдавалі, што не падлетак, а мужчына ўжо — доўгія, і далоні вялікія, не па-дзіцячы шырокія. Толькі нейкія два ці тры дні і адсыпаўся-ад'ядаўся. Пасля паўночы пайшлі, а ў полудзень прывезлі іх, знерухавелых ужо...
«Мой жа ты Пецечка!..»
Мо і не ўголас вымавіла яна гэтыя тры словы, мо толькі падалося ёй, што варухнула языком знячэўку, але — ажно здрыганулася ўся, і не ад таго, што сказала, што мог учуць яе хто, а ад таго, што магла тое сказаць. Даўно ўжо яна не турбавала яго вось так, каб паклікаць ці ўздыхнуць па ім, быццам па жывым. І ад гэтага яшчэ болей зніякавела і зноў, ужо, напэўна, зусім наяве, паўтарыла:
— Мой жа ты Пецечка!..
Колькі разоў было з ёй: сядзе залатаць што ці кіно якое на тэлевізары паглядзець і задрэмле неўспадзеўкі. Колькі таго і сну, толькі раз-другі дзеўбане носам, а за тую хвіліну прысніцца такое, што дзіву даецца: як тое ўсё магло мільгануцца ў галаве? Так і зараз. Вымавіла гэтыя тры словы, а ў памяці, нібы бліскавіцай, высветлілася ўсё яе жыццё з Пецькам...
Быў красавік — бурны, імклівы. Ён быццам спяшаўся нагнаць тое, што не паспеў зрабіць першы вясновы месяц — сакавік. Той быў маруда і надта ўжо нясмелы. Выблісне на дзень-другі пяшчотным сонцам, дыхне ласкавым, а як на ўгрэве дзе-небудзь дык і зусім цёплым — нібы з грубкі пасля пачы — подыхам, пусціць шчодрую слязу з дрэў, з прыстрэшшаў зямлянак, часам нават на булькатлівага ручайка-жэўжыка не паскупіцца, а пасля неяк раптам збянтэжыцца, засаромеецца гэтае свае ласкавасці, ахінецца коўдраю нізкіх хмар, і наўкола зноў ледзь не на поўную моц, ды яшчэ з прымешкай крыўдлівай злосці, ягоны старэйшы брат — люты: так і віхурыць, так і млее звесці на нішто работу малодшага. А красавік — упартага нораву хлопец. За нейкі тыдзень спусціў снег і ваду ў рэчкі, запаліў жаўтлявыя свечачкі на вербах, падсушыў вышэйшыя грудкі. І птушак збудзіў. Заценькалі, заспявалі на розныя галасы, дружна і заўзята...
Не яе, не Тацяніны, гэта словы. Гэта Пецька мог іншым часам наплесці такое. Як разгаворыцца, дык толькі слухай. І пра птушак тых... Смешна казаць, але ж яна, хоць і вырасла ў лясной старане, не навучылася адрозніваць, якая з іх ценькае, а якая пазвоньвае, быццам з вышыні кідае ў чыстае крышталёвае азерца кроплю за кропляй. Яна адно знала, адчувала, што лес павесялеў і што весялосці гэтай надалі яму тыя птушыныя ценьканні і званочкі-посвісты.
Той красавік і парадніў іх...
З Пецькам яна дружыла даўно, яшчэ з давайны. У школу разам хадзілі. Пецька ў іхнія Жыліны з Замошша бегаў. У школе, праўда, нічога такога між імі не было — сямігодка ўсяго, нахінуліся адно да аднаго праз гады два, як ужо на вечарынкі пачалі зазіраць. Яна спачатку не вельмі каб і гарнулася да яго — нейкі ж узвей-вецер быў Пецька Раманкевіч. Казалі, што па бацьку пайшоў, усе кропелькі пабраў. Кастусь Раманкевіч, бацька яго, і ў пяцьдзесят мог аблатошыць з падшыванцамі яблыню ў чужым садзе. «Стары, а дзяцініцца!» —казалі пра Кастуся Раманкевіча. Ну, а які бацька, такі і сын. Яно нібы і праўда. Іншыя падлеткі са скуры вылузваюцца, каб пад старэйшых падрабіцца — самакрутку нацмыгаць, а то і чарку дзе панюхаць, а Пецька наадварот — гарэзаваў, быццам яму не шаснаццаць, а нейкіх дванаццаць. Ну, але гэта толькі на людзях. З ёй жа рабіўся надзіва маўклівы і ціхмяны. Мо гэта і падабалася ёй — улюбіўся, значыцца. А мо і проста прывыкла. Так ці іначай, той апошняй перад вайной вясною яна з Пецькам ужо дружыла «сур'ёзна» — Кастусь Раманкевіч пры стрэчы зваў Тацяніну матку не інакш як сваццяй.
Хто яго ведае, як бы ўсё павярнулася, калі б не вайна. А ці да дружбы-любосці было тады? Па першым часе як анямелі ўсе, усё болей ля дому аціраліся. Пецька некалькі разоў паказваўся, праўда, у Жылінах, але не настырваўся, каб сустрэцца. Быццам у сне, мінуліся лета, восень і зіма таго сорак першага. А ў сорак другім, пад восень, Пецька Раманавіч нават і ў хату да іх пачаў заходзіць. Быў ён тады ўжо ў атрадзе і часам, больш поначы, то адзін, то з дружкамі наведваўся ў Жылічы. Матка дык і злавалася на гэтых запаўночнікаў: посцілкі збірай, каб вокны завесіць, перакусіць што шукай — галодных жа з хаты не выпусціш, адкуль прыйшлі і куды пойдуць — хто іх ведае. Матка пабурчыць-пабурчыць, але і пакорміць, і анучы сухія, мякчэйшыя і цяплейшыя, дасць замест каравак, а калі надаралася, дык і па чарцы самагонкі паставіць — каб цяплей было пасля.
А неўзабаве ў маткі і зусім злосці не стала. Гэта як Раманкевіч звёў з сабою іхняга Пецьку. Пачуе шкрэбанне ў шыбіну і хутчэй бяжыць адчыняць: а можа, і яе Пецька пад акном стаіць? Праўда, іхні Пецька рэдка калі зазіраў дахаты, па нейкіх іншых дарогах хадзіў, але матка ўжо і на Раманкевіча злосці не мела. Адно што прывыкла, а яшчэ і думала: можа, і яе Пецька вось так у чыю хату шкрабаецца?
Гаварыў Пецька Раманкевіч і з ёй, Тацянай, бываючы ў іхняй хаце, але не пра дурноцце рознае, пра што хлопец з дзяўчынай загаворвае, а пра тое, што на свеце робіцца, як яны немцаў лупяць, як жывуць там, у лесе. Ад Пецькі і пачула яна, што ў лесе ёсць жанчыны і дзяўчаты, што многія з іх нароўні з мужчынамі і хлопцамі ходзяць на заданні. Пасля аднае такой гаворкі і падумала: а што, калі і самой туды? Дома ацірацца, дык яшчэ ў Германію забратаюць. Перад маткай не заікнулася, ведала, што і слухаць не захоча, а Пецьку — прызналася. Ён зарадаваўся:
— Правільна! Я даўно хацеў табе сказаць, ды маткі пабойваўся. Я пагавару з начальствам...
І восенню сорак трэцяга апынулася яна ў атрадзе, у лесе за Сярпілавічамі, кіламетраў пятнаццаць ад Жылінаў. Матка, вядома, і сварылася, і кляла, і плакала, а пасля не стрывала:
— Галавой ты налажы! Да Пецькі захацела? Ну дык і ідзі, калі ў цябе сораму нямашака! Калі табе матка не матка, не шкода табе яе...
І загаласіла па ёй, як па нябожчыцы. Плакала і яна, Тацяна. Але хіба яна маткі сваёй не ведала? Праклінаць-то праклінала, але калі цёмнай вераснёўскай ноччу ішла яна з Пецькам у лес, дык матка і сабрацца памагла, і хустку сваю — яшчэ дзявоцкую, суконную, у чорныя і чырвоныя клеткі, з кутасамі, купленую некалі ў Барысаве,— аддала ёй, і торбачку наладавала.
Адно прасіла:
— Глядзі, дачушка, галавы не губляй. Дзе не трэба — не лезь. Ведай бабскае дзела — зварыць, за параненым пахадзіць. А вінтоўкі і ў рукі не бяры, бо яна, кажуць, раз у год і так страляе, а не ўмеючы, дык ці далёка да бяды?
Сказала яна тады:
— Добра, мамачка, не думай нічога благога, глядзі сябе.
А матка толькі галавой крутнула:
— Ат, што са мной зробіцца! Хіба які сабака збрэша, што дзеці ў лесе... Але ж во пакуль абыходзілася, дык мо і абыдзецца...