—Гэта ж, браткі мае, адны прысмакі — печаная ў прыску бульба! — сказаў, прысеў ля яго, Мімука, развязваў некалі зялёны, а цяпер ужо шараваты ад старасці рэчмяшок i дастаў цэлафанавы мяшочак, завязаны капронавай белай ніткай. У ім было з паўвядзерца бульбы. — Зараз, браткі мае, пачастую вас, векавечных гараджан, лепшаю беларускаю страваю... Ласункам пастухоў i начлежнікаў — вялікіх рамантыкаў... Як i мы во сёння...
I Мішук, i Валя прамаўчалі. Толькі ён зірнуў на яе i ўбачыў, як яна сціснула вусны, усміхнулася, пацешылася з мужавага «браткі мае» ды яшчэ ад напаміну, што ён, яе гэты муж, некалі, у сваім вясковым маленстве, доўгі час быў падпасавічам — у кожныя летнія канікулы зарабляў так сабе на школьны касцюм ды на кнігі.
Здзіслаў не заўважыў гэтай жончынай усмешкі, распіхаў галінаю пад агнянымі паленамі чырвоныя вуглі, накідаў на ix месца бульбы, падгарнуў наверх прыску, пасля пастукаў галінаю па вываратнях — набіў гарачага вуголля.
— Пакрулюем, браткі мае!..
Здзіслаў жартаваў, хоць ніколі не быў надта вясёлым, кампанейскім, бо любіў пабыць сам-насам, падумаць ды памарыць, але цяпер, мусіць, стараўся развесяліць i яго, Мішука, i жонку: яны не вельмі хацелі ехаць з Мінска сюды, у восеньскую халаднаватую Налібацкую пушчу, ды начаваць у лесе. Валя збіралася сёння, у суботу, схадзіць на канцэрт прыезджага, не вельмі таленавітага, але ўсё ж прыезджага i моднага спевака, шкадавала збываць білет, што купілі ёй знаёмыя, а ён, Мішук, i ленаваўся ехаць, не маючы вялікай ахвоты збіраць грыбы, а пасля памагаць старэнькай матцы ix парадкаваць, i не надта хацеў быць у кампаніі чужой — трошкі дзіўнаватай — сям'і. Здзіслаў амаль сілаю вывалак яго з горада, каб i ён з'ездзіў у лес, — каб памог улагодзіць самалюбную, капрызную Валю: усе лічылі, што ён, Мішук, жартаўнік, умее развесяліць самых хмурных людзей, што ён да ўсяго гэтага яшчэ i вельмі хітры, ведае, што сказаць, а пра што лепш i памаўчаць.
Так, канечне, думаў i Здзіслаў: яны зналіся яшчэ са школы. Ведаў i хацеў, каб ён, Мішук, памог яму. Спадзяваўся i, відаць, нават падумаць не мог, што раптам ён не захоча памагаць i не захоча наўмысна: бо яны былі ўжо не толькі даўнія сябры, але i мастакі-супернікі. Наравістая Валя не вельмі супакойвалася ды развясельвалася. За дзень i грыбоў добра назбірала, i расчырванелася на раней белаватым твары ад ветру i ад агню, але не магла дараваць мужу. Таму i цяпер сядзела ля кастра маўклівая. Ca Здзіславам нават не гаварыла, як i не заўважала, што ён усяк хацеў падлагодзіцца.
Здзіслаў, крышку разгублены, што гаворыць, жартуе, а яны маўчаць, не слухаюць яго, дастаў з рэчмяшка загорнуты ў газету вялікі скрутак. Зняў верхнюю газету, разаслаў i, разгарнуўшы іншыя скрутачкі, паклаў на яе булку хлеба, ладны кавалак любовістага сала, салёныя гуркі, пляшку «Белавежскай».
— Зараз слаўна падзедуем, бо на прыродзе i апетыт лепшы! — ужо ў каторы раз пра адно i тое ж гаварыў ён, зноў пацёр рукі, падняўся i дастаў з кішэні штаноў «удалы» складанчык — ім сёння нарэзаў больш двух вёдзер ураджайных сёлета зялёнак, крапягоў, сыраежак ды апенек.
Як убачыў, што ўсе па-ранейшаму маўчаць, як без'языкія, толькі пасміхаюцца з яго гэтай гутаркі ды радасці, пазіраюць на агонь, адышоўся ўлева, у цемень, i — слепаваты, у акулярах, што, можа, прыпацелі, — пачаў абмацваць рукамі тонкія бярэзінкі ды алешынкі. Як было ледзь відаць, знайшоўшы тонкае, як на дубец, дрэўка, нагнуў яго, чыркнуў ножыкам на перагібе, падабраў i падаўся далей, знікаючы ў цемнаце.
Мішук зірнуў на надзьмутую Валю i ў душы ўсміхнуўся: так яму, Здзіславу-шчасліўцу, i трэба! Ён даўно ўжо ўпотай, нават баючыся сам пра гэта думаць, не зусім шчыра ды добра зайздросціў Здзіславу.
Сем гадоў таму яны ў адзін год закончылі мастацкі факультэт тэатральна-мастацкага інстытута, сталі жывапісцамі. Яшчэ студэнтамі малявалі, i іхнія карціны траплялі на выстаўкі. Больш траплялі яго, Мішуковы, карціны. Сам гараджанін, ён ахвотна маляваў горад — заводы, працу рабочых на заводзе, новабудоўлі, — i старыя жывапісцы, крытыкі яго хвалілі, што ён сучасны, прысуджалі на конкурсах прэміі. Студэнтам i нават крышку пазней Здзіслаў быў не надта прыкметны: ён, жыўшы да сямі гадоў у вёсцы i навек, мусіць, не забыўшы ды палюбіўшы яе, маляваў рэчкі, лясы, вясковых людзей, i ўсе — студэнты, выкладчыкі, знатныя майстры — гаварылі, што ён несучасны, старамодны, шмат каго пераймае. Але Здзіслаў цярпліва рабіў сваё, прападаў у роднай вёсцы, накідваў тысячы эцюдаў прыроды, партрэтаў, маляваў карціны — i вось цяпер былыя выкладчыкі, крытыкі хваляць яго, гавораць, што ён i сучасны, i глыбокі. I яго веска «пайшла» па краіне, за мяжою, праславілася — Здзіслава пачалі называць першым сярод маладых жывапісцаў. А да яго, Мішука, як прырасло гэтае другое месца, хоць ён i шмат маляваў, маляваў самыя новыя будоўлі, маладых — стомленых, але вясёлых — рабочых, i ўсё роўна ён быў другі. А сёлета шмат пакутаваў, бо бачыў, што ў жывапіс ідзе шмат таленавітых жывапісцаў i яны хутка, можа, адапхнуць яго. Гэта можна было яшчэ перажыць, выцерпець, узяцца за нешта новае для сябе, але цяжэй, а то i нельга было перамагчы іншае: ён, добра вывучыўшы ўсе Здзіславы карціны, нечакана ўбачыў — у ix ёсць шчырасць, душа, а вось у яго карцінах гэтага няма.
«Вось i рабі што хочаш... — i цяпер падумаў-пагадаў ён. — Здаецца, умею маляваць, але малюю блага. Нікому — а цяпер ужо i мне самому — не падабаюцца мае карціны... А здаецца ж, малюю пра самае-самае сучаснае, пра тое, што ва ўсіх на языку. Але кажуць, што філасофіі, псіхалогіі, душы няма... Можа, з'ездзіць куды i паглядзець што новае? У Сібір ці да маракоў, за мяжу — можа, там знайду i для сябе, i для іншых нешта свежае, глыбокае, калі не магу знайсці яго тут, дома?..»
А са Здзіславам была ў ix яшчэ адна далікатнасць. Валя. Некалі, студэнтамі, яны з Валяю крыху кахаліся. Яна тады гэтаксама вучылася ў тэатральна-мастацкім інстытуце, толькі на акцёрскім факультэце. Пасля, за год да заканчэння інстытута, нечакана выйшла замуж за свайго педагога, вядомага артыста. Але пажыла з ім нядоўга, гады два, разышлася i вось цяпер была са Здзіславам: ён кахаў яе яшчэ са студэнцтва.
Мішук яшчэ не ажаніўся, хоць дзяўчат — добрых, прыгожых — меў шмат. Тыя дзяўчаты павыходзілі замуж, а яму засталіся пажылаватыя равесніцы ці маладзенькія порсткія дзяўчаткі. Праўда, сёлета пазнаёміўся з метадысткай Палаца мастацтваў, студэнткай-завочніцай, пахадзіў крыху, i яна пакрысе даводзіла ўсё да вяселля, з чым ён пачаў ужо маўкліва згаджацца.
Таму сёння i па дарозе, i ўжо тут, у лесе, крышку з пометаю цешыўся: не ва ўсім шанцуе i Здзіславу, зменнае, няўтрымнае часамі гэтае шчасце!
Валя моўчкі пасядзела з хвіліну, пасля чагосьці ўсміхнулася, паднялася i — высакаватая, вельмі стройная ў чорным світэры, увабраным у новыя блакітныя джынсы, прыгожая — роўненька, высока ўздымаючы галаву i крышку какетліва віхляючы клубамі, падалася да машины. Вярнулася адтуль хутка, з транзістарам, з джазавай музыкай. Як падышла, неяк хітра перахапіла яго позірк, насцярожылася, але ўсміхнулася. Такая — нейкая надта дзіўная — яна была заўсёды: за адну хвіліну магла i засмяяцца, ды не абы-як, а проста заліцца смехам, магла жартаваць, кпіць, i тут жа — ні з таго ні з сяго, здаецца, — магла ўзлавацца, надзьмуцца ці заплакаць. Мішук часта быў у Здзіслава, дык бачыў гэта.
«Хоць, можа, — падумаў ён, — усе такія гэтыя артысты, гэты вельмі настраёвы народ, але ўсё ж, можа, i добра, што некалі мы з Валяю не пажаніліся. Змучыла б яна мяне, ды i я так не цярпеў бы, не патураў бы, як церпіць цяпер ды патурае Здзіслаў. Ці спрачаліся б век, ці... Не, няхай лепш яна будзе некаму жонка!..»
—I ў горадзе, i ў лесе сумна без кампаніі, — зноў усміхнулася Валя, перанесла ношку галля, на якім дагэтуль сядзела, бліжэй да яго i села. Зірнула гарэзна — i ён засаромеўся яе. — Табе не надакучыла наша маўчанка, Вовік?
—Вы сямейныя людзі, а я старонні чалавек, не маю права ўмешвацца... — пажартаваў Мішук. — Таму i я маўчу.
—Помсціш? — усміхнулася Валя. Яна i раней мела вельмі дапытлівы розум, магла быць i хітрай, пастарацца так гаварыць, пасміхацца, каб цяжка было некаму зразумець, што яна думае, але магла быць i адкрытай.
—Чаго мне помсціць? — паціснуў ён плячыма. — Яшчэ раз шчыра прызнаюся: не хачу ўмешвацца ў ваша жыццё...
—Ну ладна, Вова, не будземо! — пажартавала яна. — I без лішняй гамонкі мы ўсё ведаем адно пра аднаго... — Валя дастала з задняй кішэні штаноў цыгарэты, патрэсла пачак, i калі з надорванага краёчка паказалася цыгарэціна, падала яму, узяла сама, ткнула яе ў агняную галавешку, закурыла i пусціла вялікі клуб дыму. — Як ведаеш, што мне вельмі цяжка са Здзіславам... Як, можа, i яму са мною... Адно нас ратуе, што мы мала бачымся: ён процьму часу сядзіць у вёсцы, а я шмат бываю на гастролях, жывём кожны сваім...
—Вы абое т аленты, людзі мастацтва, абое павінны шмат чым ахвяраваць дзеля яго...
—Талент усё ж ён. Ды магутны талент, — сказала сур'ёзна Валя. — Я не бяздарная, але i не вельмі таленавітая. Але ўцягнулася, не магу без тэатра. I маю такія-сякія поспехі. А са Здзіславам нам цяжка стала, ён сам i далей хоча займацца сваім, а мяне стараецца прывязаць да дому. Проста трызніць, каб я радзіла яму сына... А я не асмельваюся: пайду з тэатра, перастану выходзіць на сцэну, страчу любоў да яе, страчу ўменне... Тады буду любіць дзіця, увесь час думаць пра яго, а цяпер я думаю толькі пра тэатр...
—Якраз яшчэ больш нешта ўведаеш, пабагацееш... — перапыніў яе Мішук. — Побыт больш асэнсуеш...
—Баюся я, Вова, гэтага побыту... — прызналася Валя. — Я ніколі не была i не буду гаспадыняй, добрай жонкай. Я люблю вольнае жыццё... Яму гэта не падабаецца, але ён любіць мяне i ўсё дазваляе... Усё даруе... Бо ён з тых магутных мужчын-пакутнікаў, што здольны дараваць. Ты вось не дараваў бы, не выцерпеў бы ўсіх маіх капрызаў i прыхамацей, а ён церпіць. Таму табе трэба вучыцца ў яго цярплівасці, гэта табе шмат i для творчасці дасць, навучыць нешта глыбей сказаць i ў тваіх трактарных одах... Не фатаграфіі рабіць, а тварыць мастацтва...
«Усе знаўцамі ды крытыкамі сталі, — злосна падумаў Мішук, зноў з самалюбствам думаючы пра свае няўдалыя карціны.
Болей ні Валя, ні ён не паспелі нічога сказаць; з трыма доўгімі дубцамі падышоў Здзіслаў, зірнуў i, як убачыў, што жонка ўжо не маркотная, зарадаваўся, кіўнуў на невялікі з белай рашоткаю транзістар:
—Ну i гэты прагрэс! Нават тут нельга ад яго ўцячы!..
Перанёс да ix сваю ношку галля i прысеў ля ix, радуючыся, што Валя павесялела, зняў акуляры i выцер ix аб світэр. З яго чаравікаў, калашын, што былі блізка ад агню, пачала віцца пара.