— Куды пахавалі сваіх бандытаў? Паказвайце, а то пастраляем.
А жанкі зноў сваё:
— Ні сном ні духам не ведаем, куды яны скруціліся.
Да змроку біліся з імі тыя, з труп'імі галоўкамі на шапках, так нічога і не выпыталі. Потым, мабыць, старшы, у акулярах, нешта каркнуў, і паліцаі пачалі рулямі папіхаць жанок у спіны, прыкладамі біць і пагналі ўсіх на той канец сяла, у хвойнічак. Сэрца ў мяне так і зайшлося, хата кругам паплыла, хацелася кінуцца ўслед, енчыць, прасіць, маліць, каб злітаваліся. Ды хіба ж іх упросіш: не людзі гэта — ваўкі кручаныя.
Цётка Ганна ўздыхнула, памаўчала з хвіліну, адсунула астылую бульбіну.
— Толькі дайшлі яны да ўзгорачка, нешта бліснула, нібы засвяцілі сярнічку, і адразу — бах, бах! Чую лямант, глухі крык, потым затарахцела нешта, як гарох па блясе, і ўсё змоўкла. Я як стаяла ля акна, так і спаўзла на падлогу, нібы куля зваліла і мяне. Колькі так праляжала, і сама не ведаю! Адышла, як ужо добра сцямнела. Глянула — хоць бы табе дзе агеньчык, хоць бы іскарка бліснула — чарната. Як вымерла сяло. Страшна стала, за глотку нешта душыць, у роце высахла. Паціхеньку выйшла на вуліцу. Бачу — храпу на дарозе размясілі шырокія колы грузавікоў. Значыць, паехала нячыстая сіла...
Як апынулася ў хвойнічку, і сама не ведаю. Усё калоціцца ўсярэдзіне, ногі не слухаюцца. Узышла на ўзгорак, а там — покатам ляжаць маладзіцы, ужо і сняжок іх пачаў прыцярушваць. Не плачу, а слёзы вочы заслалі і самі цякуць, губы скусала да крыві, скамянела ад страху. Хто ж мог падумаць! Яшчэ ў абед мы з Аленаю разам на жорнах ячмень абдзіралі, збіраліся кросны снаваць... і на табе. Як глянула, нема загаласіла і ўкленчыла каля яе. Аж чую, нешта варушыцца пад кажухом і ціхенька ўсхліпвае. Падпаўзла бліжэй, думаю, жывая, расхінула кажух — аж хлопчык, жывенькі, прытуліўся да схаладзелага матчынага цела, толькі ножка з пялёначкі вытыркнулася і пабялела.
Ухапіла я Лёнечку, скінула з сябе світку, загарнула яго і бежкі дадому. Усю дарогу хукала на яго. Ускочыла ў хату, запаліла ў печы, нагрэла чыгун вады, паздымала пялёнкі, што зліпліся ад матчынай крыві, абмыла яго, загарнула ў чыстае прасцірадла. Так ён на руках у мяне і заснуў.
А раніцаю сабраліся ўсе нашы кабеты, выкапалі адну доўгую магілу, залілі яе слязьмі і пахавалі няшчасных.
Там цяпер помнік стаіць і дзве рабінкі растуць, можа бачылі? Гэта іх Лёнька пасадзіў, як падрос.
А пакуль акрыяў, усяго нацярпелася. Кароўкі ў мяне не было, сама нішчымніцу ела ўсю вайну, а малое дзіця без малачка на ножкі не паставіш. Дзякуй ім, бабы кожны дзень прыносілі, хто шклянку, хто паўшклянкі, а хто і смятанкі сподачак. Так і паднялі хлопца ўсёю вёскаю.
Пра бацьку казалі, што недзе пад Варшаваю галоўку склаў. А мы так з Лёнем удваіх і гаравалі. Усяго было. Вучыўся ён добра, дзесяць класаў кончыў. Прасіла, каб куды далей падаваўся, на інжынера якога ці агранома, дык не, і слухаць не хоча. Відаць, мяне кідаць шкода. От так і жывём удваіх.
Яна замоўкла. Даўно ў місцы астыла бульба, на прыпечку дагарэлі смалякі. Ад іх асталася толькі грудка белага попелу. Цікалі ходзікі, і шумела пад акном тонкая вішанька. Відаць, і яе пасадзіў Лёнька.
Больш не хацелася ні пра што распытваць цётку Ганну, не хацелася гаварыць пра іншае: усё здавалася мізэрным і дробным пасля таго, што яна расказала.
Мы доўга сядзелі моўчкі. Толькі было чутно, як у шыбіну стукаюць мокрыя галінкі.
ТАК І БЫЛО
Даўно не быў Андрэй Далініч на радзіме. Колькі разоў збіраўся і ўсё адкладваў сустрэчу з мясцінамі, дзе прайшлі маленства і маладосць: то не было калі, то баяўся, што прыедзе і не пазнае хаты, садкі і гародчыкі, якія на ўсё жыццё захавала памяць А яму хацелася верыць, што там усё такое ж, як і два дзесяцігоддзі назад,— дзеці засталіся дзецьмі, яго равеснікі — усё яшчэ юнакі, а старыя ў тым жа ўзросце, як і тады, калі Андрэй расстаўся з імі. Хацелася хоць на дзень завітаць у сваё юнацтва, пазнаць кожную сцяжынку, кожную прысаду, сустрэць даўніх сяброў, нібыта і не разлучаўся з імі.
Андрэй ведаў, што час усё змяніў і паставіў на свае месцы, ведаў, што вайна напалову спапяліла яго драўлянае палескае мястэчка, што многіх равеснікаў і сяброў даўно няма на свеце, што выраслі новыя людзі, што нанава забудаваліся вуліцы. А ўспаміны часцей і часцей непакоілі яго, нейкая сіла цягнула і клікала ў родныя мясціны, хоць і ехаць не было да каго: бацькі даўно памерлі, родзічы раз'ехаліся хто куды. Але ўсё ж ён сабраўся ў дарогу.
На аўтобусным вакзале поўна людзей, з чамаданамі, партфелямі, мяхамі і кошыкамі. Маладыя, старыя і дзеці. На вакзалах заўсёды здаецца, што нікому не сядзіцца на месцы, што ўсе некуды едуць, спяшаюцца, нервуюцца, а часам без дай прычыны штурхаюць і абражаюць адзін аднаго, хоць сустрэліся першы і, мабыць, апошні раз.
Андрэй адшукаў акенца, над якім вісеў доўгі спіс гарадоў, пасёлкаў і вёсак. Сярод іх была назва і яго мястэчка. Ён агледзеў доўгую чаргу — ніводнага знаёмага. А некалі адразу знаходзіў сваіх, кожны гатоў быў узяць яму білет, заняць у аўтобусе месца.
А як было весела ехаць на канікулы: цесна сядзелі крыху агаладалыя, стомленыя сесіяй, але заўсёды вясёлыя і вострыя на язык студэнты, смяяліся, дабрадушна жартавалі адзін з аднаго, спявалі песні аж да самага дому. Дзе яны цяпер, сябры і равеснікі?
Андрэй яшчэ раз агледзеў чаргу — усе незнаёмыя. Пры самым акенцы стаіць высокі, у саламяным капелюшы, у новым цёмна-зялёным касцюме малады чалавек, ён трымае маленькі сакваяжык і набітую пакуначкамі гаспадарчую сетку. Хто ён? Напэўна, доктар. А дзе ж колішні земскі ўрач Аляксандр Сцяпанавіч? Ён заўсёды хадзіў вось з такім сакваяжыкам, толькі старым і пацёртым. Ён сустракаў кожнага новага чалавека, што з'яўляўся на свет, ён першы прыходзіў у дом, дзе было гора. Аляксандр Сцяпанавіч ведаў усіх, і ўсе ведалі і шанавалі яго. «Калі жывы, трэба будзе абавязкова адведаць»,— падумаў Андрэй і стаў у чаргу за высокаю прыгожаю дзяўчынаю. Яна нават не азірнулася. Чыя б гэта магла быць?
— Вы да Гаці? — спытаў Далініч, спадзеючыся завязаць гаворку. Дзяўчына глянула на яго, коратка адсекла: «Так»,— і адвярнулася.
Андрэй успомніў, што гадоў дваццаць назад і незнаёмыя дзяўчаты адказвалі яму куды далікатней і ласкавей, а цяпер, відаць, адразу заўважаюць яго сівізну, прыпухліны пад вачамі і дзве глыбокія разоркі, што ляглі каля губ. Ён зноў падумаў: «Ці варта ехаць? Каго я там сустрэну, хто абрадуецца мне? Можа, як у гэтай чарзе, не сустрэну ніводнага знаёмага чалавека?»
За ім станавіліся з выгаралымі на сонцы чубамі хлопцы. Мабыць, студэнты. Па колькі ім можа быць? Іх, відаць, яшчэ і на свеце не было, калі Андрэй апошні раз выехаў з дому. Чые ж яны? Можа гэтая суровая з выгляду дзяўчына — Броніна дачка? Андрэй пачаў углядацца ў твары, шукаць падабенства, якое бывае паміж дзецьмі і бацькамі, але так і не знайшоў. Заняты думкамі і ўспамінамі, ён дайшоў да касы.
— Адзін да Гаці,— сказаў ён і толькі цяпер адчуў, як забілася сэрца, як хваля дрыготкай радасці і тугі падступіла да горла. Ён даўно ўголас не гаварыў гэтае слова, але яно заўсёды жыло ў яго памяці, як матчына імя, як самая дарагая на зямлі назва. Ён часта марыў: «Калі б толькі пусцілі, на карачках папоўз бы туды, каб толькі дакрануцца да роднай зямлі, а там і паміраць не страшна». Ён часта да болю выразна бачыў вузенькія вулачкі ў прысадах і садах, паплавы ў кураслепе, зарослы алешнікам і парэчкамі астравок пасярэдзіне Пцічы, высокі зялёны вал на самым беразе, што заставаўся ад старасвецкага замчышча князёў Гальшанскіх, а за валам — высозны белы касцёл з дзвюма званіцамі, густыя кусты бэзу і старыя пахілыя вербы. Колькі світанняў сустрэў Андрэй пад гэтымі вербамі ў пару свайго юнацтва, колькі зорак над ім праляцела, пра што ён толькі тут не марыў, якія словы ні шаптаў, трымаючы гарачую далонь першай каханай! І яна перад ім ажыла, чыстая і светлая, маладая і шчаслівая, з пышнымі русымі валасамі, што пахлі рамонкамі і мятай.
«Якая яна цяпер? Колькі ёй год? Яна ж амаль мая равесніца,— думаў Андрэй.— Як яе называць? Броня? А можа ўжо афіцыйна — Браніслава Аляксандраўна? Як цяпер яе прозвішча?» Ён разумеў, што ўжо не можа не ехаць, і часта пазіраў на гадзіннік, чакаючы, калі падыдзе аўтобус.
Андрэй заняў месца каля акна і, як толькі выехалі з горада, пачаў углядацца ў некалі да драбніц знаёмую дарогу, шукаць даўнія прыкметы, але не знаходзіў іх. Злева і справа бялелі камяніцы новых школ і клубаў, роўнымі радамі прабягалі маладыя сады, а на небасхіле мільгалі слупы высакавольтнай лініі. Ён маўчаў, заняты сваімі думамі, але ўважліва прыслухоўваўся да гаманы пасажыраў, спадзеючыся пачуць хоць адно знаёмае прозвішча.
У аўтобусе станавілася горача. Сціхалі галасы — пасажыраў хіліла на сон. Не спалася толькі Андрэю: было крышачку горка, што сярод землякоў ён зусім чужы. Мабыць, лічаць яго нейкім камандзіровачным — штурхачом па кукурузе або па льну.