Уздоўж канатаў выстраіліся хлопцы, якія чакалі трэніроўкі. Змоўніцкія позіркі, незвычайныя пальчаткі ды выстаўленае напаказ маё голае цела зусім збівалі мяне з панталыку. Чаго яны на мяне глядзяць гэтак? Я ж ім нічога дрэннага не зрабіў!.. Нібы я тут — галоўны герой здзекліва-ганебнай камедыі, якая вось-вось пачнецца.
Усё гэта рассейвала маю ўвагу, і я слаба разгледзеў праціўніка, хоць і бачыў, што менавіта да мяне ідзе рыжая істота: нехлямяжая, з вузкім ілбом і вогненна-жоўтым вожыкам.
Бокс! — чамусьці крыкнуў трэнер.
Здаецца, я не ступіў яшчэ і кроку, а ў маёй галаве ўжо памутне-ла, наплылі кругі, сцены і столь захісталіся, а нейкая магутная сіла абрынулася на мяне, і я апамятаўся на брызенце. Моцна балела сківіца. Толькі цяпер дайшло — гэта мне так садануў вузкалобы.
Дык я яшчэ не...— вырвалася з мяне скарга, калі я, здзіўлены, уставаў з брызенту.
Го, чулі?
Ён «яшчэ не»! — перадражнілі навакольныя і зарагаталі.
У затуманенай галаве пачало расці крыўднае ўсведамленне, што я гэтым зубаскалам дастаўляю вялікую радасць. Але чаму? Што я ім дрэннага зрабіў?!.
Уражаны сваім адкрыццём, я аж азірнуўся. Сур'ёзны трэнер нібы не бачыў майго позірку, ён бязлітасна закрычаў:
Ну, чаго пасталі? Пайшлі, бокс!
Вузкалобы вырас перада мной зноў. Я інстынктыўна засланіў кулакамі пабітае месца на твары, механічна прыпадняў локці, і баксёр садануў мне пад грудзі. Ад падзення на гэты раз уратавалі толькі канаты.
Пакуль я, ашаломлены, вісеў на вяроўках, вузкалобы са смакаваннем біў мяне і біў куды адно хацеў.
Пачакайце!— зноў вырвалася ў мяне ні то просьба, ні то абурэнне.
Навокал зарагаталі яшчэ мацней. Гледачы ўвайшлі ў экстаз:
Размалюй яго, Рыжы!
Так яму, во!
Давай, Рыжы, давай!
Бокса захацеў? То атрымаеш!
Няхай не вылазіць другі раз! — ляцелі выкрыкі з усіх бакоў.
На такі цынізм маглі быць здольныя толькі мяшчанскія абібокі.
Ага, папаўся! — цешыліся.
Адно цяпер дайшло, што спектакль падрыхтаваны, а для публікі я — кролік, якога заманілі да льва ў клетку — бессардэчнага, цынічнага і крыважаднага.
За нейкі міг я адчуў усю наіўнасць стаць праз бокс героем. Мне нават зрабілася шкада, што мары не споўняцца і ўсё застанецца па-ранейшаму і ўжо нічога, нічога не дасць ім здзейсніцца. Але і гэтыя пачуцці вузкалобы зараз жа ва мне згасіў.
Рыжы, не адпускай кацапа! — крычалі ў зале.
Трымай яго, не давай уцячы,— даходзіла да мяне нібы праз сон.
Толькі я ўзнімаўся на ногі, зноў гучала каманда — бокс! I я без-дапаможным кулём валіўся на брызент, ажно тупа грымела падлога ды выбухаў новы ўзрыў весялосці.
Я аслеп на адно вока. Пацёр яго і ўбачыў на руцэ кроў. Тады зірнуў сабе на грудзі. Яны былі ў чырвоных плямах: вузкалобы разнёс маю кроў па ўсім целе.
Салёны смак яе адчуваўся нават у роце.
«Заб'е!
Апісваліся ж выпадкі ў газетах, калі так, на рынгу, паміралі!»