Пасля паўдня ўбачыў знаёмыя краявіды: на жаўтапеску сіняватыя хвойкі з ружовымі пальчыкамі парасткаў, на ўзгорках гаі, а як выскачылі за паваротак дарогі, заіскрылася на сонцы рака. Яна здалася Андрэю вузенькаю і ціхаю. Паміж купамі густых дрэў паказаліся дамы .і хаты, новыя гонтавыя дахі і тонкія, як нітачкі павуціння, антэны. Пасажыры адразу заварушыліся, пачалі здымаць набітыя абаранкамі сеткі, разбіраць свае чамаданы.
— Што, пад'язджаем? — спытаў Андрэй у свайго суседа, таго маладога чалавека, якога ён палічыў доктарам.
— І на паўгадзіны раней,— адказаў той.
— А я дык нічога не пазнаю. Некалі кіламетраў за дванаццаць быў відзен касцёл, а вунь там стаяў млын, ды і рака здавалася шырэйшаю.
— Выходзіць, вы пасля вайны тут і не былі. Касцёл разбамбілі ў сорак другім, а рака сапраўды абмялела: лес высеклі немцы, баяліся партызанаў, а пасля вайны самім прыйшлося ўсё будаваць нанава, падчысцілі лес — вось рака высахла і пацішэла.
Аўтобус узышоў на мост. У вадзе чарнелі старыя палі, блішчаў і гайдаўся аер, каля берага стаяў з вудаю хлопчык у закасаных штоніках і ў вялікай афіцэрскай шапцы. Яна напаўзала на вочы, хаваючы твар. Андрэй зірнуў і, здалося, убачыў самога сябе на тым жа месцы, дзе некалі прынаджваў плотак і акунькоў, успомніў, як месячнымі начамі яны хадзілі сюды з дзяўчатамі, бегалі па мосце навыперадкі і ён, як бубен, гудзеў пад нагамі. Над туманнаю ракою кацілася рэха іх галасоў, а на хвалях гайдалася і драбілася месячная сцяжынка. У памяці ажывалі даўно забытыя драбніцы дзяцінства і юнацтва, твары і ўсмешкі сяброў і сябровак. Уяўленне зберагло іх у тым шчаслівым узросце, які так хутка мінае і ніколі не вяртаецца.
— Скажыце, а доктар Быліновіч працуе яшчэ?
— Аляксандр Сцяпанавіч? А як жа,— ажывіўся Андрэеў сусед.— Хоць і даўно на пенсіі, а з бальніцы не вылазіць, ніводнай адказнай аперацыі не прапусціць.
— Як толькі я вас убачыў у чарзе, адразу падумаў, што вы медык, і, здаецца, не памыліўся.
Андрэеў сусед задаволена ўсміхнуўся:
— Няўжо медыка можна пазнаць і без халата?
— Вы мне нечым нагадалі Аляксандра Сцяпанавіча. Не тварам, канечне, а тым, як трымаецеся, нейкім няўлоўным жэстам, нават паходкай. Я падумаў, што вы часта з ім бачыцеся, магчыма, разам працуеце і... хочаце быць падобным на яго. А ў аўтобусе я паглядзеў на вашыя рукі. Рукі хірурга заўсёды вельмі чыстыя, дужыя і рухавыя, як у піяніста.
— У вас прафесійныя рысы следчага...
Андрэй аж пачырванеў.
— Што вы, следчым ніколі не быў, хоць некалі і часта сустракаўся з імі. А людзей на сваім вяку перабачыў многа, усялякіх людзей, і добрых і дрэнных. Вось і навучыўся крышку разбірацца.
— А якіх усё ж больш? — запытаўся малады доктар.
Андрэй нейкую хвіліну памаўчаў, падумаў і павольна загаварыў:
— Добрых, шчырых і чулых людзей мільёны, але мы іх не заўважаем, не расказваем пра іх учынкі, як пра важную навіну, а пра злачынства аднаго мярзотніка цэлы тыдзень гаворыць увесь горад. Такія сеюць у нашых душах асцярогу і недавер да кожнага чалавека. Прыкладам, падыходзіць да вас на вакзале ветлівы і далікатны чалавек. У вас з ім пачынаецца цікавая гаворка, а вам трэба адысці да кіёска, купіць газету, і вы збіраеце свае скруткі, цягнеце за сабою чамадан. Чаму? Таму, што ў кожным чалавеку бачыце патэнцыяльнага злодзея і прайдзісвета. А вернецеся на сваё месца і нават не падумаеце, што абразілі добрага, сумленнага незнаёмага. Каб не было мярзотнікаў, як бы мы хораша і светла жылі.
Студэнты прыціхлы слухаючы Андрэевы разважанні, а машына ўжо грукатала па колішняй Кавалёўшчыне. Да вайны тут стаялі чырвоныя цагляныя кузні, звінелі малаты, з горнаў ляцелі іскры, і заўсёды было завозна на гэтай вуліцы. Успаміналася, як глухі Барыс зубіў сярпы, а Андрэеў бацька каваў балагольскіх коней, стары Тэвель, абапіраючыся на кіёк, адбіваў такт маленечкім малаточкам, а яго барадатыя сыны мясілі малатамі чырвоныя восі, распырскваючы снапы зыркіх іскраў. Цяпер кузняў няма. Толькі там-сям ад іх асталіся абгарэлыя шулы і зарослыя палыном і дзядоўнікам невысокія грудкі зямлі.
Аўтобус спыніўся на плошчы. Пасярэдзіне яе разросся вялікі сквер. Андрэй выйшаў і пачаў аглядацца.
— Вы ў які бок? — спытаў малады доктар.
— Мабыць, у гасцініцу. Дзе яна цяпер?
— Тады нам па дарозе.
Яны пайшлі праз малады сквер. Ясені і клёны шумелі празрыстым лісцем, там-сям каля дарожак стаялі ўкапаныя ў зямлю лавачкі, але на іх нікога не было: у такую пару ўсе занятыя, кожны працуе. Андрэй заўважыў, што высокая трава ў скверы аж палягла, падумаў, што яе даўно пара скасіць, а загаварыў зусім пра іншае:
— На гэтым месцы гадоў трыццаць назад быў вялікі рынак. Па нядзелях тут стаялі сотні вазоў з паднятымі аглоблямі, колы па самыя калодкі танулі ў гразі. Кожную восень збіраўся вялікі кірмаш, сіла людзей з'язджалася... А клёны каля таго плота і я садзіў, здаецца, у пятым класе. Ого, якія вялікія выраслі.
— Дык, выходзіць, вы тутэйшы, а я думаў камандзіровачны,— прызнаўся малады доктар.
— Радзіўся, маленства і юнацтва тут прайшло, а цяпер нікога і нічога не пазнаю.— Андрэй абвёў позіркам некалькі белых камяніц. Іх, відаць, нядаўна пабудавалі на месцы замшэлых хацінак і на колішняй папоўскай сядзібе.
Развітваючыся каля гасцініцы, малады доктар затрымаў Андрэеву руку і спытаў:
— Прабачце, а як ваша прозвішча?
Той назваўся.