Бадай апошнім штуршком быў наступны выпадак на ўроку гісторыі. Настаўніца распавядала, што на мяжы Беларусі з Украінай людзі размаўляюць з украінскім акцэнтам, а на мяжы з Польшчай яны маюць польскі акцэнт. Карацей, яна казала пра ўплыў іншых моваў на беларускую.
Я сядзеў, слухаў, а потым узняў руку і спытаў: «Людміла Васільеўна, а чаму гэта іншыя мовы ўплываюць на беларускую? Вам не падаецца, што гэта беларуская мова ўплывае на замежныя?»
Чыстая логіка, нуль рамантыкі. Рамантыка з’явілася пазней. Класе ў восьмым ці дзявятым у мяне закахалася (як мне падаецца) дачка нашага былога дырэктара. А дырэктар быў камуністам (дарэчы, таксама прыехаў з «зоны»), нават у Вярхоўны Савет 13-га склікання ад камуністаў балатаваўся. Калі не памыляюся, яго не абралі, але потым ён такі патрапіў на службу ў Адміністрацыю.
Гуляў я з ягонай дачкой па вуліцах вясновымі вечарамі, размаўлялі. А потым яна і кажа: «Я не разумею, навошта патрэбная гэтая беларуская мова?» Прыйшлося ёй тлумачыць пра палякаў, якія па-польску размаўляюць, чэхаў, літоўцаў ды нават украінцаў.
Лішне казаць, што больш мяне гэтая спадарыня не бачыла. Тады мне ўжо гадоў 14–15 было.
А цяпер я адказваю проста — «таму што я беларус». Не люблю заводзіць маралізатарскія размовы на гэтую тэму з незнаёмымі людзьмі. Вось адзін сябра мой любіць падобнымі рэчамі займацца, і гэтай сваёй уласцівасцю часам мяне нервуе. Стаіш, п’еш піва, а ён пачынае нейкага алканаўта «палітыцы партыі» вучыць:)
Я не люблю людзям тлумачыць, што белае — гэта белае. Але не выключаю, што проста не веру ва ўласныя здольнасці ў справе пераканання. Вось сябра верыць, і таму з ім алканаўты пачынаюць па-беларуску размаўляць:)
Я ўсё жыццё хацеў быць адметным. Напэўна, і мая беларушчына нейкай часткай звязаная з гэтым жаданнем. Я разумеў, што быць беларусам — гэта не быць, як усе. Скажам, у субкультурным сэнсе, я слухаў «Нірвану», а ўсё маё атачэнне — расейскую папсу.
Але што да беларускасці, дык тут усё было інакш. Я разумеў, што вось гэтая зямля — гэта наша. А там вунь — гэта вялікая Расея, але яна не наша. То бок тут нейкі іншы ўзровень адметнасці. Напэўна, гэта яго называюць патрыятызмам.
Аляксандра Валодзіна: Асноўнае — не кроў, а самаадчуванне
— Мае сваякі з Расеі часам злуюцца, нагадваюць, што я напалову расейка, але я ўпарта лічу сабе беларускай. Колькі сябе памятаю, у сям’і я заўсёды размаўляла па-беларуску.
Беларус — гэта той, хто сябе ім лічыць. Я не думаю, што ўсё залежыць ад паходжання, хаця шмат хто кажа, быццам асноўнае ў нацыянальным вызначэнні — гэта кроў, але, на маю думку, асноўнае — гэта самаадчуванне.
Сваю гісторыю кожны будуе сам. Хаця шкада, што ў нашым грамадстве беларускасць усё яшчэ вылучае цябе сярод іншых.
Алесь Зайцаў: Мая беларускасць — гэта прыроднае
— У тым, што я лічу сябе беларусам, здавалася б, няма ніякай логікі. Я не хадзіў у беларускамоўны дзіцячы садок, не вучыўся ў беларускамоўнай школе, бацькі і сваякі мае беларускай мовай не карысталіся, і ўзору ўсведамлення сябе беларусам, па вялікім рахунку, мне ніхто не падаваў.
Адзінае, пра што можна ўзгадаць, гэта хіба заняткі беларускай мовы і літаратуры ў старэйшых класах школы. Настаўніца Антаніна Сяргееўна, як цяпер памятаю, была не проста настаўніцай для сваіх вучняў, але ў пэўнай ступені прыяцелькай.
Праз гэта, відаць, і чыталася ўсё з прыемнасцю і вучылася досыць лёгка, бо ніякай напругі паміж шкалярамі і выкладчыцай не было. Мы нават, па сакрэце кажучы, на перапынках пілі каву разам з ёй, а яна ніколі і ні пры якіх абставінах па-расейску не размаўляла, толькі на беларускай мове.
Таму я лічу, што мая беларускасць — гэта прыроднае. Нягледзячы на мае беларуска-нямецка-руска-польскія карані, народжаны я быў менавіта на гэтай зямлі і народжаны менавіта беларусам. Таму натуральна аднойчы мусіў адчуць гэта. Што і здарылася, калі нечакана напісаўся першы верш. І напісаўся той верш чамусьці менавіта на беларускай мове. Вось тады і адчуў напоўніцу, што я беларус і гэта мой натуральны стан.
Як усведамляю сабе, што ў небе аблокі плывуць, сонца свеціць, дык разам усведамляю і тое, што я беларус. Тады і выспела мая невытлумачальная любоў да Беларусі.
А праз некалькі гадоў, падчас навучання ва ўніверсітэце, я патрапіў у беларускамоўнае асяроддзе, займеў сяброў — свядомых беларусаў, і мая падсвядомая беларускасць пачала сама сабою ўвідавочнівацца. Шмат хто дапамагаў у гэтым, і, на дзіва, ніхто не перашкаджаў, за што я і тым і другім удзячны.
Ну а ў тое, што ў кожным з сапраўдных беларусаў хаця б на падсвядомым узроўні закладзеная любоў да той зямлі, на якой ён нарадзіўся, да гісторыі і культуры гэтай зямлі, я проста не магу не верыць.
Ганна Мядзведзева: Гэта жыццё, гэта лёс
— Тое, што мы беларусы, я ведала заўжды. Нават дзядуля, які з Бранскай губерні, называў сябе беларусам. І назва яго вёскі беларуская — Сачылава.
У тую пару на беларускай мове ўвогуле не размаўлялі нідзе: не было ні беларускіх школаў, ні нават беларускіх класаў. У нас дома таксама не размаўлялі па-беларуску, толькі асобныя словы сустракаліся. Напрыклад, бабуля мне заўсёды казала: «Дабранач!». Што праўда, мне заўжды набывалі чытаць беларускія кніжкі. А яшчэ мая бабуля добра гатавала спрадвечныя беларускія стравы: дранікі, мачанкі, цялячы бок у прэсным цесце (тады фальгі не было), гусь з бруснічным сочывам (не кетчупам альбо маянэзам), халаднікі, вельмі шмат бульбы.
Потым, ужо ў час перабудовы, дзесьці ў 1986–1987 годзе, сярод моладзі пачаў уздымацца беларускі рух, і я ў Траецкім прадмесці пазнаёмілася з нейкімі хлопцамі. Выпадкова, але праз тое, што мне вельмі спадабалася іх беларуская мова. Яны мяне запрасілі ў «Талаку» — тады было такое аб’яднанне. Мы там вучылі беларускія песні… Вось, падаецца, і ўсё.
Мой стрыечны брат, які жыве ў Маскве, з паходжання беларус. Але толькі з паходжання. У яго нават у пашпарце «беларус» напісана праз два «с». Ён заўжды смяяўся з таго, як я кажу па-расейску: «Когда завтра приду со школы». А ён кажа: «Как это — «со …»? Из школы!» Цяпер некаторым беларускім словам мне цяжка знайсці адпаведнік у расейскай мове. Калі руйнуюць будынак, то яго менавіта руйнуюць, а не «сносят». «Сносят» — няправільнае, няёмкае слова. Адразу бачна, што з хаты робяць руіны. «Няўрымслівы» лепш за «непоседливый». Беларускія словы больш сакавітыя, яны адлюстроўваюць саму сутнасць таго, што мы кажам.
Быць беларускай — гэта жыццё, гэта лёс. Я не скажу, што мы горшыя ці лепшыя за іншыя нацыі. Мы проста іншыя.
7. БАБУЛІ І ДЗЯДУЛІ
— Я стаў беларусам, прыязджаючы кожнае лета ў Беларусь да бабулі. — Бабуля і «Песняры» мяне далучылі да беларускага нацыянальнага космасу. — Быць свабодным. — Натхненне прыйшло каля Вострай Брамы. Экскурсавод пачаў чытаць верш Багдановіча «Пагоня». — Я абраў больш роднае. — Усё адно што адказаць, як быць чалавекам. — Расплюшчыць вочы і азірнуцца.
Сяргей Міхалок: Я стаў беларусам, прыязджаючы кожнае лета да бабулі