За сваё жыцьцё чалавек так працяўся чужой нянавiсьцю, што яна павiнна была абцякаць яго, як вада ручаiны абцякае кавалак дрэва, якi ад шматгадовага знаходжаньня ў вiры зрабiўся чорны i цяжкi, быццам камень. Але ўсё роўна аскепкi чужога болю ранiлi душу.
Цэлы тыдзень цемнавалосага чалавека штоночы кiдалi ў машыну да людзей – жывых альбо ўжо нежывых. Напачатку ўсе яны, жывыя, прывезеныя ў якi-небудзь лясок, далей ад паселiшчаў, разам капалi яму. Потым ён стаяў мiж тымi, каго забiвалi. І кожны раз спадзяваўся, што куля дастанецца і яму. Але кулi абмiналi яго. Толькi пырскi крывi ляцелi на вопратку. На трэці раз, калі зразумеў, у якія гульні з ім зьбіраюцца гуляць, ён паспрабаваў захінуць кагосьці сабою, злавіць чужую сьмерць… Катам спадабалася забава, яны рагаталі, гледзячы на ягоныя кіданьні, і як нехта з няшчасных, ашалеўшы ад страху, спрабаваў сам схавацца за яго, але дарэмна — і гэта было настолькі ганебна, што ён перастаў ірвацца пад кулю. Потым яго прымусілі абяцаньнем хуткай сьмерці (зробіш — прыстрэлім і цябе) зацягнуць яшчэ цёплыя целы ў агульную магiлу. Потым засыпаць... Так, каб зраўняць з зямлёй. Закрываць гольлем, сухой травой. І зноў — аглушылі прыкладам, завезьлі назад… Да яшчэ жывых. Слухаць стогны, шалёны шэпат надзеі, крыкі адчаю… Наступны раз ён проста кінуўся ў магілу, на нябожчыкаў… З марай — зараз засыплюць… Выцягнулі. Зноў шпурнулі ў апусьцелую машыну i павезлi назад. Сёньня ён адмовіўся капаць магілу, а потым пайшоў з кулакамі на аднаго з тых, што стралялі… Але ён быў слабы, і яго проста зьбілі. На разьвiтаньне «давялi да ладу фiзiяномiю» — дагэтуль яго забаранялася бiць па твары, i побач з iншымi вязьнямi «магiльшчык» заўсёды выглядаў «белай варонай».
А потым ён усё-ткі засыпаў магілу. Таму што яны, ужо ведаючы, што змусіць яго іншым спосабам ня могуць, пачалі па адным спраўляць на трупы малую патрэбу, пляваць уніз…
Ён ня мог гэтага дапусьціць… Таму закопваў, падаючы, спатыкаючыся, часам дапамагаючы сабе рукамі… А каты сьмяяліся. Напэўна, гэта сапраўды на погляд, пазбаўлены звычайных чалавечых ацэнак, выглядала сьмешна — прафесар у адной бруднай парванай кашулі стаіць на каленях на краю магілы і рукамі ссоўвае кучы жоўтага пяску на целы сваіх былых студэнтаў. Персанаж чорнагумарыстычнага студэнцкага анекдоту.
Яму не падаравалi гонару ляжаць у адной магiле з iншымi ахвярамі. І ўвогуле, як каты са сьмехам патлумачылi, нiхто ня стане важдацца, каб закопваць такое лайно, як ён. Вунь там пачынаецца балотца, ёсьць сiмпатычная сьмярдзючая дрыгва, i гэтага апошняга ложа будзе досыць.
Ён iшоў у тым напрамку, якi паказалi, рассоўваючы тонкія, нібыта кволыя, але насамрэч пругкія, не пераламаць, галінкі хмызьняку. Гэта пладовае дрэва, напрыклад, яблыня, ламаецца лёгка, пакорліва. За спiнай хрумсьцела гольле пад ботамi змагароў з кантррэвалюцыяй і лепшай часткай народу.
Сьмешныя! Яны думаюць, што магiла мае значэньне. Бо самi спадзяюцца на ўрачыстыя гранiтныя, а, магчыма, бронзавыя помнiкi. На добрую памяць нашчадкаў.
Чалавек шаптаў малiтву, спатыкаючыся аб карчы.
Мы прыйшлi ў гэты сьвет не для таго, каб праклінаць цемру, а для таго, каб запалiць у iм сьвятло.
Нарэшце ногі яго пачалі гразнуць, халодная зялёна-брунатная жыжа падымалася ўсё вышэй… Цікава, ці ёсьць яшчэ дзе столькі балатоў, як на Беларусі? Даводзілася падарожнічаць… Але па балотах не хадзіў. Ні ў Францыі, ні ў Англіі, ні ў Расіі… У Расіі балоты дакладна ёсьць, але наўрад — такія… А што, калі і сапраўды тут, пад ягонымі босымі нагамі, месьціцца філіял бурштынавага палацу вужынага караля? Можа, менавіта там, на дне гэтых балотаў, і знаходзіцца сапраўдная Альбарутэнія? Недасяжная для ворагаў, бяздонная…
Твань завагалася на ўзроўні каленяў. Забойцы, якія спыніліся там, дзе яшчэ суха, загадалі чалавеку ісьці далей… Вада паднялася па пояс. Яшчэ далей… Гразкае дно схапіла за ногі. Усё. Ганебны страх — што вось зараз на яго пашкадуюць кулі, а проста загоняць глыбей, і ён будзе доўга захлынацца халоднай бруднай жыжай, змусіў былога магільшчыка спыніцца і павярнуцца тварам да чорнага вока вінтоўкі.
Не, страх усё-ткі — самы жывучы паразіт. Рабак, які пасяляецца ў душы і зьядае яе.
Няўжо ты яшчэ ня страціў здольнасьці баяцца?
Апошні погляд на неба, якое ў гонар паховінам дня зрабілася чырвона-жоўтым з зеленаватымі пісягамі, нібыта палатняны звод балагану. Урачыстасьць псавала маленькая аблачынка, падобная на барвовы шнар, якая цямнела трохі наўскос шыкоўным нябёсным колеравым разводам.
Але ўсё гэта колеравае багацьце вельмі хутка зьесьць чорная жалоба ночы.
Хаця — на гэтай чарнаце ярчэй засьвецяцца зоры! Буйныя восеньскія зоры!
У кожным самым цёмным часе ёсьць свае зоры.
Напрыклад, веданьне, што недзе жыве твой сын (вядома, гэта сын!), і жанчына, якая падарыла табе яго і веданьне аб ім, будзе цябе памятаць тады, калі ні ад цябе, ні ад катаў тваіх не застанецца нічога.
Ну, хіба па кімсьці з іх паставяць помнік.
Але гісторыя даказвае, што каты патрэбныя толькі на пэўны перыяд. Пасьля забіваюць і катаў. Трэба ж кагосьці зрабіць вінаватым ва ўсім. А той, хто карае ката, вядома, добры уладар. Выратавальнік.
І няма каму крыкнуць ці хаця б прахрыпець, што гэты выратавальнік і аддаваў катам загады.
— Ну, што, разьвітаўся з жыцьцём, нягоднік?
— Я вас перажыву.
Яму адшкадавалі адну кулю.
Паверхня балотца на нейкія імгненьні ўскалыхнулася, пайшла кругамі, потым супакоілася, чорная рана вады зацягнулася іржава-зялёнай тваньню…
І ніхто не заўважыў, як потым на яе ўпаў яшчэ адзін, амаль бязважкі, залаты кляновы лісток.
Эпілог 6
Сьвіслач так лена гнала сваю цяжкую зялёную ваду па бетонным ложы, нібыта састарэла да няздольнасьці сьпяшацца, нібыта ёй не былі болей патрэбныя ні таемныя віры, у якіх круцяцца апалыя лісты і аблокі, ні начышчаныя да злога бляску камяні, на якіх хуткая вада грае свае бурлівыя сімфоніі, ні белыя чаіцы, што гэтак хутка ныраюць у хвалях, як думкі аб кароткім шчасьці.
— Вунь там, над паверхняй вады, чорная адтуліна… Уваход у калектар. Гэта і ёсьць Няміга.
Едрусь паказваў пальцам кудысьці справа ад маста, які празвалі Пацалункавым (дзесяць хвілінаў таму я “эмпірычным метадам” зразумела, чаму).