Фронт единодушно и радостно признает переворот, но осведомленность на позициях довольно слабая.
...Партийная работа только еще начинает налаживаться».
22 сакавіка змяніўся камандуючы Заходнім фронтам. Ім стаў генерал ад кавалерыі Васіль Іociфавіч Гурка — сын героя руска-турэцкай вайны 1877-1878 гадоў, які паходзіў з беларускага дваранскага роду. Каб мець штаб, а таксама ўвесь фронт пад сваім штодзённым назіркам, Часовы ўрад прыслаў сюды свайго камісара меншавіка Жданава.
3.
Таня спрытна, што амаль i не засталося следу, зацыравала каўнер яго каляровай, светла-рудой i ў клетачку кашулі, адкусіла зубамі нітку i агледзела рукавы: адзін локаць працёрся, свіціўся, a другі — ужо раней зашыты — распоўзся, i на ім была дзірка.
— I на адзін, i на другі локаць трэба латка,— прамовіла Таня i сумна зірнула на яго.
Ён цяпер сядзеў у сподняй бялізне i нецярпліва чакаў, калі яму ўдасца вырвацца з дому.
— Дык прышый! — лічы, загадаў.
Яна яшчэ больш гаротна адарыла яго сваім заўсёды цяжкім i сумным позіркам, паднялася i пайшла да куфра. Як ішла, дык ледзь не хісталася. За сёлетнюю зіму зусім схуднела, дык вунь зусім ценная, з ненатуральна тонкай шыяй i вострымі локцямі, з непрыгожа ўпалымі грудзьмі. A рукі, ногі... Ён не мог доўга пазіраць на яе мошчы, адвярнуўся i пачаў у думках падспешваць, каб яна хутчэй знайшла тыя латкі. Пасля, калі яна задоўга перабірала разнаколерныя лахманы ў мяшэчку, нецярпліва падагнаў:
— Калі ласка, скарэй!
Яна, нібы ад удару току, рэзка выпрасталася, гнеўна i з нянавісцю апякла адрачонымі, але з немалой жыццёвай сілай вачыма, здаецца, хацела шпурнуць яму пад ногі гэтую няшчасную кашулю, але неяк перамагла злосны прыліў, толькі быццам папікнула, быццам апраўдалася:
— Вечна табе ўсё гарыць! Вечна карціць табе збегчы, пакінуць мяне адну з дзецьмі!
Яго таксама апанавала раптоўная злосць, нават нянавісць: як яна не разумее яго! Але стрымаўся, не адказаў сёння ўспышкаю на ўспышку. Але Таню гэта не супакоіла. Наадварот, яго зацятае маўчанне паддало толькі ёй крыўды.
— Ну, вот куды ты гэтак спяшаешся? — раздражнёна запытала яна.
— Усё роўна ты не зразумееш i не ацэніш як след...— адварочваючы галаву, сказаў ён.
— Канечне, я дурная! — нібы зашкадавала сябе, а на самай справе пачала балюча біць яго ў сэрца.— Я ў горадзе мала бываю, з разумнымі людзьмі амаль не знаюся, газет, кніг не чытаю, навін не ведаю!.. Мой клопат — накарміць, апрануць чатырох дзяцей i цябе! Ды на тваю такую мізэрную плату, з якой няможна звесці канцы з канцамі!..— Схапіла яго кашулю i паказала яму прашмальцаваныя локці.— Ты болей пра новую кашулю думаў бы, а не...
Не дагаварыла, узяла пад паху кашулю i пачала зноў корпацца ў мяшочку.
— Божа, мой божа!—гаварыла ўжо сама сабе.— Што за чалавек?! Усё ён некуды лезе, усё хоча перайначыць!.. I каб што якое меў з гэтага! Hi кропелькі ж, ні дробачкі! Па носе даюць, страшаць, пасадзілі былі — не, нічога не навучыла, лезе i лезе на ражон!..
— Цяпер — іншы час, цяпер нельга спаць у шапку...— прамовіў.
— А чаму Муху новага часу няма i спаць можна? — запытала з папрокам. I сама тут жа адказала: — Бо чалавек разумны, асцярожны, на ражон не лезе...
— Цяпер i ён палітыкуе...
— Яму можна i палітыкаваць... Яго жонка не пакутуе, дзе лусту хлеба ўзяць альбо...— махнула рукою.— А! Што з пустога ў парожняе пераліваць! Ca сваёю планідаю нарадзіўся, са сваёю планідаю i памрэш!.. Мучышся сам i мучыш заадно нас...
— А раптам з мукі будзе мука!..— усміхнуўся.— А раптам з гразі трапіў у князі!
Яна нічога не адказала, толькі цяжка ўздыхнула і, які ўжо раз за жыццё скарыўшыся, пачала латаць рукавы кашулі.
Пасля таксама моўчкі ды з цяжкім уздыханнем назірала, як ён нацягваў гэтую кашулю i хваліў, што яна яшчэ «спраўная», як апранаў старое, з вышмальцаванай i парванай падкладкай паліто, начэпліваў выпацелы па краях чорны злямчаны капялюш.
Як заўсёды, на дварэ пачаў супакойвацца, адганяць згрызоты i назапашваць добры настрой, веру ва ўсё лепшае. Праўда, цяпер не зусім спрыяла надвор'е: неба было нізкае, шэрае i сырое, адным словам, цяжкае i гнятлівае, снег рыхліўся, хлюпаў пад нагамі, а то i ногі глыбока правальваліся ў яго i траплялі ў талую ваду.
Васілевіч шпарка пашыбаваў у горад. На Мухаву кватэру, дзе цяпер, апроч гаспадара, павінен быць i Алесь Нямкевіч. Хутка ён i трапіў туды. У Мухаў кабінет, дзе Муха i Нямкевіч сядзелі ўдвух i чыталі новыя газеты.
— Здароў,— паціснуў яму руку Муха, з іранічнаю ўсмешкаю акідваючы яго з ног да галавы.— Ці не гнаўся хто за табою?
— Сам так бег,— адказаў ён, выціраючы далонню пот з ілба,— Вот,— дастаў з кішэні пінжака канверт з лістом i падаў Муху.
Пакуль той спакойна даставаў ліст i чытаў яго, Васілевіч у гэты час пачаў тлумачыць Нямкевічу, які цяпер быў у прыстойных, здаецца, ранейшых Мухавых штанах i белай кашулі, i сачыў за ім пільна, але спакойна, без насмешкі: