Нехта схапіў мяне за плечы.
— Што ты зноў утварыў, нягоднік? Не мані — я ж бачу, што нешта ўтварыў! Кажы зараз жа, вылюдак, можа, Гасподзь па літасьці тваёй цябе ўратуе!
Гэта была Леакадзія Пятроўна Скаловіч, мая бабуля. І я, захлынаючыся ад сухой роспачы — плакаць даўно адвучыўся — пачаў расказваць… Потым былі нейкія двое ў цывільным, з вайсковай выпраўкай… Мне загадалі дастаць з падрыхтаванай для Старовых бомбы выбуховае рэчыва і перадаць яе тэрарыстам.
Я амаль ня памятаю, як прынёс кошык з кветкамі, пад якімі ляжала бомба, пад таполі на Францысканскай. Паставіў… І пайшоў, не азіраючыся. Я ня бачыў, як Сонечка ўзяла гэты кошык, як кінула бескарысную, пазбаўленую мною місіі сьмерці бомбу ў вакно… Як Сяргей адстрэльваўся…
Іх узялі жывымі. Доўга дапытвалі. Потым — павесілі. Не дапамагло, што Сонечка — дачка важнага пецярбуржскага чыноўніка. Іх сьмерць адбылася неяк непрыкметна для грамады — надта часта тады гучалі выбухі, надта часта гайдалася пятля. Дый забойства двух сялянак і жабрака — не асабліва высакародная нагода падымаць дэмакратычны шум.
Дасюль не магу зразумець, чаму мае сябры так ставіліся да чужых жыцьцяў. Можа, як бываюць асобы, пазбаўленыя музычнага слыху, нараджаюцца людзі, пазбаўленыя літасьці, боязі крыві і чужога болю? А хутчэй за ўсё, былі яны проста жорсткімі дзецьмі, і ўсе гэтыя акцыі, бомбы, разадраныя на часткі целы ўспрымаліся вялікай гульнёй. Зусім, дарэчы, як і ў выпадку з вамі.
Але і мне не было чым ганарыцца. Я ведаў, што заслугоўваю пагарды і нянавісьці. І больш нічога. Мяне выратавала толькі тое, што тады я знаходзіўся ў нейкім тумане, нібыта чалавек са зламанай нагой, які, як самнамбула, даходзіць дадому і толькі там падае на падлогу ад болю.
Мяне заахвоцілі за дапамогу ў раскрыцьці небясьпечнай тэрарыстычнай групы — я атрымаў магчымасьць паступіць на хімічнае аддзяленьне фізіка-матэматычнага факультэту Юр’еўскага універсітэту.
Мара збылася. Але цяпер яна была толькі сухой кветкай на сукенцы нябожчыцы.
Я жыў дзеля працы. Нібыта спадзяваўся сваймі адкрыцьцямі апраўдацца за зробленае. І… ведаў, што болей ніколі нікога ў сваім жыцьці не прадам і не заб’ю. Потым… Шмат чаго было. Былі хвіліны слабасьці. Памятаю, аднойчы на другім курсе страшэнна закарцела далучыцца да сьвету ценяў. Да аднакурсьніка прыехала сястра, гімназістачка, і, пакуль круцілася ў гасьцёўні інтэрнату, дзе я прыладкаваўся на зручнай канапе з чарговай кнігай, пачала пасылаць мне доўгія погляды. Напэўна, доўга крыўдавала, што я затросься, як пры зьяўленьні прывіда, і ўцёк, нават забыўшыся на здабыты з цяжкасьцю ў публічнай бібліятэцы том. А проста неразумнае дзяўчо страшэнна нагадвала Сонечку.
Я ня Вертэр. Я ўсяго толькі сын балаганнага факіра. На хуткую руку зьмяшаў сімпатычнае расчыньне, якое пры судакрананьні з агнём мусіла даць прыстойны, але зусім невялікага радыусу, выбух, плюс атрутны газ з малым часам распаду. Дастаткова было знайсьці цёмны пусты кут…
І я, паколькі рамантыка ў мазгах яшчэ не перагарэла, забраўся ва універсітэцкі археалагічны музей, туды, дзе грувасьціліся каменныя саркафагі егіпецкіх фараонаў. Тут і днём нікога ніколі не было — а апоўначы, як я спадзяваўся, нават вартаўнік не дачуецца.
Затое — якое атачэньне! Фараоны, саркафагі… Што труп з адарванай галавой не прыўкрасяць нават такія дэкарацыі — я неяк не задумваўся. Так сьпяшаўся… Ажно кроў у вушах шумела… І не пачуў крокаў выкладчыка — ён нядаўна атрымаў месца дацэнта на кафедры гісторыі старажытнасьці і выяўляўся ў сваёй навуцы гэткім жа энтузіястам, як я ў сваёй…
Так я пазнаёміўся з Люцыянам Нічыпаровічам.
Я доўга даводзіў яму, што такога, як я, ня варта ратаваць і нават гаварыць са мной прыстойнаму чалавеку гідка… У доказ распавёў (яму першаму і адзінаму), якім чынам трапіў сюды на вучобу. Пра Сонечку і Сяргея…
Спадар Люцыян знайшоў словы, якімі прывязаў мяне да жыцьця. Нагадаў пра Бога, веды, Альбарутэнію... Ён назаўсёды застаўся маім лепшым сябрам.
Калі я атрымаў праз яго запрашэньне паўдзельнічаць у стварэньні Беларускага універсітэту, не вагаўся ні хвілі. У мяне быў доўг перад гэтай зямлёй. І я прыехаў.
Ня трэба думаць, што тыя гады — толькі сьмерць ды подласьць. Я ехаў з Парыжу ў краіну, дзе перамагла вялікая рэвалюцыя. Дзе будуецца Альбарутэнія. І не расчараваўся… Так, была беднасьць. Прадуктовыя карткі. Пайкі… Чэргі па селядцы… Але і вечарыны паэзіі, на якіх зьбіраюцца тысячы людзей, і ловяць кожнае слова з вуснаў маладога беларускага генія. Дзень авіяцыі ў 1924-м, падчас якога ўзьляцеў першы ў сьвеце самалёт з надпісамі на беларускай мове… Інстытуты, музеі, часопісы — у якіх усё па-беларуску… Спаборніцтвы па веласпорце… Выступленьні Маякоўскага… Прафсаюзны зьезд хімікаў, на якім усталяваны зносіны з калегамі з Чэхіі… Памятаю, як у кастрычніку 1925 году ў Менск пешкі прыйшоў знакаміты французскі падарожнік Эме Тарал, які нацэліўся абысьці вакол сьвету. Мяне папрасілі быць у дэлегацыі, якая сустракала яго… Мы напаілі француза, вядомага цьвярозьніка і вегетарыянца, старадарожскім першаком так, што ён палез цалавацца з гіпсавым помнікам Гіршу Лекерту ў Аляксандраўскім скверы. А як даставаліся білеты на першы беларускі фільм “Лясная быль” у кінатэатры “Культура”, у будынку былой харальнай сінагогі! Памятаю пуск першага трамваю… Вагон, прыўкрашаны кветкамі, з раніцы да ночы вазіў усіх бясплатна… Не, было шмат вясёлага, цудоўнага… А колькі талентаў зьявілася! Наш народ — надзвычай таленавіты. Колькі яго ні выкошвай… Я праводзіў семінары, на якіх прапаноўваў студэнтам пафантазіраваць, што ў нашай галіне хіміі будзе вынайдзена да канца стагоддзя… Вы б гэта чулі! Якія ўсчыналіся спрэчкі, якія ўзьнікалі ідэі ў гэтых учарашніх вясковых хлапчукоў ды дзяўчатак! Упэўнены, у вашым часе да ўсіх іхніх прапановаў яшчэ не дадумаліся. І нават тады, калі пачаліся арышты — для многіх людзей заставалася досыць месца для радасьці і веры ў сьветлую будучыню.
Але для некаторых гэтага месца не ставала.
У 1932 годзе сюды прызначылі камісарам Крэчата. Ён пазнаў мяне.
Ні ў чым яго не вінавачу. Я не заслужыў лёгкай сьмерці. А ён быў гатовы мне яе падарыць. Але, відаць, Крэчат хацеў, каб я паводзіўся падчас допыту трохі іначай. Прасіўся, напрыклад. Выяўляў сваю нягодніцкую сутнасьць. Прызнаўся, як патрабавалі, у сваёй шпіёнскай дзейнасьці на карысьць Францыі, Англіі і Польшчы. Выкрыў змову іншых буржуазных шпіёнаў-прафесараў Беларускага універсітэту… Абмаляваў мяркуемыя дыверсіі… Проста ён ня ведаў, што для мяне сьмерць і фізічны боль — гэта такая дробязь у параўнаньні з іншым… З вечным пакутлівым адчуваньнем віны, якое ледзь ня зьела мяне знутры. А якая радасьць забіць чалавека, які ўпэўнены, што гэта заслужыў, і нават палёгку ў сьмерці бачыць? Мадэст Касіянаў, таксама новы “прызначэнец”, што прыўнёс у працу НКВД асаблівыя метады, прапанаваў больш дасканалае пакараньне для здрадніка. І пасьля чарговага допыту, які, па маіх прыблізных падліках, доўжыўся пяць сутак, “перакупіў” мяне з крэчатавых кіпцюроў для сваёй парафіі.
Мой папярэднік на ролі “глабальнага здрадніка” павесіўся. Другога задушыў адзін з вязьняў. Двое іншых зламаліся, пачалі сапраўды ўсіх здаваць. І зрабіліся непрыдатнымі для эксьперыментаў. Пра гэта мне сам жа Касіянаў і распавёў, калі мяне першы раз запхнулі ў ягоны “Форд”.
Таварыш Касіянаў — чалавек недурны. Гісторыю добра ведае. Напрыклад, дэвіз інквізітараў: “Прымусь іх увайсьці”. Гэта значыць, грэшнікаў — у Горад Нябесны. Думаеце, для чаго ерэтыкоў палілі? Каб пакараць? Не. Лічылася, што пакутлівая сьмерць можа ачысьціць бедныя грэшныя душы і даць ім магчымасьць патрапіць на нябёсы. Вось і Касіянаў браўся давесьці, што, па-першае, любога, самага спакутаванага, вязьня можна прымусіць шчыра палюбіць свайго ката, падсунуўшы яму іншы аб’ект для нянавісьці. А па-другое, што любога, самага зацятага, ворага можна прымусіць пайсьці на службу “рэвалюцыі”, дакладней, карным органам. Дастаткова, каб усе паверылі, што ён ужо шчыра супрацоўнічае. Каб ён напачатку звык да пагарды. А пасьля і ганарыцца пачне. А яшчэ карысна, калі вязьню даюць магчымасьць выступіць у ролі ката. Для гэтага “глабальны здраднік” у якасьці “пасіўнага аб’екта” падыходзіць як мага лепей.
Так здарылася, што падчас першага блізкага знаёмства з Касіянавым у суседнім кабінеце знаходзіўся Нічыпаровіч. Касіянаў выклікаў яго дзеля гістарычнай кансультацыі — якраз дзейнасьць інквізіцыі яго і цікавіла. Прэцэдэнты ў Вялікім княстве Літоўскім. Ён жа, навалач, навуковую працу на падставе сваіх досьледаў піша. І выпадкова акадэмік пачуў нашу з Касіянавым… трохі аднабаковую размову. І, падобна, застаўся ўражаны. Потым, калі мяне выпусьцілі, Нічыпаровіч даў слова ніколі нікому не расказваць пра тое, што даведаўся. Нянавісьць я перажыву. А вось пагардлівую шкадобу… Ды лепей здохнуць.
Ну і як, вы задаволены маім расповедам? Напэўна, атрымалі вялікую насалоду? Вам жа толькі гадасьці і падабаюцца. Нервы казычуць.“
Даліла ў адказ прамаўчала.
Па-за гульнёй-5
Жоўтае лісьце падала на магілы гэтак ціха, нібыта баялася кагосьці тут пабудзіць.
Але нас наўрад маглі б напалохаць нябожчыкі.
Тым болей, адзін з іх ішоў разам з намі.