І кожны раз, бываючы тут, дзед радаваўся за сына і ўнукаў, і вёз гэтую радасць дахаты, старой, каб і яна ўсцешылася, што ў сына ўсё добра, не горш, чым у людзей.
А чаму было і не радавацца? Заўсёды ў Андрэя ў хаце панаваў лад і парадак.
Раней, напачатку, цешыла дзеда хоць бы тое, што вельмі ж ласкава, як галубкі, гамоняць між сабою Андрэй і Тоня, што з вялікай цеплынёй і паразумеласцю зіркаюць адно на аднаго. Прыедзе дзед, паглядзіць на іх, паслухае, і так яму хораша на душы зробіцца, што, грэшна і смешна казаць, ажно пазайздросціць сыну, і са светлаю скрухаю падумае аб тым, што ў яго са старою нічога гэтага нібы і не было, і знячэўку засмуціцца быццам, і зазлуецца на сына: у каго ж гэта ён, каб хто сказаў, удаўся такі, што так дагаджае жонцы, і ці ж дабром хаця ўсё гэта скончыцца, і ці не абернецца гэта тым, што Тоня возьме верх над ім?!
Ліха яго ведае, чаму да яго прыходзілі часам такія думкі. Можа, таму, што сам ён і праўда не ведаў, мусіць, гэтакай зайздроснай цеплыні, гэтакай шчырай паразумеласці з жонкаю. Ажаніў яго бацька, ажаніў, не пытаючыся, хоча ён ці не хоча браць Марылю. Пэўна, і Марыля ішла за яго таксама без ахвоты. Вось так, без замілавання, яны пабраліся, без пяшчоты жыць пачалі, так і жыццё, можна сказаць, зжылі, хоць і не сварыліся надта, неяк пакрысе прыцёршыся, прызвычаіўшыся, навучыўшыся не толькі не абражаць, але і шанаваць, нават шкадаваць, па-свойму любіць і аберагаць адно аднаго.
Зрэшты, не так часта і думаў ён пра гэта. Упершыню варухнулася гэтая думка шкадавання ў душы тут, у сына, абуджаная сынавым шчасцем, але як нечакана варухнулася, так нечакана і збегла ад яго, бо гады ягоныя ўжо былі не тыя — старэчыя, можна сказаць, гады.
А пасля і ў Андрэя з Тоняй усё тое неяк аціхла, адышло, прыхавалася, адцесненае будзённымі клопатамі, жыццёвымі турботамі, і дзед, прыязджаючы да сына, радаваўся ўжо таму, што сам ён, жонка і дзеці здаровыя, што жывуць яны ў дастатку, жывуць неяк надзейна, нібы не ў горадзе, на скупаватыя рублі, а ў вёсцы, пры сваім гародзе і жыўнасці. Радаваўся, па-старэчы больш кантактуючыся і гамонячы з унукам і ўнучкаю, чым з сынам і нявесткаю.
Сёння ён выправіўся да сына быццам проста ў адведкі, аднак жа меў у душы і адну думку-спадзяванку. Яна, гэтая думка, паклікала яго ў дарогу. Ехаў і ўсё меркаваў, як падступіцца з ёю да сына,— адразу, без падрыхтоўкі, ці мо спакваля, выведаўшы спачатку сынавы настроі і планы?
Гэта ж памерла нядаўна, з месяц назад, Міхаліна Каспяровічава. Ён і старая яго правялі набожчыцу на могілкі, пасля пасядзелі з людзьмі за жалобным сталом. А як дахаты ішлі, старая знячэўку вазьмі ды скажы: «Гэта ж і нам хутка збірацца...» Ён не збаяўся тых слоў, спакойна адказаў: «А ўжо ж, не вечныя ж...», а сам нечакана падумаў пра тое, што ж будзе з хатаю, з усёй сядзібаю, калі яны са старою выправяцца туды, куды сёння паехала Міхаліна. Яно і праўда, што ж будзе? Ну, год-другі Андрэй з Тоняй будуць прыязджаць, мо нават вясной пасадзяць адну-другую граду. А пасля? А пасля ўсё будзе пакрысе дзічэць і глушэць, паціху гніць, тлець і валіцца долу — і хата, і пуня, і хлеў, і паветка, і склеп на гародзе, і платы наўкруг сядзібы; укаржанеюць, здзічэюць і ўсохнуць яблыні, забуяе крапівай, чарнобылем і дзядоўнікам гарод, прападуць на ўзмежках вішні, кусты парэчак і агрэсту... А ён жа столькі сілы ўклаў ва ўсё гэта! Яшчэ ж зусім нядаўна, шэсць гадоў назад, даў хаце новы подруб, цэментаваны падмурак, уставіў новыя вокны і дзверы, накрыў шыферам, вымайстраваў веранду — стаяць хаце яшчэ і стаяць; пуню і хлеў таксама пакрыў шыферам, вымураваў склеп, выкінуўшы струхлелы драўляны зруб, паставіў цэментавыя слупкі, каб не мяняць плот праз кожныя тры-чатыры гады. Навошта ён рабіў усё гэта? Сам са старой мог бы дажыць веку і так, без лішніх турбот. Каб жа гэта яшчэ вёска была інакшая, што перспектыўнымі завуць, дык мо купіў бы ўсё гэта добры чалавек і жыў, а то ж... Каму спатрэбіцца яго хата, калі вунь колькі пустуе ўжо, гібее сіротамі?
І запала яму думка: угаварыць сына вярнуцца. Пакуль робіць — хай робіць, а як падыдзе пара на пенсію, хай вяртаецца сюды, на бацькава котлішча. А чаму б і не? Яны ж разам прыждуць пенсіі, Андрэй і Тоня, от хай і вяртаюцца. Гарадскую хату хай пакінуць Эдзіку, а самі — сюды! Павінен сын паслухацца. Гэта ж каторы ў горадзе нарадзіўся, во ўжо як і Эдзік іхні, дык таму, вядома, рашыцца на такі крок нялёгка.
Андрэй жа і Тоня яго ў вёсцы выраслі, чаго ж ім палохацца? Ці ж тут не лепей, чым у горадзе?
Тут во і дыхаць ёсць чым, і ўлетку нагой босай ёсць дзе ступіць, і ў лес па ягадзіну ці па грыб шторанак схадзіць...
Старой не стаў нічога гаварыць. Парашыў: з'ездзіць, пагаворыць з сынам, тады скалка. Ці абрадуе, ці...
Суцяшаў сам сябе, што павінен згадзіцца сын. Ён жа і касіць умее, і з плугам прайсціся, і іншую вясковую работу рабіць не забыўся.
Думаў так і здзіўляўся, чаму гэта ні разу, за ўсе гады пасля таго, як пайшоў сын у горад, яны не гаварылі пра гэта. Няўжо сыну ніколі не снілася родная вёска, колішнія суседзі? Быць таго не можа! Пэўна ж, не адзін раз прыгадваў і лес, і аселіцу, і сцежкі, па якіх у маленстве бегаў, і не адзін раз шчымела ў яго ад гэтых успамінаў душа, а не гаварыў пра гэта, бо саромеўся, бянтэжыўся прызнацца, каб не падумаў ніхто, нават і бацька родны, што — шкадуе, што хоць і жыве ў горадзе, а душою — тут, у роднай вёсцы? А можа ж, якраз так яно і ёсць. Можа, Андрэй і па сёння бачыць, як узыходзіць сонца над Чырвоным Борам і як заходзіць яно за хмызнякамі на Каранёвых дадатках. Гэта ж кажуць, што праз усё жыццё чалавек памятае свае ўзыходы і заходы сонца і з цяжкасцю прывыкае да таго, дзе, у якім баку ўстае і сядае сонца, трапляючы на новае месца жыхарства...
Ну, а сам ён — чаму таксама ніколі не загаварыў пра тое з сынам? Зноў жа, ліха яго ведае, чаму! Няйначай, баяўся збянтэжыць сына. Баяўся, што сын можа пакрыўдзіцца ці нават раззлавацца. Яны ж усе, у горадзе, надта нервовыя, ледзь што не па-іхняму — адразу ж псіхуюць, хапаюцца за сэрца...
Вось табе і прыехаў, вось і пагаварыў!..
А ўсё ж нібы добра пачыналася. Сварка Андрэя з Эдзікам — не ў знак. Тым больш прытушыў ён сварку тую, вячэраць селі спакойна. Дык жа... Хто чакаў, што Люда такое скажа, прыйшоўшы? Яны са старой і падумаць нічога такога не маглі. Гэта ж толькі і гаворкі было, што Люда паняй стала, што жыве, як у бога за пазухай. Ажно вунь як напакавала яна... Куды ж тут было лезці ўжо яму са сваёю гаворкаю! Не да таго цяпер Андрэю. І сёння, і доўга яшчэ будзе не да таго. Лепш пачакаць ужо, іншым разам пагаманіць. Толькі ж — ці будзе ён, гэты іншы раз? Ці падаруюць яму гэты іншы раз яго восемдзесят?
Уздыхнуў дзед, сказаў:
— О-хо-хо... Хітрая штука жыццё, сынку. Цяжка было, гаротна — ну дык на тое ж вайна, бясхлебіца пасляваенная. Спадзяваліся, што лепшага прыжджэмся. І, дзякаваць, прыждаліся. І ціха, і мірна, і сытна, і мітрэнгі, клопату таго былога нямашака. Усяго хапае. Жыві, кажысць, і бога не гняві, песні спявай. Дык жа — не! Нешта іншае муляе, турбуе. Не тое, дык другое. Хай яго ліха!
— А што ж ты хацеў, тата? Без клопату не можа чалавек. Няма клопату — няма і чалавека. А пакуль жыве, дык і муляе, як ты кажаш, нешта.
— Яно ведама! Але ж клопат клопату — розніца. Калі дзіця тваё галоднае, а ты не ведаеш, чым накарміць яго,— то адзін клопат. Горкі, сынку, клопат, хай яго людцы больш не ведаюць. А сёння ж каб лепей было — адзін клопат.
— Горш не будзе, тата.
— А не будзе горай, дык ляпей будзе. Ці ж не так?
— Праўда, тата.
— Ну, то і бедаваць, можа, не трэба, сынку?.. Спаць пойдзем. Табе на работу, а я ж думаю заўтра і дадому.
— Глядзі сам, тата. Дома ж таксама нічога не гарыць.
— Не гарыць, але ж... Старая будзе думаць, чаго загуляўся.
— Глядзі, тата. Мог бы і пагасцяваць троху.
— Зімою ўжо мо калі, сынку. Цяпер не да гасцявання.
— Табе, тата, і зімою не будзе калі.