Таварыш Крэчат папрасіў мяне зайсьці за ім уранку, і мы пакіраваліся ў будынак НКУС, праверыць дастаўленыя прадметы, адабраныя намі нядаўна ў Віцебскім дзяржаўным музеі для адпраўкі ў Ленінград. Сярод іх персідская гравюра ў фарбах, срэбная ханука са збаночкамі для алею, а самае галоўнае, дзьве гравюры Дзюрэра, якія я ацаніў у шэсьць тысячаў рублёў. Ішлі пешкі — таварыш Крэчат быў надзвычай сьціплы, і, нягледзячы на сваю хваробу, амаль не карыстаўся службовым аўтамабілем.
Мы шпацыравалі ў раёне Беларускага універсітэту. Я пераказваў ленінградскія інтэлігенцкія спрэчкі наконт артыкулу Фадзеева “Далоў Шылера” і лефаакмеізму. Таварыш Крэчат скардзіўся на беларускіх паэтаў, якія пераймаюць кабацкага Ясеніна і амаль усе схіляюцца да буржуазнага нацыяналізму… Раптам мой спадарожнік рэзка спыніўся, утаропіўшыся позіркам у высокага мужчыну, які ішоў нам насустрач. Мінак, гадоў сарака, быў у недарагім, але акуратным касьцюме і белай кашулі з гальштукам, з партфелем у руцэ. Ягоны твар падаўся мне вельмі адметным — па-манаску аскетычны і адначасова ганарысты… Сярэднявечныя балгарскія фрэскі, ці што? Велікаваты гарбаты нос, высокі лоб з глыбокай вертыкальнай зморшчынай, засяроджаныя цёмныя вочы, строгая складка вуснаў, густыя валасы, трохі сівыя на скронях... Незнаёмец пра нешта так задумаўся, што нічога вакол сябе не заўважаў. Дакладна навуковец. А таварыш Крэчат глядзеў з застрашлівым шаленствам… І нават рукою ліхаманкава пачаў намацваць рэвальвер.
Чалавек з партфелем нарэшце заўважыў нас… І спыніўся. Але на ягоным твары чамусьці не паказалася ні зьдзіўленьня, ні спалоху. Хаця таварыш Крэчат ужо наставіў на яго рэвальвер:
— Стой, гад! Пазнаеш мяне?
Чалавек маўчаў. Толькі на нейкае імгненьне прымружыў вочы і глыбока ўздыхнуў — нібыта рыхтаваўся даць нырца ў халодную ваду.
Ды не, не ў ваду — у сьмерць. Бо Крэчат — мне даводзілася назіраць у яго такі настрой, але ў меншай ступені — аж тросься ад нянавісьці:
— За ўсё заплоціш, сволач! Здраднік! Здохні, як сабака!
Я ня ведаў, у чым правінаваціўся сустрэчны, можа, мяркуючы па ягонай выпрастанай паставе, ён былы белагвардзейскі афіцэр, але майго начальніка належала спыніць… Бо я адчуваў: вось-вось прагучыць стрэл. А гэта не па партыйнаму. Ворагаў трэба судзіць. Праводзіць сьледства — каб выявіць сувязі… Я схапіўся за руку Крэчата, якая трымала рэвальвер, адначасова баючыся, каб спатканы намі злыдзень ня выкінуў якую подласьць.
І тут з маім начальнікам надарыўся чарговы прыступ хваробы. Ён страшна закашляўся, сагнуўся, на вуснах ягоных паказалася кроў, рука з рэвальверам апусьцілася… Я падхапіў яго пад пахі, з адчаем азіраючыся па баках — трэба клікаць на дапамогу, зараз той гад зьбяжыць… Але вуліца была, як на злосьць, пустэльнай… Толькі дзесьці далёка празьвінеў званок трамваю. Краем вока я бачыў чорную постаць побач. Вось удала, відаць, нягоднік так спалохаўся, што ў галаву не прыходзіць уцякаць. Крэчат тузануўся ў новым прыступе крывавага кашлю… Нехта дакрануўся да майго пляча. Незнаёмец моўчкі працягваў мне насоўку. Я схапіў яе, прыклаў да вуснаў хворага…
Калі таварышу Крэчату зрабілася трохі лепей, і ён выпрастаўся і зноў змог прыўзьняць рэвальвер, я са здзіўленьнем упэўніўся, што чалавек з партфелем стаіць нерухома на тым самым месцы, дзе і стаяў, хоць, далібог, дзесяць разоў мог зьбегчы, і глядзіць на нас з нейкім незразумелым выразам... Не, усё-ткі непадобна, што ён увогуле здатны перапалохацца. Хутчэй, тут нейкая памылка…
Крэчат, аднак, працягваў глядзець на мужчыну з той жа нянавісьцю. Абышоў яго, моцна торкнуў руляй рэвальвера ў сьпіну:
— Наперад, сволач!
На брукаванцы засталася ляжаць скрываўленая насоўка.
Мы адвялі мужчыну ў наркамат унутраных спраў. Ён так і не зрабіў спробы ўцячы, ня вымавіў ні слова. Ішоў разьмераным крокам, нават не азіраючыся па баках, пакорліва выконваючы каманды Крэчата, куды кіравацца.
Я не пайшоў з імі ў будынак Наркамату. Радасьці ад таго, што паўдзель-нічаў у затрыманьні сапраўднага шпіёна — а пра гэта так часта марылася! — чамусьці не было. Я ня мог пазбавіцца ад уражаньня, што ў цёмных вачах незнаёмца сьвяцілася нейкая дзіўная палёгка — як у хворага, які так змучыўся чаканьнем, што нават паведамленьне пра сьмяротную хваробу лепей за няпэўнасьць… Ён жа нават усьміхнуўся мне на разьвітаньне куточкамі вуснаў — калі мне не падалося. І ўвогуле… Лепей бы мы ніколі не спатыкаліся. Бо пасьля гэтай сустрэчы я мала бачыў свайго начальніка. І размаўляць з ім цяпер было цяжка. Амаль немагчыма. Адчувалася, што думкі яго круцяцца далёка ад экспанатаў раённых музеяў. І думкі, далібог, пакутлівыя. З вуснаў Крэчата ўвесьчасна зьляталі праклёны і нявартыя камуніста пагрозы, відаць, у бок арыштанта. Гэтак жа, як на мае роспыты гучала толькі лаянка на той жа адрас. “Сволач”, “здраднік”, “мярзотнік”… А я ўсё ня мог забыцца на моўчкі працягнутую насоўку…
Што ж, вораг сапраўды можа прымаць розныя абліччы, і мяккацеласьць тут недарэчы.
Праз тыдзень мая камандзіроўка скончылася, і я разам з чарговай порцыяй каштоўнасьцяў вярнуўся ў Ленінград, каб даць справаздачу Урадавай ацэначнай камісіі. На апошні выбітны экспанат, якія я знайшоў у фондах Гомельскага дзяржаўнага музею — наборны габелен фламандскай працы, амаль тры на чатыры метры плошчай і папярэдняй ацэнкай у дзесяць тысяч рублёў, таварыш Крэчат нават не прыйшоў зірнуць.
Эпілог 5
Апавяданьне студэнткі першага курса аддзяленьня беларускай мовы
і літаратуры філфаку БДУ Русланы Палынскай,
надрукаванае ў часопісе Dz.
Магiльшчык
Самотны кляновы лiсток, маленькi, як птушаня, упаў на плячо высокаму чалавеку са сьсiвелымi цёмнымі валасамi, нiбыта залаты пагон невядомай армii. На iмгненьне затрымаўся... Потым сасьлiзнуў, яшчэ пакруцiўся ў паветры, нiбыта спадзяваўся, што рука часовага гаспадара яго падтрымае, ня дасьць упасцi... Але ўрэшце апусьцiўся на чорную халодную зямлю, каб ператварыцца праз адведзены прамежак часу ў яе ж, з залатога, карункавага стацца бясформным чорным сьлiзкiм камяком...
А чалавек проста не заўважыў залатога госьця. Папраўдзе, гэта i ня дзiўна – дзiўна было, як гэты чалавек можа стаяць на нагах. Нават твар ягоны так спух ад пабояў, што цяжка ўяўлялася, як гэтае аблiчча выглядае насамрэч. Адзiнае вока, якое магло пазіраць на гэты сьвет – другое заплыло да шчыліны – здавалася цёмным, як вада ў вiры.
Але чалавек стаяў, шырока расставiўшы босыя ногi, каб не хістацца, ганарыста закiнуўшы чорна-сiвую галаву. Як яму пашанцавала... Ён зноў бачыць сонца – няхай яно ўжо заходзiць, ледзь праглядае між дрэваў. Ён зноў дыхае лясным паветрам...
Той, хто не сядзеў у камеры менскага Жоўтага Дому, ня ведае, у што можа ператварыцца паветра. Ад саракавёдзернай парашы, якую нiхто не выносiць. Ад соцень целаў, што ляжаць адно на адным, сплываючы потам, крывёй, страхам...
А гэтае паветра – працятае промнямi сонца – хочацца разьлiць па венецыянскiх крышталёвых чарках i разьдзялiць насалоду з каханым чалавекам.
Але лепей за ўсё ведаць, што каханы чалавек адсюль далёка.
Лiсьце з дрэваў амаль апала. Але яго рэдкiя карункi выглядалi тым болей тонка. Хутка яны прыкрасяць жоўты насып непадалёк.
Ён толькi што сам яго зрабiў. Вунь i рыдлёўка – пад маладой елачкай. У жоўтым пяску ляжаць шэсьць былых вучняў. Ён чуў iх апошнiя словы, iх адчай, iх нянавiсьць.