Святлана Пажарава: Перакрыжаванне сусветаў
— Тое, што называюць нацыянальным адраджэннем пачатку 1990-х, з іншага боку барыкады ўспрымалася як снег на галаву. «Адчапіцеся! Якая беларушчына! Тут невядома, як жыць далей, а гэтыя бажаволкі з сваёй беларушчынай!»
Часамі здаецца, што ў Беларусі існуюць два сусветы. Маленькі сусвет зацятых беларусаў і вялікі сусвет постсавецкіх беларусаў — чарговых «тутэйшых». На дзіва і на жаль, гэтыя сусветы амаль не перасякаюцца. Беларускамоўныя сябруюць з беларускамоўнымі і наадварот…
Перакрыжаванні гэтых сусветаў здараюцца рэдка, адно з іх было ў 2006 годзе на пляцы Каліноўскага (Кастрычніцкая). Менавіта там я пабачыла, што такое быць беларусам, менавіта там я палюбіла бел-чырвона-белы сцяг, менавіта там я стала беларускай. У гэтыя некалькі дзён на плошчы і за кратамі адбылася рэвалюцыя ў маёй душы. Прыйшла на Плошчу за праўдай, а знайшла тут сваю нацыянальнасць.
Праз чатыры месяцы, калі я ўжо навучалася па праграме Каліноўскага, шмат хто здзіўляўся з маіх словаў, што яшчэ ў сакавіку я не ўмела размаўляць па-беларуску. Мову ўзгадаць не так ужо і складана — было б жаданне.
«Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць». Я не разумела гэтых радкоў, пакуль не выехала за мяжу. Як сціскаецца сэрца, калі бачыш пагардлівае стаўленне іншаземцаў да Беларусі. Як крыўдна заўважаць, што Беларусь знікае з свядомасці нашых суседзяў. Яе не пералічваюць палітыкі, калі кажуць аб інтарэсах на ўсходзе, яе не згадваюць выкладчыкі ва ўніверсітэтах, калі прыводзяць прыклады аб краінах былога СССР, а аднакурснікі-палякі ўжо тры гады пытаюцца ў мяне: «Як там справы ў вас ва Украіне?», хаця я ўжо трэці год ім тлумачу: «Я з БЕ-ЛА-РУ-СІ!»
Мы ператварыліся ў краіну-прывід, у народ-прывід. І нідзе гэта так не кідаецца ў вочы, як за мяжой. Трэба, каб кожны беларус пабачыў гэта на свае вочы.
І апошняе. Мяне, бывае, пытаюцца: што трэба, каб мы сталі беларусамі? Цяпер я адказваю, зыходзячы з уласнага досведу: трэба, каб часцей здараліся перакрыжаванні двух беларускіх сусветаў.
Таццяна Печанко: Неабыякавасць
— Усё адбывалася вельмі паступова, але паслядоўна. Мне заўсёды ў школе падабалася беларуская мова і літаратура, хаця чытаць я вучылася, як і большасць тагачасных дзяцей, па альфабэце са словамі на першай старонцы: «Ленін жыў, Ленін жывы…» і так далей па тэксту. Людзі майго ўзросту і старэйшыя, думаю, памятаюць гэтыя радкі.
Таму не было нічога дзіўнага ў тым, што ў першыя свае школьныя гады я чытала апавяданні пра Леніна і шчыра верыла: які гэта харошы дзядзечка, як ён любіў дзяцей… Аднак праз некаторы час усё змянілася.
Памятаю, як мой бацька адзін з першых у нашым невялікім Белаазёрску здаў свой партбілет. Нарэшце ўголас загаварылі пра незалежнасць. На той момант мне было зусім мала гадоў і шмат чаго я не разумела, аднак усё, што адбывалася вакол, аказвала свой уплыў.
Памятаю, як я зайздросціла малодшай сястры, якой пашчасціла патрапіць у хвалю беларусізацыі, і яна да 8-га класа вучылася па-беларуску. Хоць нашы бацькі і не размаўляюць на беларускай мове, аднак яны яе любяць і вельмі добра разумеюць, што, жывучы ў Беларусі, натуральна думаць і размаўляць па-беларуску, таму і аддалі сястру ў беларускамоўны клас.
Яшчэ ўзгадваю момант, калі, нягледзячы на ўсе ўгаворы, а пасля і пагрозы, увесь мой клас адмовіўся ўступаць у БРСМ. Наш дырэктар тады назваў нас «асіным гняздом», але зрабіць нічога не змог, так і сышоў ні з чым. Як ні дзіўна можа прагучаць, на той момант гэты агульны пратэст быў для нас праявай любові да сваёй краіны і праявай беларускасці.
Калі я прыйшла вучыцца ва ўніверсітэт, мне пашчасціла сустрэць беларускамоўных сяброў. І я сама стала гаварыць па-беларуску. Гэта не было для мяне цяжка. Усё атрымалася вельмі натуральна, бо да гэтага моманту ў маёй галаве ўжо склаліся ўсе элементы пазла. Бадай нават можна сказаць, што мая беларускасць расла разам са мной.
Мне падаецца, што на сённяшні дзень быць беларусам — гэта калі табе не ўсё роўна.
Калі табе не ўсё роўна, што адбываецца ў краіне.
Калі ты гатовы штосьці рабіць для таго, каб у Беларусі жыць было лепей, каб твае дзеці не праходзілі свой «крыжовы» шлях да беларускасці, а ад самага нараджэння раслі ў беларускім асяроддзі.
Калі, адпачываючы на самым прыгожым пляжы ў свеце ля самага сіняга мора, праз некалькі дзён ты ўсё адно схочаш дадому, у Беларусь.
Валерыя Чарномская: Да Бога лагічна звяртацца па-беларуску
— Некалі яшчэ ў школе мы з сяброўкай размаўлялі па-беларуску, хаваючыся, як ціхія алкаголікі. У нас быў настаўнік гісторыі, які проста ненавідзеў беларускую мову і не лічыў беларусаў за нацыю. Я з ім увесь час спрачалася, і гэта прымусіла мяне грунтоўна вывучыць гісторыю Беларусі. Бывала, на нашыя спрэчкі сыходзіў цэлы ўрок…
Мяне пахрысцілі ў 11 гадоў. Чамусьці да Бога было лагічна звяртацца па-беларуску, нягледзячы на тое, што размаўляла на расейскай.
У 1993 годзе, у 15 гадоў, я была на першым мітынгу. Мы ішлі з бел-чырвона-белымі сцягамі ад плошчы Незалежнасці па праспекце Францыска Скарыны, спяваючы беларускія песні. Гэта вельмі моцна натхніла мяне. Пасля я ўсіх віншавала з 75-годдзем БНР. Праўда, некаторыя не разумелі і думалі, што гэта іх віншуюць з 75-годдзем. Я якраз заканчвала школу, калі адбываліся вялізныя мітынгі, пераварочвалі машыны. Я там прысутнічала. Перайшла на беларускую мову ўжо ва ўніверсітэце. На другім курсе пачала пісаць расейскія лекцыі па-беларуску.
Часта ездзіла да бабулі ў вёску ва Усходняй Беларусі. Там размаўлялі на трасянцы, але збольшага беларускай. У 1997 годзе першы раз была на Аршанскім фэсце. Сабралося ўсяго 30 чалавек, бо летась усіх разагналі. Там у мяне ўпершыню ўзнікла вострае пачуццё радзімы, бо мне ўявілася, што тут побач пахаваныя мае продкі.
Калі раніцай стаіш над Дняпром і адчуваеш, што ты належыш гэтай зямлі, што ты адказны за яе, гэта, магчыма, і азначае быць беларусам.
Аляксей Мінчонак: Чыстая логіка
— Я гадаваўся ў звычайным постсавецкім асяродку. Да беларушчыны спрычыняўся толькі летам, калі штогод прыязджаў на вёску пад Чэрвенем і чуў там гаворку прабабулі (зрэшты, не выключаю, што прабабуля паходзіла аднекуль з Палесся).
Памятаю, яна заўсёды казала замест звычайнага расейскага «у нас есть это» беларускае гаворкавае «ў нас ё гэта». Вось праз гэтае «ё» я і адчуў, што нешта тут не так, што мова ў нас не «адна і тая ж».
Я 1983 года нараджэння. Да чатырох год жыў у Серабранцы, затым ва Уруччы, а потым у Малінаўцы. У нас на Малінаўцы было шмат перасяленцаў з чарнобыльскай зоны, у школе вучняў і настаўнікаў з «зоны» было больш, чым карэнных менчукоў.
Пагарды да перасяленцаў не было. Мы нармальна разам тусаваліся. У мяне сярод іх было шмат сяброў. Праз гэта я блізка пазнаёміўся з «беларускай глыбінкай», пачуў мноства гісторый пра вясковае жыццё. Уласна, менавіта тады, недзе ў сёмым класе, я канчаткова зразумеў, што я беларус.