Норавы ў таварышаў маіх бацькоў былі простыя. Свайго Станьчыка ў балагане ня мелася… Памятаеце патрэт знакамітага блазна пры двары Жыгімонта Старога? Станьчык… Трагічны нярвовы твар, усё разумеючыя вочы… Бедны Ёрык, карацей. А тут працавалі людзі, якія жылі ад грошай да грошай. Маленькіх, выпакутаваных грошай. Усе са сьмешнымі амбіцыямі — “Мы — артысты”. Дрэсіроўшчык сьцьвярджаў, што ён лепшы дрэсіроўшчык у сьвеце, ліліпуты меркавалі сябе самымі ліліпутнымі… Насыпаць у пудру ворагу нягашанай вапны лічылася дасьціпным жартам. Адзін з клоўнаў з гэтай прычыны хадзіў аднавокім — праўда, ад таго ягоная перакрыўленая фізіяномія здавалася яшчэ сьмяшнейшай, а значыць, калецтва было на карысьць.
Цяпер мне было лягчэй пераносіць зьдзекі “балаганаўцаў” — я быў таемным рыцарам свабоды.
Калі я вярнуўся да бабулі, Сонечка прынесла мне радасную вестку. Мяне возьмуць “на справу”.
За год да таго адбыўся замах на генерала Курлова. Думаю, і вы ведаеце пра тую ганебную гісторыю — Курлоў загадаў расстраляць мітынг на прывакзальнай плошчы, удзельнікі якога патрабавалі вызваленьня палітычных вязьняў. Сто чалавек загінула. Іван Пуліхаў узяўся зьдзейсьніць прысуд кату, перастрэў яго ля Сьвята-Петра-Паўлаўскай царквы, але бомба не разарвалася. Тэрарыст спакойна сышоў бы, каб не сямейка Старовых — матка і дзьве дачкі. Яны ўчапіліся ў злачынцу, усчалі крык… На затрыманьне кінуўся паліцмайстар Нораў, але ў яго стрэліла таварышка Пуліхава — Аляксандра Ізмайловіч. Дачка генерала, які служыў на Далёкім Усходзе. З эпохі ў эпоху расьпешчаныя дзеці “сталпоў” рэжыму пачынаюць апантана, нічога не баючыся, змагацца супраць гэтага рэжыму — ім жа не прышчапілі з маленства памяркоўнасьць ды ціхамірнасьць, а веданьня пра “цёмны бок месяца” ў іх куды больш, чым у “дзяцей меднага саслоўя”. І адчуваньня абароненасьці куды болей.
Івана павесілі, і цела ягонае тры дні вісела на браме Пішчалаўскага замку. Аляксандру саслалі ў Сібір. Вось мае сябры і абавязаліся адпомсьціць за іх. Курлоў на той час сышоў з пасады і зьехаў — з рэпутацыяй крывавага дыктатара. А вось Нораў і сям’я Старовых мусілі быць пакараныя.
Мне ўпершыню давялося думаць не пра рэвалюцыйную барацьбу ўвогуле, не пра вартых сьмерці катаў увогуле — а пра канкрэтных асобаў, якія з маёй дапамогай будуць забітыя. Дагэтуль мне ніколі не паведамлялі, дзе зробяць пякельную справу мае машыны сьмерці. І калі я чытаў пра тэрарыстычныя “акцыі”, сэрца сьціскалася ад салодкага жаху, падобнага да гонару: гэта, магчыма, зрабіў я. Я небясьпечны. Я — таемны ўладар над жыцьцямі. Суддзя паскуднага гэтага чалавецтва. Цяпер мне належала зірнуць ахвярам у твар. Ну, паліцмайстар — гэта зразумела… Чалавек, які апранае на сябе мундзір, тым прымае на сябе функцыю адказваць за мундзір — забіць альбо быць забітым. А вось Старовы... Тры кабеты… Прычым дзьве — зусім маладыя. Дзяўчаты.
Так, яны зрабілі жахлівае… Калі глядзець з аднаго боку барыкады. Успомніце Шарлоту Кардэ, якая забіла нажом Рабесп’ера. Ён сядзеў у ваньне — хвароба скуры, невыносны сьверб. На тую самую пошасьць хварэў рымскі дыктатар Сула, іншыя тыраны… Шарлота прыйшла, як быццам просьбітка.
Адны яе кляймілі, як падступную забойцу… Але іншыя — лічылі гераіняй. Прыгожая дзяўчына, якая ахвяруе сабою, каб пакараць ката, выратаваць тысячы жыцьцяў, даць волю Айчыне… Так, як яна разумела. З аднаго боку — манархістка Кардэ, з другога — народаволка Соф’я Пяроўская. Чалавек, які здольны мысьліць, убачыць гэтую “люстранасьць”.
Таму тых, хто здольны мысьліць, забіваюць у першую чаргу.
Ну, уявіце… Тры жанчыны бачаць, як малады чалавек кідае бомбу, назірае за панікай, пагардліва ўсьміхаецца і сыходзіць. Забойца, які можа забіць яшчэ. Як расцаніць, што яны кінуліся яго затрымліваць? Ведаючы, што ён можа быць узброены, што могуць загінуць? Таксама ж сьмелы ўчынак?
Я быў супраць таго, каб забіваць Старовых. Гэта не стасавалася да вобразу высакароднага змагара — карбанарыя, Авадня, Карла Маора, Андрэя Кожухава… У вас чытаюць яшчэ кнігу Сьцепняка-Краўчынскага пра народавольца Андрэя Кожухава? А, у маці ёсьць у шафе? Значыць, зноў пераацэнка каштоўнасьцяў пакаленьняў…
Я даказваў сваё вельмі горача. І ўрэшце мяне запэўнілі, што забойства ня будзе. Старовых проста трэба напалохаць — так, каб былі папярэджаныя ўсе, хто захоча ў будучым стаць на шляху рэвалюцыянера.
Бомбу належала ўзарваць пад іх вокнамі, падгадаўшы, каб усе былі дома. Я мусіў зрабіць гэтую бомбу і высачыць кабетаў. Сонечка кіне кошык са сьмяротным снарадам пад вакно — і ўсё. А Норава тым часам пакараюць іншыя. Хто — мне не сказалі. Я здагадваўся, што ў той групе будзе Крэчат. Усё здарыцца на ўгодкі сьмерці Пуліхава.
Дні разьбіваліся, як дажджынкі аб вечка труны. Я працаваў, як апантаны… Сачыў за Старовымі… Сонечка была да мяне неверагодна ласкавай. У ноч напярэдадні нашай акцыі яна нават пацалавала мяне на разьвітаньне. У левую шчаку… Лёгка і хутка, як птушка… Ніколі не забуду гэты момант. Яе брунатную сукенку ў вузкую сінюю палоску, з шэрагам дробных гузікаў пад горла, чорную шапачку на стрыжаных пшанічных валасах, крыху прыўзьняты носік — і выраз вечнай дзёрзкай цікавасьці на твары. Нібыта яна пыталася ў сьвету: як жа гэта? Чаму так робіцца?
Яна сышла… А я ўсё ня мог супакоіцца. Сну не было і ў адным воку. Я ўспамінаў, як пільнаваў злачыннае сямейства ля Кацярынінскай царквы. Як бачыў іх на службе. Старэйшая, таўставатая, як на мой густ, увесь час стаяла, апусьціўшы вочы і трохі пахіліўшы галаву ў карункавым капялюшыку да левага пляча — мне здавалася, што ў ейным сьмірэньні я ўгледжваю нешта ненатуральнае. Мажная маці, наадварот, галаву трымала прама, нават паклоны біла з адчуваньнем уласнай годнасьці… І пагрозна паглядала на малодшую, якая крадма перазіралася з нейкім фацэтам у вайсковай форме.
Я ведаў, што малодшая любіць монпансье — рознакаляровыя круглыя карамелькі. Часта купляе іх у аднаго і таго ж афені-карабейніка. Што старэйшая наведвае мадыстку і таемна скупляе паштоўкі з партрэтамі артыстаў МХАТу, асаблівую перавагу аддаючы асобе Качалава. А да мадам Старовай, шаноўнай удавы, прыходзяць гэткія ж, як і яна, дамы — урыўкі іхніх гутарак, якія мне ўдавалася падслухаць праз адчыненае вакно, можна было друкаваць у газеце “Славянскі сабор”. Людзі сапсаваліся, маралі няма, моладзь… Якая моладзь — напісана яшчэ чатыры тысячы гадоў таму ў Фіванскай пірамідзе. Выказваньне тамтэйшага жыхара слова ў слова супадала з меркаваньнем мадам Старовай. З такой разбэшчанай моладдзю — ніякай будучыні ў няшчаснай старажытнаегіпецкай (рускай праваслаўнай) краіны.
Дакладна такія кампаніі з такімі ж размовамі зьбіраліся ў маёй бабулі Леакадзіі. Толькі кола іх было трохі “ніжэйшае”, і замест срэбнага на стале красаваўся парцалянавы імбрычак.
Я стаяў пад таполямі, насупраць дому Старовых на Францысканскай. Раптам паўз мяне прабеглі двое хлапчукоў з крыкамі:
— Забілі! Забілі!
Маё сэрца абарвалася. Я нават пераадолеў сваю сарамяжнасьць і дагнаў хлапчукоў.
— Каго забілі? Хто?
Капейка змусіла жэўжыкаў распавесьці падрабязна. Пачутае — няхай перабольшанае, дзе ж дзеці ад гэтага ўтрымаюцца? — кінула мяне ў жах. Нораў цэлы, ад бомбы — маёй бомбы! — загінулі дзьве вясковыя жанчыны і стары лірнік. Нораў спыніўся ля яго, каб накрычаць…
Аднаго з хлопчыкаў асабліва ўразіла, што ліра, якая адляцела далёка ўбок, яшчэ некалькі імгненьняў працягвала граць сама па сабе.
Магчыма, яму гэта проста падалося.
Я пабег да Сонечкі. Быццам маё прышэсьце магло нешта зьмяніць. Горад поўніўся крыкамі і чуткамі. Вось яе дом… Але я не наважваўся зайсьці. Стаяў на ганку, як слуп… І пачуў размову. Гаварыў Сяргей.
— А твой хімік не перашкодзіць? Зялёны…
— Ды перастань, я магу з ім рабіць усё, што хачу, — гэта быў вясёлы голас Сонечкі. — Ён такі брыдкі і дзікі, што наўрад хто з ім яшчэ размаўляе. Для рэвалюцыі карысна, калі ў чалавека няма іншых прыхільнасьцяў, акрым барацьбы, і іншых таварышаў. Урэшце, ты ж таксама быў зялёным і баяўся крыві. Калісьці трэба пачынаць. Пасьля першай крыві дарогі назад няма.
— Твая праўда… — пагадзіўся Сяргей. — Толькі цяпер не прамахніся. Проста ў вакно… Чуеш? Каб усіх траіх, паскуд… У пяць яны садзяцца піць гарбату. Англічан пераймаюць. Зялёны дакладна высачыў.
— Не прамахнуся. Калі што — і ты з рэвальверу не прамахніся. Крэчат вунь прамазаў… Траіх забіў — а таго, каго патрэбна, не.
Яны яшчэ нешта гаварылі — як падмануць шпегаў, што сочаць за хатай, як забясьпечыць ад’езд, але я зьбег з ганку і пакіраваўся… Куды? Здаецца, у свой флігель. Сьвет расплываўся ў маіх вачах, нібыта мяне зноў забылі дастаць з жалезнага чэрава мадам Таро. Мне бачыліся знаёмыя і незнаёмыя мне людзі, якіх, магчыма, забілі мае бомбы… І сярод іх пакуль яшчэ жывыя Старовы — з акрываўленымі тварамі, ляжаць, як паламаныя лялькі… Божа мой! Я спрабаваў зачапіцца за выратавальную думку. Сонечка, Сяргей… А можа, яны, мае адзіныя сябры на гэтым сьвеце, маюць рацыю, можа, яны ведаюць нейкую вельмі важную, абсалютова пераканаўчую праўду, якую я пакуль яшчэ не ўсьвядоміў па сваёй дурноце? Але як, як мне да гэтай праўды хоць крыху дапяць, каб не было так жудасна, так моташна на душы?