— У тым і справа, Андрэй Кузьміч! Абсалютна правільна заўважылі,— падтаквае зяць.
— Яно ведама. На зямлі рабіць — гэта не тое, што вынь ды пакладзі. Тут і пацярпець часам трэба,— кажа дзед.
— І таму вельмі шкада, што ў апошні час характар вясковага чалавека імкліва мяняецца,— аблакочваецца зяць на стол.— Працэс гэты зразумелы. Век механізацыі і аўтаматызацыі урбанізуе і вёску. Вясковы спрадвечны ўклад жыцця рушыцца. Гэтага працэсу не спыніш і не адменіш. І ўсё ж... І ўсё ж нечага крыху і шкада. Шкада, што разам з гэтым прагрэсам вясковы чалавек траціць нешта такое, што не кампенсуеш нічым іншым...
— Што ён такое траціць, гэты ваш вясковы чалавек? Тата, што ты такое страціў у апошнія гады? — ціха пытае бацька.
— Дарэмпа іранізуеце, Андрэй Кузьміч,— як крыўдзіцца зяць.— Гаворка не пра Кузьму Паўлавіча. Ён ужо ў такім веку, што яму не пагражае ніякая дэвальвацыя. Я маю, Андрэй Кузьміч, на ўвазе маладзейшых. Іх ужо не вабіць зямля. Іх вабяць горад, дабрабыт, камфорт...
— Што ж у тым благога? Камфорт — хіба гэта кепска? Ты ж і сам во гадаваўся ў вёсцы, а, бач, атайбаваўся ў горадзе.
— Правільна, Андрэй Кузьміч, я таксама дзіця вёскі. Правільней будзе сказаць — не дзіця, а пасынак. Як і вы, Андрэй Кузьміч,— зяць стараецца патрапляць у тон.
— Я сябе пасынкам не лічыў і не лічу!
— Не лічыце? Што ж, магчыма. Мо вы і сапраўды захавалі з вёскай нейкую духоўную еднасць. У сэнсе псіхалагічным. Але факт застаецца фактам: зямлі здрадзілі!
— Дык жа, гэта самае, у свой час сёй-той нямала пастараўся дзеля таго, каб вёска займела сваіх пасынкаў. Андрэй мой не ад радасці ў горад падаўся, не хлеба лёгкага шукаў,— кажа дзед.
— Дык то некалі, Кузьма Паўлавіч. І ніхто Андрэя Кузьміча не асуджае і не папікае. А зараз, зараз? — актыўнічае зяць.
— А што зараз? Цяперака хто хоча — едзе, а хто не хоча — на зямлі робіць,— разводзіць дзед рукамі.
— А ці многа тых, што на зямлі робяць? — не здаецца зяць.
— Многа — мала, а зямля не пустуе. Хто ж на ёй робіць, як не маладыя? З мяне ды з іншых порхавак работнікі ўжо невялікія!
— Канечне, канечне... Я не абагульняю. Астаюцца і працуюць. І я пачаў гаворку зусім не пра гэта. Я гаварыў аб зменах у псіхалогіі вясковага чалавека. Сёння ён ужо зусім не такі, якім быў нейкі дзесятак гадоў назад.
— Што, горшы стаў? — раптам падае голас сын.
— Навошта ж так прамалінейна, Эдуард? Горшы ці лепшы — не ў гэтым справа. Мы не суддзі,— адказвае зяць.
— А ў чым а?
— У тым, што урбанізацыя вёскі нясе ёй і пэўныя выгады, і пэўныя — на маю думку — страты, прытым непажаданыя.
— Ліха яго ведае, з вашай банізацыяй гэтай,— кажа дзед.— Як на мой дурны розум, дык людзі сталі жыць лепей. І тэлевізары ў кожнай хаце, і газпліткі, многія бабы ўжо і бялізну мыць развучыліся — машыны пакуплялі, на рэчку з пранікам, бадай, ніхто не ходзіць...
— Правільна,— падхоплівае зяць.— А вось акажыся ў вёсцы падарожны чалавек, дык начлег гэты чалавек знойдзе з цяжкасцю. А знойдзе, дык за начлег і за вячэру папросяць заплаціць. А раней селянін на грошы не квапіўся.
— Як каторы,— упарціцца дзед.— Каторы як раней кожнае каліва вішні лічыў, дык і цяперака лічыць. А каторы з чалавека за агурок ці за конаўку малака платы не браў, дык і цяперака не бярэ.
— Я кажу, Кузьма Паўлавіч, не пра некаторых, канкрэтных людзей, а ўвогуле. Быў селянін адзін, а зараз, мне здаецца, іншым стаў.
— Не ведаю, сынок, як там увогуле. Ты чалавек вучоны, шмат ездзіш, выпытваеш, запісваеш, мо табе і відней. А як на мне, дык якія нашы людзі былі, такімі і асталіся. Умелі паспагадаць чалавеку ў горы, тады, калі самі нічога не мелі, дык і цяперака, калі ў дастатку жыць сталі, таксама. І нашчот таго, што дабрэйшыя сталі ці паскуднейшыя... Мужык як быў мужыком, так мужыком і астаўся. Толькі не любіць, калі ім папіхаюць. Хітрэйшы, разумнейшы зрабіўся. Дзякаваць богу, як той казаў, радыё слухаем і газеты чытаем.
— Вось, Кузьма Паўлавіч, вы і самі прагаварыліся. Хітрэйшы мужык стаў!
— Дык а што ж? Што ў тым благога? Свет стаў хітрэйшы.
— Не хітрэйшы, тата, а разумнейшы,— кажа бацька.
— А не ўсё роўна? Дзе розум, там і хітрасць, як наш Мілок кажа. А йшчэ, сынку: як хто да мужыка, так і мужык да яго,— кажа дзед.
— Правільна, дзеду! — крычыць сын.— Ніхто не хоча, каб яго за дурня лічылі!
— А хто каго лічыць, Эдуард? — кажа зяць.