— Пачакай,— перапыніў той.— Слухай.
— 2) «Свобода слова, печати, союзов, собраний и стачек...— чытаў далей аратар.— 3) Отмена всех сословных, вероисповедных и национальных ограничений»...
Як пачуў апошняе, Васілевіч аж уздрыгнуў ад новай радасці. Напружыўся: што яшчэ дадасца да гэтага — «отмена национальных ограничений»? Але петраградскі госць нічога больш не дадаў, пачаў называць новае: 4) пра выбары ва Устаноўчы сход, 5) пра замену паліцыі народнай міліцыяй, 6) пра выбары ў органы мясцовага самакіравання, 7) пра нераззбраенне i нявывад з Петраграда воінскіх рэвалюцыйных часцей, 8) пра новыя салдацкія правы.
— Панове,— Шчэпкін паклаў паперку ў папку i зноў абапёрся далоньмі на трыбуну.— Дэкларацыя ўзгоднена з Петраградскім Саветам, які заклікае падтрымаць яе i Часовы ўрад, паколькі новая ўлада «идет по линии осуществления намеченных задач»...
— Цікава. Значыць, Савет добраахвотна аддаў уладу Часоваму ўраду! — цяпер ужо Муха нахіліўся i шапнуў яму.— I заўваж: дэкларацыя даволі стрыманая. У ёй многага няма, чаго дабіваліся некаторыя партыі. У прыватнасці, сацыял-дэмакраты. А якраз яны сваімі рэвалюцыйна-дэмакратычнымі лозунгамі прыспешылі рэвалюцыю...
— I пра «отмену национальных ограничений» зусім мала i туманна,— прашаптаў Васілевіч, чуючы, што шэпчуцца ў зале i іншыя. Неўзабаве Самойленка аж мусіў пастукаць алоўкам па графіне з вадой, каб усе слухалі ўважліва, не спяшаліся «мыць костачкі» новаму ўраду i яго дэкларацыі.
— Выступі...— нечакана натхніў на дзёрзкасць Муха.— Запатрабуй большых тлумачэнняў... Не бойся. Сам жа чуў: цяпер свабода слова, сходаў, саюзаў, друку...
— Панове,— расхваліўшы Часовы ўрад як найвялікшую вяршыню рэвалюцыі, сказаў Шчэпкін.— Я ўпаўнаважаны заклікаць вас падтрымаць Часовы ўрад, яго дэкларацыю, а таксама пераўтварыць кіруючы апарат у Мінску, у губерні i захоўваць спакой, не перапыняць мірнай працы, дружна спрыяць Расіі ісці па новым шляху...
З трыбуны яго праводзілі таксама з воплескамі, але ўжо не такімі бурнымі ды працяглымі, як да пачатку яго прамовы. Здаецца, некаторыя ў зале чакалі ад яго большых навін.
Пасля таўсматы Хржанстоўскі даў слова Самойленку.
Выйшаўшы за трыбуну, той расказаў, што цяпер робіцца ў губерні i ў Мінску, шмат гаварыў пра ўчарашнія i сённяшнія падзеі ў горадзе, што адбыліся «по инициативах партийных групп и волеизлиянию масс». Пра раззбраенне паліцыі, жандармерыі, разгон ахранкі сказаў мімаходзь i Міхайлава нідзе не назваў.
— Панове,— сказаў на заканчэнне,— Давайце аднадушна падтрымаем Часовы ўрад! Цяпер не час для звадаў, спрэчак, разладу, дробязных падбухторванняў альбо месніцкіх памкненняў, амбіцый. Толькi пры поўным адзінстве i спакойнай рабоце мы зможам дабіцца ладу, абнаўлення ўсёй Расіі i яе далейшага росквіту...
Калі яму запляскалі (таксама не так дружна, як раней), у прэзідыуме падняўся Шчэпкін i сказаў:
— Панове, мы ўсе ведаем пана Самойленку як вядомага дзяржаўнага мужа i сумленнага чалавека. Маю гонар перадаць вам думку Часовага ўрада. Ён раіць якраз пана Самойленку выбраць камісарам Часовага ўрада i грамадзянскім камендантам Мінска. Гэта значыць, даручыць яму кіраваць ходам падзей у губерні i ў горадзе, падтрымліваючы тут лад i спакой. Згодны?
— Згодны, згодны...— загудзелі ў зале.
— Прагаласуем, панове.
Прагаласавалі. Амаль усе аднагалосна. Як заўважыў Васілевіч, толькі на радзе трэцім, дзе сядзеў Міхайлаў, некалькі чалавек устрымаліся.
— Дзякую,— усё яшчэ стоячы за трыбунаю, Самойленка схіліў галаву.— Цяпер, я думаю, мы павінны выслухаць прамоўцаў, а пасля прыняць адозву да грамадзян, выпрацаваць схему ўтварэння часовага гарадскога грамадскага камітэта, які разам з камендантам возьме ў свае рукі ахову ладу ў горадзе i арганізуе міліцыю. Паліцыя, як я казаў, ужо не існуе, i цяпер лад у горадзе падтрымліваюць земскія служачыя. Пасля, лічу, мы разам з галоўнаўпаўнаважанымі саюзаў i мінскім гарадскім галавою павінны далажыць пану галоўнакамандуючаму Заходнім фронтам пра наш сход i пра яго пастановы. Каб разам з арміяй утрымліваць спакой i лад у краі.
Пасля, калі прагаласавалі за такі парадак работы сходу, акрылены Самойленка вярнуўся у прэзідыум i пачаў весці сход далей, даваць слова іншым.
Пасланцы саюзаў (ад Земскага саюза — худы, высозны, як жэрдка, шпаркі Міхно, ад Гарадскога — поўны, каржакаваты, з пявучым для мужчыны голасам Сіўцоў) гаварылі, лічы, пра адно i тое ж, нібы па змове. Абодва заклікалі, каб «побыстрее и поспокойнее решить все внутренние дела и увеличить усилия для снабжения остро нуждающихся в питании и фураже армий Западного фронта».
Меншавік Пайкес, хмурнаваты, гарлапаністы дзядзька, праспяваў гімн Петраградскаму Савету, які «являет истинный орган народного правления и вместе с тем не стремится узурпировать власть, дает возможность подключиться к обновлению России всем оппозиционным к монархии революционным силам». Такі ж, на яго думку, павінен быць i будучы Савет у Мінску — рашучы супраць старога, але цярпімы i лаяльны, адданы «новому государственному устройству». У канцы прамовы ўхваліў Часовы ўрад. «Это действительно то, что сейчас жизненно необходимо исстрадавшейся России»,— сказаў ён.
Пайкеса, як пасля i эсэра Шумскага, праводзілі з трыбуны цёплымі, але ўжо стрыманымі воплескамі, бо яны мала што сказалі новага пасля Міхно i Сіўцова. Гэтак жа стрымана сустрэлі ўзыходжанне на трыбуну i Скуранога.
Васілевіч наструніўся: ну што скажа іхні пан? «Я — пан, належу, як кажуць, да эліты,— часта любіў гаварыць той,— але ў душы я мужык. Як i вы, шчыры беларус».
— Господа,— пачаў той цяпер.— Я принадлежу к группе, которая представляет многомиллионное белорусское население этого края. Думаю, выражу мнение всех земляков: мы горячо, сердечно поддерживаем перемены в Петрограде и новое правительство, готовы по-прежнему свято чтить нашу дружбу, прилагать все усилия для обновления и фуражного снабжения армий, размещенных на нашей земле...
Гаварыў ён складна — меў яшчэ змалку добрую адукацыю, начытаўся i абабіўся ўжо ў сталіцы, у Думе i Дзяржаўным Савеце, з трыбуны выглядаў санавіта. Неўзабаве, не чуючы ад прамоўцы ні свежага, ні вострага, зала перастала яго слухаць, зашапталася, дык Скураны скончыў сваё патрыятычнае i вернападданіцкае новаму ўраду выступленне пад няўвагу i скупыя воплескі.
Пасля гэтага Самойленка паазіраўся ў прэзідыуме: хто яшчэ, панове, скажа слова. Больш там ахвотнікаў пагаварыць не знаходзілася — бачылі: халаднавата сустракаюць хітрых языкачосаў, а новага ды вострага ніхто ці не асмельваўся, ці не мог сказаць. Тады Самойленка прыпадняўся i зірнуў у залу.
— Панове,— прамовіў,— хто хоча з вас выступіць? Напамінаю,— усміхнуўся. I падкрэслена жартаўліва, а то нават i з ухмылкаю,— цяпер свабода сходаў, слова...
— Дазвольце мне,— падняўся i падняў руку Фрунзе.
— Калі ласка,— прамовіў той i аб'явіў усім:— Міхайлаў.
Зала ажывілася, праводзіла яго да трыбуны запытальнымі позіркамі. Ён жа цяпер ішоў, бадай, не накульгваючы.