Давяраючыся ўнутранай логіцы верша, мы прыходзім да распазнання бацькоўскай сутнасці быцця, якое можа ўвасабляцца ў постацях і нават у рэчах і нават можа зусім не ўвасабляцца, а быць толькі водсветам, водгукам, невідавочнай прысутнасцю нечага, што мае да нас даўняе дачыненне. Мы распазнаём сябе ў тым, з чым мы зроднены і падобны, і тое, з чым мы зроднены і падобны, выступае падставай нашага спазнання і самаспазнання. Так, бацька — падстава спазнання і самаспазнання сына, а сын, узаемна, бацькі:
Але гэта толькі першая падстава — выяўленая. Другая падстава не выяўленая і невыяўная: быццё, не ўвасобленае ў постацях і ў рэчах, нябыт. Пытанне ў тым, ці можа рэчаіснасць абаперціся на нябыт як на сваю падставу? Ці можа яна ў сваім імкненні да самаспазнання не ўбіраць яго ў сябе, губляючы пры гэтым у размаітых праявах яго цэласнасць і чысціню, а самой увабрацца ім, набываючы ў ім сваё месца паказу ці самасведчанне?
У адрозненне ад філасофіі, якая мысліць катэгорыямі, паэзія мысліць істотамі, і таму, што яна мысліць істотамі, яна кажа паказваючы.
Безназоўны верш Яна Чыквіна прыводзіць нас да разумення істоты пытання, не задаючы пытання, і да прадчування істоты адказу, не даючы адказу.
Р. S.
Красамоўная дэталь: бацька сее не «вечнае» жыта і не «шаноўную» пшаніцу, а звычайны авёс, тым самым падкрэсліваючы звычайнасць і штодзённасць з'явы, што вымалёўваецца ў вершы, і не даючы ўзысці схематычна-асацыятыўным фігурам. I яшчэ адна дэталь, якую нельга абысці ўвагай,— семантычна багатая рэалія «радно». Сваёй архетыповасцю радно нагадвае поле, але, у адрозненне ад «вечнага» поля, яно згортваецца і разгортваецца, суадносячыся з парою і з бацькавым прыходам і адыходам. Сваімі сэнсамі і гукасэнсамі яно асвятляе і адцяняе шматузроўневую прастору верша і дафармулёўвае тое, што ў ім утойваецца. Напрыклад, «радно» чуе і распазнае ў сабе і рад — лад, паслядоўнасць, парадак, што гаспадарыць у прыродзе; і раду — перад тым, як зярнятам рассеяцца, яно збірае іх разам; і радасць у ім адзінкавае «я» выяўляе сваю многасць; і адно — яно не частка нечага, а цэласнасць, што займае сабою жыццёвы абсяг; і дно — апору, дзякуючы якой магчыма ўзыходжанне; і роднае — падставу, якою рознае ўраўноўваецца ў падобным; і Радаўніцу — свята, калі з нежывых у жыццё вяртаюцца людзі, якіх мы любім і памятаем, як вяртаецца на поле безназоўнага верша Яна Чыквіна бацька. Дый толькі яго знаходзіць і лучыцца з ім адзінаю ў вершы яўнаю і відавочнаю рыфмаю ўжо знаёмае нам «даўно», якім верш пачынаецца і завяршаецца.
Р. Р. S.
Бацька «сее той бок, дзе вечнасць даўно» — і ландшафт поля становіцца шматмерным. Калі ў поля ёсць той бок, павінен быць і гэты. Калі той бок займае вечнасць, то што займае гэты бок? Тое, што ёй супрацьстаіць? Тое, што з ёй атаясамліваецца? І ці ёсць тое, што можа ёй супрацьстаяць альбо з ёю атаясамлівацца? Пэўна, калі б было, тады ў першым выпадку поле апынулася б распадзеленым, а ў другім — выраўнялася б і бакі ў ім не вызначыліся б. Вечнасць склалася, і кшталт у яе просты і дасканалы. Просты, бо дасканалы. У параўнанні з ёю тое, што займае гэты бок, яшчэ не склалася, яно ёсць і яго няма, і таму што яшчэ не склалася, яно і не супрацьстаіць таму боку і не атаясамліваецца з ім. Яно складаецца — і таму складанае. Аднак у вершы ёсць чыннік, што з'ядноўвае сабою ўсё поле, той бок і гэты, тое, што склалася, і тое, што складаецца, тое, што ёсць цяпер, і тое, шго некалі ўжо настала і некалі яшчэ настане, і гэты чыннік — бацька.
Ідучы полем і ведучы за сабою раллю, бацька пастаянна пераходзіць мяжу між канцом і пачаткам, між «я» і «маё», між часткай і цэлым, і ўсякі раз ён ідзе супраць самога сябе папярэдняга. На полі бацька аднолькава жывы і нежывы: жывы — увасабляецца ў сваю звыклую постаць, нежывы — суадносіцца з бязмежжам, яны ў ім супадаюць: жывы — ён ужо не толькі жывы, нежывы — не толькі нежывы. Поле— месца, дзе дзейсніцца здзяйсненне, і калі яно дзейсніцца, усё дапасоўваецца адно да аднаго і ўсё неабходнае.
Бацька таясамны з тым, кім ён быў адпачатку, і ўсякі раз новы: ён ідзе і вядзе з сабой дзеянне, і дзеянне дзейсніць ёсціну таго, што ёсць. Ёсціна выклікае і выяўляе дзеянне знутры сябе, яна дзейсніцца і таму што дзейсніцца «бацька полем ідзе» і свеціцца «водсвет далёкага раю».
Адтуль, дзе вечнасць і рай, бацька вяртаецца не проста на ранейшае месца, а ў рухомую раўнавагу таго боку і гэтага, сваім прыйсцем ён пераадольвае іхні распадзел, а для самой ёсціны распадзелу нават не існуе.
Поле ў вершы двулеглае, і дзве легласці злучаюцца між сабою так, што не застаецца пісягу: ён супадае з імі абедзвюма не пакідаючы сябе. Анталагічны цэнтр верша — пісяг, семантычны — «і»: яны суадносяцца з бацькам, а ён, як мы ведаем, і плуг, і скіба раллі, і зерне, і водсвет далёкага раю (анталагічны націск вылучае назоўнікі, семантычны — злучнік), і змест верша, як вакол сваёй сарцавіны, збіраецца вакол «і».
Пісяг знікае і раствараецца ў праяўленым, і дзеянне, водсвет ёсціны, сведчыць, што цэнтр усюды і што кожная рэч уся рэчаіснасць, а навідавоку ўсё ёсць як ёсць.
Поле двулеглае, таму г э т а е ў ім супадае з т ы м, тое, што застаецца, з тым, што ідзе і адыходзіць, і нават калі бацька адыходзіць на «той бок», поле застаецца, і таму што яно застаецца, ён усё роўна вяртаецца сюды адусюль.
Рэчы і з'явы маюць свае найменні, зафіксаваныя ў мове, «і» таксама зафіксаванае ў мове, аднак у свеце рэчаў і з'яў не мае свайго адпаведніку. Яно — пісяг рэчаіснасці: ім усё дзеліцца, у ім усё супадае і з ім усё рухаецца далей — за мяжу супадзення і распадзелу.
Што робіць плуг, дык гэта накрэслівае на полі пісягі (і-і-і), і пакуль не пройдзе ўсё поле, не можа спыніцца, а калі пройдзе, калі «і» вымавіцца дарэшты, на полі не застаецца пісягоў, а ўзнікае новая якасць, у якой поле нанова супадае само з сабой.
Верш не толькі аднойчы-выказанае, але і заўсёды-выказванне, даходзячы да канца, ён уваходзіць у пачатак і, пераўзыходзячы межы, пакідае ў самым канцы і ў самым пачатку тойсамы знак — тойсамы след. Сумяшчаючы ў сабе абедзве легласці, бацька з'ядноўвае сваім прыйсцем тое, што дагэтуль было раз'яднана, і не прыйсці ён не можа. Ён прыходзіць як тое, што здзейснілася, каб увесці ў тое, што хоча і мусіць здзейсніцца, магчымасць гэтага. Ён прыходзіць з «даўно», застаючыся «даўно», а яно, не належачы гэтаму часу, усё адно злучана з гэтым часам — злучана бацькавым, а таму сваім прыйсцем. Яно прыходзіць сюды адтуль, і тое, што ёсць тут, скранае. Усё па-ранейшаму застаецца само сабой, але ўжо скранутае, у яго ўведзены рух, і дзеянне разгортваецца ў ім так, што выводзіць яго ў новае значэнне, і самы скрануты сярод усіх бацька. Ім дзейсніцца дзеянне, а яно адпачатку ведае, як яму дзейсніцца, бо вынікае з таго, што спраўдзілася: спраўджанае не бывае мінулым.
Дзеянне ўводзіцца ў цёмную існасць раллі і там знаходзіць сваё здзяйсненне — тое, што ведае напамяць дарогу адтуль. Вось жа, дзеля таго каб дзеянне змагло знайсці сваё здзяйсненне, бацька і прыходзіць з «даўно»; яно — новая якасць рэчаіснасці, і новае пазнае ў ім сябе.
Той, хто «даўно нежывы», на полі ажывае зноў: вольны ад смерці, ён сее з сябе і сее сябе, дзейснячы сваю спаканвечную містэрыю, і верш у ёй удзельнічае і яе выяўляе.
Безназоўны верш Яна Чыквіна ўдзельнік і сведка айчыннай містэрыі Азірыса, у якой звычайнае прысвячаецца і высвячаецца ў незвычайнае, бо ад самага пачатку ў сваёй аснове — у сваім «дне» і «радне» — яно ўжо мела ягонае зерне. І «водсвет далёкага раю» - водсвет гэтай містэрыі, ёсціны, што дзейсніцца і што, дзейснячыся, знаходзіць сваё.
Вечнасць таму і магчыма «даўно», што яна заўсёды нейкім чынам ёсць цяпер. I далёкі рай — ён з таго самага радна, што і авёс, і, як рай там, авёс тут таксама днее і свеціцца.
Верш — водсвет гэтай містэрыі.
Верш — водсвет самаадсутнасці Па-свойму тут усіх няма: і бацькі, і сына, і поля, і плуга, і зерня, але ў іхняй «нямасці» выяўляецца ёсціна.
Апроч відавочнай і яўнай рыфмы, у вершы прысутнічаюць няяўныя і невідавочныя: ён імі праняты і знітаваны, і гукасэнсавыя пісягі-барозны ідуць па ўсім яго полі, усярэдзіне знікаючы, на краі адкрываючыся: арэ – ралля – зерне – раю – сузіраюць -, водсвет – свет – аўсу – сее – вечнасць. А ёсць жа яшчэ безназоўныя словы: яны засталіся невымаўленыя, а вершу яны ўсё адно вядомыя. I першае безназоўнае слова — сын.
Назоўны бацька, безназоўны сын, і назоўным чынам суадносячыся з бацькам, безназоўным чынам ён суадносіцца з усім тым, што выяўляе і вымаўляе верш, і калі яно мае кшталт прадметнасці, то ён вольны ад яе, калі яно ўведзена ў дзеянне відавочным чынам, то ён невідавочным. Верш напоўнены зрокам, усё ў ім становіцца ўзаемаасабовым: зрок насяліў рэчы і з'явы, а рэчы і з'явы ўсяліліся ў зрок; у гэтай трансмутацыі той свет і гэты знайшліся адно для аднаго і растлумачыліся адно адным.
Асабовае ў вершы спалучана з агульным: пэўна, каб нешта адно страціла сваю ўласцівасць, астатняе таксама пачало б слепнуць.
Зрок бачыць тое, на што кладзецца «водсвет далёкага раю», і ўсё тое, што бачыцца, становіцца раўнаістотным. Рэчы і з'явы, асветленыя водсветам, набываюць здольнасць глядзець і бачыць, і гэтая здольнасць супадае з імі як іхняя, дагэтуль не выяўленая, магчымасць.
I нездарма зерне тое выніковае, з чым бацька мае справу: зярняты — дыскрэтныя адзінкі зроку: яны змяшчаюць у сабе наступнасць і бачаць наступнасць. Каб бачыць, трэба мець у сабе тое, што бачыцца, каб ведаць, трэба быць тым, што ведаецца. «Водсвет» — зрок таго боку, і калі ён распазнае гэташнія рэчы, рэчы ўжо не зусім гэташнія, а водсвет не зусім тойны.
Усё выяўляе і захоўвае сваё сутнаснае аблічча і супадае пры гэтым з нечым адным. Што ведае зерне пра поле, у якое яно падае і з якога вынікае? Яно сустракаецца з ім першы раз, аднак сутнасць зерня загадзя ведае сутнасць поля, і, сустракаючыся, яны супадаюць. Супадаюць сваёю адметнасцю. I гэтаксама сваёю адметнасцю супадаюць між сабою плуг і ралля, быт і нябыт, бацька і сын, у іх розныя постаці, але адна сутнасць, і, увабраўшы ўсё, кожны аб'яўляецца сабой. Каб спраўджваць тое, што мае быць, бацька прарастае з таго свету. Без удзелу таго свету плён немагчымы, і, дасведчаны, бацька цяпер адсылае ўзятае зерне туды, адкуль сам прыйшоў,— з відавочнага ў невідавочнае, з гэтага свету ў той, бо прарасці можна адно адтуль. Не засеянае, поле цёмнае і не паддаецца выказванню і выяўленню. Яно пачынае выказвацца і выяўляцца, калі ў ім ёсць тое, што здольна расці.
Бацька сее той бок тым, што само вярнулася з таго боку,— аўсом і сам, як авёс, вернуты. Мова вымавіла авёс як адзіна спраўджанае і найбольш дакладнае слова ў вершы. Сваімі гукасэнсамі яго прадбачылі і жадалі яго аб'яўлення словы, што ўвайшлі ў завяршальны радок верша — «сее» і «вечнасць». Больш за тое, яны намацалі і пацягнулі да сябе яшчэ далейшае слова, і найменаваны авёс сваім узмоцненым гукасэнсам амаль выявіў яго — слова, што ў цішы маўлення ўжо вымавілася і там мусіла заставацца, каб, аб'яўляючыся, не парушыць далікатнага малюнка верша, а калі б усё-такі аб'яўлялася, мусіла б распасціся на дзве асобныя лексемы — на «вестку» і «лёс».