«А чаго ж мы хадзілі столькі? — здзівіўся тады ён, думаючы, што яна не верыць яго шчырасці.— Я вось толькі з табой хачу жаніцца».
«Эх ты, жаніх! — яна з насмешкаю падціснула тоненькія вусны.— Я думала, што ты хлопец... А замуж, даражэнькі, я за цябе не пайду, бо ты хутка паедзеш у вёску... А я выйду замуж за юрыста ці за журналіста, бо яны далей раённага горада не паедуць... Вось крыху яшчэ пагуляю з табою i вазьму ў рукі нагледжанага...»
«Ты сур'ёзна?» — перасільваючы крыўду, злосць, спытаў ён.
«Канечне, — адказала яна.— Якія ж тут жарты? Але ты мне даспадобы. I ад сваіх тых слоў, што я раней гаварыла табе, я не адмаўляюся».
«Тады жадаю табе шчасця! — буркнуў ён сярдзіта.— А я табе не цацка, каб гэтак!..» — I пайшоў ад яе.
Праз год ён скончыў тэхнікум, прыехаў сходы, у невялікую вёску. Спярша, як астатні год i ў тэхнікуме, мучыўся, пакутаваў, не ведаў, як будзе жыць далей, ці здолее каго больш пакахаць. А пасля адчуў, што пакрысе забываецца тое, студэнцкае, можа, i не вартае яго памяці, каханне, як i не варта яго i яна, такая хітруня. Толькі пачаў недалюбліваць дзяўчат; а яшчэ пазней прапала i гэта пачуццё, ён неяк паволі паспакайнеў, надта тады, калі ад знаёмых пачуў, што яго былая сяброўка напраўду неўзабаве выйшла замуж за журналіста, паехала з ім у раённы горад, праз год нарадзіла дачку i атрымала кватэру, а яшчэ праз год, а можа, i раней, пачала паціху падгульваць з другімі. Сустрэўшы яго знаёмых, дапытвалася: «А як там ён, Васіль, жыве? У вёсцы? Добры хлопец быў, толькі не зусім разумеў жанчын...»
Пасля гэтага вось Васіль i супакоіўся, падумаў, што няма чаго крыўдзіцца ды шкадаваць: яна, тая беленькая, цвяроза думала, гадала пра свае сямейнае жыццё i, можа, вельмі з розумам, хоць i для яго чэрства, зрабіла, што адмовілася ад яго, бо была б з ім нешчаслівая, i ён вялікай радасці ад яе не меў бы.
Ён адразу ж, як толькі пачаў працаваць тут, скеміў, што вельмі падабаецца тутэйшай Нэлачцы, падабаецца тварам, паставаю, характарам ды паводзінамі — што ён добра працуе, умее ладзіць з людзьмі, амаль не п'е, дарэмна не растрачвае капейку. А яму не хацелася, каб яна глядзела на яго такім сталым, сур'ёзным ды гаспадарскім вокам, бо ўсё ж яшчэ хацелася нечага неабдуманага, пяшчотнага, нават узнёслага — той падлеткавай сляпой закаханасці, што некалі прыйшла да яго, калі ён сустрэў раней тую, беленькую...
Але тое, светлае, узнёслае, такое прыемна маладое, пачуццё ўжо да яго чамусьці не прыходзіла, i ён сумаваў па ім, як па нечым вельмі дарагім i незваротна страчаным. Думаў, што i ён нікога не пакахае, i на яго ніхто з дзяўчат больш не кіне вока — i пройдзе чалавечае шчасце побач, як гэта часта бывае.
...Сцежка павяла ля самых прысад. На ёй, як i на дарозе, быў відаць ад кустоў i высокіх дрэў цемнаваты мігатлівы цень, які рабіўся ўсё меншым — была палуднёвая пара. Гудзелі паблізу ля травы i кветак пчолы, ля лістоты тоўпіліся хмаркамі i тоненька зумкалі мошкі, недзе ў цяні адзінока разамлела пішчалі камары. Гарачае паветра пазвоньвала ад цішыні i спякоты.
Адразу за прысадамі, калі яны скончыліся i пачаўся лапінамі зялёны, a мясцінамі жоўты ад пяску выган, паказалася вёска з сухімі, аж белымі, стрэхамі i сценамі хат, светлымі платамі, кінуліся ў вочы зялёныя, крыху прыпыленыя сады, па якіх сярод густога лісця ледзь-ледзь бачылася маленькая крамяная завязь. Хутка Васіль убачыў хату, дзе ён кватараваў. У шчыце хаты зырка блішчала акенца, сляпіла вочы.
Васіль падумаў, што зойдзе зараз у гэты дом, скіне з сябе тэніску, майку, штаны, адзене трыко, возьме мяккі махровы ручнік i пойдзе босы на рэчку, што адсюль за вярсты дзве. Гаспадароў, канечне, цяпер няма, дык ён спакойна пераадзенецца, перакусіць.
Але хутка ўбачыў, што нехта дома. Адчынена i гайдаецца палавінка акна, вецер паднімае, хіне ў хату фіранку, чуецца гамонка. Ён бачыў гэта i адчуваў, як прыходзіць хваляванне, палымнеюць шчокі...
Калі адчыніў брамку i пайшоў па асфальтаванай сцежачцы да сянец, пачуў, як імкліва прарыпелі ix дзверы i на парозе паказалася гаспадыня Люда — маладая, гадамі крыху за трыццаць, высакаватая, у меру паўнаватая. Была яна ў кароткім халаце, што не закрываў поўныя круглыя калені. Яна хутка са знаёмым гарэзным бляскам у вачах зірнула на яго i не здзівілася, што ён ідзе так рана дахаты, відаць, раней ужо ўбачыла яго праз акно. Молада i прыгожа ружавеючы на шчоках, спакойна падалася насустрач, несучы перад сабою цяжкаватую мядніцу, у якой стаяла невялікая каструля, — відаць, хацела выцягнуць вады з калодзежа, уліць яе ў мядніцу — ахаладзіць шчаўе.
Усміхнулася — i яе твар яшчэ больш пасвятлеў ды памаладзеў, папрыгажэў, бо не толькі з весялосцю, a i з пяшчотаю бліснулі яе чарнаватыя вочы, крануліся поўныя вусны з рэдзенькім белым пушком над імі, i ўся яна, лёгкая, загарэлая, мякка ступала, ідучы босымі нагамі па нагрэтым асфальце.
Прыблізіўшыся, Васіль прыкмеціў у яе вачах сполах, разгубленасць, але яна ішла спакойна. Толькі калі праходзіла побач, шапнула: «Ён дома...»
Прашаптала — а яго, Васіля, як халоднай вадой абліла. Ён разгубіўся, успыхнуў, аж застукала кроў у скроні, а яна зірнула на яго i, здаецца, бачачы, што яго з такім настроем нельга цяпер пускаць у хату, мінула яго, пайшла не спыняючыся ды не азіраючыся.
—Хадзеце памыйце рукі ды палуднаваць будзеце, — гаварыла голасна, каб пачулі ў хаце.— Гэта ж «студэнт» наш двухгадзінны водпуск атрымаў.
Васіль павярнуўся i пайшоў за ёю да калодзежа, гледзячы на яе i любуючыся.
Люда спакойна апусціла ў студню вядро. Затым выкручвала яго з вадою наверх, паднімала, апускала руку, — тады вельмі хвалююча паднімаліся і апускаліся яе высокія грудзі, а сама яна яшчэ болей ружавела i рабілася ад гэтага прыгожай-прыгожай, такой вабнай, што нельга было адарваць ад яе вачэй.
Люда дастала вядро, i льючы яму на рукі ваду, нагнулася i ціхенька зашаптала:
—Загавары з ім неяк, што табе цяпер няёмка быць тут, што можаш перайсці да каго другога на час, пакуль ён не вернецца. Не ведае нічога, але надзьмуўся нечага... Не адашле, але супакоіцца.
Васіль падстаўляў пад халодную ваду рукі, мыўся i бачыў, як ляцяць пырскі долу, вільгатнеюць пясок i дробныя каменьчыкі, як яны, адплёскваючыся ад зямлі, трапляюць на яе ногі, i ён хваляваўся, што бачыць усё гэта. Ён апаласнуў рукі, твар, строс ваду i, не азіраючыся, пайшоў у хату. З парогa ўбачыў на лаве ля акна невысокага, вузкага ў плячах i дробнага на твары гаспадара ў запыленых ботах i новай велікаватай спяцоўцы (саўгас паслаў яго, трактарыста, вучыцца на аднамесячныя курсы на камбайнёра), з вузкім лобам i з пышнымі чорнымі валасамі, старэйшага за жонку на гадоў восем. Гаспадар быў надта загарэлы на твары i ад таго яшчэ болей цяпер здаваўся пастарэлы, хмурны. Сядзеў i еў нехаця хлеб з салам.
Васіль, здаецца, спакойна, можа, нават залішне спакойна спачатку павітаўся з ім, выцер у парозе ручніком твар, хвалюючыся i саромеючыся, падышоў да стала i парукаўся. Гаспадар нават не ўзняўся, моўчкі падаў руку, разгубіўшыся, з незадавальненнем зірнуў у вочы i хутка адвёў позірк.
—Выпі, — першы буркнуў ён i адліў з адкаркаванай пляшкі поўную чарку віна, нервова, аж уздрыгнулі ў яго рукі, наднёс яе яму, разліўшы крыху віна на настольнік, пасля наліў чарку сабе, больш не запрашаў, моўчкі выпіў, зморшчыўся і, апусціўшы галаву, пачаў закусваць.
У гэты час пад'ехала да хаты машына, прыпынілася i засігналіла.
—Гэта на мяне, — уздыхнуў, самотна буркнуў ён, адхіліў фіранку i зірнуў на двор, пажаваў, а тады моўчкі падняўся, выцер у парозе ручніком вусны. Па-ранейшаму адводзіў позірк i маўчаў, шукаў сваю брылёўку.
—Сяргей...— прамовіў Васіль, гэтаксама падняўшыся.
Той выпрастаўся і, ужо здзівіўшыся, зірнуў яму ў вочы i не змог вытрымаць позірку, глянуў убок.
—Я вось падумаў: няёмка мне цяпер быць тут... Вас няма, пачнуць яшчэ людзі... Я перайду, можа, да каго, праз тыдзень будзе адпачынак, i тады я паеду адсюль...