— Не ведаю, тата.
— Мне здаецца, што новая ўлада павінна была якраз пра гэта першае слова сказаць. Пра тое, што ўсім найбольш баліць, абрыдла.
Маці цяжка ўздыхнула i, не замінаючы, каб мужчыны «папалітыкавалі», пагаварылі пра жыццё-быццё, падалася да печы — даваць сыну есці.
— Ты вот кажаш, што i Пятрусь Чорны там, у Мінску, рэвалюцыянерыць,— сказаў бацька, акідваючы позіркам вялікія пафасныя загалоўкі ў газеце.— Пятрусь малады, гарачы ды яшчэ, можа, да людзей такіх прыбіўся, дык у паліціку пайшоў, а вот тут перад марцам яго дзядзькі, Міхайла i Пятро, тэж забунтавалі. Пабіліся з салдатамі i афіцэрам, калі тыя сена, авёс у вёсцы бралі для арміі. Дык Чорных тыя вайскоўцы забралі, кажуць, у халоднай патрымалі, а потым, як цара скінулі, адпусцілі. Пятро зухам вярнуўся, хваліцца, што пабаяліся, не ўскуралі, a Міхайла шынель, порткі вайсковыя ўкраў, прынёс дадому i тэж певуном ходзіць. Хоць храбрыцца няма чаго. Калі ехаў, дык, можа, бачыў: няма сена, дык i Сцяпан, i Пятро салому са страхі здзіраюць, на сечку рэжуць... I мы, мусіць, да вясны не дацягнем, тэж, калі не пазычыць Пётрык, будзем страху растрыбушваць...
— На свеце мітрэнга, кроў льецца, бунтэ ўсякія, а тут у нас ліха на ліху, сынок,— зноў уздыхнула маці, дастаўшы з печы саганчык.— I людзі памяняліся, як падурэлі...
Кастуся падміргнула Алесю, а пасля прыклала рукі абапал рота i, каб не пачула маці, ціхенька сказала:
— Зараз пачне маладых кабет бэсціць...
Бацька i ўбачыў, i пачуў, як павялася дачка i што сказала, зморшчыўся. З незадавальненнем. На свавольніцу-любіміцу.
— Надта ж маладыя кабеты паводзяцца блага...— сапраўды так, як i казала Кастуся, паскардзілася маці.— Як на які злом галавы. Гэтулькі гора, бяды, ліха на ліху, а яны... Шалеюць, як перад канцом свету... Наша ж Ядзя гэтак нас перад усімі людзьмі асаромела... Наказакавалася, нагулялася....
— Гіполю напісалі пра гэта? — запытаў Алесь пахмурна.
— А чаго будзем таіцца? — нечакана зазлавала маці. Алесь аж не паверыў, што яна, звычайна мяккая, можа быць i гэтакая незычлівая.— Хай ведае, якая яго жоначка... Ён на чужыне гаруе, дзецям, ёй капеечку да капеечкі збірае на зямлю, на хату, а яна, сволач, любошчы шукае...
Алесь наструніўся: маці зараз абзаве кепскім словам i яго каханку, Кацярыну. Ды маці, амаль непісьменная, але разумная, абачлівая, не пасыпала соль на яго сардэчныя пакуты i раны...
Салдаты-пастаяльцы, уведаўшы, што вярнуўся яшчэ адзін гаспадароў сын, разышліся па іншых хатах.
Увечар, калі бацька i Янка начыталіся газет (Янка ўведаў навіны i маўчаў, а бацька, урэшце адкладаючы газету, сказаў з вышыні сваіх гадоў: «Хораша пра салодкае пішуць, толькі ці стануць калі гэтыя словы цукрам?!»). Як ухадзіліся па гаспадарцы i запалілі лучыну на камінку, пачалі заходзіць у хату вяскоўцы. Праз колькі гадзін усе ведалі, што ён вярнуўся.
Каб пачуць навіны, а заадно i аблягчыць душу гутаркаю, першы прытупаў састарэлы, са скрыўленым ротам (пасля хваробы) сусед, Пётрык Гарбацэвіч, за ім завітаў родны дзядзька, Стась Нямкевіч, а пасля гуртам укуліліся Чорныя. Доўгі, апрануты ва ўсё вайсковае Міхайла, высокія i абодва худыя, скура ды косці, Сцяпан i Пятро, сярэдняга росту, таўсматы Юзік, а таксама Сцяпанаў сын, аднаногі Кірыла. Старыя Чорныя зусім уцыганелі: асабліва ўцямнеўся ў кожнага твар, святлей блішчэлі іхнія бялкі вачэй ды зубы.
Сцяпан, Юзік, Кірыла павіталіся з Алесем паважна, моўчкі.
— Які ты, браце, белы, гарацкі! — здзівіўся Пятро, ціснучы руку.—Як з-пад зямлі!
— Ну як, Іванавіч, у цюрме? — папытаў Міхайла, які ў свой час таксама сядзеў. За крадзеж каня.— Мёд i піраге?
— Мёд i пірагі,— усміхнуўся Алесь, адчуваючы, што Міхайла хоча нібы параўняцца — маўляў, мы ж з табой адну кашу елі, адны знявагі цярпелі.— Вы ж, кажуць, зноў ледзь не селі?
— Можа, i сеў бы, каб цара не скінулі...— «па-геройску» пахваліўся Міхайла.— Завялі ў часць, увапхнулі ў халодную, дапыталі, патрэслі перад носам кулаком — i выпусцілі як міленькія... Яму,— кіўнуў на Пятра,— праўда, надавалі аплявушын ды кухталёў. Бо гарачыўся звыш меры, на армію абышто плёў. «Не ваяке, не героі вы,— крычаў,— абіралы...»
— А табе рэбры не лічылі? — скідаючы вушанку ды расшпільваючы нявыдублены, некалі белы, а цяпер ушчэнт зашмальцаваны кажух, агрызнуўся той.— Сам чуў, як ты спачатку вішчэў, як ушчэмленае ў плот парася, а потым прасіўся, рукі цалаваў...
— Ваяваць не могуць, a стаўчы цывільнага слабога чалавека ўмеюць...— сказаў толькі Міхайла на свае новыя арыштанцкія прыгоды. А пасля сеў на лаве, павярнуўся да Алеся i запытаў, як знаўца ў знаўцы: — Дык які ты, Іванавіч, меў рэжым?
— От не дуры чалавеку галаву, таўчы цябе камары! — не выцерпеў, абарваў брата Сцяпан.— Што ты раўняешся! Ты за адно сядзеў, а ён — за другое...
— Не сяроўна?
— Не сяроўна. Ты, таўчы цябе камары, за бруднае кару адбываў, а чалавек пакутаваў за чыстае, за паліцічаскае...
— Першы раз, калі ўзялі, я някемлівы быў,— не зважаючы на братавы папрокі, пачаў расказваць пра сваё на самай справе заганнае, але для яго нібы геройскае Міхайла.— Згрэблі, патрымалі пад замком i пад вартаю, прыстрашылі, абманулі («Прызнаешся, дык даруем») — ну я i вылажыў усё, як на споведзі. Дык i засудзілі дурня. Другі раз, як сцэпалі, завялі ў стан, я ўжо стрэлены верабей быў. Давай на следстве ўрадніку плясці кашале. «Я,— кажу,— далібог, у хлеў не лез i каня не краў. Ішоў у гэтай Хатоўцы па цёмнай i вузкай вуліцы, i вось пасярод яе ляжыць, як калода, гэты конь. Не абысці, не пераступіць. Ну я, ясна, пералажу. А конь як падхопіцца, як панясе, дык я за грыву ўчапіўся i ледзь жывы застаўся. Дзякуй стражніку, што каня запыніў ды мне памог злезці, а то, можа, уходаў бы мяне той ветрагон».
«Не валяй дурака,— кажа ўраднік. Стары, лысы, бровы калматыя, вочы ад гарэлкі чырвоныя.— Па вачах бачу: не дурань. Дык от i не дуры. Гавары праўду, а то так павяду следства, такія паперы напішу, што будзеш вінаваты i за тое, што не вінаваты!»
«Паночак,— не здаюся,— каб гэта я хоць калі, хоць каму, што i як, знарок ці не, малавеля, якое, сякое, такое падумаў, сказаў ці зрабіў, дык яшчэ яно ведама было б, як скуль, калі i да чаго. Але, паночку, каб я ні тых, ні сіх не аглядаў, ніхто, нішто, ніяк, ніколі, нікаму, нічога, ніякага! А ён, гаспадар гэтага каня, ды стражнік заадно з ім, мне праз нішто, праз ніякае вунь што!.. I за што, паночку, усё тое?..»
«Цыц! — як грукне па стале кулаком ураднік, аж вочы наліліся крывёю, як у бугая.— У мяне гэта не прайдзёт. Я не дазволю, каб мяне вакол пальца абводзілі, сёмую запаведзь парушалі i нават не чырванелі!»
«Гэта ўжо на чырвоненькую, на дзесятку, замахваецца,— падумаў я сам сабе,— Але не, папробую збіць на беленькую. Я,— кажу,— які там чырвоны, паночак. Мусіць, белы як палатно».