Нас еще судьбы безвестные ждут.
Калі замоўкне песня, сцішаныя чырвонаармейцы пазіраюць на свайго камандзіра. А ён сядзіць задуменна па-хатняму свой. Потым паднімае адно брыво:
— Эх, хлопцы, як бы мне хацелася сустрэцца з вамі гэтак гадоў праз пяць або дзесяць. Паглядзець, якія вы станеце.
— А чаму ж не? І сустрэнемся. Я адсюль блізенька жыву. Нас тут колькі? Чалавек дваццаць падрэцкіх. От і прыязджайце, з усімі і пабачыцеся,— пачаў запрашаць Салаўя Сцяпан Герасімовіч.
— Отвоюемся, к нам на Волгу припожалуйте. Сядем на зорьке в камышах, а там уток — туча темная. Приволье, степи. Рыбу только ленивый не берет,— загаварыў асіплым голасам аддзялком Паласухін.
На Салаўя пазіралі дзесяткі сініх, шэрых і чорных, як вугаль, вачэй. Каго толькі ні было ў яго батальёне!
Саратаўцы і масквічы, венгры і латышы, палякі і кітайцы, сотні са дзве добраахвотнікаў з бабруйскіх майстэрань і з суседніх вёсак. Трэба было іх навучыць хадзіць строем, страляць з вінтоўкі, перапаўзаць пад варожым агнём, днём і ноччу ахоўваць горад, склады, масты і абодва вакзалы. Вось і матляўся цэлымі днямі камандзір то на пляцы перад казармаю, то правяраў каравулы, а ў вольны час любіў уголас памарыць пра будучае, каб кожны ведаў, за што ён ваюе.
— Пабіць мы іх паб'ём. Хоць і галодныя і разутыя, але паб'ём. Нас мільёны, лічы, уся Расія з бальшавікамі, у Германіі рэвалюцыя, адтуль яна, глядзі, пакоціцца і ў другія землі. Адваюемся, і такое ў нас жыццё пачнецца, што і не снілася нікому. Зямля — наша, заводы — нашы. Саху з сявенькаю — на сметнік. Машыны будуць араць і сеяць. Вучыцца ўсе пойдуць. Прыеду ў твой Саратаў і спытаю, а дзе тут прафесар таварыш Паласухін? Тады і я можа на агранома выб'юся. З маленства люблю зямлю. Хочацца, каб ніхто не быў жадзён кавалку хлеба.
Часам да камандзіра прыходзіў яго бацька. Невялікі каржакаваты дзядок у пацёртым рудым кажушку. Прыносіў У торбачцы гасцінцы з дому — жытнія куханы, засушаны сырок, рукавок падсмажаных гарбузікаў, рукавіцы з двума пальцамі, каб можна было страляць, і рудабельскіх навін на ўсю ноч.
Хадзіў ён і на вучэнні з сынавым батальёнам. А аднойчы, збіраючыся дадому, папрасіў:
— Даў бы ты мне, сынок, якую стрэльбу, хоць невялічкую.
— Нашто яна вам, тата?
— Г-э-э-э, нашто? Шляхцюкі, як кручаная гайня, па футарах і па лесе гарцаюць. У Сераброне іх цэлая шайка таўчэцца. На Лучыцкую воласць напалі, у Ляскавічах зноў страляніну зачалі. І да нас, у Харомнае, залятаюць. На конях, з шаблямі і стрэльбамі ездзяць. Ці не хочуць яны толькі ў Рудабелку сунуцца? Дык і мне, старому, адбівацца нечым жа трэба. Дай, сынок, не зашкодзіць. І ў дарозе яно спакайней.
З дазволу ваенкома Салавей выдаў бацьку нямецкі карабін, сотню патронаў і паперку з пячаткаю павятовага рэўкома «на права нашэння агнястрэльнай зброі».
12...
«Усім, усім, усім. Другая тульская брыгада ў Гомелі падняла контррэвалюцыйны мяцеж. Сілы рэўкома крайне абмежаваныя. Неадкладна высылайце ўзброеныя часці на падаўленне мяцяжу.
Старшыня рэўкома — Камісараў,
старшыня ЧК — Ланге».
Чыталі і перачытвалі трывожную тэлеграму Равінскі, Серабракоў і Малаковіч. Кожны спадзяваўся паміж радкоў знайсці хоць якія-небудзь падрабязнасці: хто і калі падняў мяцеж, якія сілы ў мяцежнікаў? Спрабавалі звязацца з Гомелем, але кожны раз тэлеграфістка адказвала: «Сувязі няма».
Нарэшце пазванілі з Магілёва. Гаварыў старшыня губвыканкома Сурта. Яго голас заглушалі гул і свіст, голас то прападаў, то прабіваўся зноў і ўсхвалявана патрабаваў: «Зараз жа адпраўляйце самыя надзейныя часці ў Гомель! Самыя надзейныя, чуеце?! З Магілёва выехала школа курсантаў. Дзейнічаць трэба хутка і энергічна». Затрашчала і загуло, нібы з вуліцы ў трубку ўварваўся вецер, што гайдаў за акном чорнае вецце старой таполі, шаргацеў па шыбах буйнымі кроплямі дажджу і камякамі мокрага снегу.
Горад спаў, захутаны вільготнай цемраддзю золкай сакавіцкай ночы. Па вуліцах час ад часу праходзілі патрулі, хлопаючы па снежнай калатушы.
У мокрым шынялі і запырсканых да кален ботах у рэўком хутка ўвайшоў камандзір другога каравульнага батальёна Аляксандр Салавей. Яго задубелы ад ветру твар блішчаў ад дажджу, а на брывах іскрыліся і дрыжалі дробныя кропелькі.
Равінскі нервова круціў ручку насценнага тэлефона і патрабаваў начальніка чыгуначнай ЧК.
— Алё! Алё! — крычаў ён.— Зараз жа ад імя рэўкома патрабуйце ў начальніка станцыі, каб падрыхтаваў эшалон для адпраўкі ў Гомель. Так, у Гомель! Вагонаў дзесяць — дванаццаць. Меней нельга! І падбярыце добраахвотнікаў сярод сваіх людзей для барацьбы з бандытамі. Ужо ведаеце? Атрымалі тэлеграму? А больш нічога невядома? На світанні састаў павінен адправіцца.— Ён заўважыў Салаўя, кіўнуў яму і працягнуў руку.— Да Жлобіна шлях павінен быць свабодны. Рэўком на вас ускладае адказнасць.
У пакоі ўжо былі начальнік гарадской ЧК Найман, начальнік міліцыі Сянкевіч і члены рэўкома.
— Вось і камандзір атрада ёсць,— убачыўшы Салаўя, сказаў Серабракоў і падаў яму тэлеграму з Гомеля. Той прабег яе вачыма і хацеў нешта запытаць.
— Больш нічога не ведаем. Якія сілы ў мяцежнікаў, хто іх узначаліў, што адбываецца ў горадзе, пакуль што дазнацца не ўдалося. Сувязі няма. Адбярыце чалавек дзвесце пяцьдзесят самых надзейных байцоў. Да вас далучацца добраахвотнікі з гарадской і чыгуначнай Чэка, з міліцыі і першага батальёна. Таварыш Малаковіч выязджае разам з вамі і ўзначаліць Жлобінскі баявы ўчастак. Туды паехалі курсанты Магілёўскай школы чырвоных камандзіраў.
— Бярыце самых свядомых і надзейных чырвонаармейцаў, бо контррэвалюцыйныя галаварэзы не скупяцца на абяцанні, выстаўляюць самыя прынадныя праграмы, абы толькі перацягнуць да сябе няўстойлівыя элементы,— тлумачыў Равінскі.— Каля Оўруча на Мазыр спрабуюць прарвацца пятлюраўцы. Іх павінны былі стрымліваць байцы тульскай брыгады, а яны чамусьці апынуліся ў Гомелі і паднялі мяцеж. Ні ў якім разе нельга адкрыць дарогу пятлюраўскім бандам на Гомель. Тут вырашае лёс конская гадзіна. Рыхтуйце байцоў і зброю. Чым хутчэй, тым лепш.
Салавей уважліва слухаў старшыню павятовага рэўкома, а ў думках перабіраў ужо, каго ўзяць са свайго батальёна. Людзі ў яго былі розныя: і латышы, і венгры, некалькі немцаў прыбілася, былі і палякі, а больш свае, тутэйшыя, і рудабельскіх нямала — Анупрэй Драпеза, Дзямян Пархімовіч, Ціт Тоўсцік, Фама Кабернік. На іх, як на самога сябе, можна спадзявацца.
Да Салаўя падышоў Малаковіч.