Як цяля выпіла i вылізала сваю долю, ласяня абы-як гэтаксама апаражніла вядро, ляснік узяў з плота зматаны ланцуг, адзеў ашыйнік на цялячую шыю, адчыніў брамку i павёў яго з двара. У тыя разы, калі выводзіў цяля на пашу, зачыняў брамку перад самым носам Губатага, якому гэтаксама хацелася пайсці разам, не заставацца аднаму, а сёння чамусьці не паспяшаўся гэтага зрабіць, i Губаты — спачатку нясмела, як не верачы, што яму гэта можна, а пасля смялей — памкнуўся следам.
Яны падаліся па выцэментаванай сцежцы ля хаты; ідучы, Губаты ўбачыў, што ў запацелае ад цяпла акно пазірае гаспадыня, глядзіць самотна i нават, здаецца, нечага плача — выцірае рагом белай хусцінкі вочы.
За яшчэ адною — лаўчэйшаю намнога — брамкаю амаль адразу пачаўся бела-шэры брук, на якім Губаты ледзь не спатыкнуўся, не могучы ісці па каменнях. За брукам ляжаў неабгароджаны вялізны — ад вуліцы да лесу — выган, амаль увесь ужо выгаралы ад сонца, рыжы, але мясцінамі, у лагчынках, яшчэ зеленаваты. Гаспадар прывёў ix да зелянейшай лапіны, па дарозе вырваўшы з зямлі калок, да якога, відаць, раней прывязвалі цяля.
Як гаспадар прыпыніўся, нагнуўся, пачаў забіваць каменем у дол сплясканы зверху калок, пятлёю надзеўшы яго на ланцуг, стала i ласяня, здзіўленае такім вялікім прасторам, над якім, здаецца, намнога пабольшала i блакітнае, з лёгкай парнасцю неба.
— Ну што, Губаты? — кінуўшы вобзем камень, ляснік падняўся, атрэпаў аб штаніны рукі, а пасля пагладзіў яго па спіне.— Стаў ты ўжо дужы, здаровенькі, то ідзі ў свой дом, так сказаць, i жыві, дзе ўсе твае сваяке жывуць... Бо цяперака, покуль ты яшчэ малое, табе добра ў нас, а скора будзе нядобра... Ідзі, покуль дзеці спяць...— сказаў так i падштурхнуў у зад.— Ідзі, звярок мілы, да свайго, а пра нас забудзь... Так будзе табе ж лепей...
Губаты адышоўся, пхнуў мызаю цяля — i яны, як штодня ў двары, іматнулі адсюль. Але хутка цяля, ірвануўшыся, стала: яго, напяўшыся, затрымаў ланцуг. Ляснік, які шлэпаў у ботах за імі, замахаў вялікімі рукамі — i Губаты, зусім не спалохаўшыся, a дурасліва i як дражнячыся, падскочыў, брыкнуў заднімі нагамі i гайцануў далей, імгненна п'янеючы ад вялікай прасторы, бегу, душой адчуваючы, як яму ўсяго гэтага дасюль не хапала.
За выганам пачаўся адразу малады лес, які знаёма запахнуў зеленню, смалой, расою, — i ў душы Губатага нешта як варухнулася, захацелася бегчы, i ён, ужо нічога не помнячы, не азіраючыся, мінуў маладняк i памчаў у глыб лесу. Стары сасоннік яшчэ болей завабіў нечым невядомым, родным, мілым, што ён адчуў такое вялікае шчасце, якое, здаецца, не толькі поўніла грудзі, але i ахмяліла зусім. Ён прабег яшчэ, тыцнуўся ў высокую траву i нечакана, зморшчыўшыся, спыніўся: гэта былі калючыя ажыны.
Губаты хутка выблытаўся назад, адчуваючы, як гараць агнём падрапаныя ногі, прайшоў крыху, асцярожна дакрануўся мордай да высакаватага густога ядлоўцавага куста — i зноў хуценька адскочыўся, адчуваючы, што запякла наколатая далікатная мыза. Ап'яненне воляй прайшло, i ён адчуў, што шмат чаго тут не ведае, а вось леснікоў двор знае ўжо да драбніц, адчуў, што i лес сустрэў яго непрыхільна. Падаўся далей паволі, баючыся, каб зноў не наткнуцца на што калючае.
I тут ён пачуў, што яго жаласна кліча хлопчык: «Губаты, дзе ты, Губаты?» — а гэтаксама тоненька, як камар, плача дзяўчынка: ён зразумеў, што далека адбегся, пакінуў адных сваіх сяброў. Падумаў так i затрусіў назад.
Выскачыўшы з лесу, згледзеў, што ляснік трымае на руках i спрабуе несці дамоў дзяўчынку, якая вырываецца i румзае.
—Губаты, Губаты! — радасна закрычаў хлопчык — босы, у кароткіх трусіках ды майцы, — а пасля хутка-хутка пабег насустрач.
Убачыўшы гэта, ляснік апусціў на зямлю дзяўчынку ў кароценькай кашульцы, босую, i яна гэтаксама падалася сюды за хлопчыкам, крышку смешна віхляючы крываватымі ножкамі. Бегла i нешта радаснае крычала.
Яны сутыкнуліся з хлопчыкам i пакаціліся долу (Губаты падаў першы, каб не пакалечыць малога); хлопчык хутка ўсхапіўся, абняў за шью, прытуліўся, шэпчучы: «Губаты мой! Губаценькі!» Падбегла, гопнулася на яго i дзяўчынка, гэтаксама абхапіла шыю мякенькімі маленькімі ручкамі, а пасля i прытулілася поўненькаю шчочкаю — i Губаты не вытрываў, заплакаў, што ў яго такія верныя, мілыя маленькія сябры...
—Ты маніў нам...— папракнуў хлопчык бацьку, калі той паволі падышоў сюды.— Губаты не ўцёк сам, а ты яго выпусціў. Як выпусціў бусла, зайчыкаў, дзікіх парасят... Але Губатага мы не адпусцім, ён будзе жыць у нас... Я яго буду карміць...
—I я буду кальміць...— паўтарыла за ім дзяўчынка, гэтаксама з папрокам пазіраючы на маўклівага, як вінаватага бацьку сваімі вялікімі вачамі, поўнымі слёз.— Ты нядоблі, татусь...
—Добра вы робіце, дзеці, i нядобра...— зморшчыўся, нарэшце азваўся ён.— Хораша i люба, што гледзіцё так Губатага, але блага, што трымаеце. Ён звер i павінен жыць у лесе. Там яго дом... Пасцель, яда, воля... Цяжка бывае дзікаму зверу, калі яго залішне прыручаць людзі... Гора бывае, бяда... Я ж ведаю...
Губаты, нічога не баючыся, падхапіўся, гарцануў i пабег да яшчэ аднаго сябрука — да цяляці. За ім, не слухаючы, а можа, зусім не разумеючы сталых, сур'ёзных бацькавых слоў, памчаліся i шчаслівыя дзеці.
4
Губаты — так ужо выйшла — застаўся ў лесніковай гаспадарцы. Летам i ранняй восенню ненавязаны пасвіўся з цялём на выгане, бегаў у лес паласавацца лісцем i карою, прывык да вёскі, да машын, людзей, аббегаў усе ваколіцы, i да яго прывыклі, надта дзеці. Начаваў у падпаветцы.
На зіму яго паставілі ў невялікую загарадку ў хляве, да якога ён доўга не мог прывыкнуць: неяк муляла суседства з каровай i свіннямі. Тыя не хацелі падружыцца з ім — надта ж палахліва свінні рохкалі і пудзіліся яго, — цяжка было пераносіць пах гною i цеснату ў маленькай загарадцы, усё ж у душы яму хацелася волі, прастору, бегатні, чаго яму даводзілася мець вельмі рэдка i не памногу, толькі тады, калі выганялі паіць яго з каровай i цялём да абмёрзлай лёдам студні.
За зіму ён зусім змяніўся — выцягнуўся, пастрайнеў i памацнеў у нагах, ударам капытоў мог ужо адбіваць жэрдкі, падаўжэў у спіне ды пацяжэў, аброс густой, доўгай, амаль чорнай поўсцю, адчуў неспакойны сверб у галаве вышэй ілба — там, няйначай, раслі, касцянелі рогі.
Вясною, калі спала талая вада, патужэла вільготная халодная зямля i пачала ядрана пахнуць яшчэ нябачная маладая лістота, Губаты засумаваў, не мог больш стаяць у паменшанай ад гною загарадцы, многа есці, спаць ці паціху хадзіць па двары, як хадзілі цяжкая, сытая, палінялая карова i падрослы, пазласнелы i не такі ўжо сябрук бычок-выхваляка, а яго зноў, але мацней, як восенню, завабілі воля, прастор, лес i яшчэ нейкія незразумелыя жаданні, завабілі больш, калі адчуў, што i ён, падрослы, не так ужо цягнуўся дурэць з дзецьмі i тыя за зіму неяк да яго пахаладнелі, пачалі баяцца яго штуршкоў, ад якіх яны адляталі, як снапы.
I ён, калі апынаўся на двары, нервова хадзіў на ім, цёрся ля высокага плота, пакідаючы на стрэмках пабурэлую ўжо поўсць, а аднойчы пад'юшчыла гэтая самота, жаданне волі — i ён разагнаўся, стукнуўшыся галёнкай, перагойснуў загарод i радасна пабег па знаёмым выгане ў лес.
...Ляснік, як сонца паднялося над хатай, разліло маладое цяпло на сінім небе, уехаў у двор з калясьмі, увайшоў сюды, у хлеў, пагладзіў Губатага, якому надакучыла стаяць аднаму ў загарадцы, па шыі, а пасля амаль пячутна завязаў на яе пастронак i за яго, адч'ыніўшы перакошаныя варотцы, вывеў з пустога хлява на двор, прывязаў да калёс. Ён тыцнуўся да воза, панюхаў сена, галінкі з альховым i лазовым лісцем, шчыпнуў, але з неспакоем адчуў, што гаспадар сёння задумаў зрабіць з ім нешта дасюль яшчэ не вядомае.
Да воза падышлі гаспадыня, дзеці, моўчкі пазіралі на ix.
Гаспадар гэтаксама моўчкі сеў на воз, пацягнуў за лейцы — i маленькі рудаваты конік з белаватымі нагамі крануўся. Пастронак нацягнуўся — i павалок за сабою. Губаты, непакоячыся, але не адчуваючы яшчэ ніякага страху, нехаця падаўся, здзіўляючыся, куды яго вядуць: спяшаўся за возам i не мог азірнуцца, убачыць, што гаспадыня з дзецьмі выйшлі на вуліцу i развітальна махаюць рукамі...
У лесе ляснік прыпыніўся, неяк крадучыся, падышоў, прылашчыў, даючы ўзяты з кішэні выкачаны ў махорку акраец хлеба, i нечакана накінуў яму на галаву мех. Ён спачатку спалохаўся неспадзяванай цемнаты, чакаючы раптоўнага ўдару па галаве, затрапятаўся, ірвануўся, але пастронак пераціснуў горла, i ён ледзь не задыхнуўся.
— Не бойся, Губаты, — заспакоіў яго ляснік.— Ніц благога я табе не зраблю...— зноў паехаў, прымусіўшы яго бегчы ўслед.
Ехалі яны так доўга. I па мяккай, i па тупкай, з карэннямі дарозе, у адным месцы перамінулі мост — Губаты там вельмі насцярожыўся, ішоў баязліва — пасля яшчэ многа, можа, гадзіны са тры, падаваліся то ўлева, то ўправа, затым паехалі лесам, па сухім імху i верасе, што Губаты некалькі разоў спатыкаўся аб пні i ў вырытых, мусіць, дзікамі ямінках.
Нарэшце ляснік прыпыніўся, падышоў да яго, зняў мех, ад якога ўвапрэлі галава i карак, адвязаў пастронак. Губаты паварочаў мызай, зафыркаў і адышоўся. Ляснік у гэты час махнуў вяроўчынай: уцякай, маўляў, вось твой дом, у якім ты цяпер павінен жыць!