Гэта ён — наш сонечны Артэк.
Усе нiбыта вады ў рот панабiралi. Ведаем, ведаем. Бачылi. Але, хто старое згадае, таму вока прэч. Лепш не ўспамiнаць. Забыцца. Ну i сапраўды, каму хочацца помнiць правiлы, па якiх праходзiла купанне ў моры?! А мне вось хочацца...
Спачатку, ну вядома, трэба было распрануцца i змянiць трусы на плаўкi i пятнаццаць хвiлiнаў ляжаць (можна сядзець) на сонцы. Потым пятнаццаць хвiлiнаў сядзець (можна стаяць) у ценi, пад шыферным брылём. І толькi пасля ценю дазвалялася на пяць хвiлiнаў зайсцi ў Чорнае мора. Не забегчы, не заскочыць, не запаўзцi, а зайсцi. Заходзiлi ўсе, як гаварылася раней, «у нагу». Даваць нырца забаранялася. Галава ўвесь час павiнна тырчаць над вадою. За тры метры ад берага быў нацягнуты тоўсты канат з паплаўкамi. Заплываць за канат забаранялася. Размаўляць у вадзе забаранялася. Дакранацца да каната забаранялася. Выходзiць без каманды... Любое дробнае парушэнне вяло да таго, што ўся «дзесятка», а ў мора заходзiлi «дзесяткамi», страчвала права на марскую ванну. Таму, зайшоўшы ў ваду, усе стаялi на камянiстым дне. Зрэдку сёй-той лагернiк падскокваў — рабiў выгляд, што купаецца з радасцю i асалодай. Каб нехта ўцёк i пакупаўся самастойна, я не чуў. Уцячы ў горы можна было, а вось прарвацца на ўзбярэжжа — нi ў якiм разе, яно ахоўвалася не горш за дзяржаўную мяжу, зрэшты, гэта ж i была мяжа СССР, пра якую я паглядзеў у вялiзным адкрытым лагерным кiнатэатры прыгоднiцкi фiльм...
Артэкаўцы-героi знайшлi на ўзбярэжных скалах шпiёнскi акваланг, высачылi яны i самога шпiёна, i пасля кароткай, але вельмi змястоўнай, бойкi канчаткова перамаглi ворага народу на адным асобна ўзятым кавалку ўзбярэжжа. Пра несапраўднасць падзей у фiльме, дзе артэкаўцам дазвалялася гадзiнамi сядзець у Чорным моры, а начамi бадзяцца каля яго, здагадваўся нават наймалодшы лагернiк з найапошняга атрада. Але паход у кiно запомнiўся мне iншым, перад iм нам выдалi па цёплай куртцы. Дарэчы, калi пасля першай лазнi я выбраў сабе форму адпаведнага памеру, дык заўважыў, што яна вельмi зручная i вельмi моцная, нiхто нiчога не адарваў у ёй, нават пагоны трымалiся мёртва. А што ты думала?! Самы вялiкi, самы-самы ў свеце дзiцячы лагер... Артэк.
Ракаў. 20.I.1993
Сінема
(аповесць пра суперажыванне)
1 — Алкаголь
Сiнема лепш чым кiно, бо да слова «кiно» занадта многа рыфмаў — вiно, даўно... А Жуль Рэнар пiсаў, што рыфмы псуюць прозу, праўда, я з iм не згодны. Вось, напрыклад, «вiно — кiно», тут жа не толькi рыфма, тут ёсць i сэнсавая сувязь. Што рабiць увечары? Пiць? Большасць маiх суайчыннiкаў так i робiць. А калi не пiць? Тады iсцi ў кiно.
Толькi гэта не галоўнае. У слове «сiнема» чуецца нешта iтальянскае, можа, сiняе мора, можа, сiняя смуга, а можа яшчэ што-небудзь. А без Італii няма кiно. Але пра гэта пазней. Вернемся да алкаголю.
Была ў мяне дзяўчына. Нiшто сабе габрэйка з вельмi заможнай сям’i, яе бацька помнiкi на могiлках рабiў. Адносiны ў мяне з габрэйкаю былi абуральна-цнатлiвыя, вось мы i хадзiлi ў кiно. У той раз, пра якi буду гаварыць, я ўзяў квiткi ў кiнатэатр «Цэнтральны». Кiнатэатр неблагi, толькi стаiць занадта блiзка ад вакзала, i адпаведна публiка там, выбачайце, свiны мешань. На кiначасопiс мы спазнiлiся, i, як на гора, мне яшчэ захацелася ў прыбiральню. Праўда, я не з тых людзей, што саромеюцца сваiх жаданняў. Яшчэ ў дзiцячым садку мяне прывучылi паважаць арганiзм. «Пачакай, я хутка», — сказаў я габрэйцы i пайшоў. Іду праз курылку. І якi разумнiк прыдумаў буфет i курылку з прыбiральняй побач зрабiць?! Буфет быў зачынены, а ў курылцы на лаўцы пляшка гарэлкi стаяла. Ну стаiць i стаiць. Мне што? Паглядзеў я кафлю над пiсуарам, вяртаюся. Пляшка на месцы. Зiхцiць! Узяў яе ў рукi. Закаркаваная. «Чыя гарэлка?» — спытаў я ў буфетных i прыбiральных дзвярэй. Цiха! Адкаркаваў я пляшку i выпiў з рыльца больш за палову цёплай, ледзь пракаўтнуць, вадкасцi. Паставiў я пляшку на месца i пайшоў цешыцца з дасягненняў кiнематографа. Як iшоў, як па чужых нагах таптаўся, як сеў — помню. А што на экране было — не помню. Адныя плямiны чырвоныя i зялёныя i яшчэ жоўтыя засталiся ў памяцi. Дзiва, што хоць плямiны засталiся. Кепска мне зрабiлася. Заля поўная, цёмна, дыхаць няма чым. Выйшаў я разам з брыдкiмi словамi, што ў мяне гледачы запускалi. Добра, што не званiтаваў iм на плечы. Абышлося.
А вось у кiнатэатры «Партызан» не абышлося. У Алеся Ласевiча была хата, так выйшла, што кватэру яму далi, а хату не знеслi. Мы ў ёй майстэрню зрабiлi. Мальберты, карцiны на сценах, канапа i, вядома, натуршчыцы. Маладыя гады, маладыя жаданнi, як пiсаў класiк. Запрасiлi мы Касю Рогаву. У Касi пастава, я вам скажу, усе мужыкi азiралiся. Не фатографы i розныя там кiна-тэле-клiпа-рэжысёры, а звычайныя пралетарыi. Высокая васемнаццацiгадовая дзеўка, а важыла, пэўна, цэнтнер. Вось так. «Верх здыму, а нiз не!» — сказала, як адрэзала, наша натуршчыца. «Здымеш, гэта толькi пачатак. Сорам адолееш i здымеш свае майткi. Як i ўсе папярэднiцы здымалi», — падумаў я i пачаў фарбы на палiтру выцiскаць. «У цябе што, лажа?» — спытаў Алесь. Кася паружавела i сказала, што, калi б у яе была менструацыя, яна зусiм не прыйшла б, бо ў хаце нават гарачай вады няма. «Адвярнiцеся». Мы адвярнулiся. «Усё!» Я павярнуўся i... закусiў шчаку, каб не засмяяцца. Кася Рогава стаяла пасярод майстэрнi, шырока расставiўшы свае манументальныя ногi i высока ўзняўшы галаву, не раўнуючы Жанна д’Арк у парыжскiм натоўпе. Важкiмi кулакамi Рогава ўпiралася ў свае смятанныя клубы. У адным з кулакоў яна зацiснула станiк. Я глянуў на Алеся i мацней закусiў шчаку. Што зрабiў Алесь, каб не зарагатаць, не ведаю. А я пракусiў сам сабе левую шчаку. У роце зрабiлася салёна. Я схiлiўся i плюнуў на палiтру, каб запэўнiцца, што поўны рот крывi, а не слiны. Смех прапаў.
«Пакладзi станiк i стань нармальна». Голас у мяне быў нейкi вайсковы, i Кася паслухмяна паклала на канапу белы станiк, зняла майткi i стала спакойна i асуджана, як жанчыны становяцца ў доўгую чаргу. Я пiсаў толькi торс: плаўныя ключыцы, налiтыя грудзi з ружовымi, што мальвы, саскамi. «Мне холадна!» — Касiны блакiтныя i пустыя вочы глядзелi на мяне патрабавальна. «У мяне ёсць вiно», — з-за мальберта вынырнуў рабы Алесеў твар. Мы выпiлi дзве бутэлькi горка-салодкага «Агдаму» i не прыдумалi нiчога лепшага, як пайсцi ў кiнатэатр.
Заля была паўпустая, мы селi на першы рад i пачалi смяяцца, пэўна, выходзiў той «ржач», якi мы праглынулi ў майстэрнi. Кiначасопiс скончыўся, запалiлася святло, да нас прычыкiльдыгала наглядальнiца. Яе азызлы, што вараная цыбулiна, злосны тварык з выбеленымi вусiкамi i бурачковым ротам наблiзiўся да мяне: «Будзеш смяяцца, выведу з залi!» Смяяцца расхацелася, захацелася сыграць джаз. Пад экранам блiшчэла чорнае пiянiна. Алесь iграў, Рогава спявала, як жыхарка амазонскае сельвы цi як Іма Сумак, я iмiтаваў Армстронгаву трубу, заля свiстала, тупала, лаялася i крычала. Такi поспех здараецца адзiн раз на ўсё жыццё. На вулiцы было свежа пад буйнымi зялёнымi зоркамi. І я натхнiўся i, абняўшы Рогаву, сказаў, што самыя вялiкiя зоры адбiваюцца ў цёмнай вадзе Амазонкi.
А з вадою, толькi не з рачною, а басейнаваю, у мяне знiтаваны яшчэ адзiн выпадак. У кiнатэатры «Спартак», цяпер гэта Дом работнiкаў гандлю, быў шыкоўны буфет. Мясцiўся ён на антрэсолях, а не каля прыбiральнi ў сутарэннях, як у «Цэнтральным» i «Партызане», дарэчы. За стойкаю там усмiхалася круглатварая дзявуля, якую мы празвалi Рэпа. На верхняй палiцы ў Рэпы стаяла вiно. На iтальянскi фiльм «Мы так любiлi» у «Спартак» мы прыйшлi учацвярых — Я, Алесь, Жанна i Вовiк. Мы доўга разглядалi верхнюю палiцу з вiном. «Кабернэ», «Рыслiнг«, «Такайскае»... Мы скiнулiся i ўзялi партугальскi «Марцiнес». Мы сядзелi на першым радзе i пiлi чырвонае моцнае вiно i смяялiся i глядзелi трагiкамедыю.
«Тры маладыя i вясёлыя рымлянiны закахалiся ў адну дзяўчыну. Яна iх таксама любiла i нават пераспала з iмi па чарзе. Ну, вядома, рэўнасць, начны Рым, фантан, лiхтары, смех, паданне ў фантан... Буйны план — вочы i слёзы. Буйны план — усмешка. Яна — ён. Яна — ён (толькi ўжо другi ён)». Мы п’ём вiно, як дамовiлiся, маленькiмi глыткамi. «Сваркi. Героi махаюць рукамi. Так умеюць махаць толькi iтальянцы. За адно iмгненне пралятае дваццаць гадоў. Яна выпадкова сустракае аднаго з iх. Яны п’юць у бары вiно». Мы таксама п’ём пакрысе, каб расцягнуць кайф. «Яны знаходзяць яшчэ аднаго з старых знаёмых. Яны ўсе бедныя i вясёлыя. Праз даведку яны даведваюцца адрас чацвёртага. Ідуць да яго. Вялiкая вiла з басейнам. Ён у махровым халаце выходзiць з вiлы, iдзе праз разарый да блакiтнага, хутчэй, колеру марской хвалi, басейна, скiдае халат i ўзбягае на вышку, ён ляцiць у ваду. Стоп-кадр. Ён вiсiць над басейнам колеру марской хвалi. А жанчына i яе сябры пацiскаюць плячыма, смяюцца i сыходзяць. Канец». У Вовiка парожняя пляшка з-пад «Марцiнеса», i ён п’яны. Так заўсёды, нехта напiваецца першы, хай сабе i дамовiлiся пiць маленькiмi глыткамi. Усе смяюцца i кажуць, што гэта я нырну ў басейн, ажанюся з габрэйкай i пабудую вiлу. Я, вядома, не супраць вiлы з басейнам. Але кажу, што нырне Вовiк. Вовiк кажа, што Алесь.
Мы ўтрох не нырнулi ў басейн колеру марской хвалi. Вiла толькi ў Жанны. Яна выйшла замуж за нашчадка аўстра-венгерскага пана i пераехала з Мiнска ў Чарнаўцы. Жанна пiша вялiкiя карцiны на сюжэты накшталт «Уз’яднанне Букавiны з Украiнаю», някепска зарабляе i жыве з мужам i сынам i свякрухаю на хутары. Толькi хутар той — гэта не хата з хлявом пасярод лесу пад Налiбокамi, а сапраўдны маёнтак i басейн ёсць, вось вам. Гэта мне Жаннiн бацька расказаў, толькi паскардзiўся, што ўнук не гаворыць нi па-беларуску, нi па-расейску, а толькi па-ўкраiнску, i ён, дзед, не ўсё разумее.
2 — Дом кiно
Дом кiно я не люблю. А хто яго, зрэшты, любiць? Можа экзальтаваныя дурнiцы, што прыехалi ў сталiцу з райцэнтраў ды так i засталiся ў сваiм развiццi на ўзроўнi касiрак? Цi можа дападныя юнакi, якiя бачаць у снах рэжысёрскую кар’еру? Не. Нават яны не любяць мiнскi Дом кiно. А за што яго любiць? I сапраўды. Можа за тое, што там часам паказвалi галiвудскiя кiнастужкi з стрыптызам, лабок на ўвесь экран, дый садызмам, кроў капае з кулака? Цi за тое, што дзябёлая барменка налiвае разбаўлены каньяк? А мо за творчыя вечарыны?
На адной з такiх вечарын я выступаў у якасцi паэта. Вечарына называлася «Мова паэзii i мова кiно». Пракруцiлi два фрагменты, адзiн з «Мальбы» Абуладзе, другi з «Люстэрка» Таркоўскага. У даным выпадку пра якасць гэтых стужак гаварыць не выпадала. Я выйшаў да мiкрафона i панёс на Абуладзе, напэўна, дарма, але я абураўся, што ў расейскiм варыянце «Мальбы» ўсе вершы чыталiся з дзiкiм грузiнскiм акцэнтам. Нiбыта iх чытае не прафесiйны актор, а савецкi салдат грузiнскага паходжання, якi ледзь навучыўся разбiраць кiрылiцу. Культывацыя ўсялякiх акцэнтаў i iмiджаў — адна з самых брыдкiх з’яў савецкага мастацтва. І можна было б уявiць абурэнне расейцаў, каб вершы Пушкiна з «Люстэрка» пасля дубляжу на ангельскую мову загучалi б з акцэнтам. Але што вялiкiм народам да праблемаў малых?! Яны пануюць, яны гаспадары свету, яны ператвараюць мовы ў акцэнт, а нацыянальную самабытнасць i самакаштоўнасць у сувенiры, бутафорыю, iмiдж.
Дом кiно. Гэта на паперы «дом» i «кiно». А ў сапраўднасцi яго няма, ёсць чырвоны касцёл, якi часова абсталявалi пад адмiнiстрацыйны будынак з кiназалаю.
А каб у Мiнску сапраўды быў Дом кiно, трэба спачатку займець сваё беларускае кiно. А як яго зрабiць, гэтае беларускае кiно? Напэўна ж так, як iтальянцы зрабiлi сваё. Як Алясандра Блазецi ў сваёй нататцы «Або iтальянцы, або нiчога» пiсаў:
— «Рым — адкрыты горад» — сапраўдная слава iтальянскага кiно, сапраўдны паварот у сусветным кiнамастацтве, — меў той поспех, якi ён меў, i гэта аднадушнасць замежных прыхiльных водгукаў разнесла ўшчэнт слепаваты педантызм абмовак некаторых iтальянскiх крытыкаў — бясспрэчна i толькi таму, што яго паставiў iтальянец, сцэнарый напiсалi iтальянцы, ролi выконвалi iтальянцы, удзельнiчалi iтальянскiя статысты i зняты ён быў у Італii. Менавiта гэты ягоны цалкам iтальянскi «характар», з усiмi вартасцямi i недахопамi, нават памылкамi (але iтальянскiмi), адрознiвае фiльм па ягоным духу ад усёй астатняй сусветнай кiнапрадукцыi...
...Для тых, хто захоча ўгледзець у маiх турботах тупы «нацыяналiзм», рэцыдывы iтальянскага фанатызму, а не сапраўдную праблему характару, а, як следства, i стылю, нагадаю, што за ўсю гiсторыю кiнамастацтва фiльмы, створаныя ў вынiку «мiжнародных» камбiнацый, нiводнага разу не мелi трывалага поспеху.
А беларусы?
Як казаў двухмоўны паэт Шэлехаў — супрацоўнiк кiнастудыi, што стаiць каля станцыi метро «Маскоўская»: «Зрэдку я сустракаю ў калiдорах беларусаў, раз на месяц, а то i радзей, але што яны там робяць, я не ведаю».
I я таксама не ведаю. Дык якi ж, прабачце, Дом кiно ў Мiнску?
3 — Эротыка
Эротыка ў кiно для мяне — тое самае, што i палiтыка ў кiно. Праўда, гэта цяпер кожны фiльм мае эратычныя сцэны, а раней нябачны i ўсёмагутны цэнзар выстрыгаў з замежных стужак усю, як тады лiчылi, парнаграфiю, усю, як цяпер кажуць, эротыку. Палiтыку цэнзар таксама выстрыгаў, але ад гэтага стужкi не рабiлiся карацейшыя, бо дублёры проста гаварылi не пра «халодную» вайну, а пра халодныя закускi. А ўявiце сабе — якi фiльм можна было зманцiраваць з гэтых павыстрыганых кавалкаў! Думаю, бiлеты распрадалi б на год наперад. Але гэта нездзяйсняльная мара. Хоць у такiм вось кiрунку i працуюць аматары падпольнага мастацтва — айчынныя кiнамеханiкi. Тое, чаго не выстрыг магутны i нябачны, выстрыгае просты кiншчык. Апагей стрыжкi, вядома, у войску, але i на волi робяцца эратычныя калажы. Сакавiтая Гундарава ў начной паўпразрыстай сарочцы на голае цела («У чацвер i больш нiколi») не паспявае i слова сказаць, як на экране — iмiтацыя акта («Мужчына i жанчына»), а потым расейская музыка i жанчына-мара («Белае сонца пустынi») заходзiць у крынiчную ваду i павольна ўздымае спаднiцу, вышэй i вышэй i... чорна-белы труп даўганогай iтальянкi («Прызнанне камiсара палiцыi пракурору рэспублiкi») кладуць у апалубку i залiваюць цэментам.
Напэўна, у кожным кiнамеханiку тоiцца кiнарэжысёр з кiнааператарам. І чаму iм не таiцца, калi ў кожным дырэктары кiнатэатра жыве i квiтнее цэнзар. Хачу пушчу, хачу не пушчу, закажу — не закажу, прывязу — не прывязу. А план усё роўна будзе, адзiн iндыйскi фiльм на месяц, напрыклад, «Ноч у Бамбеi», i план ёсць.
А што рэжысёры?! Анiчога. Адзiн Фелiнi, па чутках, быў супраць продажу сваiх фiльмаў у СССР. Дык гэта Федэрыка Фелiнi! Сапраўды. А можа, у свеце i ёсць адзiн рэжысёр — Фелiнi? Не? Сапраўды, ёсць i Вiсконцi, i Розi, i Пазалiнi, i Антанiёнi, i Берталучы... Адны iтальянцы? Нешта не тое? Тады, ёсць Буньюэль з сваiм «Андалузскiм псом». Раз убачыш i нiколi не забудзеш...