— Ну што, убачыла? Рэчка была — увесь гэты раён затапляла. І яе пахавалі жыўцом. А яна там, пад зямлёю, пазбаўленая сьвету… Жыве сваім жыцьцём, як дзіця, забытае ў катакомбах. Магчыма, у ёй па-ранейшаму водзяцца цмокі. Як у шаснаццатым стагоддзі. Чорныя, тлустыя яшчаркі… Верыш?
Я моўчкі кіўнула галавой. Чаму б не быць і цмокам? На цёмную паверхню вады, якраз насупраць уваходу ў каменнае ложа Нямігі, апусьціўся бязважкі залаты кляновы лісток — нібыта на бяздонную магілу.
Я глядзела на яго, і душа сьціскалася ад незразумелага суму…
А Едрусь раптам схапіўся за сэрца. Ну вось, ізноў...
— Халера…
Так, нас здорава зьмянілі падзеі мінулага году. Тады, калі ля старых могілак на месцы сёньняшняй дыхтоўнай вілы цямнела хата дзівакаватай старой Разаліі Іванаўны, і мы ішлі ў тую хату на спатканьне са сьмерцю.
Ніколі не праходжу міма сьвежазбудаванай вілы на адлегласьці пазнаваньня з вокнаў. Едрусь мяне разумее і выбірае іншы шлях.
— Можа, пайшлі дадому? — прапанавала я.
Мы з ім здымалі кватэру непадалёк, у двухпавярховым дамку. Але пашанцавала — амаль задарма. Едрусеў сябар па рок-тусоўцы зьехаў вучыцца ў Чэхію, і сваю кватэру прапанаваў нам. Годзе, маўляў, па кутах туляцца, маладыя.
Едрусь бацькам маім спадабаўся. Дыскі ягоныя круцяць.
А я ягонай маме-паэтцы — ня вельмі.
Дарэчы, я паступіла на філфак, і ў мяне цяпер зноў пшанічныя валасы. Праўда, яшчэ караткаватыя. Едрусь жартуе, што я зрабілася падобнай да Ганны Цюндзявіцкай, якая напісала кнігу па хатняй гаспадарцы “Гаспадыня Літоўская”. Белагаловая, якая рыхтуе лікворы і шынкі.
А чаму не падрыхтаваць? Цікавы занятак, аказваецца, рыхтаваць есьці.
Едрусь нарэшце выпрастаўся. Адпусьціла. Далася ў знакі Вялікая Гульня.
А я ўсё глядзела на ваду пад гранітным парапетам. Так, яна мне нагадвае нечыя вочы… Але тыя былі — як вада ў віры. А гэтая вада — мёртвая.
Едрусь ціха папытаўся, стоячы за маёй сьпіной.
— Усё сумуеш па ім?
Я адмоўна пахітала галавою. Успамін пра цемнавокага прафесара проста зжыўся са мною, як успамін пра ўлюбёную кнігу, прачытаную ў падлеткавым узросьце. Яна зьмяніла назаўсёды тваё жыцьцё… Але ты ж ня ставіш за мэту ўвайсьці ў яе часткай тэксту?
Вядома, месяцы тры пасьля зьнікненьня госьця я хадзіла ўся нетутэйшая, лёгкая ад сьлёз. Вы ведаеце гэтае адчуваньне — калі добра выплакацца, то здаешся сабе пустой і лёгкай, аж хістае, і нейкая прыемнасьць на душы…
Прафесар сказаў бы: дурасьць выйшла са сьлязьмі.
Ён увогуле амаль заўсёды прадказваў правільна.
— А як там Даліла? — нібыта няўважна папыталася я. Няўважна — таму, што дасюль не магу дараваць сяброўцы… Ну ня тое, што раўную… А проста таго, якой дурнічкай выявілася з-за яе.
Едрусь усьміхнуўся.
— Даліла “жжот”… Учора вызваніла мяне й Генуся… Да магіл Усевалада Касіянава і Разаліі Іванаўны ледзь не дабраліся могілкавыя дзялкі — могілкі ж прадаюцца па частках пад новыя пахаваньні. Даліла прыйшла, а крыжы паваленыя, і на іх ламачча нехта накідаў. Наступны крок — вычакаць, потым абвесьціць, што за магіламі ніхто не глядзіць… Расчысьціць участачак… Даліла ім і паказала — “вольны участачак”. Прыскакала ў выканкам з малым Валеркам у сумцы-кенгуру на жываце і…
Я магла ўявіць, што там адбылося. Адчытваць людзей наша сяброўка цяпер умее дасканала. Пераняла інтанацыі і лексіку ў аднаго спадара. Сядзіць у дэкрэце, падрабляе тым, што навучылася рабіць масаж. Мы, вядома, дапамагаем ёй і яе малым, як можам. Часам яна згаджаецца нешта прыняць.
Цяпер занятая яшчэ, каб дабіцца помніка па айцу Мікалаю. Ніхто ня супраць — але доказы дзе, што ён менавіта тут пахаваны?
Пазнаю цябе, Альбарутэнія.
Мы з Едрусем ішлі па вуліцы, трымаючыся за рукі. Сёньня Дзяды. Мы пра гэта не гаварылі, але я была ўпэўнена, што і Едрусь успамінае, як мы сустракалі Ноч расстраляных паэтаў год назад.
Добра, што ўсё закончылася.
Але нельга, каб усё закончылася для тых, што ляжаць у безыменных магілах у Курапатах, у парку Чалюскінцаў, на Кальварыі… Яны вартыя памяці. Мы ўсе зараз на гэта працуем — я, Едрусь, Макс, Даліла.