- Як чаму? Каб ваўка лепей чуў!
- Ваўка?!
Урубджур сьмешлівым вокам зірнуў на Алега.
- Вось што, хлопец. Галоўны вораг у гуртаправа не чатырохногія, а двуногія. Зразумеў? - і, сьцёбнуўшы Цыгана, стары засьпяваў тужлівую, напэўна, толькі яму аднаму вядомую песьню.
Да кашары Ўлан-Хол яны дабраліся на зьмярканьні. Збольшага пералічыўшы авечак, Урубджур пасек на дровы збуцьвелы тын, што атачаў пастаўнік, і расклаў агонь.
У стэпе цямнее хутка – не пасьпела закіпець вада ў сагане, як насунулася цемра, ад усходу пацягнула прахалодаю, і прадвесьніца ночы – вечарніца – мякка прашапацела над галавою.
Прыемна было разьлегчыся на цёплай, яшчэ не астылай пасьля дзённага сквару зямлі, падперці рукамі падбародзьдзе і глядзець, глядзець неадрыўна, як прагна ліжа агонь збуцьвелае дрэва, фантастычным ценем адбіваючы рухавую постаць Урубджура на сьцяне авечніка, як лятуць у чорную бездань плоймы вогненных зьнічак. Стары сядзеў пры агні, памешваў у сагане драўлянай лыжкай і на дзіўнай мешаніне калмыцкіх і рускіх словаў распавядаў пра сваё жыцьцё, пра першую і адзіную сваю жонку Кэрмэн, якая так і не даехала да Алтаю, пра далёкі сіні Алтай, дзе ён пражыў трынаццаць гадоў, і пра ўсё тое даўняе, напаўзабытае, што прыйшло на абуджаную начным цяпельцам памяць.
Рабіліся цяжкімі павекі, цішэў голас старога, вясёлкавыя шары ўзьнімаліся ў чорнае неба; шары разьбіваліся, ападалі каляровым дажджом, і іншы голас, па-акторску ўпэўнены і няшчыры, гучаў ля начнога цяпельца.
Агонь шугаў аж да неба, ад паху шашлыкоў кружылася галава, а ён, студэнт другога курса Галабурда, ачмурэлы ад салаўіных песень, дармавой гарэлкі і ідыёцкіх жарцікаў Базевіча, апантана махаў хваёвай галінкай, разганяючы дым над мангалам. Ён слухаў тыя жарцікі, і яму зусім не хацелася сьмяяцца, але ён сьмяяўся гучней ад астатніх, а згледзеўшы на плячы камсамольскага бога парушынку, сьцярожка зьняў яе дрыготкімі пальцамі.
Пасьля шашлыкоў усе гамузам кінуліся купацца, і толькі яны з Базевічам засталіся ля вогнішча. Схіліўшы голаў так, што на шыі пазначыліся глыбокія зморшчыны, задуменна мружачы п’янаватыя вочы, ён усім сваім выглядам паказваў, што нават тут, на загараднай базе, куды яго ўпершыню запрасілі, думкі ягоныя не пакідала турбота пра надзённыя камсамольскія справы.
- Ёсьць меркаваньне паслаць цябе ў Баўгарыю, кіраўніком тургрупы. – Базевіч выцягнуў з агню жарынку і, перакідваючы яе з далоні на далонь, прыпаліў цыгарэту.
Нэрвова торганулася брыво, даўкі камяк захапленьня перацяў дыханьне, і ён, задыхаючыся ад шчасьця, страшным голасам выдыхнуў:
- Ехаць ня маю права. У будатрадах зусім занядбаная камсамольская работа.
- Разумею, - ціха прамовіў Базевіч, - разумею, Алег. Ад работы проста душымся. – Базевіч паклаў яму на сьпіну сваю загарэлую, прапахлую дарагім адэкалёнам руку. – Дарэчы, Вараб’ёў Аляксандар, ён што... разам з табой жыве?
Гэтае кароткае, здавалася б, бяскрыўднае пытаньне, выпетрыла хмель з галавы, халоднымі шчымётамі сьціснула сэрца.
- Ты чуў, напэўна, што Вараб’ёў выдаў на сходзе: «Камсамол – кузьня бюракратыі»... «фармалістычная багадзельнея»... камсамольскае бюро назваў зборняй кар’ерыстаў, карацей, - Базевіч пудліва азірнуўся, - пакаціўся твой сябручок не па той дарожцы.
Кволыя языкі полымя зялёнымі плямамі адбіліся ўваччу, і здалося на міг, што ўсё наўкол: гэтае ачахлае вогнішча, абрус з гарою едзіва, гэтыя гладкія хлопцы і дзяўчаты, камсамольскі важак Базевіч і сам ён, камсамолей Галабурда, - толькі зьнявечаныя адбіткі нейчага сапраўднага і годнага жыцьця.
--Твая задача – высьветліць, з кім ён, апрача, вядома, Сарокіна, кантактуе6 чым займаецца ўвечары, якія кніжкі чытае... Іхнія размовы з Сарокіным няблага было б і занатаваць. І яшчэ. Папрасі ў яго сшыткі... ну тыя, дзе ён піша пра Тарашкевіча, - Базевіч удругарадзь азірнуўся. – Разглядай гэта як адказнае камсамольскае даручэньне.
- Базеві-іч! Рату-уй! - пракаціўся па навакольлі жартаўлівы вокліч, і камсамольскі важак усхапіўся на ногі. Якраз за іхнымі сьпінамі, у сутоньні парадзелай ночы, актор драмтэатру Вартанян хапаў за голыя лыткі загадчыцу турбюро «Спутнік» Эсьмеральду.
Ён таксама ўстаў зь бервяна і, зірнуўшы на спалатнелы твар Базевіча, завілай хадою пабрыў да абруса.
- Дык вось... дык вось навошта я яму спатрэбіўся. – Высмактаўшы паўбутэлькі, ён хітнуўся, перакуліў мангал з шашлыкамі і, дарэшты перапэцкаўшыся ў сажу, панурыўся тварам у дзядоўнік. Апошняе, што данеслася да ягоных вушэй, быў вясёлы рогат сябрыны, калі генэральская дачка Эсьмеральда абкладвала яго, соннага, пустымі пляшкамі з-пад гарэлкі.
- Эй, зноў сьпіш?
Ён ачомваецца, прыспана глядзіць на Ўрубджура.
- На, падмацуйся бёргам, а то заўтра без абеду будзем, - стары працягвае місу зь едзівам. Алег зь неахвотаю ўпіхвае ў рот гарачы камяк, камяк пячэ паднябеньне, і даводзіцца прагна ўцягваць паветра, сьцюдзячы гарачую ежу.
- Бёрг гэты зусім як нашыя калдуны, - зазначае камісар, лена варушачы сківіцамі. – Толькі ў нас замест цеста бульба.
- Бульба? - насьцярожліва перапытвае Ўрубджур. – Бульба – знаю! Бульба – гэта картошка! - і, бліснуўшы ў цемры раскосымі вачыма, стары задаволена сьмяецца.
Пры канцы жніўня над Чорным стэпам абуджаюцца сухавеі. Подыхі гарачага ветру гоняць пыльную замець; пыл засьціць далягляд, размытымі чорнымі слупамі падымаецца ў неба; пыл рыпіць на зубах, дзярэ ў перасохлым горле, і няма ад яго паратунку на гэтай бязьмежнай, адкрытай усім вятрам прасторы.
Выпіўшы рэшткі вады з бутэлькі, гуртапраў агледзеўся. Пукаты пагорак, на які ўчора паказваў Урубджур, надзейным арыенцірам паўставаў сярод стэпавай роўнядзі. «Яшчэ два кілямэтры, і трэба будзе забіраць управа», - падумаў гуртапраў і, падганяючы маладога маркача, які адбіўся ад статку, бразнуў шарготкамі. Шарготкі – налыганыя на вяроўчыну накрыўкі ад кампоту - наводзілі жах на віславухіх. Вось і цяпер, пачуўшы бразгат, маркач пужліва падскочыў, наставіў рогі, брыклівым алюрам рынуўся да гурту.
Пылюка тым часам узьнялася неверагодная. Захінаючыся ад пылу, гуртапраў схіліў голаў набок ды так і застыў у непаразуменьні: праваруч, у мроіве жоўтай смугі, пустыннай патарочай паўставаў гэткі ж пяшчысты, парослы белым палыном, пагорак. Кроў горача падкацілася да скроняў. «Учора ж там пагорка не было! Няўжо заблукаў?» – гуртапраў працёр далоньню зацярушаныя вочы. Спадзявацца цяпер можна было толькі на Правакатара.
Казёл па мянушцы Правакатар па-ранейшаму ішоў наперадзе статка, саманадзейна трасучы адвіслаў барадою.