— Гэта супярэчыць самаму галоўнаму інстынкту — самазахаваньня, — Даліла нават кулакі сьціснула — відаць, усё назапашанае раздражненьне на госьця ўскіпела. — Дзеля чагосьці вы ж працавалі, разьбіраліся ў сваіх іёнах-катыёнах? Ах, я здраднік… Ах, пакарайце мяне… Ах, я варты сьмерці… Колькі людзей, вашых сучасьнікаў, цудоўных, добрых, шчырых і ня вельмі, ляжыць на гэтых жа могілках безыменнымі, застрэленымі куляй у патыліцу, і іх сапраўды ніхто ніколі ня ўспомніць. І калі іх расстрэльвалі — тут, між гэтымі ліпамі, уночы, крадма, як хворае быдла, — у іх не павінна было заставацца надзеі на памяць, помнікі, вянкі, удзячныя словы… Каты не давалі ім ні пробліска веры ў гэта. Але я ведаю — яны верылі. А вы проста… выкапнёвы мізантроп.
Я прыняла сваю руку з рукі Скаловіча і трохі адступіла ўбок, каб якая трэска гневу ў мяне не патрапіла, калі зараз пачнецца гнеўная сеча.
Хімік нібыта не заўважыў маёй ганебнай рэтырацыі і прамовіў надзіва спакойна:
— На безыменных магілах ахвяраў спаконвеку расьлі гарады і храмы. Лозунг “Успомнім усіх” — гэта, вядома, прыгожа. Але гэта немагчыма. Пра гэта сьведчыць элементарная логіка. Мільярды людзей… Мільярды клетак цела сусьветнай цывілізацыі. Няхай кожная з іх непаўторная — што значаць іх імёны? Вы ведаеце хоць адно імя з тых, хто бараніў незалежнасьць царства Урарту? А там былі героі-патрыёты. Толькі на Страшным Судзе кожны верне сваю індывідуальнасьць. А для слабога чалавечага розуму — хоць бы сябе неяк уратаваць ад гардыні. Вы езьдзілі ў Чэхію, бачылі там знакамітую капліцу-костніцу? Усё ў ёй выкладзена з костак мніхаў. Агароджа, алтар, люстра… Кожны мніх ведаў, што пасьля ягонай сьмерці цялесны футарал ня будзе захоўвацца ў маўзалеі, і зямное імя згасьне, як рэха нябеснага. Вам, спадарыня, страшна ўявіць, што вас ня будзе ў зямным жыцьці. Вы па маладосьці год сваіх проста не можаце гэтага ўявіць увогуле. І цьвёрдай веры ў тое, што сьмерць — толькі пераход, брама — у вас няма. А наконт маёй мізантропіі — заўважце, я і не рабіў спробы вам спадабацца. Мяне, уласна кажучы, вашае меркаваньне пра маю сьціплую асобу не кранае. А кранае мяне, што дзесьці ў гэтай зямлі, магчыма, утварылася пустэча, таму што там няма мяне. Маіх непаўторных клетак. З-за вашай інфантыльнай любові да радыкальных эксьперыментаў над бліжнімі…
Голас прафесара падчас ягонай прамовы ўсё больш набіраў лекцыйную моц, і ўрэшце ўсе мы згрувасьціліся купкай, як хмаркі, у лучнасьці якіх высьпявала бура. Нават маленькая Віка перастала раскідваць лісьце і заціхла, як зьмерзлая птушка.
Касьцёл пазіраў на нас псеўдагатычнымі вачыма вокнаў, выцягнутых нібыта ў зьдзіўленьні — аркі, як зламаныя бровы.
— Пра мой варты жалю інтэлект і безадказнасьць я ўжо наслухалася! — зялёныя вочы маёй сяброўкі ад гневу ледзь не палалі агнём, як у сапраўднай кобры.
— Хто вам даў права гэтак размаўляць з Далілай? — выкрыкнуў Генусь на адрас хіміка. Я інстынктыўна падалася наперад, каб стаць паміж імі… Генусь нярвовы, а Скаловіч, між іншым, яшчэ ледзь на нагах стаіць — толькі дзе ж у гэтым прызнаецца. Вось і зараз атрутным тонам працягвае выклікаць на сябе:
— Вы сур’ёзна лічыце, што гэтае права можа нехта даць?
Генусь і праўда быў тузануўся, нібыта каб замахнуцца…
— Ціха, ціха! — вылез наперад Макс.— Хто-хто, а гісторыкі лепей за іншых ведаюць, наколькі няпэўная штука памяць. Больш за ўсё, між іншым, ілгуць дакументы.
— Гэта як? — падала голас я, бо захавала школьніцкі піетэт да кожнай паперкі з пячаткай.
— А так… Вось трэба табе, скажам, зваліць з заняткаў, ты ж стопудова нешта выдумаеш — цётка захварэла, дзядзька з Кіева прыехаў… Напішаш жаласную заяву ў дэканат. А потым твае біёграфы пачнуць шукаць неіснуючую хворую цётку і дзядзьку з Кіева. Загадка паэтэсы Русланы Палынскай! А ўсе гэтыя паведамленьні пра адстаўкі высокіх чынуш! Перапрацаваўся, саслаб здароўем, добраахвотна вырашыў, што на іншай пасадзе прынясе большую карысьць дзяржаве… Ага, як жа… І ні ў водным дакуменце не напішуць проста — скраў, застуканы на распусьце, абразіў яшчэ вышэйшага чынушу…
— Паслухай, але ж ёсьць сьведчаньні сучасьнікаў! — запярэчыў Генусь.
— Ага, а яшчэ дзёньнікі! — зыранізаваў Макс.— Чытаў Кафку? Няшчасны, усе яго тыранілі… Сям’я, кабеты, шэф на працы… А тут яшчэ антысеміты пражскія… Але некаторыя дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што і ў дзяцінстве ягоным ніякіх жудасьцяў не сустракалася, і бацькі любілі, і начальнік страхавой кампаніі шанаваў геніяльнага падначаленага — той пару гадзінаў на дзень папрацуе, месяц хварэе… А шэф яму дапамогу выплочвае. Сябар, Макс Брод, як хвосьцік, ходзіць сьледам, расхвальвае, артыкулы піша, друкавацца дапамагае... А як з кабетамі абыходзіўся — таксама асобная размова. Эксьперыменты ставіў: спакуса праз перапіску. Ды й пагромаў у ягоны час яшчэ не было.
— Ты хочаш сказаць, што ён шчасьліўчык, які прыкідваўся, што пакутуе? — абурылася Даліла.
— Ды не, пакуты былі сапраўдныя… — пагадзіўся Макс. — Ня кожны вытрымае. Бяссоньне, страўнік ежу не прымае… Толькі прычыны ўсё-ткі больш унутраныя, чым зьнешнія. Геній бярэ на сябе пакуты ўсяго чалавецтва. Вось такі ён… выскачка.
— За тое мы такіх людзей і памятаем! — урачыста падрахункавала Даліла. — У Оскара Уайльда ёсьць апавяданьне пра салаўя і ружу… Салавей, каб дапамагчы паэту заваяваць каханую, сваёй крывёй афарбаваў белую ружу ў чырвоны колер, працягваючы сьпяваць, калі шып уваходзіў у грудзі… Красуня і чырвоную ружу забракавала, кветку стапталі ў бруд… Але сьмерць салаўя ніколі не бывае дарэмнай! Песьні застаюцца!
Скаловіч, які са сваёй раздражняючай усіх без выключэньня, апроч, можа, Вікі, усьмешкай гэта слухаў, не прапусьціў азвацца на пафас.
— Ну так, памятаеце вы… Вось тут, непадалёк, я бачу крыж са знаёмым прозьвішчам. Вось ужо хто не шкадаваў сябе дзеля беларускай справы. Сапраўдны інтэлігент… Ягоная пецярбуржская суполка “Загляне сонца і ў наша аконца” і была для тутэйшых — як сонца. Без яе, можа, ні Купалы, ні Коласа не было б. “Вянок” Багдановіча выдаў на грошы Магдалены Радзівіл. А хто такі быў Багдановіч? Пакуль акадэмік Замоцін, запрошаны з Расіі, не адкрыў яго, як вялікага паэта… Ды яшчэ Сяргей Палуян, таксама “зялёны” крытык-самагубца, ацаніў, дастаў Багдановічавы вершы з кошыку “Нашай Нівы”… У БНР чалавек, пахаваны тут, працаваў міністрам асьветы. Напісаў першы падручнік па неарганічнай хіміі на беларускай мове. Пры Саветах стаў рэктарам педінстытуту… У бальшавіках расчараваўся. Цяпер… дакладней, у маім часе — прафесар Варшаўскага універсітэту. Аўтарытэт! І вось — сьціплы крыжык з бел-чырвона-белай стужачкай…
— А ён, можа, і крыжа не заслужыў, — з выклікам прамовіў Генусь.— Падчас апошняй вайны… вы да яе не дажылі,— кінуў Скаловічу, — гэты чалавек пайшоў служыць акупантам. Для якіх беларусы — рабы, якія падлягалі большай часткай вынішчэньню. Людзей забіваюць сотнямі тысяч, вешаюць, спальваюць жыўцом, мораць голадам у канцэнтрацыйных лагерох… Жанчын, дзяцей, немаўлятаў… А гэты ў касьцюмчыку горадам кіруе ды беларушчыну ратуе. Забілі яго партызаны… І правільна зрабілі.
— Чакай, ня так усё проста! — запярэчыў Едрусь. — Наш прафесар — сьведка… Як разабрацца, дзе праўда, калі ты ўнутры віру? Хто — здраднік, хто — герой, хто — сябра, хто — вораг? Вось бальшавікі… Зачышчалі тэрыторыі Украіны і Беларусі ад нацыянальнай інтэлігенцыі, каб гэтыя памежныя з Еўропай землі можна было спакойна дзяліць, каб не было народаў, а толькі насельніцтва. З беларускіх пісьменьнікаўкупка набярэцца ацалелых, і з тых прынамсі палова выжылі за кошт свайго стукацтва. “Кулакі” — у Сібіры. Гэта значыць, працавітыя, хоць троху ўмелыя людзі… А колькі іх проста “дзеля плану” забрана! Каб адрапартаваць, што вось столькі працэнтаў ворагаў “вычысьцілі”. Наняла самотная бабулька маладога суседа бульбу выкапаць — усё, “кулачка”, мае батрака. Беларусізацыя зварочваецца. Нават граматыку скалечылі, каб бліжэй да расейскай мовы. Людзі вар’яцеюць ад страху. Калі начальнікам “органаў” у Менск прызначылі Барыса Бермана, ён загадаў сьледчым “зьняць пальчаткі”, і кожную ноч толькі ў сталіцы хапалі па сто чалавек… Вам, спадар Валяр’ян, гэта яшчэ давялося б спазнаць. А пачварны закон “пра каласкі” — за сабранае на калгасным полі зерне дзесяцігоддзі катаргі… У прынцыпе, нічога новага для сусьветнай гісторыі. Гэткі строй называецца легізм. Яшчэ старажытны кітаец Шан Ян абгрунтоўваў “у рогі” Канфуцыю… Карай за малую правіну, як за вялікую — нікому ў галаву не прыйдзе ўтварыць вялікую. Народ подлы, яго трэба саслабляць, а дзяржаву ўмацоўваць.
Едрусь стукнуў па фарбаванай чорным агароджы магілы, як быццам заклікаў нябожчыка таксама ў сьведкі:
— І тут — немцы… Ідуць пад лозунгамі вызваленьня ад уціску камуністаў. Ёсьць надзея выкарыстаць іх, каб утварыць беларускую нацыянальную дзяржаву. Без палякаў, без расейцаў. Мара, дасюль недасяжная. БНР, дарэчы, таксама ж пры немцах утварылася… Іван Луцкевіч кайзераўцаў хлебам-сольлю ў Вільні сустракаў. І цяпер ня кожнаму хапіла б розуму ўсьвядоміць, што гэта ўжо ня проста немцы, нацыя Гётэ і Шылера — а фашысты. Якія не культуру нясуць, а генацыд. Беларускі паэт Майсей Сяднёў сядзіць у бальшавіцкай турме, сьмерці чакае — за вершы, за мову… Як ён павінен успрыняць гукі самалётаў, што лятуць бамбіць Менск?
— Ты іх усіх апраўдваеш? Паліцаяў? — Генусь напяўся, як драпежны зьвер.— Не разабраліся… Затое па-беларуску газеткі выдавалі… А ведаеш, што было б, калі б мой дзед па бацьку ў якім сорак другім сустрэўся на вуліцы Менску з якой беларускай патрыёткай з камендатуры? Мой дзед, хлопчык з гета, з нашытай на падраны пінжак жоўтай латай… І дама ў капялюшыку, якая толькі што гарбату ці шампанскае піла з герам, які аддаў загад гета зьнішчыць.
Вецер, зьніадкуль вазьміся, прашаргатаў па жоўтым лісьці, узьвіхурыў яго ў прывідных “джынчыкаў”, якія хутка прабегліся па магілах, спалохаліся і рассыпаліся.
— Я глядзеў фільм пра вайну ў Карэі, — задумна прамовіў Едрусь. — Мы ж мала ведаем гісторыю іншых краінаў… А там ужо пасьля другой сусьветнай схапіліся паўднёвыя “капіталісты” і паўночныя “камуністы”. Карэйцы супраць карэйцаў. І загубілі мільёны тры. І вось ужо наш час, дакументальныя кадры. Раскопкі на месцы баёў. Парэшткі кожнага салдата з пашанай дастаюць, накрываюць карэйскім нацыянальным сьцягам… Гімн грае, слава героям… А фішка ў тым, што ніхто не адрозьнівае, не разьбіраецца — які жаўнер за які бок ваяваў. Таму што прыйшло разуменьне — усё гэта карэйцы. І кожны з іх верыў у нейкую ідэю, хацеў лепшага для свайго народу. У нас пакуль гэтага разуменьня няма. Наш народ хворы вайной.
— Ёсьць рэчы, якія нельга дараваць нават у імя самай высокай ідэі! — ускрыкнуў Генусь.
— Ага, свабода, роўнасьць, братэрства… — скептычна прамовіла Даліла. — А яшчэ дэмакратыя.
— А што, табе падабаецца жыць пры таталітарызьме? — Генусь паглядаў спадылба, праз цёмныя доўгія пасмы валасоў — відаць, вось гэткі ягоны позірк і страшыў у свой час школьных настаўнікаў. — Усе — строем, усе ідэалагічна правільна мысьляць, а намёты пікетоўшчыкаў можна і бульдозерам… Вунь я хадзіў міма Дому прэсы, і справа ад яго белая сьцяна гаража тры гады была спрэс у надпісах “СС” ды “Слава России!”. І тры гады ніхто не замазваў. Хаця хадзілі ж побач людзі… А чаму? Баяліся чапаць. А раптам гэта правільна? Вось каб напісаў хто “Жыве Беларусь!” — на наступны ж дзень зафарбавалі б. Брамнікаў языком змусілі б зьлізаць.