— А, пан з ахранкі! Якраз вы ўрэшце такі напалі на мой след?
Той заплямкаў губамі, але нічога не змог адказаць.
— Вы таксама арыштаваныя,— прамовіў Фрунзе i азірнуўся: у кабінет ступіў высокі, можа, i двухметровага росту, светлавалосы афіцэр i разгублена залыпаў павекамі.— Вось што, малыш,— Фрунзе тут жа тыцнуў на яго пальцам,— зайдзі ва ўсе вашы кабінеты i скажы, каб супрацоўнікі зайшлі сюды.
Той, бачачы наведзены на яго браўнінг Супраневіча i Шломскага, падаўся задам з кабінета. Шломскі пакрочыў услед. Неўзабаве ён i ўжо Ландар, які прыскочыў сюды ca сваёю дружынай, вялі перад сабою гурт пажылых i маладых афіцэраў.
Тыя стоўпіліся ў дзвярах i пры сценах, хто ca злосцю, а хто са страхам пазіралі на яго.
— Паны «синие мундиры»,— сказаў ім Фрунзе.— Мінчане ліквідоўваюць вашу злавесную ўстанову, а вас ізалёўваюць. Зараз вы пакінеце гэты будынак. Зброі i папер з сабою не браць. Хто не будзе супраціўляцца, таму мы гарантуем жыццё. Хто ўздумае брыкацца, тым я не зайздрошчу. Сілы нашы вялікія, з намі, лічы, увесь цывільны Мінск. Усё. Прашу,— паказаў на дзверы.— Перасцерагаю: не даваць i драла. Вы выдатна ведаеце, што бывае пры ўцёках...
Праз хвіліну-другую ў кабінеце засталіся толькі ўдвух — Фрунзе i Ландар.
— Усё добра, Карл? — усміхнуўся Фрунзе.
— Аж не верыцца: усё выйшла ўдала! — паківаў той галавою.— Сапраўды, усіх ашаламілі...
— Не кажы гоп, пакуль не пераскочыш,— астудзіў яго радасць Фрунзе.— Наперадзе яшчэ, можа, i самае адказнае.
Падышоў, узяў трубку i папрасіў злучыць яго з ад'ютантам галоўнакамандуючага.
— Злучыце мяне з генералам Эвертам,— сказаў яму Фрунзе, адчуваючы, як падкочваецца прыкрае хваляванне. Не простая гэта справа — гаварыць з генераламі. Ды яшчэ пра такое.
— Як вас адрэкамендаваць? — запытаў ад'ютант.
— Я назавуся сам.
Нейкі час трубка маўчала, толькі шыпела, а пасля іншы мужчынскі голас (грубы, уладны) прамовіў:
— Генерал Эверт слухае.
— Міхайлаў, земскі служачы,— назваўся ён, стараючыся гаварыць ясна i выразна.— Толькі што мы, земскія служачыя, арыштавалі губернатара, ліквідавалі паліцэйскія, жандарскія i ахоўнае аддзяленні i ўпраўленні, узялі пад сваю ахову ўстановы...
— Не зразумеў...— прамовіў той.
Фрунзе паўтарыў сказанае i да гэтага дадаў, што яны хочуць знайсці з арміяй паразуменне. Нейкі час было трывожнае маўчанне, а пасля пачуўся далекаваты рэзкі голас — не яму, a іншаму, таму, хто быў там побач з генералам: «Паклічце начальніка штаба i начальніка разведкі». I яшчэ праз хвіліну: «Паны, вы ведаеце, што ў Мінску рэвалюцыйны пераварот? Не? Дык хто павінен дакладваць мне пра гэта — вы ці самі мяцежнікі?»
Эверт сапнуў блізка ў трубку, але змаўчаў, перапыніў сувязь. Калі Фрунзе таксама паклаў трубку, Ландар занепакоіўся:
— Ну што? Пагражае?
— Накрычаў на сваіх падначаленых i кінуў трубку...
— Дык што ж будзе, Міша? — узбуджана, але i ў той жа час спакойна запытаў Ландар.— Эверт кіне на Мінск ваенныя часці, возьме ўладу ў свае рукі?
— Не думаю, Карл,— прамовіў Фрунзе.
Сеў. Адчуў: стаміўся. I ад напружання, i ад недасыпання.
— Калі б ён верыў арміі, то не даваў бы згоды на адрачэнне Мікалая Другога...— дадаў, паціраючы лоб.— А па-другое, ці дазволяць яму узурпаваць тут уладу Часовы ўрад i Петраградскі Савет? Небяспечна, калі пачнуць рабіць перавароты генералы...
— Што будзем рабіць цяпер? — запытаў Ландар.
— Падбірайцеся да сейфаў i архіваў. Паліцэйскае «прыгожае пісьменства» пра нас — у агонь... Як i ў Петраградзе...
— Ясна,— адказаў той i падаўся з пакоя.
Фрунзе ж зноў пачаў званіць — на гэты раз старшыні Мінскай губеранскай земскай управы.