Я памахаў яму рукою і выйшаў на візіру. Дым, мабыць, паспеў выветрыцца, і авадні ўсё смялей даймалі мяне. Я адбіваўся ад іх галінкаю і ішоў, жмурачыся ад сонца. Цяпер і лес павесялеў і пасвятлеў. Далёка было чуваць, як стукае дзедава сякера, і ў вушах усё яшчэ гучаў яго глухаваты голас.
1963
СУВЕНІРЫ
Да ад'езду аставалася тры дні. Аформлены дакументы, зроблены прышчэпкі, куплены паста, мыла і сігарэты.
Што яшчэ трэба? Самае галоўнае — сувеніры. Але дзе знайсці такія, каб узрадавалі будучага знаёмага, што сустрэнецца недзе на далёкіх дарогах? Арыгінальныя, прыгожыя і танныя сувеніры адразу не знойдзеш. Але трэба шукаць. Размаляваных бярозавых лыжак і матрошак за апошнія гады турысты вывезлі за мяжу, напэўна, некалькі вагонаў. І ўсё мала.
Што б падараваць такое, каб будучаму добраму Другу было прыемна ўспомніць не толькі цябе, колькі тваю краіну, умельства і талент тваіх землякоў, дабрату і шчырасць народа, што паслаў цябе ў адведзіны да блізкіх і далёкіх суседзяў?
От і бегаў, шукаў, выбіраў, купляў. Потым шчодра раздорваў цікавым людзям, з якімі выпадкова зводзіў лёс, каб пасля ўжо, мабыць, ніколі больш не стрэцца. Як прыемна дарыць, як добра прыносіць людзям радасць!
Ці берагуць яны сувеніры? Ці помняць тую сустрэчу? Це ведаю. А мне многія яны запомніліся і не забываюцца з гадамі. Успамінаецца рэч і чалавек, якому яе падарыў. І ў кожнага сувеніра свая маленькая гісторыя. Можа некаторыя варта расказаць?
Прыгадвалася першае знаёмства ў Капенгагене, каля славутага фантана.
Данія сустрэла нас імжою і туманам. Адзінокая Русалачка з абымшэлага каменя глядзела журботна і задуменна. Яна прыйшла сюды з Андэрсенаўскай казкі, і капенгагенцы ўжо не ўяўляюць прычал, свой горад і сябе без пазелянелай ад салёных пырскаў бронзавай дзяўчынкі, што сустракае і праводзіць караблі, аднолькава зажураная і самотная. Калі нейкія злачынцы адпілавалі і ўкралі русалчыну галоўку, капенгагенцы адзелі жалобу. Аднавілі скульптуру — у горад прыйшла сапраўдная радасць. Нібы адбыўся найвялікшы цуд: Русалачка ўваскрэсла. Мірны і таленавіты народ часцей за ўсё стаўляе помнікі любімым казачным героям. На спатканне да іх ходзяць з маленства да старасці. Мяняюцца каралі, а помнікі астаюцца. Русалачка дорыць кожнаму радасць найчысцейшай прыгажосці і трошачкі шчымлівай тугі па некім дарагім і далёкім, каго чакаеш і не можаш дачакацца.
Не бачыць у Капенгагене Русалачку тое самае, што не ўбачыць у Рыме Калізей, у Ленінградзе — Ісакій, у Маскве — Васілія Блажэннага. Таму на Лангелініі зранку да ночы гудуць і пстрыкаюць фотакамеры, і па свеце разыходзяцца мільёны здымкаў безнадзейнай у сваім вечным чаканні бронзавай дзяўчынкі.
Да порта падыходзяць шырокія вуліцы ў тапалёвых прысадах. Але на вуліцах няма ніводнага чалавека. Куды ж дзеліся людзі? Дзе сталічная мітусня, шастанне колаў і гул машын? Капенгаген як вымер. На пустой плошчы нас чакаюць турысцкія аўтобусы, каля іх шпацыруюць адпрасаваныя і начышчаныя шафёры. Вось і наш гід — сухарлявая, у вялікіх рагавых акулярах і чырвоным берэце — мадам Эма Фок. Яна заўважыла наша здзіўленне.
— Не дзівіцеся. Так, горад пусты. Ён апусцеў у пятніцу з вечара: усе капенгагенцы за горадам, на дачах, на рэчках, у лясах і ў вёсках. І так кожны выхадны. Сёння к вечару зноў закіпіць жыццё. Пабачыце самі. А цяпер прашу прайсці крокаў дзвесце. Наш аўтобус падыдзе туды.
Мы ледзьве паспявалі за даўно немаладой, падобнай на колішнюю класную даму, мадам Фок. Звярнулі направа і выйшлі на невялікую плошчу, акружаную старымі разгалістымі таполямі, усыпанымі грачынымі гнёздамі. Несціханы грай і лапатанне крылаў неспакойных птушак нагадвалі нашу, але блакітнейшую і ласкавейшую вясну. Тут пахла тапалёваю смолкаю і свежым марскім ветрам. Пасярод плошчы аж страляў, шумеў і клекатаў агромністы фантан, хвалі білі і заварочваліся, як барозны свежай раллі. Над імі згіналіся дужыя шыі чатырох напружаных у апошнім рыўку буйвалаў. Здавалася, трымціць кожная жылка, падломваюцца ногі, з ноздраў, як пара, б'юць тонкія струмені вады. Адзін лабатую галаву ўвагнуў да самых капытоў, другі да хрусту напяў пастронкі і звярнуў крутую шыю, сярэдні, трэці, ад напружання аж вырачыў вочы. Здаецца, яшчэ рывок — і яны паляцяць у кіпень вады. За плугам — статная, як антычная багіня, маладая жанчына. Уся яна — напружанне і рух. Высока ўзняты тонкі бізун захліснуўся на спіну магутнай аратай. Здаецца, зараз засвішча і перацягне па чатырох крутых буйвалавых спінах. Вадзяныя скібы баразён з шумам выкочваюцца з-пад сахі і знікаюць у вялікім басейне.
— Гэта Гефіён — багіня ўрадлівасці,— тлумачыць наш гід,— Данія размясцілася на чатырохстах камяністых астравах, адваяваных у мора. Спрадвеку існуе легенда: Гефіён пачала прасіць бога, каб даў ён хоць трохі зямлі. «Усё, што ты заарэш за адну ноч, будзе тваё»,— адказаў Саваоф. Тады Гефіён ператварыла сваіх сыноў у буйвалаў, запрэгла іх у саху і арала да самага світання. Што яна паспела ўзараць, стала Даніяй. Таму многія датчане казачную жанчыну шануюць болей за самога бога.
Непадалёк нехта гучна запляскаў у далоні. Мы ўбачылі нізенькага дзядка ў доўгім белым халаце, у шапцы з белым верхам і з чорным блішчастым казырком. Ён стаяў каля трыногі са старым пашарпаным дагератыпам, глядзеў угару і камусьці гучна апладзіраваў. Паглядзелі і мы ў той бок. На стромкай вежы гарадской ратушы з адчыненага акенца павольна выязджала на веласіпедзе маленькая пазалочаная жанчына. Ёй і апладзіраваў стары фатограф.
— Пазалочаная веласіпедыстка абяцае сёння ясную пагоду, вось і радуецца стары Б'ерне, што будзе сонца і будзе ў яго работа,— тлумачыла мадам Фок.— А з'явіцца жанчына з парасонам, чакай туману і дажджу. Пазалочаная веласіпедыстка радуе нас не вельмі часта, таму і шчаслівы сягоння стары фатограф: будзе свежая капейка. Ён тут заўсёды сустракае і праводзіць турыстаў. Зрабіце і вы яму ласку.
У кожнага з нас напагатове свой фотаапарат, але ўсё ж трэба ўважыць гэтаму медзведзяватаму старому. Ён бачыць, што ідзём да яго, мітусіцца каля сваёй дапатопнай «гарматы», закладвае касету, ідзе насустрач, здымае шапку і пачціва кланяецца нам. Адны гавораць яму «Бон жур», другія «Гутэн таг». На гэтым урэшце вычэрпваецца наша веданне еўрапейскіх моў.
— О-о, Москва! Страстуйте! — засвяціўся ўсмешкаю стары, забегаў, як самы ўвішны рэжысёр, ставячы нас перад сваім дэгератыпам. Зірне ў апарат і зноў бяжыць — некага просіць пасунуцца, некага — прысесці. Потым падняў руку — сапраўды, як перад стрэлам з гарматы.
Пакуль Б'ерне праяўляў здымкі, я да яго халата прышпіліў маленькі значок Леніна, жанчыны дарылі нейкія дробязі, мой сусед па каюце даў пачак цыгарэт «Беларусь». Б'ерне вельмі шчыра дзякаваў нам і нешта казаў перакладчыцы.
— Хвіліначку, панове,— затрымала нас мадам Фок,— маэстра мае нешта вам сказаць.
Б'ерне падышоў бліжэй. На яго прыпухлых шчоках выступілі дробненькія сіняватыя жылкі, ён набраў паветра і бязгучна заварушыў вуснамі, потым загаварыў ціха, нават трошкі таямніча:
— Калі мне было чатырнаццаць гадоў, я разносіў ранішнія газеты. Кожны дзень на вуліцы Вестэрбро мне сустракаўся невысокі мужчына ў чорным кацялку, з парасонам у руках. Ён заўсёды весела мне махаў парасонам і купляў цэлы пачак ранішніх газет. Калі ён тут жыў, я пачынаў свой абход з Вестэрбро: пачак адразу меншаў, лягчэй было яго насіць. Але аднойчы мужчыны ў кацялку я не сустрэў. Думаў, можа захварэў ці дзе затрымаўся. Не было яго на другі і на трэці дзень. Здавалася, я нешта вельмі важнае страціў, але абход пачынаў усё з тае вуліцы. Так больш ніколі і не сустрэў яго на Вестэрбро.
Праз сем гадоў увесь свет загаварыў пра вашу Расію. Я ўжо не насіў газеты — рабіў сямейныя фатаграфіі, віньеткі, кабінетныя партрэты. І купляў тую ранішнюю газету. Разгарнуў аднойчы — і вачам не паверыў: з першай старонкі глядзеў мой былы пакупнік, трошкі пастарэлы і стомлены. Гэта быў ваш прэм'ер. Ё-о-н...— Б'ерне адхінуў шліфт халата і паказаў значок.— Каб я тады ведаў, хто ў мяне купляў газеты...— ён цмокнуў і прыклаў руку да шапкі. Мы заапладзіравалі, а стары пакланіўся, як артыст, сыходзячы са сцэны. Усе доўга і горача развітваліся з ім.
— Няўжо гэтая сустрэча была запланавана для нас? — спыталі мы ў мадам Фок.
— Я хацела вам толькі паказаць Гефіён, а што Б'ерне сустракаўся з Леніным, сама пачула ўпершыню.
На змярканні мы пакідалі Капенгаген. Наш цеплаход, расквечаны ўсімі агнямі і сцягамі, праводзіў вялізны натоўп датчан: гаманілі, нешта вясёлае крычалі, махалі капелюшамі і хустачкамі. У святле пражэктараў, здавалася, Русалачка сышла ў ваду і журботна глядзіць нам услед.
Калі пачаў аддаляцца прычал, нехта зайграў на трубе «Інтэрнацыянал». Гэтае сола ў паўночным каралеўстве гучала мацней за самы магутны аркестр.
Над намі было зорнае неба, пад намі — зорнае мора, наперадзе чакалі новыя краіны і сустрэчы.
Праз два гады пасля падарожжа я разгарнуў свежы нумар «Недели» і на здымку адразу пазнаў аднапавярховы дом каля фантана Гефіён. Пазнаў і фатографа, у халаце і ў шапцы з белым верхам. Карэспандэнт расказваў пра дацкую сталіцу і, зразумела, не мог абмінуць старога Б'ерне.