— Не кажы, Тонечка! Надыдзь часу слова балючай раніць, чым пасак той,— кажа дзед.
— Памаўчалі б вы, тата! — агрызаецца маці.— Забыліся, як вы бабку пад п'яную руку гладзілі, як да суседзяў уцякала?!
— Тоня, не нясі лухты! — узвышае голас і бацька.— Здаецца ж, і баба не дурная, а таксама... Сядзь і памаўчы!.. І што думаеш рабіць, дачушка?
— Не ведаю, тата.
— Людка, зануда ён! Я даўно яго раскусіў! Паплывеш яшчэ — затнешся! Закон жа на тваім баку. І кватэра, і...
Бацька абрывае сына:
— Эдуард! — Памаўчаўшы, дадае, звяртаючыся да дачкі: — Я таксама не ведаю, дачушка. Калі што, дык, гэта самае, месца хопіць.
— Што ты гаворыш, Андрэй?! — маці зноў пускае слязу.
— Дзякую, тата,— шэпча дачка.— Пайду я, мусіць.
— Куды, чаго? Зайшла, дык пасядзі! — кажа бацька.
— Пасядзі, не спяшайся, дачушка,— падхопліваецца і маці.— І так рэдка заходзіш, а то зайшла і ўжо бяжыш. Леська вунь загулялася, дзякаваць богу.
— Не, мама, пайду. Бо зараз і ён сюды прыбяжыць. Я ж ведаю.
— То і добра, дачушка. Пасядзіць во з мужчынамі, пагамоніць. Сядзі ўжо!
— Але, пасядзі, дзіцятка. Не ў каго ж, а ў бацькавай хаце,— кажа дзед. І ўздыхае: — От бо яно цёнгле так. Адкуль ліха не чакаеш, адтуль яно прыходзіць. Я не пра Люду... Гэта ж ехала са мной Алена Каршакова. Да сына, да Аркадзя. Дык расказвала... Было ў Аркадзя дзве дачкі. Рашыўся замахнуцца на трэцяга. Усё на хлопца спадзяваўся. Ажно, дай ты рады, зноў дачка. І не адна, а дзве. Дык у Аркадзя, казала Алена, ледзь параліч не быў. У раддом не пайшоў. Так угневаўся на жонку! Суседкі і падружкі па рабоце бегалі парадзіху праведаць, а ён не пайшоў.
— Але ж і пашанцавала чалавеку,— падтрымлівае гаворку маці.
— Добрае шанцаванне! — ухмыляецца сын.
— Ды ўжо ж! Алена расказвала і бедавала: хаця б усё добра было ў іх. Аркадзя, казала, унурыўся: не яго блізняты. Кажа: у нашым родзе блізнят ні ў кога не было. А і сталы чалавек ужо, і не пустамалотак які.
— Яно, ведама, усё так, але і паспачуваць чалавеку можна,— кажа, як пасміхваецца, бацька.
— А божачкі мае — паспачуваць! Што, у яго калекі панароджваліся? — абураецца маці.
— От, бачыш, не была б жанчына! — гаворыць бацька.— Сына чалавек хацеў. Разумееш, мара такая была. А тут — няма і няма. Рашыўся мо ў апошні раз. Як кажуць, пан ці прапаў. І на табе — дачка! Мара лопнула, от што галоўнае.
— Дык жа за сваіх не прызнае,— пярэчыць маці.
— Гэта няйначай з гарачкі,— кажа бацька.
— Я дык і другое хацеў сказаць. У горадзе ды чацвёра дзяцей! Цяперака і ў сяле не надта знойдзеш на столькі. Перавяліся такія смельчакі,— гаворыць дзед.
— Электрычнасць, дзеду, і ў сяле ёсць,— смяецца Эдзік.
— Не зубаскаль, замалады яшчэ! — папікае яго маці.
— Яно так, тата,— кажа бацька.— Але ж гэта нам, пасляваеннаю парою, смеласці той трэба было пазычаць, каб разагнацца больш чым на двое. А цяпер смеласці асабліва не трэба, калі на стале ёсць і да стала.
— А от жа ўсё роўна — адно-два! — паказвае на пальцах дзед.
— Таму і вырастаюць рагатыя. Ведама: усё аднаму. Дзесяць, ды што дзесяць — пятнаццаць гадоў хлопцу, а бацькі ўсё дрыжаць, трасуцца над ім, каб нават вецер на яго не дзьмухнуў,— кажа бацька.
— Дык бо сваё дзіця! — маці пацепвае плячамі.
— Сваё, ведама, не чужое,— пагаджаецца бацька.