- ідзі, ідзі, братка! - прашаптаў гуртапраў, пераводзячы дых пасьля шпаркага бегу, і, каб не хзамінаць чарадзе, ступіў колькі крокаў назад. Штосьці суха затрашчала пад нагамі... Шукаючы апірышча, ён узмахнуў рукамі і пад роспачны бразгат ахвяраваных Урубджурам шарготак паляцеў долу. Моташная болесьць працяла калена. «Куды гэта я?» – адно і пасьпеў падумаць гуртапраў, як нешта тупое і важкае абрынулася на голаў, на момант затуманіўшы сьвядомасьць. Галава шалёна круцілася, і нейкая цёплая варушкая маса ціснула да зямлі, не давала прадыху. З астатніх сіл ён скінуў зь сябе цяжар, і ў той самы момант яго званітавала.
Надрызна, з глухім прыдыханьнем бляяла авечка. Жывёліна балюча ступала між лапатак, тыцкалася пысай ў скрываўленую скронь, павяваючы ў твар кіславатым пахам аўчыны. Кружылася галава і нясьцерпна хацелася піць.
- Мамачка! - прастагнаў гуртапраў, калі расплюшчыў вочы і зірнуў на акравак барвовага неба. Сьвет патанаў у чырвоным тумане – туман ліпнуў да твару, пухкаю ватай закладваў вушы, і барвовыя хмары над галавою гатовыя былі абрынуцца крывавым дажджом.
Кроў засьціла вочы. Ён паспрабаваў падняцца, але адзінае, што здолеў, гэта прыўзьняць голаў і абаперціся плечуком на сьценку ямы. Паволі церусіў пясок. Тонкія цуркі, нібыта струменьчыкі пясочных гадзіньнікаў, сьцякалі на дно ямы, і нечаканая думка, пакінуўшы боль у калене і моташнае галавакружэньне, працяла затлумлены розум: чый час яны лічаць?
- Мамачка! - шапнулі сасьмяглыя вусны.
- Ммэ-э! - азвалася пад бокам авечка.
Здаровай нагой ён адсунуў авечку ўбок і адчуў раптам, як штосьці агідна-пачварнае паўзло па грудзіне. Ён часта заміргаў, прымружыўся і, убачыўшы перад носам вялізную пяшчаную гадзюку, ізноў, ужо з дрыготкаю ў голасе, выдыхнуў:
- мамачка!
Валасы падняліся на галаве, разьбітая нага нэрвова тузанулася, а вужака, выпусьціўшы з рота падвойны язык, спаўзла па зьнямелай руцэ на дно яміны. Забыўшы на боль, ён сьцягнуў з нагі акарэлы Ўрубджураў бот, упіхнуў руку ў халяву, штосілы ўдарыў па разамлелай ад сьпёкі гадзюцы. Гадзюка злавесна сыкнула, а ён, ужо ніччога ня бачачы навокал, апантана лупіў і лупіў па агідных кольцах, што віліся ля ног.
Скрозь аднастайны шум у вушах порарываецца густы Базевічаў барытон.
- Вы дарэмна фанабэрыцеся, Сарокін. Цяпер, калі Георгі Максімільянавіч пайшоў на пэнсію, фанабэрыя гэтая можа вам нашкодзіць.
Жахам павявае ад ільсьняна-вільготных сьцен, ад зялёнага абруса на стале, ад патаемнай усьмешкі бялявага маладзёна, што сядзіць пры канцы стала, штосьці рупліва занатоўваючы ў сшытку. Ачуцца, пазбыцца насланьня, вырвацца з абдоймаў гэтых ільсьняна-жахлівых сьцен. Цела ягонае працінаюць дрыжыкі. Каб неяк утаймаваць дрыготку, даводзіцца запіхваць далоні пад напятыя сьцёгны. Алесь сядзіць поруч, таксама дрыжыць, і толькі Гек захоўвае спакой, выгодна раскінуўшыся ў мяккім крэсьле.
- І ня проста пайшоў, а загрымеў па стане здароўя, - абзываецца Гек, выцягваючы з пачка чарговую цыгарэту.
- Вы нават над старым бацькам іранізуеце, - з робленым уздыхам прамаўляе Базевіч, - няма ў вас анічога сьвятога!
- Дзе ж яе набрацца, гэтай сьвятасьці? Ці ня ў вас пазычыць?
Базевіч адкідваецца ў крэсьле, бярэ рукі ў крыж.
- Ну, адкуль вы з Вараб’ёвым ды Галабурдам набіраецеся «сьвятасьці», нам вядома. Вашыя вандроўкі па Гродзеншчыне, ператрусы гарышчаў у пошуках бруднай пісаніны розных там цемрашалаў накшталт Гаруна...
Кропля халоднага поту зрываецца з кончыка носа. «Ну што ты хвалюесься, - супакойвае ён сам сябе, - Базевіч жа назваў ягонае імя сумысьля, каб хлопцы не падумалі чаго...»
- Ваш апошні выбрык, - Базевіч перапыняецца, прымружвае вочы. – Ваш апошні выбрык, калі Вараб’ёў замест рэфэрату па «Малой зямлі» прачытаў ілжывы, поўны антысавецкіх прыдумак «жыцьцяпіс Тарашкевіча», камсамольскае бюро інстытуту разглядае як палітычную правакацыю, - голас Базевіча халоднымі мурашкамі казыча сьпіну. – Так, мы рэабілітавалі Тарашкевіча, але рабіць зь яго...
- Хто рэабілітаваў? Ты?! - пасінелыя ад напружаньня Гекавыя пальцы раструшчылі прыпаленую было цыгарэту. – Учора хапаў за лыткі дзевак са «Спутніка», піячыў за дзяржаўныя грошы, дзер глотку ў групе скандаваньня, а сёньня рэабілітуеш Тарашкевіча? Ты? Бесхрыбетны мешчанюк, які залез у крэсла дзякуючы бацькавым каўбасам!
На твары Базевіча, нібыта атрамант скрозь бібулу, праступілі нездаровыя чырвоныя плямы. Вочы ягоныя павылазілі з вачніц і ашклянела ўтаропіліся на бялявага маладзёна.
- Вы, Сарокін, хворы чалавек,- падаў голас маладзён і падняўся з крэсла.
- Яшчэ адзін... папяровы карчагінец? Таксама, напэўна, кумпякі начальнікам вазіў, каб у людзі выбіцца?
- Вы хворы чалавек, Сарокін. Днямі вас паключуць на прыём да псыхіятра. Можаце ісьці! - нечакана рэзка выгукнуў маладзён і, ляснуўшы па стале пухнатым сшыткам, дадаў: - Галабурду прашу застацца!
«Божухна, што ім трэба? Я ж усё сказаў, усё зрабіў, як яны хацелі!» – ён зацкавана глядзіць увасьлед Алесю, і той, перш чым выйсьці з пакою, ледзь прыкметнаківае: «Трымайся!»
- Алег Іванавіч... наш камсамольскі актыў, - кажа Базевіч, прычыняючы дзьверы. – Я табе пра яго казаў.
Маладзён па-кашэчы мякка абыходзіць стол, паціскае пальцы:
- Дзякуй вам, Алег іванавіч, вы нам вельмі дапамаглі. Сядайце, сядайце. – белая, бязь ценю загару кука кладзецца на плячук. – Ёсьць у нас, Алег Іванавіч яшчэ адно, бадай што, апошняе пытаньне, - маладзён нясьпешнаю хадою ідзе да сэйфу. – Вам ніколі не даводзілася бачыць даляры? - Дзьверцы сэйфу расчыняюцца, і маладзён, панурыўшы руку ў жалезныя лёхі, выцягвае адтуль пачатую пляшку каньяку.
«Даляры? Якія даляры?» – ён выцірае рукавом халодны пот з ілба, рашуча трасе галавою.
- А Сарокін вам іх ніколі не паказваў? - буйная кропля паволі паўзе між лапатак.