«Вестка-лёс» — другое безназоўнае і па-свойму прысутнае ў вершы слова.
I яшчэ — бацька «сее той бок». Чаму той бок, а не ўсё поле? Ён жа, здаецца, арэ ўсё поле, а не толькі «той бок». Калі чытач спытаецца пра гэта ў аўтара, той, мусібыць, спашлецца на сам верш: так хоча верш і верш ведае, што так мае быць. Дзеянне, што спраўджваецца тут, прарастае з таго свету і не ўкладаецца ў геаметрычны расклад. Яно як бы парушае яго, уводзіць яго ў асіметрыю ці, больш дакладна, у адваротную сіметрыю, бо тое, што т у т выяўляецца, т а м ёсць, а калі выяўляецца, то не як адлюстраванне, а як узаемапрацяг, супадзенне адметнасцяў.
Гэты свет нахілены ў той свет, і гэты бок скрануты ў той, але — семантычнае пытанне: які ён, той бок, правы ці левы? І якою рукою — правай ці левай — бацька засявае яго?
Тое, што робіць бацька, вынікае са спрадвечнай праўды жыцця, ён спраўджвае справу і вызнае правіла, і яго дзеянне семантычна найбольш суадносіцца з тым, што азначаецца найменнем «правы» (так, па-стараславянску «правы» гучыць як desnъ, па-літоўску як dešinys, на санскрыце — dakşinah, і значэнне яго апялюе да дзеяння). Правы — трэцяе, адчытанае намі безназоўнае слова ў вершы, і, як назоўныя, яны (словы) безназоўныя па-рознаму. «Правы» натуральна ўпісваецца ў пазначаную гукасэнсавую ізаглосу (тую, дзе «ралля», дзе «рай», дзе «радно»), і ўскосным пацвярджэннем, што яно дарэчы, вершу адгукаецца евангельская асіметрыя: «Ісус ім кажа; дзеці, ці маеце што есці? Яны адказалі: не. Тады ён ім кажа: закіньце невад на п р а в ы бок лодкі — і здабудзеце» (Ян: 21, 6). У змесце з'явы ўгадваецца яшчэ адна рэалія — конь, але семантыкай верша яна не запатрабавана і — безназоўным словам не становіцца, яе роля перадаверана плугу.
Тут, на полі няма нічога цвярдзейшага за плуг: ён зрушвае раллю з месца і зрушвае так, што гэтае зрушэнне не спіхвае яе, а будзіць, уводзіць у здзейсненасць. Зрушаная ралля — скранутая. Плуг аддзяляе ад нерухомага поля «скібы раллі», ён перапарадкуе поле, парушае яго і сцеле пад бацькавы ногі сцежку: ідучы за плугам, бацька заўсёды мае, куды ісці.
Плуг змайстраваны і з аб'яўленых у вершы рэаліяў больш за ўсё здзейнічаны: бацька ідзе за ім, як за сваім павадыром, і здзяйсненне набывае свой кшталт.
Плуг не ад поля, але пільнуе поле і не можа ад яго нікуды падзецца. У ім ён выяўляе сябе, і з ім поле дзейсніцца. Тое, што дзейсніцца, набывае здольнасць прыходзіць у канец і вяртацца ў пачатак, і «вечнасць даўно» бярэ ў гэтым удзел. Каб ісці, трэба, каб нешта заставалася ззаду і паўставала наперадзе, а яно застаецца і паўстае, калі дзейсніцца і здзяйсняецца.
«ПАЭЗІЯ: УВОДЗІНЫ Ў НЕВЫМОЎНАЕ»
(Гутарка Анатоля Івашчанкі з Алесем Разанавым)
Пра шлях і пошук
— У літаратуразнаўстве існуе панятак: «медытатыўная лірыка», які часцякам прымяняецца і ў дачыненні да Вашых твораў. Пад ім разумеюцца вершы філасофскага зместу, «вершы-роздумы», дзе лірычны герой рэфлексуе з пэўнае нагоды. Ці не падаецца Вам, што гэты панятак не зусім карэктны? Бо вяршыняй медытатыўнае практыкі ёсць «пусты розум» ― стан свядомасці, пры якім разумовая дзейнасць наогул спыняецца. Блытаніна, мабыць, палягае ад перакладу вытворнага з лаціны: meditatio — роздум, разважанне.
А. Р.: Азначэнне ідзе ўслед за з'явай і кожным разам мусіць фармулявацца нанова ці, па меншай меры, дафармулёўвацца і ўдакладняцца. У сваёй творчай прасторы я дакладна распазнаю і акрэсліваю тое, што напісалася ці хоча напісацца: версэты, вершаказы, зномы, пункціры ці традыцыйныя вершы. Калі па-за ёю — тут усё занадта агульна. Прынамсі, з найменнем «лірыка» я не звыкся і са сваёй творчасцю не суадношу. «Страла і мэта» — калісьці назваў Уладзімір Калесьнік артыкул пра маю творчасць. Двое — яны адно: і намацаная мэта гэта ўжо і пушчаная страла. Што да медытатыўнай лірыкі, дык гэта страла, пушчаная некуды,— у ноч. Але не ў нікуды, і ноч, у якой усё раствараецца і ўсё прысутнічае, уцягвае яе ў сваё бязмежжа, а здані распачынаюць з ёю сваю размову. Тут шмат зману, і парадай маглі б быць словы Адама Міцкевіча: «Май сэрца і глядзі ў сэрца». А тое, што вы называеце «пусты розум»,— перш за ўсё розум, вольны ад асабовасці, і ён застаецца такім, пакуль страла ляціць ад, Але калі яна са здабыткам досведу (ці, больш дакладна, самім здабыткам досведу) зварачаецца да, «пусты розум» сублімуецца ў логас і здольны ўкладацца ў словы.
— «Гановерскія пункціры» напісаныя ў іншай культурнай, прасторавачасавай сітуацыі. Магчыма, дзеля таго, каб належным чынам успрыняць іх, трэба, прынамсі, уяўляць той кантэкст?
А. Р.: «Гановерскія пункціры» маюць сваю спецыфіку і ад айчынных пункціраў адрозніваюцца тым, што ўзніклі ў асяродку, які мне давялося асвойваць і засвойваць, і ім абумоўліваюцца. У іх нешта ёсць і ад нататкі, і ад замалёўкі. Гановер у іх прысутнічае відавочна, а ў прысутным мне важна было заўважыць сутнае. Ці, можа, нават самому заўважыцца ім, і, мабыць, таму, што я быў на гэта настроены, раз-пораз то адзін, то другі гановерскі пункцір кранаў мяне за рукаў.
— Мабыць, самай жанрава нязменнай формай вершу ў Вашай творчасці ёсць версэт. Дастаткова прыгадаць нізку «Заваёўнікі», што складаецца з дваццаці твораў, якія пісаліся цягам дваццаці гадоў. Чым Вы тлумачыце такую статычнасць версэту?
А. Р.: Той змест, што настойліва падступаўся да свядомасці, ужо не ўкладаўся ў ранейшыя формы. Ён падступаў знутры, як сон, і хацеў урэчаісніцца. Як? Словаў яшчэ не было, а матрыца ўжо намацалася і займела найменне.
Версэт стаўся, прынамсі для мяне, калі не універсальным, то сінтэтычным жанрам. Канцавыя рыфмы традыцыйных вершаў ён развёў па сцежках радкоў і здолеў паказаць, што самыя розныя гукі могуць суадгукацца паміж сабою, калі яны ўведзеныя ў адпаведнае сэнсавае поле,— сэнсарыфмавацца. Магчыма, у ім нешта ёсць ад Ur-мовы (першамовы). Некалькі разоў — у Швецыі і Нямеччыне — слухачы аб'яўлялі: мы зусім не разумеем беларускай мовы, але нам здаецца, што мы разумеем тое, што чуем...
Што да «Заваёўнікаў», яны пісаліся не цягам гадоў, а наплывамі, і ўсё яшчэ застаюцца дарэшты не выказанымі, хоць я іх і змусіў прыйсці да завяршэння.
— У адным з версэтаў, друкаваных у «Дзеяслове» №17, ізноў з'явіўся архетып шляху. Ці можаце даць дэфініцыю Вашага разумення Шляху? Ці змяняецца яна цягам жыцця?
А. Р.: У «Першай паэме шляху» ёсць радок, які яшчэ не паспеў ад мяне адступіцца: «Я той, хто шлях і хто па ім ідзе». Шлях больш чым архетып. Архетыпы ўтвараюцца са слядоў і з досведу, азначанага гэтымі слядамі. Яны на шляху, а шлях імкне ва ўсё большую наступнасць і ў гэтым сваім імкненні вызваляецца ад усяго, што было, у гым ліку і ад архетыпаў.
«Мушыны рэалізм»
— Наколькі ўтульна Вам пачувацца ў сённяшняй літаратурнай сітуацыі — у параўнанні з часамі «Крыніцы», да прыкладу?
А. Р.: Уражанне: айчынная літаратура распалася на паасобныя дзялянкі і латкі, апынулася без стрыжня. Не ведаю, каму ўтульна ў такой сітуацыі, але самой літаратуры — не. Ва ўсе часы яна была Ватыканам у Рыме і ўтым, што пісалася і гаварылася, захоўвала нешта большае за самое тое, што пісалася і гаварылася. Цяпер усё агалілася, таямніцы пазнікалі, і рэалізм — не толькі і не столькі ў нас, але шырэй-шырока — займеў яшчэ адно ўвасабленне.
— Якое?
А. Р.: Умоўна і не ўсур'ёз гэта мушыны рэалізм, ці, калі скарыстацца назвай навэлы Юрыя Станкевіча, рэалізм «ізумрудна-зялёных мухаў», Альбо яшчэ вельмі-рэалізм. Мухі ды чарвякі — найпершыя істоты, якіх вабіць тое, што распадаецца, псуецца, гніе. Ім гэта падабаецца, у гэтым яны знаходзяць спажытак, і — галоўнае — саміх сябе. Яны вельмі-рэалісты, і самою сваёю актыўнай прысутнасцю сведчаць, што з целам рэчаіснасці нешта не так.
— Ва ўсходніх вучэннях адвяргаецца інтэлектуальны пошук, бо, маўляў, усё ўжо ёсць у самім чалавеку. Як Вы ставіцеся да гэтае тэзы?
А. Р.: О не, на Усходзе пошук, калі ён на самой справе пошук, куды больш самаадданы і мэтанакіраваны, чым на Захадзе. Чалавек мусіць адасобіцца ад сябе-абалонкі і дайсці да сябе-сутнасці. Кручы і прорвы, што яго чакаюць на гэтым шляху, сапраўдныя. Але і вынік сапраўдны.
«Паэзія павінна пераўзыходзіць майстэрства»
— Чым розніцца энергетыка літаратурнага свету Нямеччыны й Беларусі?
А. Р.: Нямецкая літаратура забяспечаная большымі магчымасцямі і мае большую вагу. У яе полі здаўна сустракаюцца еўрапейскія літаратуры, а яе логас аўтаномны настолькі, каб не залежаць ад уздзеяння дыктатаў і ідэялогмаў. Што да ўдзельнай вагі, то ў беларускай літаратуры яна не меншая.