I ўсякі новы раз, каб апынуцца сам-насам са скарбам, вандроўца мусіць заходзіць усё далей, і ўсякі новы раз далечыня аддаляецца — захоўваючы сябе і хаваючы ў сабе тое, што для вандроўцы скарб.
У тым, што вандроўца (паэт) прыходзіць да калодзежа і чакае, што норна дасць таму, што ён прынёс з сабою, найменне, выяўляцца старажытная таямніца: творчасць — сутворчасць. У ёй саўдзельнічаюць два пачаткі: чалавек і багіня, у дадзеным выпадку «я» і норна. Таямніца старажытная, а норна сівая. Аднак на гэты раз сутворчасці не адбываецца, і вымогі норны знайсці найменне марныя. Наймення ў калодзежы не аказваецца, а выдумаць яго яна не можа.
Што здарылася? Што змянілася? Чаму не дзейнічае правіла і што выяўляецца гэтым не-дзеяннем? І гэты раз усё было, як і папярэднія разы, нават лепш, і здабыты скарб, як ніколі раней, багаты і гожы, аднак няма яму ў калодзежы наймення. Мы не ведаем правіла ва ўсім яго змесце, а — адно ў выніку, у тым, што найменні адшукваюцца і даюцца, і тое, што цяпер найменне не адшукваецца і не даецца, кажа пра нешта, што ў правіла не ўмяшчаецца. У правіла не ўмяшчаецца парушэнне; яно не чужое правілу, яно празмернае і, празмернае, у выніку выяўляецца выключэннем з правіла. Выключэнне вынікае з самога правіла, з яго згушчанасці, з «лепш», з таго, што на гэты раз скарб аказаўся занадтым і выключным, пра што ўскосна сведчаць ягоныя азначэнні.
Гэтым разам вандроўца (паэт) зайшоў далей чым калі, і скарб, якім ён захапляецца, аказваецца скарбам для яго самога: краіна не хоча (альбо не можа) яго прыняць. Тое, што здабытак можа аказвацца не суадпаведным нечаму, сведчыць пра рызыку дзейнасці, якую здзяйсняе паэт. Яна ніколі не ёсць аўтаматычнай, ніколі не ёсць проста функцыяй, кожны раз яна мае справу з патаемным.
Паэт (вандроўца) ідзе да калодзежа, захоплены тым, што нясе, ён ведае яму вартасць, і, здавалася б, такі выключны набытак займее суадпаведнае найменне. Ён чакае, і калі раптам нічога не атрымлівае ад норны, скарб, не схоплены, выслізгвае ў яго з рук. Надта вялікай аказваецца розніца між чаканым і атрыманым / не атрыманым! /, і гэтая розніца ўтварае прагал між скарбам, які мусіла б займець краіна, і самой краінай.
Утварае, бо выяўляе: тое, што было ўглыбіні, апынаецца на паверхні.
Ніхто нічога не можа паправіць.
Ніхто нікому нічым не можа дапамагчы.
Тым самым чынам, якім папярэднія разы найменні даваліся, на гэты раз яно не даецца.
Слова здзейснены сон, але на гэты раз ён не здзяйсняецца. Затое здзяйсняецца і выяўляецца тым самым чынам, якім скарб не выявіўся, верш.
Скарб, што выслізгвае з паэтавых рук, схоплівае верш, аднак і сам ён мусіць заўсёды схоплівацца: у ім ёсць тое, што існуе як магчымасць і выяўляецца, калі асягаецца. Выключэнне ведае і правіла і нешта яшчэ, звыш яго, а верш усім гэтым ёсць.
Агучваць тое, што ёсць тут, — для гэтага не трэба дапамогі норны. Паэт прыносіць сюды тое, што ёсць там і потым, і такім чынам тут і цяпер праракуе тое, што ёсць там і потым.
Паэт прарок, які абвяшчае тое, што ёсць.
Гук спараджае водгук, аднак і сам ён ужо водгук на невымоўнае; скарб, выносячыся з далечыні ў блізіню, мае патрэбу ў найменні, аднак і сам ён ужо найменне таму, што не ўкладаецца ў шкалу коштаў.
Падаючыся ў далечыню, паэт здабывае скарб, а зваротным шляхам здабывае для скарбу слова. Пакуль скарб не названы, ён зроднены і з'яднаны з ім, але калі названы апынаецца без яго. Слова пераймае ў паэта скарб, і ён імкнецца да гэтага. Не пераняты, скарб траціцца, а сам вандроўца апынаецца не вернутым.
Вандроўца прыносіць скарб не ў руках, а ў сне, аднак рукі дбайныя і пры першай магчымасці гатовыя яго пераняць («схапіць»), Тое, што бачыцца, яшчэ не зусім рэч, рэччу яно становіцца, калі намацваецца, калі яго маюць рукі. Каб гэта адбылося, вандроўца і прыходзіць да калодзежа норны.
Выключэнне ўводзіць у правіла чыннік невядомасці: несуадпаведнае правілу, яно нагадвае правілу аб тым, што па-за ім ёсць тое, чаго яно само не «схоплівае».
Сваім зваротным шляхам паэт кожны раз «сшываў» далечыню і блізіню, але на гэты раз ці не занадта вялікай аказалася адлегласць, і «шво» не трымае іх разам.
Сны паэта гэта ўжо толькі яго сны, яны не вымаўляюцца, а таму не ўвасабляюцца ў рэчаіснасць, і паэт не прарок.
Мера раўнавага паміж сваім і не сваім, унутраным і знадворным, сабою і рэчаіснасцю, і патаемнае беражэ яе.
Калі «я» захоплівае нешта звыш меры, яно само апынаецца захопленым тым, што нясе з сабой як здабытак.
Што азначае гэты не водгук норны? — што раўнавага парушылася і вандроўца прынёс з сабою нешта, што не ўкладаецца ў меру? Што ён прынёс скарб, які выпадае з магчымага вымярэння? I што ён захоплены гэтым скарбам так, што ім сніць? Ці, зрэшты, гэтак было заўсёды: вандроўца прыходзіў да калодзежа ў сне, і калі норна перайначвала сон у слова, абуджаўся і быў ужо здольны «дбайна і моцна» схапіць тое, што насамрэч мае?
Нягледзячы на тое, ці прыйдзе хто да калодзежа, ці не, норна знаходзіцца там, дзе знаходзіцца, як сама ўласцівасць быцця, як яго патаемная магчымасць аб'яўляцца і аб'яўляць тое, што мае быць. Уласцівасць — заўсёдная магчымасць, магчымасць — уласцівасць, якая пільнуе суадпаведнае, і калі яно настае — выяўляе яго і выяўляецца ў ім.
Увесь зваротны шлях паэта — шлях да слова. Слова пераймае скарб як тое, што яно ведае ад пачатку, і пакуль яно не пераняло яго, няма яшчэ і самога слова.
Той скарб, які паэт асягае ў далечыні, даецца яму як дар, які ён мусіць данесці да мэты, — ён мусіць свяціць і быць святам для яго краіны. Паэт нясе з далечыні святое.
Услухоўваючыся ў інтанацыю верша, адчуваеш, што ў ёй выгаворваецца нейкая затоенная жальба, і сам верш гучыць як адгалосак нейкай, глыбока затоенай, падзеі; падзея адбылася ў глыбіні сэнсу, а мы распазнаем яе з ускрайку. Аднак верш вымаўляецца і таму, што вымаўляецца, уводзіць нас у невымоўнае.
У вершы выяўляецца сама з'ява творчасці. Паэт не творыць скарб, ён яго атрымлівае ці асягае. Ён асягае тое, што ўжо нейкім чынам ёсць, але ёсць не тут, а каб быць тут, мае патрэбу ў тым, каб уцелясніцца, і ўцелясніцца ён можа адно ў тым, у чым сумяшчаюцца далечыня і блізіня, — у слове. Верш здзяйсняецца, калі «цуд» урэчаісніваецца, а «сон» спраўджваецца.
У «Слове» цуд урэчаісніваецца, а сон спраўджваецца.
Алесь Разанаў
Нарадзіўся 5 сьнежня 1947 году ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці. Вучыўся ў БДУ, але быў выключаны за патрабаваньне беларусізацыі ўнівэрсытэту. У 1970 годзе скончыў Берасьцейскі пэдагагічны інстытут. Працаваў у «ЛіМе», «Роднай прыродзе», выдавецтве «Мастацкая літаратура», часопісе «Крыніца». Паэт і перакладчык, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы.