— Гэта ж трэба, прыехаць дадому і жыць у гасцініцы. Ці мала наваляўся за свой век? Хіба ж месца ў нас няма? Не чужыя ж мы.
Праўда, усе былі свае. І Андрэю захацелася пажыць у хаце, дзе пахне сырадоем, агуркамі і кропам, а па начах трашчыць цвыркун. Хацелася адчуць цяпло печы, пахі і гукі далёкага маленства.
ЛЮБОЮ ЦАНОЮ
Арцём Цыбакоў ужо больш як паўгадзіны стаіць на скрыжаванні дарог і дарэмна «галасуе». Грузавікі, самазвалы, новенькія і абшарпаныя «газікі», распырскваючы гразь, праходяць міма. Хоць бы хто прытармазіў, хоць бы адзін шафёр паспачуваў адзінокаму чалавеку, што стаіць пры дарозе ў мокрым брызентавым плашчы.
Боты набраклі, ногі ныюць і заходзяцца ад золі і макраты. Калені трасуцца, па спіне прабягаюць дрыжыкі, дранцвее рука ад холаду і цяжкага партфеля, набітага звычайным скарбам камандзіровачнага.
«Чаму ж не спыняецца ніводная машына? — думае Арцём Цыбакоў.— У кожнай кабіне сядзіць то вясёлая маладзіца, то паблісквае побач з шафёрам круглы, дырэктарскага калібру, твар».
А ён бы і ў кузаве даехаў, гатоў прастаяць гэтыя няшчасныя дванаццаць кіламетраў, каб толькі завідна трапіць у «Чырвоную Ніўку», дзе-небудзь спыніцца, пагрэцца і збольшага абсушыцца перад лекцыяй.
Дык не, ляцяць як на пажар. Аслеплі, ці што, «калымшчыкі»? «Калымшчыкі». Ага! І ўспомнілася Арцёму Цыбакову, што некалі ён сам падпісаў загад — штрафаваць кожнага, хто «калыміць» і возіць «рабчыкаў», прабіваць талоны і адбіраць правы.
Няўжо і дагэтуль баяцца таго загаду? Што яны, адурэлі? Прайшло ж два гады, а слухаюцца. Пара б ужо даўно забыцца. Нарабіў на сваю галаву. Але ж тады яго і сілком не ўсцягнуў бы на самазвал: была пасада — старшыня райвыканкома — гаспадар! Былі «Волга» і персанальны ўвішны шафёр Федзя. Колькі яны папаездзілі! А вось у гэту самую «Ніўку» ніяк не выбраліся: калгас так сабе, «сераднячкі», без герояў і сабатажнікаў, планы ў асноўным выконваў, скаргаў ніякіх не паступала, а дарога такая, што толькі на самазвале і ездзіць туды.
Успомнілася Арцёму Іванавічу, як некалі яго сустракалі старшыні сельсаветаў і калгасаў, як слухаліся яго, як кожны цягнуў да сябе, як умелі пачаставаць і дагадзіць. І перад Федзем завіхаліся: што ні кажы — шафёр начальства! Глядзіш — і закіне слоўца ў дарозе.
Арцём Іванавіч ведаў, што яго называлі «сам» і «гаспадар», што хоць і пабойваліся, але заўсёды ўмелі ўзрадавацца, запрасіць, каб прыязджаў часцей, каб пажыў яшчэ трохі, падказаў і параіў. А сам сабе, мабыць, кожны думаў: «Хутчэй бы ты ехаў адсюль і не прыязджаў болей». Без начальства яно спакайней. Гэта ведаў Арцём Іванавіч па сабе. І да яго ж прыязджалі «зверху».
А цяпер ён стаіць на скрыжаванні, углядаецца ў далячынь размытай веснавой дарогі і марна «галасуе». Што ж зробіш? Лектар таварыства «Веды», добраахвотнік, пенсіянер — ні чыноў, ні ўлады. А шафёры, відаць, не пазнаюць, а можа і знарок не заўважаюць.
З-за павароткі вынырнула блакітная «Волга». Яна прысядае ў лужынах, распырсквае вееры каламуці, вырульвае на абочыны, віляе з аднаго на другі бок. Ад надзеі і радасці страпянуўся Арцём Іванавіч, выскачыў на дарогу, падняў руку, плаўна памахаў ёю, бо ведаў, што едзе нехта свой, спыніцца, нідзе не дзенецца. Ён зараз сядзе ў машыну, няхай і не побач з шафёрам, і прыедзе ў «Чырвоную Ніўку» па ўсіх правілах, як ездзяць салідныя людзі. Ён ведае — ад таго, на чым ты прыехаў, і пашана табе і павага.
Каб яго пазналі, Арцём Іванавіч скінуў з галавы мокры капюшон, і твар яго засвяціўся радасцю. А «Волга», не даехаўшы метраў дзесяць да яго, крута павярнула на запольскую дарогу, пад багажнікам загарэліся чырвоныя агеньчыкі, вырваўся сіні дымок, і, прымінаючы сухі парудзелы палын, памчалася на ўзгорак.
Арцёму Іванавічу зрабілася млосна: ён убачыў знаёмы нумар колішняй сваёй машыны. Няўжо Федзя не пазнаў яго? А можа не хацеў пазнаць? А мог жа спыніцца і падкінуць па старой памяці. Тут жа і язды тае на нейкія пятнаццаць хвілін. Каго ж ён павёз? Пэўна, Сцёпку Голуба, таго самага Сцёпку, што некалі асцярожна стукаўся да яго ў кабінет і не адважваўся сесці. А цяпер — Сцяпан Кірылавіч, сам старшыня, гаспадар раёна...
І так зрабілася крыўдна і горка, адзінока, пуста і халадней, як было. Зноў замжэў ціхі веснавы дождж, зацягнуўся сіняватай смугою далягляд, а на ім то знікала, то з'яўлялася чорная кропка райвыканкомаўскай «Волгі».
«Пэўна, усё ж не пазнаў»,— суцяшаў сябе Арцём Іванавіч і ўспомніў, як бурчаў на Федзю, калі той хацеў падвезці якую-небудзь здарожаную бабульку або інспектара райана. «Усіх не перавозіш. А каб не вярэдзіць добрую душу, не глядзі па баках. Пры староннім жа чалавеку ні пагаварыць, ні падрамаць нельга, а якая-небудзь старая яшчэ пачне галаву тлуміць сваімі скаргамі. Адным словам, забараняю».
Відаць, Федзя добра запомніў яго навуку...
Пастаяў яшчэ Арцём Іванавіч на дарозе, паглядзеў і падаўся пехатою. Ішоў, а ў галаву лезла ўсялякая непатрэбшчына: чамусьці ўспомніліся чырвоная дывановая дарожка на сядзеннях райвыканкомаўскай «Волгі» і тэрмас з гарачаю каваю, які ён заўсёды браў у дарогу. От каб цяпер хоць глыточак! Прыгадалася, як праводзілі яго на пенсію, як абдымаў той самы Сцёпка Голуб, як казаў, што заўсёды вучыўся ў яго, прасіў, каб часцей заходзіў, часам памагаў парадаю, у яго ж такі вялікі вопыт. Колькі разоў тады было сказана «дарагі», «паважаны», «выдатны» і «чулы».
А прайшоў месяц, год, вось ужо і два гады мінула, так яго ніхто і не ўспомніў, не зайшоў і не запрасіў да сябе. Кожны заняты сваім. Толькі акуратна прыходзіць паштальён і дае распісацца за пенсію. Толькі раз на месяц распісацца! Цяпер і Новы год, і Кастрычнік, і Май Арцём Іванавіч сустракаў адзін. Адзінота гняла яго. Вось і згадзіўся чытаць лекцыі ў калгасах: жывому ж чалавеку хочацца быць сярод людзей. Але мясіць веснавую гразь, мокнуць пад дажджом, валяцца на сельсавецкіх канапах — не ў яго гады і не з яго здароўем. «Вось адчытаю ў «Ніўцы» — і прыйдзецца адмовіцца. А што буду рабіць? Нудзіцца і, як вол доўбні, чакаць інфаркту? Адмовіцца проста. Трэба дамагчыся, каб лектарам давалі транспарт. А сам? Прыходзіў жа некалі дырэктар школы, прасіў, каб падвезлі ў суседняе сяло настаўніцу — лекцыю прачытаць аб шкодзе рэлігіі. Не даў жа. Відаць, і яна мясіла гразь так, як я цяпер».
На дарозе пачуліся хлюпанне і бразгат. Арцём Іванавіч азірнуўся і ўбачыў, што яго наганяе фурманка. Ён паціху адышоў убок і стаў. На возе сядзеў сухенькі дзядок у аблезлай ватоўцы і выцертай салдацкай шапцы. Ён наганяў лейцамі невялічкага перапалага коніка і цмокаў пасінелымі губамі.
Убачыўшы на дарозе чалавека, стары прыпыніўся:
— Добры дзень, чалавеча. Куды гэта бог нясе ў такую халепу?
Арцём Іванавіч адказаў і паглядзеў на старога з такою надзеяю, што той адразу пасунуўся ў перадок і сеў на падкурчаныя ногі.
— То сядайце, калі так. Можа як да вечара даскрыпаем.
Арцём Іванавіч кінуў на перацёртую салому мокры партфель, задраў цубкія полы плашча і сяк-так пералез цераз драбіну. Ён доўга масціўся, не ведаючы, куды дзець ногі і аб што абаперціся. Ухапіўся рукамі за слізкія халодныя білы. Сядзець было нязручна і мулка. Воз валюхаўся на выбоінах, ныла паясніца, а па нагах, здавалася, поўзаюць калючыя мурашкі.
Стары маўча.ў, круціў лейцамі і цмокаў на свайго коніка.
Арцём Іванавіч дастаў памяты пачак «Беламора», выкінуў некалькі адсырэлых зламаных папярос, адну падаў дзеду, узяў сам і пачаў чыркаць запалкамі, але яны ніяк не гарэлі. Стары спрытна выцягнуў з-за пазухі целагрэйкі карабок, прыпаліў і даў прыкурыць свайму седаку.
Як толькі закураць з аднаго пачка незнаёмыя мужчыны, у іх адразу развязваюцца языкі. Стары папыхкаў папяроскаю, паправіў шапку і хітравата запытаў: