«Пралог.
Аднойчы. Ноч. Гаўбец. Каля гаўбца чалавек вострыць брытву-галяк. Ён глядзiць у неба i бачыць праз шкло...
Лёгкая хмурынка наблiжаецца да поўнi.
Потым — твар дзяўчыны. Яе вочы шырока раскрылiся. Да вока падносiцца лязо.
Хмурынка праплывае перад поўняю.
Лязо рассякае вока.
Канец пралога».
Уражвае Буньюэль. Мяне страшэнна ўзрушвае. Пэўна, альянс атрымаўся, бо сцэнарый разам з рэжысёрам пiсаў мастак Сальвадор Далi. І ролi выконвалi не выпускнiкi Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага iнстытута, а тыя ж Далi (святар), i Буньюэль (чалавек з лязом). Толькi i тут выходзiць адна непрыемнасць. Бо для мяне iспанскае кiно, як пачынаецца з Буньюэля, так i канчаецца iм, зрэшты, не толькi iспанскае, а i французскае. У французаў хапае тэмпераменту, каб рабiць пародыi i камедыi, а на кiно iх не хапае. У немцаў яшчэ горш. Глядзiш нямецкi фiльм, i раптам ловiш сябе на такой думцы — выдатныя ў немцаў бутафоры. І як гэта яны змаглi столькi аўтамабiляў 30-х гадоў назбiраць i адрапараваць? У палякаў i скандынаваў ёсць выдатныя кiнамастакi, толькi падзеi разгортваюцца ў два разы марудней, чым трэба. Альбрыхскi iдзе па восеньскiм парку. Настрой, каларыт i пытанне. Калi ж ён прыйдзе туды, куды iдзе? А ўсё проста. Скарацiць бы гэты парк i ўсяе бяды. Але ж паўночны тэмперамент не дазваляе. Амерыканцы скарачаюць не шкадуючы.
Гэта ў iх ад Чаплiна ў спадчыну засталося. Трах-бах, вой-вой, памiрае зайчык мой. Трапечуцца героi, скаляцца гераiнi. Мiма. У малако. Кiнг-Конгi. Поспехi толькi ў касiрак. Але гэта ўсё кветачкi. Каго здзiвiць мая думка пра замежнае кiно? Хiба што жонку. І мая любоў да iтальянскага неарэалiзму ўсiм да лямпачкi. Вось i давядзецца вярнуцца ў родную Беларусь, ёсць у Мiнску кiнатэатр на Юбiлейнай плошчы, i глядзець там стужкi «Беларусьфiльма», ёсць жа такое прадпрыемства каля станцыi метро «Маскоўская». А вочы мае б не бачылi! А вушы мае б не чулi! Але вочы бачылi i вушы чулi...
Пад Лагойскам здымлi фiльм пра вайну. «Беларусьфiльм», у народзе «Партызанфiльм», любiць i не ўмее здымаць фiльмы пра вайну. Кiношнiкi назбiралi мясцовых мужчын, выдалi iм па аўтамату, паабяцалi заплацiць па тры рублi i загадалi легчы на зямлю каля рэчкi. Ноч. Цёмна. Пражэктары асвятляюць толькi галоўных герояў. Пачаўся бой. Пiратэхнiкi працуюць. Камера стракоча. Рэжысёр маўчыць. Усё iдзе паводле плана. Немцы iдуць, нашы партызаны ляжаць у засадзе. Пражэктар асвятляе нашых лагойскiх хлопцаў, яны ляжаць з аўтаматамi ў руках з каменнымi рашучымi тварамi. Толькi ляжаць яны не на роднай зямлi, як было загадана, а на газетах. Рэжысёр запсiхаваў, ускочыў, пабег праз «немцаў» да «партызан». Лаяўся. А нейкi дзядзька, падышоўшы да яго, аддаў аўтамат i сказаў, што за тры рублi хлопцы ў сваёй адзежы на зямлю не лягуць. Рэжысёр супакоiўся, вярнуў аўтамат i паабяцаў заплацiць па чырвонцу. У фiльм гэтая сцэна, вядома, не ўвайшла. Але ў ёй было кiно, быў тэмперамент i нечаканасць. У кiнатэатры круцiлi экранiзацыю аповесцi Алеся Адамовiча. Рашучыя твары, аўтаматы, немцы на матацыклах — мура. Ну, вядома, пра эротыку тут i згадваць не варта. «Беларусьфiльм» — самая цнатлiвая i сарамлiвая кiнастудыя ў свеце, прынамсi, была. Пакуль не дазволiлi (згадаем народнае: «Прымусь дурня Богу малiцца, ён лоб разаб’е»), i з’явiлiся на экране такiя сцэны:
«Завод. Распраналка. Дзве работнiцы iдуць у душ. Адна — шыракатварая, з вялымi грудзямi, другая — хударлявая, з лiсiным профiлем i нязграбным шнарам ад апендыцыту. Работнiцы шаруюцца вяхоткамi, уздыхаюць i радуюцца вадзе. Намыўшыся, яны вяртаюцца ў распраналку i пачынаюць выцiрацца махровымi ручнiкамi.
— А дэталi так i не прывезлi, — гаворыць шыракатварая i выцiрае свае вялыя грудзi.
— Зрываецца план, — занепакоена гаворыць другая i выцiрае доўгую худую шыю.
— Трэба сабраць сход i абмеркаваць гэтае пытанне, — шыракатварая ўскладае бэжавы станiк.
— Я абавязкова выступлю, бо, калi так i далей пойдзе, мы не выканаем пастаўкi.
На экране важкiя сцёгны ў сятчастых панчохах.
Заводская прахадная.
— Дык ты выступiш? — шыракатварая адкiдае з iлба пасму русявых валасоў.
Лiсiны профiль у махеравай шапачцы кiвае».
Такiх дзiкiх сцэн па сумяшчэнню так званага «карыснага» з так званым «прыемным», вядома, няшмат. Пакуль што няшмат. Але ў планах кiнастудыi, што каля станцыi метро «Маскоўская», з’явiлася набокаўская «Лалiта». Вось там ужо будзе, будзе. «У каго слабыя нервы, тым лепш пакiнуць залю», — папярэджваў гледачоў латышскi рэжысёр Герман Франк. А я прапаную пiсаць на афiшах замест «для дарослых» — «для гледачоў з моцнымi нервамi». А можна i не пiсаць, бо фiрма «Беларусьфiльм» ужо сама за сябе гаворыць.
Ёсць у мясцовых кiнатворцаў i тэарэтычнае абгрунтаванне сваiх пачвараў.
У Доме кiно (зноў даводзiцца згадваць пачвару) я быў сведкам, як адзiн майстра з аб’яднання «Летапiс» павярнуў да залi свой твар колеру старой анучы i з цынiчнаю ўхмылкаю пачаў разважаць: «А вы ведаеце, шаноўныя, што дзяцей-вырадкаў бацькi любяць больш за нармальных. Таму i я свае благiя i бяздарныя фiльмы люблю значна больш, чым пасрэдныя i добрыя. Так што, выбачайце, шаноўныя».
Вось i атрымлiвае глядач бруднай анучай па твары. Вось i выкарыстоўвае цынiк драбочкi гуманiзму, што ёсць у нашым грамадстве.
Можна не хадзiць на ягоныя фiльмы!
Э, не. Тут памылка. Можна не хадзiць на мастацкi фiльм. А так званы кiначасопiс прадаецца «ў нагрузку» i без папярэджання. Класiчны «кот у мяху». Глядач пакорлiва купляе, прымае, як непазбежнасць, прадукцыю вось такога цынiка з тварам колеру бруднай анучы, што сядзiць на мяккiм крэсле ў Доме кiно, палiць дарагiя цыгарэты, п’е каньяк, дзякуй Богу, што разведзены, i пасмiхаецца. І нiякi ён не вырадак i не калека i не хворы, ён — нягоднiк. І фiльмы ягоныя не вырадкi, а хлусня цынiка.
«Пайшоў прэч! — чуеш, я табе кажу. — Пайшоў прэч!»
Гэты хiтры, а на самай справе подлы ход з кiначасопiсам прыдумалi даўно, але гэта зусiм не азначае, што ён будзе заўсёды. І я не патрабую сатысфакцыi, не патрабую пакараць цынiка, якi з’еў тысячы дзяржаўных рублёў, i я нават не патрабую забаранiць дэманстрацыю кiначасопiсаў. Можна проста не пайсцi на кiначасопiс. Але бываюць i добрыя... Прабачце. Лес сякуць, трэскi ляцяць. I я яшчэ не жабрак, каб есцi бясплатную кiнакатлету з камбiтлушчам.
Але хопiць пра недарэкаў ад кiнематографа.
Калi ў залi гасне святло, ёсць у гэтым моманце нешта таемнае i эратычнае. Галава сама паварочваецца i вочы аглядаюць суседзяў, а раптам побач — павабная самотная суседка. Тады можна i пазнаёмiцца, цi хаця б паспрабаваць пазнаёмiцца, цi яшчэ што-небудзь паспрабаваць. Вядома, у большасцi выпадкаў трапляеш у кiназалю з кiмсьцi i тады няма рознiцы, якi незнаёмец цi незнаёмка побач з табой, за выключэннем, калi трапiцца п’яны iдыёт цi смярдзючы бiч, якi захрапе пасярод фiльма. Але ёсць выпадкi, калi iдзеш у кiно адзiн. Зрабiлася крыўдна на ўвесь свет. Усе людзi — скацiна. Вар’яцееш ад адной толькi думкi, што з гэтым быдлам ты пражывеш усё сваё наканаванае жыццё. Што рабiць? Куды плысцi?
I трапляю ў залю, павольна цямнеюць лямпы, i заўважаю, што побач сядзiць жанчына. Ёй гадоў трыццаць — трыццаць пяць, у яе азначылася другое падбароддзе. А ў руках яна трымае папяровы кулёк з мармеладам. Яна манерна кладзе ў рот дрогкую мармеладзiну i абтрасае з пальцаў драбочкi цукру. Мне ўжо ўсё роўна, што дзеецца на экране. Я крадком кладу руку на жаночае круглае i слiзкае ад нейлонавай панчохi калена. А тая ўдае, што цалкам занятая фiльмам i мармеладам. А мая рука цiха едзе па нейлоне. А незнаёмка нахiляецца да мяне i шэпча: «Прыбяры руку i з’еш цукерку». Я не прыбiраю руку, я толькi спыняю яе. Тады незнаёмка бярэ маю руку — у яе на пальцах засталiся драбочкi цукру — i засоўвае ў папяровы кулёк. Мы ямо мармелад. І нарэшце ён сканчаецца. Незнаёмка шархоча папераю, хавае скамечаны пакет у сумачку. Мая рука трапляе на панчоху. Я гладжу крышачку вышэй калена. «Табе колькi гадоў?» Я ледзь разбiраю словы, так цiха яна спытала. «Шаснаццаць». «А мне трыццаць шэсць, i ў нас нiчога не атрымаецца». «Чаму?» «Прыбяры руку i глядзi фiльм, потым пагаворым». Гляджу на экран i нiчога не магу зразумець: